Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Юры ЛАЎРЫК

РЭЛЯЦЫЯ НУНЦЫЯ МАНСІНЬЁРА ДЖУЛІО РУДЖЭРЫ

Некалькі гадоў таму загадчык аддзела старадрукаванай і рэдкай кнігі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валеры Герасімаў звярнуўся да кіраўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з просьбай прызначыць мяне афіцыйным кансультантам аддзела. Бібліятэка праводзіла актыўную дзейнасць па папаўненні фондаў старадрукаванымі выданнямі ды рукапісамі, і акурат у гэты час ёй быў прапанаваны для закупкі манускрыпт лацінскага пісьма. Дзякуючы гэтай акалічнасці на мой рабочы стол лёг рэдкі дакумент — справаздача папскага нунцыя Джуліо Руджэры, у якой ён дае апісанне стану Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў 1568 г. — напярэдадні заключэння Люблінскай уніі. У гэтай публікацыі я прапаную ўвазе чытачоў свае нататкі па выніках археаграфічнага вывучэння гэтага помніка. За каштоўныя падказкі выказваю сваю шчырую ўдзячнасць лаціністу і гісторыку Каталіцкага Касцёла Алесю Жлутку, а за дазвол сфатаграфаваць манускрыпт для ілюстравання артыкула — загадчыцы аддзела старадрукаванай і рэдкай кнігі Прэзідэнцкай бібліятэкі Святлане Паўлавіцкай.

Фрагмент рукапіса «Рэляцыі...» з лістом біскупа на 1-й старонцы.

Манускрыпт уяўляе з сябе сшытак, які складаецца з 16-ці сфальцаваных (перагнутых пасярэдзіне) аркушаў, што ў выніку дае 32 лісты фарматам in folio з напісанымі на іх двума тэкстамі рознага паходжання. Помнік некалі ўваходзіў у склад больш абшырнага дакументальнага комплексу (кшталту «Кнігі публічных спраў»), знакам чаго з’яўляецца фаліяцыя ў верхнім правым куце лістоў: 1531–1563, а таксама напісаная іншым, чым асноўны тэкст, почыркам рубрыкацыя-калантытул «Tav[ola] regno di le Re di Polonia» («Табліца* Каралеўства караля Польшчы») на 2-м лісце сшытка над загалоўкам асноўнага дакумента.

Дакумент напісаны на высакаякаснай паперы ручнога адліву — некалі белага колеру, але цяпер пажоўклай. Сетка вержэраў і панцюзо шчыльная, з дроту рознай таўшчыні — падобная сетка сустракаецца ў некаторых гатунках заходнееўрапейскай паперы XІV–XVI стcт. На паперы выяўлены 3 тыпы філіграняў: «арбалет», «тры гары» без наверша і «анёл у крузе» з навершам у выглядзе ромбападобнага трохліста; першы тып філіграняў на паперы гэтага дакумента з’яўляецца асноўным, прыклады ўжывання астатніх — адзінкавыя. Паводле паперазнаўчых даследаванняў і каталогаў, першыя два тыпы філіграняў у розных варыянтах сустракаюцца на паперы, вырабленай на працягу XV – пач. XVIІ cт., а трэці — на паперы XVІ – пач. XVIІ cт.

Дакладныя адпаведнікі гэтых вадзяных знакаў у альбомах філіграняў выявіць не ўдалося. Найбольш блізкія, але адрозныя ў паасобных дэталях выявы знакаў «арбалет» і «анёл у крузе» ёсць у манускрыптах, што датуюцца 90-мі гг. XVI cт.1 Гэта дазваляе меркаваць, што папера дакумента была выраблена ў не надта адлеглы ад названага час. Аналагічныя вынікі дае і вывучэнне паасобных элементаў у выявах: так, у прыватнасці, аднаконтурны лук філіграні «арбалет» і наверша ў выглядзе ромбападобнага трохліста філіграні «анёл у крузе» ў апірышчы на тэндэнцыі развіцця аналагічных элементаў, якія прасочваюцца па матэрыялах альбомаў, схіляюць датаваць гэтыя вадзяныя знакі канцом XVI ці пачаткам XVIІ cт. Такім чынам, атрыманы на падставе вывучэння філіграняў вынік не супярэчыць даце ў загалоўку асноўнага тэксту (1568 г.), але ўсё ж схіляе меркаваць, што рукапіс быў створаны пазней.

Асноўным тэкстам помніка з’яўляецца італамоўная «Relat[ion]e del R[everendissi]mo Mon[signio]r[e] Giulio Ruggieri Protonotario Ap[os]t[ol]ico ritornato Nuntio del Ser[ennissim]o Re di Polonia l’anno 1568 nella quale si da conto delle cose notate nella tavola sottoscritta, al Sanctiss[im]o S[ignio]r[e] n[ost]ro Papa Pio Quinto» («Рэляцыя Найвялебнейшага мансіньёра Джуліо Руджэры, апостальскага протанатарыуса, які вярнуўся ў 1568 г. [з пасады] нунцыя [пры двары] Найяснейшага Караля Польшчы, у якой важныя рэчы адзначаныя ў ніжэйзмешчанай табліцы, Найсвяцейшаму нашаму пану папу Пію Пятаму»).

Адразу зазначым, што тэкст «Рэляцыі…» захаваўся ў некалькіх даўніх копіях** і выдаваўся як на італьянскай мове, так і ў польскім перакладзе, але пераважна ў фрагментах. Цалкам «Рэляцыю…» публікавалі па-польску ў сярэдзіне ХІХ ст. толькі Уладзіслаў Кульчыцкі1 і Эразм Рыкачэўскі2; першы з гэтых перакладаў, на жаль, у Беларусі недаступны, а другі даволі далёка адыходзіць ад арыгінала. Найбольш поўнай і дакладнай з’яўляецца ажыццёўленая па некалькіх рукапісах публікацыя арыгінальнага тэксту ў 6-м томе збору дакументаў «Acta nuntiaturae Poloniae»3.

У нашым рукапісе тэкст напісаны курсівам з ужываннем брунатнага атраманту; почырк, далёкі ад каліграфічнага, відавочна, належаў асобе, якой даводзіцца шмат пісаць, але наўрад ці прафесійнаму пісцу. Накрэсленне шэрагу літараў («В», «М», «Р», «t», «r», «р» і інш.) схіляе меркаваць, што навыкі пісання гэтая асоба набывала па-за межамі нашага рэгіёну.

Хоць «Рэляцыя…» рыхтавалася перад заключэннем Люблінскай уніі, у ёй даецца апісанне геаграфічнага, палітычнага і рэлігійнага стану не толькі Каралеўства Польскага, але і Вялікага Княства Літоўскага. Гэты факт тлумачыцца тым, што ў азначаны перыяд абедзве дзяржавы аб’ядноўвала персанальная (асабовая) унія: Жыгімонт Аўгуст адначасова з’яўляўся каралём польскім і вялікім князем літоўскім. З гэтай прычыны Руджэры выкарыстоўвае апісальную назву: «il paese … soggetto al Re di Polonia» («краіна, падуладная каралю Польшчы»).

Апісанне дзяржавы даецца паводле фармуляра з 17-ці пунктаў, якія ўключаюць звесткі пра краіну і назвы яе гістарычных правінцый, народы і іх мовы, палітычнае і рэлігійнае становішча і г.д. Безумоўна, апісанне не пазбаўлена хібаў, якія мы заўважаем ужо на першых старонках: напрыклад, аўтар не ведае пра існаванне такой важнай для нас гістарычнай правінцыі як Падляшша, у выніку чаго «памяшчае» Белавежскую пушчу ў Мазовію («una selva di Massovia») або блытае — відаць па сугуччы — Карпацкую Русь («Russia») з Прусіяй («Provincie tutte poste in piano, ecceto la Prussia et Polonia Minore, repiene di molti colli e valli, et non senza monti ancora da quella parte, ove la Polonia confina con la Ungheria»). Ёсць і пэўныя хібы, уласцівыя непасрэдна нашаму асобніку манускрыпта (напрыклад, у змесце прапушчаны чацвёрты пункт «Della forma del governo»). Тым не менш, і сама «Рэляцыя…» мансіньёра Джуліо Руджэры ў цэлым, і дадзены яе рукапіс у прыватнасці — гэта важная крыніца, якая сведчыць пра стан Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні Люблінскай уніі. Паколькі ў Беларусі тэкст «Рэляцыі…» вядомы толькі рэдкім спецыялістам, я палічыў за неабходнае змясціць у артыкуле некалькі вытрымак у перакладзе на беларускую мову, якія і прапаную ніжэй.

Разгортка «Рэляцыі...».

Пра краіну

Такім чынам, дзеля таго, каб прыгледзецца ў цэлым да краіны, аб’яднанай пад уладай Жыгімонта Аўгуста, неабходна паказаць яе велічыню, абрысы, межы, складовыя часткі і асаблівасці. Межы гэтае краіны хоць роўныя, але адлегласць паміж імі немагчыма дакладна акрэсліць з прычыны вялікай тэрыторыі; мяркую, аднак, што можна вызначыць яе даўжыню з усходу на захад у 900 італьянскіх міляў, а з поўдня на поўнач — у 700 такіх жа міляў. Абрыс яна мае няправільнай формы, які, з пэўнай нацяжкай, можна назваць квадратам. Агульна беручы, мяжою краіны на поўначы з’яўляецца Балтыйскае мора, або, я сказаў бы, Гданьская затока, на поўдні — рака Днестр, на ўсходзе — рака Днепр, а ў якасці заходняй мяжы я вылучыў бы раку Віслу; аднак, безумоўна, гэтыя прыродныя межы, як будзе паведамлена ніжэй, не з’яўляюцца дакладнымі межамі краіны, якая злучана ў адно і мае такую тэрыторыю не дзякуючы ўласнай прыродзе і цэласнаму ахопу названымі межамі, але дзякуючы повязі з асобай манарха і волі лёсу.

Калі казаць пра складовыя часткі, названая краіна ўключае Вялікапольшчу і Малапольшчу, Мазовію, Прусію і Памеранію, Русь з Падоллем і Валынню, Літву, Жмудзь і Лівонію. Гэтыя правінцыі ўяўляюць з сябе суцэльную раўніну, толькі Малапольшчу і Прусію перасякаюць пагоркі і даліны; ёсць горы і ў частцы Польшчы, што мяжуе з Венгрыяй.

Ураджайнасць тутэйшых земляў увогуле пасрэдная, больш пладаносным можна назваць хіба Падолле. У розных частках краіны цякуць суднаходныя рэкі, сярод якіх найбольш вялікай і прыдатнай для суднаходства з’яўляецца Вісла, якая бяжыць на працягу болей як 400 італьянскіх міляў ажно да Гданьска і ўпадае [ў Балтыйскае мора] ў Гданьскай затоцы. У іншай частцы краіны цячэ Днепр, вялікая і славутая рака, працяглае цячэнне якой дабягае да Чорнага мора непадалёк ад Кафы, што ў даўнія часы дазваляла зручна праводзіць вялізныя караблі <…>. Аднак сёння яна настолькі абмялела, асабліва каля месца ўпадзення ў мора, што амаль не прыдатная для суднаходства, і хіба што толькі малыя чаўны могуць з цяжкасцю па ёй праходзіць. Гэтакім жа чынам, пачынаючыся ў зусім іншай частцы краіны, упадае ў мора і вялікая рака Днестр, называная старажытнымі [аўтарамі], трэба думаць, Тырасам. Яна, дзякуючы свайму працягламу цячэнню, магла б прынесці неверагодную карысць усім гэтым землям, як будзе сказана ніжэй, але заваленая ў розных месцах мноствам вялікіх каменняў і болей не прыдатная для вольнага праходжэння вялікіх суднаў. Акрамя таго, ёсць Вілія і некаторыя іншыя меншыя рэкі, якія таксама выкарыстоўваюцца для навігацыі і з вялікай карысцю служаць для гандлю на гэтых землях, прыстасаваныя для суднаходства не толькі ва ўласным рэчышчы, але яшчэ ў большай ступені для выхаду ў згаданыя моры, а менавіта ў Чорнае і Балтыйскае, хоць згаданае Каралеўства не мае на Чорным моры ніякага порта, у той час як на Балтыйскім мае некалькі, галоўным сярод якіх з’яўляецца Гданьск — бяспечны, зручны і здольны прыняць многія сотні караблёў. Іншыя порты ёсць у Лівоніі, але яны не настолькі часта наведваюцца і не такія зручныя, як названы. <…>

Сёння з прычыны вялікай колькасці азёраў і вышэйназваных рэк гэтае Каралеўства мае неверагоднае багацце рыбы, якая жыве ў прэснай вадзе, але ў моры <…> рыбы няма, а калі ёсць, дык вельмі кепская. Вада, між тым, у гэтай краіне — і рачная, і крынічная — вельмі часта не прыдатная для піцця, больш за тое, яна мутная і застаялая, з непрыемным пахам і смакам, а ў некаторых месцах вельмі цяжка знайсці ваду, ад якой не зробілася б блага.

Паветра таксама густое і вільготнае, а з прычыны адлегласці сонца нязмерна халоднае, з-за чаго з’яўляюцца аграмадныя сумёты снегу, а ў час маразоў пакрываюцца лёдам не толькі балоты, азёры ды найшырэйшыя рэкі, але нават мора да такой ступені, што наладаваныя вазы могуць праязджаць па лёдзе непадалёк ад берага. <…>

Вятры тут пануюць не такія, як у Францыі ці Італіі, а маюць падобную прыроду, таму ад іх перамены мясцовыя жыхары не адчуваюць уплыву на здароўе. З прычыны суровых маразоў у краіне не родзяцца аліўкі, вінаград і ўсе тыя плады, для даспявання якіх патрэбна хаця б умеркаванае цяпло — толькі землі, што ляжаць на ўсход і поўдзень ад Кіева, больш спрыяльныя для гэтага.

Затое краіна багатая на збожжа рознага гатунку, жыта, пшаніцу, а па-за тым — на лён, каноплі, мёд, воск, а таксама на плады, якія могуць выносіць холад — яблыкі, грушы і да т. п. На абшырных лугах і пашах гадуецца мноства коней, гавяды і ўсялякіх хатніх жывёлаў. Пушчы поўняцца разнастайнымі звярамі, сярод якіх сустракаюцца даволі рэдкія і малавядомыя ў іншых краінах. <…> Вялікая жывёліна пад назваю лось славіцца сваімі капытамі, што ўжываюцца ў якасці лекаў на розныя хваробы; яна мае воўну, падобную да аслінай, дзеля чаго памылкова мяркуюць, нібыта гэта дзікі асёл, што, аднак, не можа быць праўдаю, бо яна мае раздвоеныя капыты. Яна мае рогі на падабенства аленьіх, толькі значна большыя, а ловяць яе пераважна ў прускіх лясах. Апрача таго, вядуцца тут дзікія коні, якіх, злавіўшы жарабятамі, гадуюць і прыручаюць. Аднак яны нагэтулькі маламоцныя, што пры найменшай стоме ад язды ці працы з іх ліецца пот.

Апрача гэтага, ёсць яшчэ туры, на якіх спыняцца няма патрэбы, бо яны сустракаюцца таксама ў Чэхіі, Германіі і іншых краінах. Але нельга змаўчаць пра зубраў, якіх можна назваць уласна ляснымі быкамі, бо ў цэлым яны падобныя да быкоў, толькі што дзікія, лясныя і вылучаюцца чорным колерам і велічынёю. Жывуць зубры толькі ў адным лесе ў Мазовіі, дзе іх некалькі сотняў, і, паводле каралеўскага загаду, іх пільна сцерагуць жыхары навакольных вёсак. Мяркуецца, што больш нідзе яны жыць не могуць, бо калі іх з таго лесу вывесці, неўзабаве паміраюць. <…>

Пра мовы

Народы гэтае краіны, хоць і жывуць пад уладаю аднаго манарха, складаюць адну супольнасць і амаль не розняцца між сабою, размаўляюць, аднак, не на супольнай мове, а на трох розных. Адна з іх, у сваю чаргу, дзеліцца на дзве праз адрознае пісьмо, аднак што датычыць вымаўлення, яны гэтак падобныя, што могуць лічыцца двума дыялектамі, якія захавалі супольную аснову. Гэта мовы польская і руская; першая карыстаецца літарамі лацінскімі, другая — грэчаскімі, колькасць якіх русіны павялічылі ажно да 48-мі. Гэтая мова з’яўляецца супольнай не толькі для палякаў і русінаў, але ахоплівае і іншыя краіны Еўропы — такія як Чэхія, Харватыя, Сербія, Славенія, хоць у кожнай з іх гаворка часта моцна адрозніваецца, аднак паўсюль поруч з адрозненнямі захоўваецца супольная аснова.

Апрача гэтага, існуюць у гэтай краіне дзве іншыя мовы, цалкам адрозныя: літоўская і нямецкая. Па-нямецку паўсюдна гавораць у Прусіі і ў некаторых гарадах Вялікапольшчы ды Малапольшчы і Русі, а таксама з даўняга часу ў Кракаве і Познані. У Лівоніі яшчэ і шляхта гаворыць па-нямецку, бо вядзе свой род ад рыцараў-тэўтонаў.

Літоўская мова не менш розніцца ад нямецкай мовы, чым ад польскай, і дагэтуль не мае ўласнага пісьма, а ў Каралеўскай канцылярыі ў Літве выкарыстоўваецца для пісання мова руская. Гэтак жа робяць і прыватныя асобы, сярод якіх, аднак, некаторыя аматары выкарыстоўваюць для пісьма польскую мову. На Жмудзі гавораць той самай моваю, але дастаткова адрознай ад літоўскай. Такая ж мова, але з пэўнымі адрозненнямі, ужываецца ў некаторых паселішчах, дзе ацалелі рэшткі даўніх прусаў, якія былі паняволеныя і амаль цалкам вынішчаныя адвагаю і зброяй тэўтонскіх рыцараў, а сёння яшчэ жывуць у маленькіх вёсках, з цяжкасцю захоўваючы даўнюю гаворку. Падобны ж лёс напаткаў і даўніх ліваў, зямля якіх была зваяваная націскам крыжакоў, а таму іх даўняя мова, падобная да літоўскай, але адрозная ад яе як дыялект, сустракаецца толькі на вёсцы. Так усе гэтыя чатыры мовы, пра якія расказана напрыканцы, маюць адну аснову, але з увагі на розныя моманты значна між сабою розняцца.

Заканчэнне «Рэляцыі...».

«Рэляцыя…» змяшчае яшчэ шмат цікавых звестак як у цэлым пра краіну, так і пра палітычны і рэлігійны стан Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні Люблінскай уніі, але аб’ём часопіснай публікацыі не дазваляе даць іх больш шырока.

У атрыбуцыі і датаванні больш пытанняў выклікае другі тэкст, змешчаны на пустым ахоўным лісце (свайго роду вокладцы) сшытка з запісам «Рэляцыі…»; відавочна, ён быў запісаны іншаю асобаю і, хутчэй за ўсё, у пазнейшы час. Гэты тэкст напісаны на лаціне і мае загаловак «Copia Lit[t]erarum Ill[ustrissi]mi Episcopi Cracoviensi ad Serennissimum Regem» («Копія Ліста Яснаасвечанага Біскупа Кракаўскага да Найяснейшага Караля»); займае ён усяго паўтары старонкі, подпіс пад ім адсутнічае. Аўтар ліста паведамляе пра наём войска пасламі Францыі і Швецыі на тэрыторыі Польшчы (у прыватнасці, гаворка ідзе пра найманне за вялікія грошы пяці ротмістраў, а таксама шляхты ў Серадзскім ваяводстве) і перасцярагае караля ад небяспекі ўцягнення краіны ў новую вайну.

Тэкст напісаны курсівам пры дапамозе чорнага атраманту; накрэсленне шэрагу літараў («С», «І», «t», «r», «d» і інш.) нагадвае ўзоры, якія сустракаюцца ў лаціна- і польскамоўных пісьмовых помніках XVІ–XVІI стcт. з тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Каліграфічнасць почырку пісальніка і даволі добрая якасць атраманту ўказваюць на верагоднае паходжанне гэтай копіі дакумента з біскупскай або каралеўскай канцылярыі. Тым не менш, датаванне паводле палеаграфічных прыкметаў мае занадта шырокі роскід храналагічных межаў, каб быць у дадзеным выпадку прыдатным; не паспрыяе тут і вывучэнне філіграняў паперы, бо, як адзначана вышэй, гэты тэкст быў запісаны на пустым лісце ўжо створанага даўней дакумента.

У такім выпадку дапамагчы нам у справе атрыбуцыі можа толькі ўнутраная крытыка тэксту, балазе аўтар ліста згадвае шэраг гістарычных падзеяў і называе імёны некаторых гістарычных асобаў. Перш за ўсё, перад намі стаіць задача вызначыць прыкладны час складання арыгінала дакумента, бо гэта можа нам даць падказку як адносна асобы яго аўтара, так і адрасата.

Гаворачы пра падзеі мінулага, аўтар ліста звяртае ўвагу свайго адрасата на тое, што «пасля ўмацавання міру ў Польшчы на вынік сыходу Дзімітрыя самазванага, Цара маскавітаў, калі той войска ў Каралеўстве ўзбройваў, а таксама пасля дамоваў і саюзаў, заключаных Стэфанам, Каралём нашым, з законным Царом маскавітаў», Рэч Паспалітая не раз цярпела нягоды вайны з прычыны палітычных амбіцый сваіх уладароў. Ніякай карысці дзяржаве, паводле яго, не прынесла нават «адваяванне на наш бок Смаленска ў час, калі Масковія праз унутраныя бунты палымнела», бо яго «масковец пасля ад нас адарваў і прынесеную сабе шкоду шчодра кампенсаваў».

Першыя цытаты адсылаюць нас да падзеяў даволі даўніх у параўнанні з часам стварэння ліста, а менавіта да Ям-Запольскай мірнай дамовы, заключанай Стэфанам Баторыем з Іванам Жахлівым па выніках Лівонскай вайны ў 1582 г., а таксама да арганізацыі паходу Ілжэдзімітрыя І на Маскву ў 1604 г., таму для вырашэння нашай задачы яны даюць няшмат.

Больш карыснай бачыцца згадка пра Смаленск, які некалі належаў Вялікаму Княству Літоўскаму, але ў 1514 г. быў захоплены войскамі маскоўскага цара Васіля ІІІ. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы адваявання гэтага старадаўняга беларускага горада, рэальная магчымасць вярнуць яго надарылася толькі ў часе т. зв. «смуты»: Жыгімонт ІІІ скарыстаўся з сітуацыі грамадзянскай вайны, выкліканай выступленнем Ілжэдзімітрыя ІІ, і ў 1609 г. асадзіў Смаленск, які, праўда, удалося ўзяць толькі ў 1611 годзе. Вяртанне горада ў межы Рэчы Паспалітай было замацавана найперш Дэвулінскім замірэннем 1618 г., а затым — Палянаўскай мірнай дамовай 1634 г., якая была падпісаная пасля заканчэння чарговай, т. зв. «Смаленскай», вайны.

Такая сітуацыя, аднак, не праіснавала доўга — у 1654 г. войскі цара Аляксея Міхайлавіча, распачынаючы шматгадовую цяжкую вайну, уварваліся ў межы Рэчы Паспалітай і акупавалі Смаленшчыну. Пазней здабыткі Расіі ў гэтай вайне былі зацверджаныя Андрусаўскім замірэннем у 1667 годзе. Для нас важна, што згаданыя падзеі адбываліся на памяці аўтара ліста, бо ён сам піша, што пра тое: «з уласнага досведу ведаем, [паколькі] і найзнатнейшыя нашы, і мы на сабе спазналі». Гэта азначае, што арыгінальны ліст ствараўся ўжо пасля тых падзеяў, але калі яны яшчэ былі жывыя ў памяці сведкаў.

Больш дакладна на час складання арыгінала ліста ўказвае згадка аўтарам імя аднаго з колішніх французскіх паслоў: «Яго Эмінэнцыя цяперашні кардынал Бонсіус, некалі ў часы Найсвятлейшага Казіміра, гэтак сама паслом на працягу некалькіх гадоў заставаўся». Гаворка ідзе пра П’еро Бонзі (1631–1703), які, маючы на той час сан біскупа Безьё, выконваў абавязкі пасла Францыі ў Рэчы Паспалітай пры караляванні Яна Казіміра. Ян Казімір зрокся каралеўскага пасаду ў 1668 г., а сам Бонзі (у лацінскай транскрыпцыі Бонсіус) атрымаў кардынальскі капялюш толькі ў 1672 годзе. Дзякуючы гэтай інфармацыі перыяд верагоднага складання дакумента абмяжоўваецца, з аднаго боку, часам высвячэння Бонзі на кардынала, а з другога — датаю яго смерці, а значыць мы можам звузіць храналагічныя рамкі да 1672–1703 гг.

Аднак і на гэтым не спынім нашыя разважанні, паколькі ў лісце ёсць фрагмент, яшчэ ў большай ступені прыдатны для вырашэння нашай задачы — згадка пра часовае адваяванне Шчэціна ў Швецыі: «гэтая пагалоска датычыць суседзяў і памежных з намі ўладароў, бо не так даўно ў шведаў Шчэцін быў забраны». Гэты горад увайшоў у склад шведскіх уладанняў у 1648 г. па выгасанні роду герцагаў памеранскіх і належаў Швецыі да 1720 года. За гэты час шведы выпусцілі яго з рук толькі аднойчы — у 1675 г., калі пасля перамогі пры Фербеліне Брандэнбургія на пэўны час акупавала Заходнюю Памеранію. Менавіта пра гэтыя падзеі і згадвае Кракаўскі біскуп у працытаваным фрагменце. Той факт, што гэтыя землі разам са Шчэцінам на моцы Німвегенскага міру былі вернуты Швецыі ў 1679 г., дае падставу датаваць стварэнне дакумента часам паміж 1675 і 1679 гг., а таксама дазваляе вызначыць аўтара ліста: напісаў яго Анджэй Тшэбіцкі (1607–1679), які быў Кракаўскім біскупам у 1658–1679 гг. Адрасаваны ж ліст слаўнаму пераможцу турак пад Венаю Яну ІІІ Сабескаму (1629–1696), абранаму на караляванне ў 1674 г.

Атрыманыя высновы дапамагаюць зразумець некаторыя моманты, якія ўскосна пацвярджаюць слушнасць нашых разважанняў: напрыклад, веданне аўтарам сітуацыі менавіта ў Серадзскім ваяводстве тлумачыцца тым, што сам Анджэй Тшэбіцкі паходзіў з маёнтка пад Сера­дзам і захаваў асабістыя сувязі з тамтэйшай шляхтаю, а той факт, што традыцыйныя праціўнікі Рэчы Паспалітай — Швецыя і Францыя — вербавалі ваяроў на яе тэрыторыі, знаходзіць адказ у радыкальнай змене замежнай палітыкі дзяржавы пры Яну Сабескім, які, адвярнуўшыся ад былых саюзнікаў немцаў, заключыў у 1675 г. патаемны саюз з французамі, а ў 1677 г. — і са шведамі. Да слова, апошняя акалічнасць дае нам падставу звузіць храналагічныя межы складання дакумента да 1677–1678 гг. (умоўна прымем, што ён быў створаны каля 1677 г.).

Дагэтуль мы гаварылі пра час напісання арыгінала ліста, але адносна часу стварэння копіі, пазначаным на сшытку «Рэляцыі…» варта разважаць асобна: на жаль, пра яго мы такіх пераканаўчых аргументаў не маем. Тым не менш, той факт, што змест ліста цесна звязаны з бягучымі падзеямі і пры змене сітуацыі страціў бы сваю актуальнасць, змушае меркаваць, што і копія была зроблена неўзабаве па напісанні арыгінала — напрыканцы 1670-х гг.


  1. Kulczycki, Wł. Sprawozdanie ze stanu Królewstwa Polskiego złożone świętemu Piusowi V przez księdza Juliusza Ruggieri nuncjusza apostolskiego na dworze Zygmunta Augusta za swoim powrotem z Polski r. p. 1568 // Czas: dodatek miesięczny. — R. 3, t.13, fasc. 36. — Kraków : Czcionkami i nakładem drukarni «Czasu», 1858. — S. 563–625.
  2. [Ruggieri, J.] Relacya o stanie Polski złożona papieżowi Piusowi V przez nuncjusza jego Juliusza Ruggieri u dworu króla Zygmunta Augusta roku 1568 // Relacye nuncjuszów apostolskich i innych osób od roku 1548 do 1690 / [ze zbiorów Jana Chrzciciela Albertrandego [et al.] wydał Erazm Rykaczewski]; wydanie Biblioteki Polskiej w Paryżu. — T. 1. — Berlin ; Poznań: Księgarnia B. Behra (E. Bock), 1864. — S. 165–216.
  3. Iulii Ruggieri relationе generalis // Acta nuntiaturae Poloniae. — T. 6 : Julius Rugieri (1656–1568) / Collectavit et paravit Thaddaeus Glemma ; supplevit et edidit Stanislaus Bogaczewicz. — Roma : Institutum Historicum Polonicum, 1991. — P. 144–200.
    * Мы маем справу не з табліцаю, а хутчэй з фармулярам.
    ** Іншыя копіі дакумента захоўваюцца ў Ватыканскім архіве і ў Ватыканскай бібліятэцы, у Дзяржаўным архіве Італіі ў Рыме і ў Мадэне, а таксама ў іншых замежных фондасховішчах. Наша копія дагэтуль археографам не была вядомая.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY