Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Юрый ПІСКУН

АКРЫЛЕНЫ ВАНДРОЎНІК

Да 75-годдзя з дня нараджэння Міхася Раманюка

Імя Міхася Раманюка (1944–1997) — этнографа, мастацтвазнаўцы, мастака па касцюме і фотамастака, займае пачэснае месца ў культуры Беларусі. Здзейсненыя ім у 1970-я — на пачатку 1990-х гадоў экспедыцыйныя падарожжы па беларускіх вёсках з мэтай даследавання традыцыйнага святочнага сялянскага касцюма і твораў народнага мастацтва — абрадавых ручнікоў, маляваных дываноў, вясельных караваяў і куфраў, інтэр’ераў сялянскіх хатаў, аздаблення прыдарожных крыжоў і вясковых могілак — далі найбагацейшы матэрыял — тысячы фотанегатываў і апісанняў таго, што ўжо імкліва знікала. Дзякуючы самаадданасці Міхася Фёдаравіча, усведамленню ім свайго паклікання да місіі даследчыка і збіральніка мастацкіх рарытэтаў беларускай вёскі, наша нацыянальная культура займела найкаштоўнейшы скарб, мы маем шчаслівую магчымасць убачыць і напоўніцу ўсвядоміць сваё нацыянальнае аблічча, адчуць сваю крэўную повязь з мінулым свайго народа.

Вынікам шматгадовай працы Міхася Раманюка стала кніга-альбом «Беларускае народнае адзенне» (Мінск, 1981) і вялікая колькасць выкананых ім у 1990-я гады разам з жонкай Наталляй Сакаловай мастацка-графічных рэканструкцый беларускіх народных строяў усіх вызначаных ім жа лакальных этнакультурных рэгіёнаў Беларусі. Значная колькасць гэтых малюнкаў пасля заўчаснай смерці Міхася Фёдаравіча ўвайшла ў выдадзены яго сынам Дзянісам альбом «Беларускія народныя строі» (Мінск, 2003). Раней, у 2000 г., Дзяніс Раманюк выдаў у Вільні кнігу-альбом свайго бацькі «Беларускія народныя крыжы», над якой Міхась Фёдаравіч працаваў да апошніх дзён свайго жыцця, стаічна ўсведамляючы свой хуткі скон. Па амаль містычнай сімвалічнасці кніга «Беларускія народныя крыжы» стала своеасаблівым помнікам, «эпітафіяй» яе аўтару, яго духоўным пасланнем-запаветам, і менавіта часопіс «Наша вера» першым з дазволу Дзяніса Раманюка надрукаваў у 1998 г. (№ 2) фрагмент гэтай тады яшчэ нявыдадзенай кнігі.

Здзейсненае Міхасём Раманюком за кароткі век (пражыў ён усяго 53 гады) стала бясспрэчным здабыткам нашай культуры, спрыяла пашырэнню цікавасці да беларускай народнай спадчыны. Фотапартрэты беларускіх жанчын і дзяўчат у народных касцюмах, выкананыя Міхасём Раманюком, і яго малюнкі-рэканструкцыі беларускіх народных строяў рэпрадуцыруюцца ў сучасных альбомах, кнігах, паштоўках, марках, на мностве сайтаў. У 2014 г., у год, калі б Міхасю Фёдаравічу споўнілася 70, выйшла другое выданне альбома яго мастацка-графічных рэканструкцый «Беларускія народныя строі». 70-гадовы юбілей М. Раманюка быў адзначаны Беларускай акадэміяй мастацтваў, дзе ён выкладаў на працягу ўсяго свайго працоўнага жыцця. Гэтай жа даце быў прысвечаны і спектакль Ларысы Сімаковіч «Вандроўнік», прэм’ера якога адбылася ў Белдзяржфілармоніі.

Павага да асобы Міхася Раманюка і захапленне яго творчай і даследчай спадчынай не згасае. Дзесяць гадоў таму, у 2008 г. у зборніку, падрыхтаваным Беларускім інстытутам праблем культуры, быў змешчаны мой артыкул-успамін аб ім (Ю. Піскун. Памяці Міхася Раманюка // Нацыянальны касцюм у сучаснай сацыякультурнай прасторы). Цёпла і пранікнёна напісаў пра яго Сяргей Харэўскі, адзначаючы ў сваім эсэ адданасць Міхася Раманюка беларускай ідэі (С. Харэўскі. Сто твараў ХХ стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу. Вільня, 2011).

Як і многія з мастакоў майго пакалення, я добра ведаў Міхася Фёдаравіча, вучыўся ў яго, вандраваў з ім па палескіх вёсках, дапамагаў яму ў рабоце, шмат часу праводзіў у яго майстэрні, падобнай на музей, напоўнены творамі народнага мастацтва, карцінамі і эцюдамі беларускіх мастакоў, падараваных імі гаспадару майстэрні ў знак сяброўскай прыязнасці і павагі. Асабліва каштоўнымі ў майстэрні былі скрынкі з мноствам фотакантролек і негатываў, адзнятых Раманюком падчас яго незлічоных вандровак па Беларусі. Многіх беларускіх мастакоў гэтыя фотаздымкі натхнялі на стварэнне жывапісных, графічных, скульптурных твораў. Не абмінуў захаплення яго фотаархівам і я.

У кароткім нарысе немагчыма распавесці пра ўсё, што прыходзіць на памяць пра тыя 23 гады, што звязвалі нас сяброўствам. Каб ахарактарызаваць асобу Міхася Фёдаравіча, паспрабую згадаць пра некалькі вандровак па запаветных кутках Беларусі.

  
Міхась Раманюк у вёсцы Бярэзнікі,
Жыткавіцкі р-н. 1974 г.
Дзяўчаты з вёскі Астромічы,
Кобрынскі р-н. 1974 г.

Маё знаёмства з Раманюком адбылося ў 1974 годзе, калі я быў студэнтам другога курса аддзялення тканін і мадэлявання адзення. Гэта ж аддзяленне скончыў трыма гадамі раней і Міхась Раманюк, пасля ён скончыў аспірантуру і ў 1975 годзе абараніў дысертацыю. У 1974 г. Раманюк пачаў працаваць на кафедры мастацтвазнаўства Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У нас ён чытаў курс лекцый «Беларускі народны касцюм і тэкстыль». Добра памятаю яго невысокую, хударлявую постаць з нязменным вялікім скураным партфелем, у якім змяшчаліся слайды старадаўніх беларускіх народных касцюмаў і дасканалых па сваім мастацкім харастве абрадавых ручнікоў. Гэта быў унікальны матэрыял, вельмі важны для будучых мастакоў — іншых візуальных крыніц, дапаможнікаў, кніг па беларускім народным мастацтве ў той час яшчэ не было. Міхась Фёдаравіч заўсёды размаўляў са студэнтамі і чытаў свае лекцыі па-беларуску, што і нам давала смеласць выкарыстоўваць у сваіх адказах беларускую мову. Яго шчырае захапленне народным мастацтвам адразу перадавалася студэнтам, ён нібы ажыўляў нашу генетычную памяць, наш этнічны прыродны густ.

На зімовых канікулах ён запрасіў нас у сваю этнаграфічную вандроўку. Разам з ім выправіўся я і яшчэ двое студэнтаў — Павел Бондар, які пасля стаў вядомым мастаком па тэкстылі, і Сяргей Лагуновіч-Чарапко, будучы жывапісец, якому гэтая паездка дапамагла сабраць матэрыял для дыпломнай карціны. Было вельмі халоднае зімовае надвор’е, змрок рана ахутваў засыпаныя снегам хутары і вёскі, куды мы рушылі па абледзянелых дарогах, на студзёных цягніках і аўтобусах.

Жанчыны з вёскі Рудня Барталамееўская. 1975 г.

Маршрут пачынаўся ў Слуцку. Тут, на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў, тады ткалі на ручных кроснах спадніцы-андаракі для касцюмаў Дзяржаўнага народнага хору Беларусі па эскізах Міхася Раманюка, і яму трэба было прасачыць за выкананнем гэтага заказу. Створаныя Раманюком касцюмы сталі эталоннымі, упершыню галоўны народны хор краіны быў апрануты так хораша і этнаграфічна дакладна. Пасля Слуцка была паездка ў вёсачку Ленькі. Змешчаны ў кнізе «Беларускае народнае адзенне» фотапартрэт дзяўчынкі ў кабаціку з архаічнымі зашпількамі на плеценых тасёмках (іл. 359) быў зроблены менавіта ў гэтай вёсцы. Глядзіш сёння на гэты фотаздымак таямніча-засяроджанай вясковай дзяўчынкі са светлымі чыстымі вачыма, так выразна і шчымліва-пранікнёна зафіксаванай Міхасём Раманюком на плёнцы свайго нязменнага «пентакона», і думаеш, які лёс напаткаў гэтае дзіця, як жыве яна цяпер? Не стане яе, як не стала стваральніка гэтага адлюстравання, як не стане ўсіх нас, а гэты здымак як сімвал чыстай беларускай душы, агорнутай бабулінай хусткай, апранутай у малінавы бабулін гарсэт, на вякі пакіне ўспамін пра тое, якімі былі мы, беларусы, у мінулым XX стагоддзі...

  
Жанчыны з вёскі Аброва,
Івацэвіцкі р-н. 1979 г.
Удзельнікі этнаграфічнай экспедыцыі
з жыхарамі вёскі Асташкавічы,
Светлагорскі р-н. 1985 г.

Са Слуцка са шматлікімі перасадкамі дабіраліся мы ў Калінкавічы, адтуль — у Васілевічы, з Васілевічаў пехатою ўжо пад вечар патрапілі ў вёску Залатуха. Там нам вельмі пашанцавала: у першай жа хаце на ўскраіне вёскі нас сустрэла пажылая жанчына, якая не пабаялася пусціць незнаёмых хлапцоў да сябе ў дом. У сціплай і чыстай вясковай хаце з пабеленымі сценамі найперш уразіў нас чырвоны кут з незвычайным драўляным свечнікам у форме гарызантальнага крыжа, скіраванага ўперад, што нібы абараняў і асвячаў пакой. Крыж-свечнік быў прымацаваны да паліцы, на якой змяшчаўся абраз, прыбраны ўзорыстым ручніком. Унікальны фотаздымак гэтага чырвонага кута, зроблены Міхасём Фёдаравічам, на жаль, не быў пры яго жыцці апублікаваны, захоўваецца і цяпер у ягоным архіве. Затое фотаздымак гаспадыні, прыбранай у дзявочы хвартушок, вышываную прыгожымі рамбічнымі ўзорамі сарочку і чырвоны андарак «ў граты», Міхась Раманюк змясціў у сваім альбоме. Так пачалося наша знаёмства з калінкавіцкім строем, які Міхась Фёдаравіч вызначаў як самы дасканалы лакальны вырыянт у суквецці беларускіх народных жаночых касцюмаў. Мастацкае хараство калінкавіцкага строю раскрылася ва ўсёй паўнаце, калі наша гаспадыня адвяла нас да сваёй сяброўкі-суседкі, якая дастала са свайго куфра і апранула поўны камплект калінкавіцкага строю — андарак, сарочку з каўняром-«брыжамі», суконны гарсэт-кабат старадаўняга фасона, абшыты скручаным з воўны чырвоным шнурам. Завяршаў касцюм чапец з аздобленым нашываным узорамі донцам, абвязаны вакол чала ручніком-«скіндачкай» (у кнізе М. Раманюка фотаздымак гэтага касцюма — іл. 156). Гэтая ж жанчына паказала нам і архаічны палескі вясельны галаўны ўбор — «завівала» — сшытыя між сабой злучальным швом дзве даўжэзныя наметкі, якія накладаліся на галаву маладой злучанымі берагамі, а два другія згорнутыя ў сувоі канцы «завівала» затыкаліся крыж-накрыж у выраз гарсэта на грудзях. Па словах жанчыны, пасля вяселля гэты галаўны ўбор ніколі не апранаўся, а зберагаўся да смерці, ім усцілалі знутры труну нябожчыцы. Такая інфармацыя аб апатрапейнай магіі дэталяў народнага касцюма, аб набыцці касцюмам, ручніковымі тканінамі-наметкамі і абрадавымі ручнікамі сакральных функцый злучэння жыцця і смерці, «гэтага» і «таго свету», была вельмі важнай для Міхася Раманюка. Унікальны здымак жанчыны, прыбранай «завівалам», быў зроблены ім менавіта ў той зімовай экспедыцыі 1974 г., ён яшчэ нідзе не апублікаваны. Ужо пазней убачыў я акварэльны малюнак жанчыны ў вясельным «завівале», зроблены дзесяццю гадамі раней другім выдатным беларускім мастаком-этнографам, старэйшым паплечнікам Міхася Раманюка Лявонам Баразной у палескай вёсцы Яланы (гэты малюнак можна пабачыць на выстаўцы, прымеркаванай да 90-годдзя Лявона Баразны ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў раўбіцкім касцёле). Апісанне гэтага ж вясельнага галаўнога ўбора, зробленае на пачатку ХХ ст. вясковым настаўнікам на мазырскім Палессі, змешчана сярод матэрыялаў Рускага геаграфічнага таварыства (Д. К. Зеленин, «Описание рукописей ученого архива императорского Русского географического общества», СПб., вып. 1–3, 1914–1916). Прыклад знаходкі і фотафіксацыі Міхасём Раманюком толькі адной гэтай рэчы — палескага вясельнага «завівала» — сярод шматлікіх іншых яго ўнікальных знаходак выразна акрэслівае тую выключную місію, якая была прызначана, спаслана яму ў справе вяртання з небыцця беларускай народнай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны. Ён быў для нас павадыром у мінулае…

  
Каля крыніцы ў вёсцы
Рудня Барталамееўская. 1991 г.
Дзеці каля крыжоў у вёсцы
Рудня Барталамееўская. 1991 г.

Апошняя наша сумесная паездка адбылася ў жніўні 1991 года ў вёску Рудня Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Мы з Міхасём Фёдаравічам у 1975 годзе ўжо наведвалі гэтыя мясціны. У той экспедыцыі брала ўдзел больш за 10 студэнтаў тэатральна-мастацкага інстытута, многія з якіх пасля сталі вядомымі мастакамі і мастацтвазнаўцамі. Вызначаны Раманюком маршрут уключаў наведванне вёсак Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, Морач Клецкага раёна, Залужжа Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Ізноў, ужо ў другі раз, але ўлетку, наведалі мы вёску Залатуха, дзе Міхась Фёдаравіч зрабіў выдатныя пастановачныя здымкі дзясяткаў калінкавіцкіх строяў, прыбраўшы ў святочныя мясцовыя традыцыйныя касцюмы нас, студэнтаў, вясковых дзетак і маладзіц. Дзякуючы Міхасю Фёдаравічу ўвачавідку, у рэальнасці, праз традыцыйныя народныя касцюмы адбывалася шчымлівае злучэнне, яднанне адарванай ад сваіх вясковых каранёў гарадской студэнцкай моладзі з невядомым ім светам крэўна-роднай вясковай культуры, з векавечнымі народнымі традыцыямі, нібы «машына часу» перанесла нас на сто гадоў назад. Вясковыя жыхары прымалі студэнтаў, падобных на табар вандроўных цыганаў, вельмі цёпла, прыязна — частавалі, давалі прытулак на ноч. Далей рухаліся мы дзе пешшу, цягнучы на сабе цяжкія заплечнікі, дзе на трактарных прычэпах па лясных пясчаных дарогах. Фізічна было даволі цяжка, але ні мы, ні Міхась Раманюк не звярталі ўвагу на стому, з прыўзнятым настроем, у эйфарыі ад пабачанага, з жартамі і юнацкай энергіяй рушылі наперад. Так дабраліся мы на самы край Беларусі, у вёску Рудня Барталамееўская. Наведванне гэтай вёскі ў лясным гушчары падаравала многа адкрыццяў. Тут мы знайшлі вялікую колькасць касцюмаў краснапольска-чачэрскага строю, даведаліся пра абярэгавае прызначэнне чырвоных ваўняных фартухоў (на такі фартух баба-павітуха прымала народжанае дзіця) і пра абрадавае значэнне невялікіх памінальных ручнікоў — імі засцілалі магілкі малых дзяцей на Радуніцу. Дзіўным было для нас тое, што ў гэтай вёсцы побач з праваслаўнымі жылі і католікі. І тыя, і другія былі, напэўна, патомкамі ўніятаў. Не было ў савецкі час у Рудні Барталамееўскай ні царквы, ні касцёла. Вернікам царкву «замяняла» крынічка, якая выцякала з-пад зямлі на беразе ракі, амаль пасярэдзіне вёскі. Тую крыніцу здаўна лічылі святой (традыцыя сакральнага ўспрыняцця крыніцаў жывая на Беларусі і сёння, асабліва на Падняпроўі і Пасожжы). На крыніцы ў вёсцы Рудня Барталамееўская ніякай купальні не было, мы ўбачылі тут толькі акуратны драўляны зруб, напоўнены чысцюткай крынічнай вадою, а побач з ім — два драўляныя крыжы, густа завешаныя ўзорыстымі тканымі ручнікамі. Жанчыны прыносілі і вешалі на гэтыя крыжы свае ручнікі — паднашэнні-малітвы, як прыносілі іх некалі ў царкву. Міхась Фёдаравіч сфатаграфаваў тыя крыжы ля крыніцы, як раней фатаграфаваў архаічнае драўлянае ўкрыжаванне на могілках у вёсцы Морач і вялізныя драўляныя крыжы, пастаўленыя ў «прошчы» — святым месцы ў лесе ў Светлагорскім раёне. Ужо тады ён збіраў матэрыял для свайго даследавання пра беларускія народныя крыжы.

…У 1991 годзе прайшло 5 гадоў пасля Чарнобыля. Радыяцыйны след моцна захапіў і тэрыторыю Чачэрскага раёна. Рыхтуючыся да мастацкай выставы, прымеркаванай да 5-годдзя чарнобыльскай катастрофы, я ўспомніў пра святую крыніцу ў Рудні Барталамееўскай і вырашыў напісаць карціну. Міхась Фёдаравіч падтрымаў маё імкненне і пагадзіўся разам са мною і вядомым магілёўскім мастаком Рыгорам Таболічам наведаць той запаветны край у міжрэччы Сожы і Бесядзі. Гэта апошняя наша сумесная вандроўка была вельмі незвычайнай, поўнай дзіўных прыгодаў. Як нейкі жывы цуд у вёсках па дарозе ў Рудню Барталамееўскую нас сустракалі жанчыны і дзеці, апранутыя ў старадаўнія народныя строі. Не трэба было хадзіць па хатах і ўгаворваць бабуляў паказаць, апрануць свае старадаўнія ўборы — усё было па нейкім прадбачанні ўжо падрыхтавана да здымак. Аказалася, што 13 жніўня ў Чачэрскі раён планаваўся прыезд творчай групы беларускага тэлебачання для здымак фільма пра спеўныя гурты чачэрскага краю, але нешта там у іх у апошні момант сарвалася і телевізіёншчыкі не прыехалі, не папярэдзіўшы аб тым ні раённае начальства, ні кіраўнікоў вясковых клубаў, якія ўжо былі ў прызначаны час напагатове са сваімі спявачкамі. Не ведаючы таго, мы рухаліся па тым маршруце, які запланавалі сабе работнікі тэлебачання, і патраплялі да носьбітаў мясцовых народных традыцый як нейкія збавіцелі ад сораму перад аднавяскоўцамі, іх кпінаў за сарванае відовішча. Выратавальны, легендарны фотаапарат «пентакон» Міхася Раманюка на высокім драўляным штаціве стаў выдатнай заменаю тэлекамеры. Бабулі і дзяўчаты вадзілі для нас карагоды, спявалі русальскія песні, разыгравалі «Пахаванне стралы». І самі артысты, і мы, як галоўныя пачэсныя сталічныя госці, і аднавяскоўцы — усе былі шчаслівыя агульнай еднасцю, усведамленнем таго, што свята ўсё ж здзейснілася. Такая ж цёплая, шчырая сустрэча адбылася ўжо надвячоркам і ў Рудні Барталамееўскай: тут нас чакалі, гасцінна частавалі, спявалі народныя песні, успомнілі нашу папярэднюю даўнюю сустрэчу. Тыя жанчыны і падрослыя ўжо дзяўчаты, чые фотаздымкі ў старадаўніх святочных строях змясціў Міхась Раманюк у сваім альбоме (іл. 225, 233, 269, 275), ганарыліся гэтым, захоўвалі дасланыя ім Міхасём Фёдаравічам пасля экспедыцыі 1975 г. фотакарткі. Працавітая вёска жыла сваім жыццём, не зважаючы на чарнобыльскае ліха, толькі пастарэлі ўжо жанчыны, якіх раней мы фатаграфавалі, а іх дзеткі разляцеліся па свеце (пляменніка адной з іх, які стаў афіцэрам, служыў на расійскім касмічным палігоне ў Плесецку, я сустрэў на рускай Поўначы ў 2005 г., ён ведаў альбом Раманюка і з гонарам сказаў, што ў ім змешчаны фотапартрэт яго цёткі). Нас хвалявала, ці захавалася яшчэ святая крыніца на беразе рэчкі? Так, крыніца не знікла, усё гэтак жа над ёю высіліся крэпкія драўляныя крыжы пад стрэшкамі, густа ўвешаныя нядаўна замененымі затканымі чырванню ручнікамі. І як пра нейкі цуд даведаліся мы, што якраз менавіта заўтра, 14 жніўня, на свята Макавеяў ля крыніцы збяруцца жанчыны і дзеткі, запаляць свечкі, будуць чытаць Евангелле, маліцца, асвячаць вадою з крыніцы кветкі, яблыкі, моркву, абмываць твары. Нас прасілі не хадзіць у той дзень да крыніцы, каб не турбаваць вернікаў. Мы з Рыгорам так і зрабілі, але Міхась Фёдаравіч не мог упусціць нечаканую магчымасць зафатаграфаваць гэту дзіўную, захаваную да канца ХХ ст. праяву народнай веры, у якой сплаўлялася ў адно цэлае хрысціянская традыцыя і глыбока архаічнае духоўнае, сакральнае стаўленне да крынічнай вады, да роднай зямлі і яе пладоў. Таму з раніцы пайшоў ён на ўзгорак на бераг рэчкі і пачаў здымкі малення пад адкрытым небам, пад засенню дрэваў, навіслых над рэчкаю, як сцены незвычайнага храма. Жанчына, якая кіравала гэтым маленнем, паставілася да яго вельмі варожа — гэта быў адзіны такі выпадак у яго экспедыцыйнай практыцы: яна пачала асыпаць яго праклёнамі і нават кінула ў яго камень. Іншыя жанчыны супакойвалі яе, гаварылі, што паводзіць яна сябе нядобра, не па-хрысціянску, і што не варта забараняць прышламу чалавеку, вандроўніку, выконваць сваю работу. Так у фотаархіве Раманюка з’явілася яшчэ адна серыя ўнікальных фотадакументаў, прысвечаных самабытным культурным традыцыям вёскі Рудня Барталамееўская. Гэтыя найкаштоўнейшыя фотаздымкі зафіксавалі захаваную ў нашым народзе, нягледзячы на дзесяцігоддзі атэістычнага ціску, шчырую веру, якая не згасала нават пасля руйнавання цэркваў і касцёлаў і знішчэння святароў, а праяўляла сябе ў маленнях пад адкрытым небам, ля прыдарожных крыжоў, ля святых крыніцаў. Па фотаздымках Міхася Фёдаравіча ў тым жа 1991 г. напісаў я сваю карціну «Чыстая крыніца. Макавей».

