Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Крыстына ЛЯЛЬКО

ПАМЯЦІ СЯБРА

На самым пачатку гэтага года з Польшчы прыйшла жалобная вестка: 2 студзеня ў Варшаве на 90-м годзе жыцця адышоў у вечнасць выдатны беларускі Гісторык, доктар гуманітарных навук Юры Туронак.

З рэдкалегіі часопіса «Наша вера» выбыў першы з яе сяброў, які ад заснавання квартальніка быў з намі: падтрымліваў, раіў, дапамагаў. Памятаю, як на пачатку 90-х, пасля благаслаўлення, атрыманага ад кардынала Казіміра Свёнтка на стварэнне каталіцкага квартальніка, я паехала ў Варшаву да пана Юрыя, каб параіцца з ім наконт гістарычнай тэматыкі часопіса. Ён вельмі ўзрадаваўся самой ідэі такога выдання, але тут жа перасцярог: «Першы нумар выпускайце толькі тады, калі ў вашай рэдактарскай тэчцы будзе запас мінімум на тры нумары», тут жа паабяцаўшы сваю дапамогу ў папаўненні гэтай тэчкі. І сапраўды дапамагаў: і архіўнымі матэрыяламі, і падказкамі наконт магчымых тэмаў і аўтараў, і публікацыямі ўласных артыкулаў, кожны з якіх застаўся ў залатым фондзе нашага квартальніка.

Ужо ў першы нумар часопіса, які выйшаў вясною 1995 года, і які, бадай, найцяжэй было сабраць і ўкласці, пан Юры даў свой грунтоўны артыкул «Фарміраванне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387–1781 гадах». Аснову артыкула склалі статыстычныя звесткі з архіўных даследаванняў. Як вучоны — эканаміст і Гісторык — статыстыку Туронак вельмі цаніў…

А пасля, у розныя гады, у «Нашай веры» друкаваліся яго артыкулы: «Язэп Германовіч — святар і пісьменнік»; «Трагізм і загадкавасць лёсаў» (пра акалічнасці разгрому каталіцкага душпастырства ў акупаваным немцамі Мінску); «Канфесійныя трансфармацыі на Беларусі і нацыянальная свядомасць»; «З пачыну прэлата Стэфана Дэнісевіча» (пра першыя крокі ў выданні беларускай каталіцкай літаратуры на пачатку ХХ ст.); «Падрэзаныя крылы» (пра абставіны заснавання ў 1913 г. беларускага гуртка студэнтаў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу)…

Апошні артыкул Гісторыка, надрукаваны ў нашым часопісе, быў прысвечаны творчасці кс. Люцыяна Хвецькі, вядомага беларускага святара, аднаго з пачынальнікаў адраджэнскага каталіцкага руху ў Беларусі.

Усе гэтыя артыкулы і многія архіўныя матэрыялы, якія дасылаў і перадаваў рэдакцыі Юры Туронак, былі для нас сапраўдным скарбам, бо адкрывалі новыя, невядомыя старонкі драматычнай, пакутнай гісторыі каталіцтва ў нашым Краі, вярталі з небыцця трагічныя постаці духоўных і свецкіх асобаў — незаслужана забытых, а часцей за ўсё свядома «пахаваных» пад грыфам «сакрэтна» ў спецфондах… Даследчыцкая дапытлі­васць, сумленнасць, навуковая бескампраміснасць Юрыя Туронка вярталі беларусам гістарычную праўду. А сам ён, з уласціваю яму сціпласцю, пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Грамадскія патрэбы абудзілі ўва мне гісторыка».

Пра яго жыццёвы шлях, пра сям’ю, пра бацьку — доктара і рэдактара «Крыніцы» Браніслава Туронка, пра маці Марыю з роду Рэшэцяў, пра роднага дзядзьку, кс. Язэпа Рэшэця, мы доўга гаварылі з панам Юрыем у 2009 годзе, калі запісвалі з ім вялікае інтэрв’ю, якое было надрукавана ў «Нашай веры» да 80-годдзя Гісторыка пад назваю «Дзеля праўды гісторыі»…

З таго часу мінула ўжо 10 гадоў, а здаецца, што было яно зусім нядаўна, бо так яскрава памятаецца тая наша вечаровая няспешная гутарка ва ўтульнай кватэры Туронкаў на вуліцы Тамка ў цэнтры Варшавы, смак і водар хатняга печыва, якім частавала нас жонка Гісторыка, гасцінная і мілая пані Зіна, а найбольш памятаецца зычлівая сардэчнасць самога гаспадара, якая і ў той вечар, і заўсёды, пры кожнай нашай сустрэчы, сагравала, дадавала ўпэўненасці і надзеі на лепшае.

Развітанне з Ю. Туронкам. 10 студзеня 2019 г.

Але ж, на жаль... «tempus breve est — час кароткі» і мінае ён няўмольна хутка, прыносячы балючыя расстанні з дарагімі і блізкімі людзьмі…

Думалася пра гэта падчас развітання з панам Юрыем, якое адбылося 10 студзеня ў грэка-каталіцкай царкве айцоў базыліянаў на вуліцы Мядовай у Варшаве. У той студзеньскі дзень расквецілася яна, упрыгожылася беларускімі нацыянальнымі сцягамі, напоўнілася малітваю і светлым смуткам родных і сяброў пана Юрыя, якія прыехалі з Беласточчыны і Гданьска, з Латвіі і Беларусі… Жалобную літургію ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек.

Свой вечны спачын Юры Туронак знайшоў на варшаўскіх праваслаўных могілках пры вуліцы Вольскай. У іх заснежана ўрачыстай цішыні шчымліва адчувалася дыханне вечнасці, якая назаўсёды прыняла, прытуліла нашага выдатнага Гісторыка, цудоўнага, светлага, шляхетнага Чалавека і незабыўнага Сябра.

Нізкі паклон яму ад усіх нас, сяброў рэдкалегіі і чытачоў «Нашай веры», і заўсёдная бязмежная ўдзячнасць і малітоўная памяць.

26 красавіка яму споўнілася б 90. Гэты юбілей прыпадае якраз на Велікодны перыяд, калі ўсе хрысціяне святкуюць перамогу Жыцця над смерцю.

Сапраўды, непадуладнае смер­ці жыццё, тым больш, калі яно дарэшты аддадзена пошукам праўды дзеля будучыні свайго народа і Бацькаўшчыны…

Да юбілею Юрыя Туронка мы друкуем артыкул яго маладзейшага сябра, вядомага беларускага архівіста, літаратуразнаўцы і даследчыка Язэпа Янушкевіча.

Крыстына Лялько

Гл. таксама:
:: ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY