|
|
№
4(94)/2020
Асобы
Спадчына
Асобы
Тэалогія
Навука
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія
Інтэрв’ю
Размова Алены СЯМЁНАВАЙ-ГЕРЦАГ
з аўстрыйскай пісьменніцай
Ленэ МАЙЕР-СКУМАНЦ
КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Сёлета навукова-папулярны рэлігійна-культуралагічны часопіс «Наша вера» адзначае 25-годдзе свайго існавання. Ён асвятляе складаныя праблемы духоўнасці, гісторыю хрысціянства і каталіцызму ў Беларусі і ў свеце, а таксама сучаснае рэлігійнае і духоўнае жыццё, навіны беларускай і замежнай хрысціянскай літаратуры; знаёміць з духоўнай спадчынай вялікіх містыкаў Касцёла, працамі навукоўцаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў, гісторыкаў, архітэктараў і рэстаўратараў. Пачатак выдання часопіса «Наша вера» супаў з першымі крокамі духоўна-асветніцкага адраджэння пасля працяглага атэістычнага перыяду ў жыцці нашай Айчыны. Часопіс стаў значным асяродкам для евангелізацыі, экуменічнай місіі і адраджэння беларускай хрысціянскай культуры і літаратуры, зрабіўшы свой значны ўнёсак у захаванне і развіццё нашай роднай мовы, асабліва сакральнай і тэалагічнай лексікі. Святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што хрысціянскія сродкі масавай камунікацыі «перадусім маюць абавязак і прывілей абвяшчаць праўду — хвалебную праўду пра чалавечае жыццё і яго прызначэнне, праўду, аб’яўленую ва Уцелаўлёным Слове. Толькі б католікі, якія працуюць у сродках масавай камунікацыі, змаглі абвяшчаць Езуса „на дахах“ з усё большай адвагаю і радасцю, так, каб усе людзі пачулі пра любоў, якая з’яўляецца сэрцам „самакамунікацыі“ Бога ў Езусе Хрысце — адначасова ўчора, сёння і навекі (гл. Гбр 13, 8; Ян Павел ІІ, 35-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі, 24.01.2001 г.). Абвяшчэнне Езуса — дарогі, праўды і жыцця — няхай стане натхненнем і пасланніцтвам для ўсіх, хто заангажаваны ў няпростую справу выдання часопіса. Віншуючы з сярэбраным юбілеем супрацоўнікаў рэдакцыі, паважаных аўтараў часопіса, шматлікіх чытачоў і карыстальнікаў інтэрнэт-версіі часопіса, спадзяюся, што і надалей часопіс «Наша вера», служачы Богу і Касцёлу, будзе плённа працягваць і развіваць сваю шматгранную місію: яднаць хрысціянаў і ўсіх людзей добрай волі. Няхай Дух Святы вас асвячае і заўсёды вам спадарожнічае! Давяраючы Богу рэдакцыю часопіса, яго аўтараў і чытачоў, жадаю, каб вы былі сапраўднымі вестунамі і сведкамі Евангелля і ад усяго сэрца благаслаўляю.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Снежань, 2020 г.
|
|
|