Спадзяюся, што мае ўспаміны пра Міхася Фёдаравіча дапамогуць лепш зразумець яго місію акрыленага служэння беларускай культуры, яго вандроўны шлях па Беларусі. Жывым, вясёлым і дасціпным, чалавекам з сялянскай непасрэднасцю і ашчаднасцю, але і з вялікай шчодрасцю, разважлівасцю і бясконцай адданасцю сваёй справе запомнілі Міхася Раманюка яго вучні і паплечнікі. Углядаючыся ў яго фотаздымкі вяскоўцаў і гарадскіх дзяўчат, прыбраных у строі стогадовай даўніны, не адчуваеш ніякай штучнасці, пастановачнасці. Заўсёды ёсць адчуванне сапраўднасці, натуральнасці, нібы зроблены яны не ў апошняй чвэрці ХХ ст., а на сто гадоў раней. Мастак-фатограф Міхась Раманюк нібы лунаў у сваіх вандроўках на нябачных крылах збіральніцкага паклікання праз час. У гэтых партрэтных фоташэдэўрах ён адлюстраваў не толькі хараство беларускага народнага касцюма, але, найперш, прыгажосць нашага народа, яго кранутых маршчынамі твараў, напрацаваных мазолістых рук, высакародных паставаў, асветленых святлом розума і дабрыні вачэй. Як свой бясцэнны дар ствараў, збіраў Міхась Раманюк уласную партрэтную галерэю беларускага народа, і ў гэтым яго вялікая сыноўская заслуга перад Бацькаўшчынай.

Фотаздымкі Міхася Раманюка для публікацыі прапанаваў
Дзяніс Раманюк.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY