Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Эла ДЗВІНСКАЯ

БЕЛАРУСЬ ГЛЫБЕЙ ПАЗНАЕ ГІСТОРЫЮ СТВАРЭННЯ БІБЛІІ

Адкрыццё выставы «Беларусь і Біблія»
ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Важная падзея стала працягам святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі — упершыню ў нашу краіну прыбылі каштоўныя рарытэты сусветнага значэння: каля 200 ўнікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнай культуры, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі.

З 20 верасня па 21 кастрычніка ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіла міжнародная выстава «Беларусь і Біблія», прысвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе чалавецтва.

Адкрываючы выставу, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што асноўнай місіяй галоўнай асветніцкай установы краіны з’яўляецца захоўванне духоўнай спадчыны і дэманстраванне агульначалавечых здабыткаў, якія перамяняюць свет да лепшага.

На ўрачыстасці адкрыцця выставы 20 верасня прысутнічалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, пратэстанцкіх супольнасцяў, святары і пастары, габрэйскія духоўныя кіраўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных структураў. Цудоўная музыка капэлы «Санорус» стварыла атмасферу любові і дабрыні, напаўняючы сэрцы прысутных радасцю.

«Біблія з’яўляецца дзейсным словам Божым. Выстаўка будзе спрыяць міжканфесійнаму дыялогу», — запэўніў Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Благаслаўленне важнаму мерапрыемству ад Мітрапаліта Паўла перадаў протаіерэй Сергій Гардун, член Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Выстава непаўторная тым, што ўпершыню дэманструе ўсю гісторыю стварэння і распаўсюджвання Бібліі. Падобная экспазіцыя разгортвалася да гэтага толькі ў Ганконгу. І вось выбар выпаў менавіта на Беларусь, таму што наша краіна адзначала ў мінулым годдзе 500-годдзе беларускай Бібліі», — адзначыў супрацоўнік Інстытыта гісторыі НАН Беларусі Андрусь Унучак.

Адкрыццё выставы «Беларусь і Біблія»
ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Дзейнасць выставы стала магчымай дзякуючы дзелавым кантактам, якія ўсталяваліся паміж бібліятэкай і амерыканскімі даследчыкамі падчас дэманстравання ў ЗША факсімільнага ўзнаўлення «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» і супрацоўніцтва падчас правядзення Міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» ў 2017 годзе ў Мінску.

Арганізатарамі выставы выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і «Група даследавання рукапісаў» (ЗША). У яе падрыхтоўцы прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, намеснік дырэктара Аляксандр Суша, дырэктар арганізацыі «Група даследаванняў рукапісаў» Скот Кэрал, выканаўчы дырэктар праекта «Inspired» Дэвід Эдзінгтан, арганізатар праекта Павел Дзядчэнка, а таксама прадстаўнікі навуковых і грамадскіх арганізацый.

На выставе былі прадстаўлены выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету — помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Вялікую каштоўнасць мае, напрыклад, фрагмент пешэра ( каментара) Ісаі, які датуецца І стагоддзем да Нараджэння Хрыстовага, знойдзены ў пячоры ў Кумране. Каментарый апавядае пра рэлігійную палітыку ў Ерузалеме і небяспечную прысутнасць рымлянаў. Іншы сувой, знойдзены ў Кумране, апісвае правілы жыцця габрэйскай абшчыны, рэлігійныя дактрыны і палітычнае становішча. Унікальныя знаходкі ўпершыню былі даступныя для азнаямлення беларусам.

У экспазіцыі была прадстаўлена лацінская Вульгата з Францыі XIII стагоддзя, урывак з Евангелля ад Яна, перапісаны ў Арменіі, Тадж-Тора з Емена на іўрыце, арабскай і арамейскай мовах. Вельмі ўразілі наведвальнікаў выставы такія рарытэты, як эфіопскі Псалтыр, самаранская Тора, індыйская Тора ў срэбным футарале, сувой Эстэр, выраблены ў Кітаі і перавезены ў Англію. Цікавасць выклікалі і Паліглоты — шматмоўныя Бібліі. Лонданская Паліглота 1653–1656 года адначасова змяшчае тэксты на іўрыце, сірыйскай, арамейскай і іншых мовах.

Студэнты семінарыі разгортваюць скрутак Торы.

Адзін з тэматычных раздзелаў выставы быў прысвечаны гісторыі Бібліі на беларускіх землях. Дасягненні айчыннай кніжна-пісьмовай культуры былі паказаны як неад’емная частка агульнасусветнай культуры і духоўнай спадчыны. Кніжны фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дазволіў прадэманстраваць Слуцкае і Тураўскае Евангеллі, Апосталы XVІ—XXІ ст., выданні Францішка Скарыны і яго паслядоўнікаў, шэдэўры выдавецкага мастацтва знакамітых друкароў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Святога Пісання лепшымі майстрамі XVІ–XXІ стст.

Біблія з’яўляецца найбольш прадаванаю ў свеце кнігаю: сярэднегадавы аб’ём яе продажу складае 100 мільёнаў асобнікаў і мае значны ўплыў на сусветную літаратуру і мастацтва.

Змест Святога Пісання цягам тысячагоддзяў вывучалі святыя айцы Царквы: Ян Залатавусны, Еранім Стрыдонскі, святы Аўгустын, Рыгор Багаслоў, Леў Вялікі, Кірыл Ерузалемскі, Васіль Кесарыйскі і іншыя. Беларускія пісьменнікі таксама звярталіся да біблейскіх тэмаў і сюжэтаў, вобразна перастваралі іх, каб наблізіць да сучаснікаў сэнс і змест псальмаў, прыпавесцяў Саламонавых, кнігі Эклезіяста і інш. Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Вінцук Адважны чэрпалі свае вобразы ў Старым і Новым Запаветах.

«Беларуская кніжная традыцыя грунтуецца на Бібліі, — адзначыў Алесь Суша. — Біблія — самая доўгажывучая і найбольш перапісаная кніга. Таму мы збіраем яе асобнікі і знаёмім з імі наведвальнікаў. Мы ўпершыню прадэманстравалі ў Беларусі арыгіналы і якасныя выставачныя копіі скруткаў Мёртвага мора, біблейскіх рукапісных тэкстаў на папірусе і пергамене (Торы), каштоўных манускрыптаў, старадрукаваныя выданні Ёгана Гутэнберга, Марціна Лютэра, Францішка Скарыны, ілюстраваныя асобнікі Бібліі з гравюрамі Альбрэхта Дзюрэра, Густава Дарэ, Сальвадора Далі».

Археолаг і гісторык доктар Скот Кэрал і яго жонка Дэніс прыбылі ў Мінск са штата Мічыган (ЗША). Скот Кэрал — дырэктар даследчага цэнтра, які вывучае старажытныя рукапісы, працуе са студэнтамі. «Мая сфера даследаванняў, — сказаў ён — старажытныя скруткі, папірусы на розных старажытных і сярэднявечных мовах. Я сабраў дзве вялікія ўласныя калекцыі. Атрымалася прывезці ў Мінск экспанаты з вялікай калекцыі музея Бібліі ў Вашынгтоне. Калі я кіраваў гэтым музеем, удалося сабраць 55 тысяч экспанатаў. Я даследаваў рукапісныя біблійныя тэксты, традыцыі стварэння Бібліі ў Германіі, Англіі і іншых краінах».

Амерыканскі археолаг даў магчымасць студэнтам семінарыі разгарнуць і патрымаць у руках старажытны скрутак Торы і распавёў пра 4000 правілаў для перапісчыкаў Святога Пісання. Мэтаю яго прамоваў і лекцый было пацвердзіць гістарычную праўдзівасць Бібліі.

Адным з самых дарагіх экспанатаў для Скота Кэрала з’яўляецца рукапісны спіс Евангелля з Кітая часоў культурнай рэвалюцыі Мао, калі трымаць Біблію было строга забаронена. Знаходка пацвярджае імкненне мець дома тэкст з Бібліі.

Першая экскурсія па экспазіцыі выставы.

Адзін з амерыканскіх гасцей, Джон Слайф, распавёў пра драматычную гісторыю перакладу Бібліі на англійскую мову: Уільям Ціндэйл быў спалены на вогнішчы ў ХVI ст. за спробу зрабіць пераклад на нацыянальную мову. Яго справу працягнуў яго сябра Дэвід Кавердэйл, які і пераклаў на англійскую мову Новы Запавет. На выстаўцы экспанавалася Біблія Дэвіда Кавердэйла і Жэнеўская Біблія 1560 года, якую таемна дастаўлялі ў Англію ў сярэдзіне ХVI ст., бо пераклад на нацыянальную мову быў забаронены. І толькі ў часы праўлення каралевы Елізаветы стала магчымым друкаваць Жэнеўскую Біблію ў Англіі.

Беларусь атрымала ўнікальную магчымасць для глыбокага пазнання гісторыі стварэння і распаўсюджвання Бібліі. «Нам даецца магчымасць напоўніць сябе Духам Святым, паглыбіць нашу веру і веды ў гісторыі найбольш уплывовай Кнігі чалавецтва», — падкрэсліў протаіерэй Алег Голубеў, прадстаўнік Інстытута тэалогіі.

26 верасня адбыўся Міжнародны круглы стол па тэме «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі «Групы даследавання рукапісаў» (ЗША), вядомыя даследчыкі кніжнай культуры і літаратуры, спецыялісты ў галіне багаслоўя, спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук, выкладчыкі і студэнты розных навучальных установаў краіны, сябры грамадскіх арганізацый, духоўныя асобы. З цікавымі паведамленнямі выступілі кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша, прафесар Людміла Іванова, доктар маральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая, доктар Оксфардскага Цэнтра місіянерскіх даследаванняў Брус Андэрсан, доктар Скот Кэрал, пастар Антоній Бокун, старшыня Беларускага біблійнага таварыства Аляксандр Ферысюк і іншыя.

Дыскусія закранула пытанні ўплыву Бібліі на культуру і філасофскую думку Беларусі, распаўсюджанне Бібліі ў культурнай прасторы краіны.

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы пра неабходнасць аб’яднаць намаганні Нацыянальнай бібліятэкі, грамадскіх арганізацый, навучальных установаў, хрысціянскіх канфесій, каб працаваць супольна і пашыраць уплыў Бібліі ў грамадстве і медыйнай прасторы, яшчэ больш узняць Кнігу кніг на той высокі ўзровень, на якім яна была ў часы Францыска Скарыны.

Удзельнікі круглага стала сардэчна падзякавалі Скоту Кэралу і Аляксандру Сушу за арганізацыю ўнікальнай выставы «Біблія і Беларусь», якая стала яркай падзеяй грамадскага жыцця краіны. Выстава паслужыла выдатнай пляцоўкай для правядзення лекцый па гісторыі стварэння і распаўсюджання Святога Пісання і змястоўных інтэлектуальных дыскусій. У зале адукацыйных тэхналогій бібліятэкі прайшлі лекцыі па гісторыі Бібліі прапаведніка і пісьменніка Джоша Макдаўэла з ЗША і даследчыка Берасцейскай Бібліі і іншых рэлігійных аспектаў жыццы ў ВКЛ доктара Бруса Андэрсана.

Госці выставы паспрабавалі сябе ў якасці перапісчыкаў — яны стварылі агульны скрутак, запісаўшы на ім некалькі вершаў з псальмаў. Наведвальнікам малодшага ўзросту была прапанаваная шматфункцыянальная інтэрактыўная пляцоўка з друкавальным варштатам. Дзеці з задавальненнем збіралі пазлы на біблійныя тэмы і расфарбоўвалі карцінкі з улюбёнымі сюжэтамі.

Выстава была важнай для навукоўцаў і даследчыкаў, карыснай для студэнтаў-гісторыкаў і навучэнцаў нядзельных школаў, апірышчам для катэхетаў, дапамогай святарам і пастарам, цікавай і захапляльнай для ўсіх.

  
Папірус Р52 (Евангелле паводле Яна 18.31–33; 37–38).
Каля 125–140 гг.

Факсіміле. Арыгінал захоўваецца
ў бібліятэцы Джона Райландса, Манчэстэр, Вялікабрытанія.
Папірус з урыўкам з Кнігі Зыходу (Грэцкая Септуагінта). Канец ІІ ст.
Музэй хрысціянскіх місій, Паўднёвая Карэя.

Папірус Бадмера, пасланні апостала Пятра, ІІІ ст.
Факсіміле. Арыгінал захоўваецца ў зборах Бібліятэкі Ватыкана.

Індыйская Тора і цік. XVII ст.
Група па даследаванні манускрыптаў, Гранд Хэйвен (штат Мічыган) ЗША.
  
Біблія Якуба Вуека.
Кракаў, 1599 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
 
Евангелле вучыцельнае. Еўе
(суч. Віевіс), друкарня Віленскага брацтва, 1616 г.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

  
Працы Трыдэнцкага Сабору.
XVII ст.

Музей кнігі, Лондан, Вялікабрытанія.
Елізавецінская Біблія.
Масква, 1757 г.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Фота М. Новікава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY