Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Валянцін КАЛЕЧЫЦ

ПРА РАДАВОД БЛАГАСЛАЎЛЁНАГА КСЯНДЗА МІХАЛА САПОЦЬКІ

Гэты артыкул прысвечаны радаводу благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, вядомага святара, спаведніка і выкладчыка. Доктар тэалогіі, прафесар Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, а пасля Другой сусветнай вайны — выкладчык духоўнай семінарыі ў Беластоку, спаведнік св. Фаўстыны Кавальскай, заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Езуса Хрыста — наш адукаваны і шляхетны суайчыннік, які дапамог падчас вайны ўратаваць каля сотні габрэяў і завочна быў прыгавораны гітлераўцамі да смяротнага пакарання. Кс. Сапоцька быў беатыфікаваны 28 верасня 2008 г. у Беластоку.

Са справы аб дваранскім паходжанні роду Сапоцькаў з Мінскай губерні мы ведаем 8 пакаленняў продкаў святара. Міхал Сапоцька нарадзіўся ў фальварку Юшэўшчына Ашмянскага павета 1 лістапада 1888 г. і быў ахрышчаны ў забрэжскім парафіяльным касцёле. Яго бацькі — дваране Вінцэнт Сапоцька і Эмілія з роду Паўловічаў. Для бацькі Міхала гэта быў другі шлюб. Яго першую жонку таксама звалі Эміліяй і паходзіла яна з роду Крэйчманаў з мястэчка Валожын. Хроснымі Міхала былі дваране Юзаф Навіцкі са сваячкаю Ядвігаю.

Вінцэнт Сапоцька, бацька Міхала, нарадзіўся ў 1831 г. у сям’і шляхетных Тадэвуша і Караліны з відаўскіх Сапоцькаў. 16 лістапада 1835 г. яны прадалі крэўным Юзафу і Барбары Сапоцькам фальварак Леснікі без прыгонных сялянаў, што адзначана ў дакументах Менскай грамадзянскай палаты. Бацька Тадэвуша Андрэй быў уведзены ў валоданне гэтым фальваркам у 1793 г., што зафіксавана ў кнігах Маршалкаўскага суда Менскага ваяводства. Пасля 1835 г. сям’я Сапоцькаў уласнай зямлі не мела і жыла на арандаванай зямлі ў засценку Навасады. Сваякі жылі ў фальварках Менскага і Вілейскага паветаў таксама на арандаванай і застаўной зямлі.

Бацька Андрэя — Станіслаў Сапоцька, карыстаўся застаўным фальваркам Кажамякі ў Менскім ваяводстве. У 1765 годзе ён атрымаў квіт ад менскага харунжага пана Фларыяна з Яксаў Быкоўскага ў тым, што з Кажамякаў станавіўся на попіс у войска ВКЛ. З 1778 г. Станіслаў разам са сваякамі прадаў маёнтак Брыгідава з сялянамі і вёскамі Ласікоўшчына і Шышкі пану Герждовічу. 6 лютага 1795 г. дакумент аб продажы быў унесены ў акты Менскага гродскага суда. 20 лютага 1787 г. Станіслаў Сапоцька склаў свой тэстамэнт.

Станіслаў атрымаў частку маёнтка Брыгідава ад свайго бацькі Андрэя, аб чым сведчыць тэстамэнт ад 5 лютага 1739 г.

Бацькамі Андрэя былі Іахім Сапоцька і Барбара з Воўкаў. У XVII ст. яны трымалі застаўны маёнтак Пажарышча ў Менскім ваяводстве. 3 верасня 1691 г. Іахім разам са сваякамі атрымаў пасведчанне ад шляхетных Сапоцькаў з Гародзенскага павета аб найбліжэйшым сваяцтве. У 1708 г. Іахім і Пётр Сапоцькі склалі раздзельны акт, згодна з якім падзялілі паміж сабою і адпісалі сынам свой маёнтак Брыгідава з вёскамі Ласікоўшчына і Шышкі.

Першым вядомым са справы аб дваранскім паходжанні роду Сапоцькаў продкам бл. Міхала з’яўляецца дзед Іахіма Ян Сапоцька, які быў жанаты з Ганнаю з Длугаборскіх. Як адзначана ў дакументах, за заслугі падчас вайны ён меў шэсць валокаў зямлі на Гродзеншчыне ў вёсцы Шчэцінава. Сведчыў аб тым прывілей Найяснейшага караля Уладзіслава Чацвёртага ад 15 лютага 1648 г., выдадзены 10 чэрвеня 1670 г. у каралеўскай эканоміі Гродзенскай і засведчаны паўторна ў 1691 г. у кнігах Галоўнага трыбуналу Менскага ваяводства.

Такім чынам, з архіўных матэрыялаў нам вядомы радавод благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Мы ведаем, што род Сапоцькаў са старажытных часоў быў шляхецкім і заслужаным. Сапоцькі карысталіся гербам «Сыракомля». Асобныя галіны роду ў часы Вялікага Княства Літоўскага жылі ў Троцкім, Менскім, Наваградскім і іншых ваяводствах, займалі ўрады і пасады. Адна з прадстаўніцаў роду, Настасся Сапоцька, у XVI ст. была ў шлюбе з Васілём Тышкевічам, графам на Лагойску і Бярдычаве, ваяводам Смаленскім, старостам менскім і пінскім. У часы Расейскай імперыі род Міхала Сапоцькі быў зацверджаны ў расейскім дваранстве ўказам Сенату ад 15 верасня 1850 г. за № 324 і ўнесены ў 6-ю частку радаводных кніг Менскай губерні, куды запісваліся старажытныя шляхецкія роды. Сам Міхал Сапоцька быў далучаны да роду разам з братамі Пятром і Ігнаціем указам Сенату 18 красавіка 1903 г.


Валянцін Калечыц — інжынер-будаўнік з Мінска, даследчык радаводаў беларускай шляхты, а таксама гісторыі Каталіцкага Касцёла і Уніяцкай Царквы на Беларусі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY