Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Зося БАРАНОЎСКАЯ

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...

Аднойчы мы з Данутаю Янаўнай, разважаючы пра тое, чаму Святлана Алексіевіч не змагла сама знайсці магілу свайго загінуўшага на вайне дзеда, вырашылі, што яна проста заблыталася ў геаграфіі, і, намагаючыся канкрэтызаваць, як менавіта яна заблыталася, мы імгненна заблыталіся самі, і тады Данута, рассмяяўшыся, сказала: «Алесь Чобат мне аднойчы патлумачыў, што з геаграфіі важна адно цвёрда ведаць: Бог — на небе». Вось так яна па-жаночы, па-філалагічнаму апраўдала і Святлану Алексіевіч, і наша няведанне зменлівай зямной геаграфіі...

Геаграфія Дануты Бічэль пачыналася з Біскупцаў, з вёскі і хутара, з таго месца, «дзе ходзяць басанож» — так яна назвала і свой зборнік вершаў, за які ў 1984 годзе атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы. Я ў той час працавала ў Мінску ў музеі Купалы і, водзячы экскурсіі, спыняючыся каля стэнда з кнігамі купалаўскіх лаўрэатаў (цяпер такога стэнда няма), міжволі захоплена адзначала для сябе яе дасканала мяккую прыгажосць — нібы сама Паэзія спакойна, натуральна, гарманічна ўвасобілася ў яе абліччы — з яе можна было і партрэт пісаць, і скульптуру ляпіць (і басанож, і на абцасах). Пазней, пазнаёміўшыся з ёю бліжэй, я неяк падумала пра тое, што менавіта такімі прыгожа дасканалымі, таленавітымі, унутрана вольнымі, адважнымі мусілі нараджацца тыя, для каго Бог абраў іх прыходам на свет 1937 год — яны нібы прыйшлі наўзамен бязвінным ахвярам, нібы перахапілі ў містычныя імгненні Божай волі цяпло іх дыхання і ўзялі ў свае вочы іх прыгожа-балючы, усёдаравальны сум, сталі іх духоўным працягам. А як думаць інакш, калі раптам чытаеш радкі, у якіх увасоблена яснае разуменне свайго працягу, сваёй місіі:

Я не плачу аб слове памерлым,
я на полымі скамянелым
малюю сцяжок белым мелам.

А нехта маўчыць за сталом,
пад скамянелым крылом
гартае стратаў важкі том...

Яна надрукавала гэта нядаўна, у вершы «Світанак» у часопісе «Наша вера» (№3, 2018 г.), які стаў для яе духоўным апірышчам. Некалькі разоў перагортваючы гэты нумар, яшчэ раз перачытваючы яе вершы, я зразумела, што мяне змушае вяртацца да яе радкоў зноў і зноў: ну вось жа — метафара крылаў, генетычнае адчуванне, усведамленне крылаў — «птахамі продкі былі». А не адпускала мяне гэта яшчэ і таму, што нядаўна пачула цікавае выслоўе, якое належыць Гётэ: «Бацькі павінны даць сваім дзецям дзве рэчы: карані і крылы». Па-першае, здзівіла, што гэта сказаў менавіта Гётэ — так мог бы сказаць і наш Караткевіч, які назваў Беларусь зямлёю пад белымі крыламі. Па-другое, пачала думаць: а хто ў нас быў крылатым?.. Максім Багдановіч адчуваў сябе Страцім-лебедзем і з горыччу пісаў: «Я бальны, бесскрыдлаты паэт». Жаданне крылатасці найбольшым было, хіба, у Купалы, бо гэта ён пісаў: «Мой дом — прыволле зорнай далі, // арламі мераны абшар...», і гэта ён заклікаў: «Падымайся з нізін, сакаліна сям’я!», «Гэй, узвейце сваім крыллем, арляняты буйна, бурна...» Але гэта было толькі жаданне, адчуванне, усведамленне дадзенасці, аднак нерэалізаванасці, якая ўрэшце была акрэсленая, асэнсаваная ў драме з балючаю назваю «Раскіданае гняздо», героі якой маюць характэрнае прозвішча — Зяблікі... Таму, думаючы пра балесныя лёсы нашых літаратурных прарокаў, якія адляцелі на неба заўчасна, з неразгорнутымі крыламі, захацелася паверыць Дануціным радкам, яе ўпэўненасці ў тым, што «птахамі продкі былі спярша», бо яе «спярша» асацыіруецца з біблейскім «на пачатку», і становіцца ясным, што для яе, якая называе Беларусь вольна-крылатым словам Край, продкі — гэта не толькі і не проста сваякі, а «спярша» і «на пачатку» тыя, хто ўсё ж сапраўды былі крылатымі — і Скарына, і Еўфрасіння Полацкая, і Стэфан Баторый, і Кастусь Каліноўскі, і «вогненным птахам» яна называе гродзенскую Каложу, верачы, што гэтак жа, як Каложа, паўстане «наш святы і грэшны народзе», бо «ад Грунвальда жар не ачах».

Усяго шэсць новых вершаў у часопіснай падборцы аб’яднаныя кароткаю, трапнаю назваю — «Толькі словы». Вядома ж, яна напісала значна больш, але менавіта гэтыя вершы былі выбраныя як найважнейшыя, і таму ўсцешна, што, пераадольваючы стыхійнасць у творчасці, Данута Бічэль, застаючыся стыхійнаю, трымаецца цвёрда ўсвядомленых духоўных каштоўнасцяў. Першы верш у падборцы называецца «Анёлы на дрэвах». Чаму на дрэвах? Ну таму што Боскія крылатыя істоты самі вызначаюць сваю геаграфію, і таму што гэта і яе анёлы, і яны гукаюць з ёю вясну, напаўняюць «адчуваннем бязмежнага шчасця — ігнараваннем напасцяў», але так было пераважна ў маленстве, у снах-трызненнях, і верш пабудаваны на кантрасце «мінулага захаплення», што ўласціва кожнаму маленству, і шчымліва-балючага, але мудрага роздуму, уласцівага сталасці (далёка не кожнай):

Несмяротнасць жыве ў імгненні,
мастацтва рамак не мае...
Малітва ў рамках трымае.

І можа таму, як пераход, наступны верш называеца «Малітва», і гэта працяг іерархіі простых каштоўнасцяў — дзеці, унукі і матчына малітва за іх, увасобленая ў простых дзеясловах-просьбах да Бога: схавай, спыні, затрымай, надзялі, выводзь, адганяй, запоўні, навучы, змілуйся, вяртай, захавай, збаўляй, напоўні: «строгім Айцом з імі будзь». І крылатасць у гэтым вершы належыць толькі Богу — Яго моцы і ўсёабдымнасці, бо ў Яго геаграфіі не толькі неба, але і зямля з усімі нашымі думкамі і шляхамі. Верш «Малітва» не новы па сваім змесце ў творчасці Дануты Бічэль, але праз яго паэтка яшчэ раз падкрэслівае, што матчына малітва мусіць быць заўсёднаю, нястомнаю, шчыраю і канкрэтнаю, таму яна наўпрост пералічвае імёны дарагіх ёй людзей, называючы ўсіх сваімі дзецьмі: «Віку, Валеру, Стася, // Аксеню, Андрэя, Антося, // пад крылы свае схавай».

Паэзія Дануты Бічэль сапраўды нагадвае доўгае тканае палатно, і сама паэтка адчувае сябе ткалляй, міжволі звяртаючыся да вобразу пчалы: «Залатая пчала ў залатым садку // назбірала залатога мядку. І я свае кросенцы ціха датку». Адметна, што ў гэтым вершы, напоўненым радасным рухам залатой пчалы, залатога сонейка і залатой хмаркі (вобразамі маленства), жыве ціхая пакора і ўдзячнасць Богу за яго залатыя дары: «Добра было тут мне // ў сонечнай цёплай вясне <...> Пчолкі слоўцы збіралі, // трутні не любілі мяне».

Верш «Залатая пчала ў залатым садку» можна назваць і вершам-успамінам, які мяжуе з бесклапотным сном (эпіграфам да яго паэтка ўзяла словы «сон, вызвалены лётам пчалы»), а можна назваць і вершам-развітаннем, бо дзеясловы ў ім маюць пераважна мінулы час, і ёсць наўпрост сказаныя словы: «... і я свой сувой у восемдзесят нітоў // аснавала, даматала, даткала». У гэтым вершы, напоўненым цёплымі бурштынавымі фарбамі, пануе геаграфія родных Біскупцаў, халоднага Нёмана, неабсяжнага жытнёвага поля, водары і шолахі якога перанесеныя Данутаю Бічэль у кожную нітачку яе доўга тканага сувою Паэзіі. Верш уражвае канцоўкаю, якая нечакана (па-Дануцінаму праўдзіва!) кантрастуе з яго агульным залаціста-сонечным палатном: «Як мы беглі па мосце, // як нам бераг зайздросціў — // не раскажуць ім нашы косці».

Вершы «Спярша» і «Птахамі продкі былі», пра якія ўжо ўзгадвалася, сапраўды, нібы ніткі ў сувоі, пераплятаюцца і доўжаць Дануціна палатно, у якім яе ўласныя цёплыя сны-ўспаміны разгортваюцца ў гістарычнае палатно, у цэнтры якога — старажытная Каложа — «вогненны птах, // з валуноў і плінфы на небаўзыходзе», а каля Каложы, вакол яе, над ёю і пры ёй ужо назаўсёды паселеныя ў вечнасці Барыс і Глеб, дойлід, які «шліфаваў лекавыя камяні ў агні», лучнік, братка Нёман, «матка з дзіцём на плячах», нашы крылатыя продкі. І хоць «стратаў важкі том», «жаўранак будзіць дасвецце, // з хмаркі страсае вецер, // расцвітае акна ружы-квет, // ўсміхаецца ўвесь белы свет!» — менавіта такімі радкамі з верша «Світанак» (апошняга ў падборцы) паэтка аптымістычна напаўняе прастору роднага Краю, завяршаючы верш вобразамі ачышчальнага грому, ачышчальнага дажджу, з якімі прыходзіць Святы Дух, і традыцыйным народным вобразам поўнага вядра — «Божанька вітае дабром, // дабрынёй напаўняе дом», і ці трэба тлумачыць, што ў слове «дом» змешчана ўся Беларусь, увесь Край, у якім і вырай, і рай.

Паэзія Дануты Бічэль не мае падсумавання, бо нельга падсумаваць водар і шолахі, світанкі і захады, палёт анёлкаў і залатой пчалы ў залатым садку — яны навечна паселеныя ў геаграфіі нашага Краю, які даў нам Паэтку з моцнымі каранямі і крыламі.

Зося Бараноўская

Гл. таксама:
:: ТОЛЬКІ СЛОВЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY