|
|
№
1(87)/2019
Вялікія містыкі
Інтэрв’ю
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура
З архіваў часу
In memoriam
На кніжнай паліцы
Успаміны
Паэзія
Літаратура
Проза
Мастацтва
Асобы
Культурны праект
|
Гісторыя Віленскага ўніверсітэта — створанай езуітамі нашай найстарэйшай навучальнай установы, аздоблена сузор’ямі імёнаў фундатараў, прафесуры і выпускнікоў. Дастаткова толькі прыгадаць — кардынал Юрый Радзівіл, Мікалай Радзівіл Сіротка, Пётр Скарга, Леў Сапега, Марцін Пачобут-Адляніцкі, Станіслаў Баніфацый Юндзіл, Адам Міцкевіч, Ігнацій Дамейка і г.д., і г.д. Імя кс. Юзафа Міцкевіча SJ, мабыць, згубілася б на гэтым палатне, калі б не апынулася ў водбліску аднайменніка, бо цалкам верагодна, што не стаў бы тым, кім яго ведае ўвесь свет, што пацвярджаецца шматлікімі даследаваннямі жыцця і творчасці Адама Міцкевіча, які ўсё жыццё трымаў перад вачыма партрэт «непамерна тоўстага ксяндза з хусткаю пад пахаю і табакеркаю ў руцэ». З іншага боку, для кс. Міцкевіча гэта быў толькі эпізод на схіле жыцця, падчас якога ён здабыў славу айца фізікі (дакладней, прамысловай тэхналогіі) у Літве. Меў рэпутацыю чалавека неканфліктнага, добрасумленнага, абавязковага і вельмі пабожнага.
У авангардзе станіславаўскіх рэформаў Дзейнасць кс. Міцкевіча цалкам адпавядала тым пільным патрэбам, якія стаялі перад Рэччу Паспалітай у рэчышчы рэформаў Станіслава Аўгуста па стварэнні эфектыўнай гаспадаркі і моцнай мілітарнай сілы, каб супрацьстаяць прагным суседзям — Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Сучасныя летувіскія даследчыкі Лібертас Клімка і Раса Ківілшэне (насуперак скептыкам, сучаснікам кс. Міцкевіча — прафесарам Віленскага ўніверсітэта Франку і Юндзілу, якія ці не былі аб’ектыўнымі, ці не маглі зблізку асэнсаваць маштабу дзейнасці свайго калегі) сцвярджаюць, што кс. Міцкевіч быў адным з найлепшых рэалізатараў рэформы навучання, якая праводзілася Камісіяй нацыянальнай адукацыі, рэформы, якая таксама была скіраваная на ўзмацненне эканамічнага патэнцыялу краіны.
Эксперыментальная лабараторыя айчыннай прамысловасці У 1775 г., з ініцыятывы біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага, старшыні Камісіі нацыянальнай адукацыі, які імкнуўся да павышэння ўзроўню фізіка-матэматычных навук у Віленскім універсітэце, кс. Міцкевічу было даручана кіраўніцтва фізічным кабінетам, што стаў яго сапраўдным дзецішчам. Для фізічнага кабінета ён выклапатаў новае памяшканне, а да дзвюх тысяч польскіх злотых, выдзеленых на яго ўтрыманне Камісіяй нацыянальнай адукацыі, дадаў з уласнай кішэні яшчэ 16 тыс. (гэта наконт заўвагі Адама Міцкевіча аб тым, што апякун быў «вельмі скупы»; мабыць, гэта і праўда, але не ў пытаннях дабрачыннасці). Па словах Ежы Страйноўскага ў Польскім слоўніку біяграфічным, «кабінет быў абсталяваны прыладамі, прывезенымі з Лондана, а таксама выкананымі самім кс. Міцкевічам пры дапамозе віленскіх рамеснікаў». Кабінет быў даволі багаты і ўвесь час дапаўняўся новым абсталяваннем. Гэта былі фізічныя прылады і механічныя мадэлі разнастайных машын, неабходных у гаспадарцы Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, мадэлі печаў, удасканаленыя кс. Міцкевічам, вынайдзеныя ім жа пірометры, ліфт, вынайдзены віленскім майстрам Гуцэвічам і выкарыстаны пры рамонце віленскай катэдры, конная малатарня для збожжа, ручная сячкарня, вадзяны млын на шэсць жорнаў, ветраны млын, ручны млын, вадзяная лесапільня, капёр, розныя прыстасаванні для пад’ёму цяжараў, драўляны мех, кацёл для перагонкі гарэлкі, громаадвод і г.д. У спісе, зробленым падчас ліквідацыі Віленскага ўніверсітэта ў 1832 г., названы 83 прылады, набытыя кс. Міцкевічам, хаця на самай справе ў розныя гады іх было болей, але шмат было знішчана. У 1841 г. збор быў вывезены ў Кіеў, дзе загінуў падчас Другой сусветнай вайны.
Айцец прамысловай тэхналогіі Фізічны кабінет быў свайго роду вучэбнай пляцоўкай, эксперыментальнай лабараторыяй, палігонам. Сапраўдным полем дзейнасці для кс. Міцкевіча была ўся Літва, гаспадарка якой з пачатку XVIII ст. пачала пераходзіць на мануфактурную вытворчасць. Укараняліся разнастайныя прамысловыя прылады, што вызвалялі ці палягчалі працу людзей, рабілі яе больш прадуктыўнаю, і кс. Міцкевіч быў галоўным кансультантам і памочнікам у пытаннях увядзення новага абсталявання ці паляпшэння старога. Таму кс. Міцкевіча і звалі «айцом фізікі», хаця, дакладней, гэта была прамысловая тэхналогія, распаўсюднікам якой ён быў таксама. Польскі даследчык гісторыі Віленскага ўніверсітэта Юзаф Бялінскі пісаў, што кс. Міцкевіч значных працаў па фізіцы не пакінуў, а тое, што выдаў без указання свайго імя, нічым асаблівым не вылучалася, і ўсё ж такі ён меў значныя заслугі ў практычным прымяненні фізічных ведаў у рамёствах і прамысловасці. Лекцыі кс. Міцкевіча мелі шырокі поспех не толькі ў студэнтаў, але ўвогуле ў віленскім грамадстве, настолькі яны былі цікавыя нават для тых, хто не меў дачынення да фізікі і матэматыкі. Асаблівую ўвагу ксёндз надаваў ужытковаму характару даследаванняў і вынаходніцтваў, «кідаючы» іх вынікі ў шырокія народныя масы, арганізуючы, напрыклад, папулярныя лекцыі па арыфметыцы, геаметрыі і механіцы для рамеснікаў. У лекцыі па фізіцы кс. Міцкевіч уводзіў папулярную тэхналогію. Яго больш цікавіла, напрыклад, як зрабіць печы, каб яны не дымілі, як вырабіць вяроўкі, каб яны былі больш моцнымі, замест таго, каб падвесці пэўныя фізічныя з’явы пад пэўныя матэматычныя формулы, што выклікала незадаволенасць некаторых паважаных віленскіх прафесараў. Хаця кс. Міцкевіч і не вельмі шмат друкаваўся, але часам ён лічыў за лепшае ўвогуле не ставіць свайго імя. Аднак нам вядомы яго працы, такія як «Аб печах паўэліптычнай фігуры» (Вільня, 1801) і «Увагі аб метэаралогіі і аб спосабе ажыццяўлення метэаралагічных назіранняў» (Вільня, 1813). Прапанаваная ім канструкцыя печаў давала магчымасць эфектыўнай і эканамічнай перагонкі дзёгця, смалы, вырабу дравеснага вугля і абпальвання цэглы. На абпальванне 1 тыс. цэглы было дастаткова аднаго воза дроў, а на 10 тыс. — сямі вазоў.
Дабрадзей Адама Міцкевіча і ўсіх бедных студэнтаў Акрамя таго, што кс. Міцкевіч выдаткоўваў уласныя сродкі на развіццё айчыннай навукі (яго каштоўная бібліятэка з выданнямі па фізіцы і метэаралогіі была адкрыта для ўсіх, а сваю калекцыю медалёў ён перадаў універсітэту), на працягу чатырох гадоў ён без аплаты выконваў абавязкі дэкана, а ў адсутнасць рэктара сем месяцаў замяшчаў і гэтую пасаду і шчодра падтрымліваў бедных студэнтаў. Як піша даследчык жыцця і творчасці Адама Міцкевіча Юзаф Траццяк: «Калі б не ксёндз канонік, ягоны аднайменнік, верагодна, не атрымаў бы ўніверсітэцкай адукацыі і геній яго, мабыць, прапаў бы, а ў любым выпадку не пайшоў бы такім высокім і прыгожым шляхам. Без гэтага пратэктара маці нашага паэта, незаможная і абцяжараная шматлікай дзятвой, гарантавана не мела б сродкаў на ўтрыманне сына ў Вільні на працягу некалькіх гадоў, і Адам практыкаваўся б у наваградскай адвакатуры, як старэйшы брат Францішак». Кс. Міцкевіч даў будучаму паэту прытулак у сваёй кватэры ў рэктарскім доме, дзе Адам пражыў больш за паўтара года, і параіў, каб той прэтэндаваў на занясенне ў спіс кандыдатаў (абітурыентаў) будучых настаўнікаў у дзяржаўных гімназіях. З яго пратэкцыі ў далейшым юны Адам Міцкевіч атрымаў і месца для пражывання, і адпаведную стыпендыю. Зразумела, спачатку ён трапіў на фізіка-матэматычны факультэт, але ўжо ў другім акадэмічным паўгоддзі перайшоў на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў. Кс. Міцкевіч не пакідаў без увагі і культурнае развіццё свайго падапечнага: падбіраў для яго кнігі са сваёй бібліятэкі, спрыяў наведванню тэатра, а пасля прасіў пераказаць змест спектакля і рабіў заўвагі. З кватэры кс. Юзафа Міцкевіча Адам Міцкевіч ад’ехаў за два месяцы да яго смерці…
Штрых да партрэта Кс. Юзаф Міцкевіч, цвёрды і патрабавальны ў пытаннях хрысціянскай маралі, што ў «галантным», а правільней распусным XVIII ст. выглядала ў прывілеяваных саслоўях анахранізмам, тым не менш карыстаўся вялікаю павагаю і любоўю студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. У якасці штрыха да партрэта ксяндза каноніка прывядзём урывак з успамінаў сябра па alma mater Адама Міцкевіча, прафесара Варшаўскага ўніверсітэта і генерала штаб-лекара польскай арміі падчас паўстання 1830/31 гг. Караля Качкоўскага, які сведчыць, што пры паступленні на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта трэба было на працягу года прайсці падрыхтоўчы курс на фізіка-матэматычным факультэце. Паводле правілаў, кожны абітурыент павінен быў прад’явіць дэкану дыплом і пасведчанні раней скончаных навучальных установаў, на падставе чаго рабілася выснова аб тым, ці можа іх уладальнік быць залічаны ў студэнты. На сажнёвым крамянецкім патэнце К. Качкоўскага не менш вялікімі літарамі было выведзена: ГАНАРАВАНЫ МЕДАЛЁМ, і гэта, не лічачы штогадовых узнагародаў, таму ён не сумняваўся, што ўсё пойдзе як па масле. Праўда, яго папярэджвалі, што ксёндз дэкан вельмі патрабавальны і на патэнт і пасведчанні нават не паглядзіць, а вось хто яго (тут Качкоўскі выкарыстоўвае прастамоўе. — А. Ш.) у лапу не пацалуе, хоць быў бы царом Саламонам — можа ісці за дзверы. Толькі на гэта ўпэўнены ў сваіх сілах уладальнік прыгожага патэнта не звярнуў увагі, палічыўшы за студэнцкія містыфікацыі, каб потым высмеяць навічка. У прызначаны дзень К. Качкоўскі смела рушыў наперад, трымаючы перад сабой разгорнуты патэнт. Ксёндз дэкан утульна размясціўся ў крэсле з падлакотнікамі і паклаў на стол пухнатыя, як пончыкі, рукі. Прадстаўленне патэнта суправаджалася поўным ушанавання паклонам. Вымавіўшы выразна сваё імя і прозвішча, Качкоўскі адступіў на пару крокаў у чаканні… Пасля хвіліны маўчання ксёндз дэкан з агідай, нават не зірнуўшы на патэнт, адкінуў яго і гнеўна, голасна зашапялявіў: — Пайшоў прэч, васпан! Яшчэ ніколі не прымаў такога грубіяна, невука і дзяціну. Не паказвайся, васпан, пакуль розуму не набудзеш. Качкоўскі адразу ж аглух, аслеп і анямеў. У блізкім да страты прытомнасці стане ён пакінуў канцылярыю. Калегі пасмяяліся, супакоілі і параілі назаўтра зноў ісці да ксяндза дэкана. Пайшоў, зноў прадставіў патэнт, пацалаваў руку і задэкламаваў, як навучылі: — Маю гонар скласці Яго Вялебнасці дэкану мой патэнт. Ксёндз дэкан прыняў яго так, нібы ніколі раней не бачыў. Зірнуў на патэнт і лагодна, з усёй дабрынёй сказаў: — Добра, каханку! Яшчэ такога прыгожага патэнта я не бачыў! Пачцівы кавалер, вучыся добра і штомесяц спавядайся.
Кароткая біяграфічная даведка Юзаф Міцкевіч нарадзіўся 12 чэрвеня 1744 г. у Вялікім Княстве Літоўскім (магчыма, у Гарадзенскім павеце). Паходзіў са шляхты герба «Порай зменены» (у клейнодзе замест ружы — княжацкая мітра). На думку Урускага, быў сынам Якуба і дзядзькам Адама Міцкевіча. Пачатковую адукацыю атрымаў у Гародні. 13 жніўня 1761 г. уступіў у Таварыства Езуса. Навучаўся ў Віленскай акадэміі (1761–1773). Вывучаў фізіку пад кіраўніцтвам Марціна Пачобута-Адляніцкага (у далейшым — адзін з найбліжэйшых яго супрацоўнікаў) і Андрэя Стжэцкага. Атрымаў ступень доктара філасофіі і вольных навук. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1773 г. Кіраўнік кабінета фізікі Віленскага ўніверсітэта (1775–1817). Прафесар эксперыментальнай фізікі ў Галоўнай літоўскай школе (былая Віленская акадэмія; 1781–1804). Па загадзе Станіслава Аўгуста вызначаў геаграфічную шырату паветаў ВКЛ. Па даручэнні графа Яўхіма Храптовіча ў 1787 г. праводзіў экспертызу салёных мінеральных водаў у Стаклішках (Троцкі пав.). Шукаў жалезную руду для патрэбаў першай у Літве доменнай печы ва ўладаннях графа Я. Храптовіча ў Вішневе. Падчас паўстання 1794 г. уваходзіў у склад Цэнтральнай літоўскай дэпутацыі і займаўся справамі асветы. Сумесна са Станіславам Баніфацыем Юндзілам даследаваў радовішчы торфу ў ваколіцах Нясвіжа, Міра, Ляхавічаў (восень, 1799). У 1803 г. з ініцыятывы кс. Ю. Міцкевіча пачалося стварэнне сеткі метэаралагічных станцый. Улічваючы тое, што навуковая віленская акруга ахоплівала вялікі абшар з землямі Беларусі і Украіны, створаная сетка (72 станцыі) не мела на той час сабе роўных. Для рэалізацыі гэтай амбіцыйнай праграмы ўдалося атрымаць немалыя грошы — 2 088 руб. срэбрам. Дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Віленскай акадэміі (1799, 1804, 1811). Член камітэта па справах універсітэтаў у Расійскай імперыі (1803). Цэнзар кніг (1805–1814). Прыкладаў намаганні для развіцця універсітэцкай друкарні. Ганаровы старшыня Віленскага навуковага таварыства (1806–1807). Рэктар Віленскага імператарскага ўніверсітэта (1806–1807). Кіраўнік камітэта па складанні правілаў унутранай арганізацыі Віленскага імператарскага ўніверсітэта (1806–1808). Член будаўнічага камітэта Віленскага імператарскага ўніверсітэта. Канонік Смаленскі (1794), канонік Жмудскі (1804), канонік Віленскі (1808). Пробашч універсітэцкага касцёла св. Яна (1815). Пробашч вішнеўскі (паводле Урускага). З 5 ліпеня 1817 г. жыў у Вільні. Больш за год кс. Юзаф Міцкевіч мужна змагаўся з хваробаю. Ведаючы, што памірае, не пакідаў сваіх абавязкаў. Святар, які прысутнічаў пры апошніх хвілінах святой памяці нябожчыка, не мог без слёз сведчыць аб годнай і прыгожай хрысціянскай смерці…
Літаратура
|
|
|