Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Сяргей ХАРЭЎСКІ

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА

14 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі». У яе экспазіцыі прадстаўленыя асноўныя традыцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — найбольш значныя святы літургічнага года і тыя духоўныя знакі, што адлюстроўваюць адметнасць Каталіцкага Касцёла, а таксама культавыя рэчы ды ўнікальныя артэфакты, звязаныя з гісторыяй Касцёла ў Беларусі.

Каталіцкая канфесія трывала займае другое месца сярод іншых хрысціянскіх канфесій па колькасці вернікаў у Беларусі. Касцёл цягам многіх стагоддзяў застаецца найважнейшаю часткаю цывілізацыі ў Беларусі. З каталіцкаю традыцыяй непарыўна знітаваная гісторыя адукацыі, архітэктуры, мастацтва і музыкі ў нашай краіне. Але сёння сведчанні глыбокай духоўнай традыцыі, увасобленыя ў тысячах артэфактаў, што дагэтуль зберагаюцца ў каталіцкіх святынях, слаба вядомыя шырокай публіцы. Пазнаёміць з часткаю тых скарбаў і было адной з задачаў арганізатараў выставы.

У розных касцёлах, у далёкіх і блізкіх ад сталіцы парафіях, у паасобных прыватных калекцыях, ды і проста ў розных сем’ях захоўваюцца культавыя рэчы, часам сапраўдныя творы мастацтва, гістарычныя рарытэты, рукапісы, знакі веры, што маюць дачыненне да каталіцкае традыцыі, якая была і застаецца неад’емнаю часткаю жывое гісторыі, традыцыі і цяперашняе паўсядзённасці ў Беларусі і ў яе жыхароў.

Ідэя стварыць выставу, якая б засведчыла моц гэтае традыцыі, належала мастачцы Надзеі Буко, кіраўніцы каталіцкай мастацкай студыі «Крылы натхнення», што дзеіць у Мінску на Залатой Горцы пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька ідэю экспазіцыі ўхваліў, падтрымаў энтузіястаў і прапанаваў Надзеі Буко стаць куратарам гэтага праекту, што ўдалося рэалізаваць у надзвычай сціслы тэрмін.

Супрацоўніцы музея Аліна Красоціна і Вераніка Акудовіч пабывалі ў Будславе, Рубяжэвічах, Наваградку, у Замосці на Случчыне. Ксяндзы Віталь Драздоўскі і Зміцер Дубовік, пробашч будслаўскай парафіі, ахвотна дапамагалі ў гэтай справе, а ксёндз Юры Санько стаў не толькі каардынатарам і кансультантам праекту, але таксама перадаў на музейную выставу прадметы з мінскага касцёла св. Роха. Прадметы для выставы былі прывезеныя парафіямі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі: будслаўскім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёлам святога Юзафа, што ў Рубяжэвічах на Стаўбцоўшчыне, Кангрэгацыяй сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і касцёлам Перамянення Пана ў Наваградку, касцёлам святой Барбары ў Замосці і касцёлам Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Вынішчы Слуцкага раёна.

Пасля навуковых экспедыцыяў пачалася праца над выставаю, якую канчаткова фармавалі яе куратар Аляксандр Храмы, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі разам з рэстаўратарам і калекцыянерам Ігарам Сурмачэўскім. Менавіта з ягонае багатае калекцыі ў экспазіцыю патрапілі абразы, драўляныя скульптуры, сакральныя прадметы і гравюры. Экспанаты для гэтае выставы таксама прадставілі Нацыянальны мастацкі музей і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі», як ужо адзначалася, заклікана паказаць асноўныя каталіцкія традыцыі Беларусі. Дзень задушны, напрыклад, паказаны праз арыгінальныя дакументальныя фотаздымкі пахавання сясцёр назарэтанак. Тут можна ўбачыць той самы кленчнік для малітваў, што выкарыстоўвалі благаслаўлёныя назарэтанкі, расстраляныя нацыстамі ў Наваградку ў 1943 г. і беатыфікаваныя ў 2000 годзе. Разам з гэтай рэліквіяй на выставе экспануюцца і іншыя рэчы з наваградскага Музея Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, кляштар якіх і сёння дзейнічае, — палька і вэлюм на келіх для прычасця, ампулы для вады і віна, форма для выразання гостыяў, малітоўнікі.

У асобнай вітрыне прадэманстраваны сакрамэнт хросту ў колішняй старасвецкай шляхецкай традыцыі. На выставе паказаны арыгінальны дзіцячы чапец XVIII ст., свечкі і крыжы, літургічны посуд для хросту. Паколькі хлопчык шляхецкага паходжання належаў таксама і Айчыне, як будучы яе абаронца, немаўля часам клалі на скрыжаваныя шаблі, што належалі ягоным продкам. Спачатку на шаблі клаўся тканы шоўкам, срэбрам і золатам слуцкі пояс — адзін з найбольш адметных сімвалаў нашай шляхецкай культуры. Разам з літургічнымі рэчамі сярод найстарэйшых экспанатаў выставы — выява Маці Божай з Дзіцяткам Езусам са слановай косці (XVI ст.).

Пробашч будслаўскай парафіі кс. Зміцер Дубовік каля вітрыны, у якой экспануюцца літургічныя рэчы з касцёла ў Будславе.

На выставе экспануюцца па­асобныя надзвычайныя артэфакты, перанесеныя з сакральнай прасторы храмаў у свецкую прастору музея. Сярод іх — арнат са слуцкіх паясоў і багата аздобленая манстранцыя ў стылі ракако, зробленая адмыслова да асвячэння ў 1783 г. славутага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе з аўтэнтычным футаралам з дрэва і ціснёнай скуры. Гэта асабліва сімвалічна і з тае прычыны, што летась традыцыя шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай была ўключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. На выставе знайшлі сваё месца літургічныя рэчы, што і сёння выкарыстоўваюцца ў касцёлах. Напрыклад, скульптура Хрыста ўваскрослага (XVIII ст.) і манстранцыя ХІХ ст. з касцёла Нараджэння Яна Хрысціцеля з Вынішчаў, манстранцыя, вырабленая больш за сто гадоў таму, у 1917 годзе, на фабрыцы Норбліна ў Варшаве і рэліквіярый XVIII ст. з касцёла ў Замосці, што на Случчыне, манстранцыя 1890-х гадоў вырабу віленскага майстра Міхала Невядомскага і цыборый ХІХ ст. з мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ды багата чаго іншага.

Значнае месца на выставе занялі прадметы з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, звязаныя і з рэлігійнай тэматыкай. Перадусім, гэта ўнікальны экспанат з найстарэйшых на выставе — грамата Жыгімонта Вазы з аўтэнтычнымі пячаткамі на будаўніцтва ў Верхнім горадзе Мінска царквы Святога Духа пры базыліянскім кляштары ў 1613 г.; вырабленая майстрам з Аўсбурга Матэўсам Зойтэрам у 1753 г. мапа францішканскіх кляштараў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і на на тэрыторыі Беларусі; сапраўдны слуцкі пояс XVIII ст.; абразы розных эпохаў, драўляныя касцёльныя скульптуры. З калекцыі Ігара Сурмачэўскага прадстаўленыя і іншыя старадаўнія рэліквіі — пазалочаная патэна для эўхарыстычнага Хлеба з вёскі Вялікае Падлессе, што на Берасцейшчыне, келіх з накрыўкай (XVIII ст.) і Хрыстовы цярновы вянок, выраблены са срэбра ў Львове, лампада XVII ст. і іншыя неацэнныя рарытэты.

Вельмі цікавыя на гэтай выставе старажытныя абразы на палатне сярэдзіны XVIII ст. — «Маці Божая Міласэрнасці» («Madonna della Misericordia») і Маці Божая Бялыніцкая з калекцыі прыватнай галерэі «Прадмесце». Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь таксама прадставіў два старажытныя абразы, пісаныя тэмперай па дрэве ў народным духу — «Уцёкі ў Егіпет» і «Святы Антоні Падуанскі» 1744 г. невядомага тутэйшага майстра. З калекцыі Ігара Сурмачэўскага прадстаўленыя абразы XVIII ст. у духу позняга барока — «Святая Марыя Магдалена» з Гродна, «Святы Геранім» з Віцебска, «Святы Францішак Ксавэрый» з вёскі Жацерава, што на Стаўбцоўшчыне, а таксама некалькі абразоў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў.

У XVI–XVII стагоддзях у каталіцкіх кляштарах па ўсёй Беларусі былі бібліятэкі, што налічвалі дзясяткі тысячаў кніг. У вітрынах выставы можна ўбачыць Імшалы, нотныя зборнікі, а таксама перапісаныя ад рукі творы Станіслава Манюшкі, 200-гадовы юбілей якога будзе святкавацца сёлета. Каталіцкая сакральная музыка і кніжная спадчына ў экспазіцыі прадстаўленыя рэдкімі кнігамі і ўнікальнымі рукапісамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама рарытэтамі — рукапісамі нотаў з прыватнай калекцыі Святланы Шэйпы. Сярод іншага экспанаваныя: «Октоих», «Апограф», «Доксастикон», «Служба Святому…» — зборнік выданняў з літургічнымі і малітоўнымі тэкстамі на царкоўнабеларускай мове пачатку XVIII ст., выдадзены ў базыліянскім Дабравешчанскім манастыры ў Супраслі, «Леи­тоургиарион си есть Служебник» пад рэдакцыяй мітрапаліта Феліцыяна Валадковіча, зборнік казанняў на лацінскай мове 1721–1725 гг. і лістоў да папы Бэнэдыкта XIIІ Джыралама Крыспі, арцыбіскупа Равены, выдадзены ў 1733 г. у Рыме, ды багата іншых каталіцкіх выданняў ад старадрукаў да нашага часу.

Выстава атрымалася невялі­каю і, у пэўным сэнсе, сціплаю, бо немагчыма паказаць усё хараство і найбагацейшыя традыцыі, разнастайнасць каталіцкай сакрамэнтальнай культуры Беларусі на адной выставе, дзе ўсяго толькі на 70-ці метрах плошчы размясцілася каля 200 рарытэтаў і артэфактаў. Але кожны з гэтых эксапанатаў — адметны, з непаўторнаю ўласнаю гісторыяй. Гэта і каваныя крыжы, скульптуры і абразы, кнігі і ноты, святарскія строі, элементы касцёльнага ўбрання, літургічныя рэчы, фатаграфіі, мапы... Унікальнасць экспазіцыі і ў тым, што ладная частка гэтых рэчаў і сёння застаецца ва ўжытку ў розных парафіях нашай краіны.

Адначасна з выставаю «Сакральная культура Касцёла Беларусі» ў музеі адкрылася і стала гарманічным яе дадаткам фотавыстава Сяргея Плыткевіча «Планета Беларусь. Касцёлы». Яе экспазіцыя складаецца з ужо архіўных фотаздымкаў касцёла святых Сымона і Алены, зробленых падчас першай святой Імшы ў касцёле, а таксама сучасных фотаздымкаў беларускіх каталіцкіх святыняў з паднебнай вышыні, зробленых пры дапамозе найноўшых тэхналогіяў.

Некалькі месяцаў таму Нацыянальны гістарычны музей і Мітрапалітальная курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, і першым іх супольным праектам стала гэтая выстава. Задачаю стваральнікаў экспазіцыі было не проста сабраць у адным месцы розныя артэфакты, не здзівіць гледачоў, але запачаткаваць традыцыю супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея з Касцёлам, прыадчыніць дзверы ў вялікі, поўны прыгажосці і таямніцаў свет каталіцкай традыцыі.

Выкажам спадзеў, што гэта стане добрай традыцыяй і мы яшчэ ўбачым не адну такую выставу, бо насамрэч Касцёлу ёсць што паказаць. Цягам доўгіх стагоддзяў каталіцкія святыні Беларусі з’яўляюцца не толькі выключнымі ў сваёй дасканаласці помнікамі архітэктуры, але і скарбніцамі, у якіх зберагаюцца розныя помнікі мастацтва, кніжніцтва і музычнай культуры, што маюць і сёння неацэнную каштоўнасць. Перадусім, гэта рэчы намоленыя, сапраўдныя рэліквіі, што стагоддзямі шануюцца ў нашым народзе.

Фота Мікалая Новікава.

Гл. таксама:
:: ВЫСТАВА «САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА КАСЦЁЛА БЕЛАРУСІ» ::

  
Вітрыны з літургічнымі рэчамі.

  
Маці Божая з Дзіцяткам Езусам і Янам Хрысціцелем. XIX ст. Маці Божая Вастрабрамская. XIX ст.

  
Святая Марыя Магдалена. XVIII ст. Святы Антоні Падуанскі. 1744 г.

  
Кленчнік для малітваў, што выкарыстоўвалі благаслаўлёныя сёстры назарэтанкі з Наваградка. Цярновы вянок са срэбра, выраблены ў Львове.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY