Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Тамаш МАЦЬКОВЯК

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА

Размова з кс. праф. Анджэем Кабылінскім

— У мінулым пратэстанты крытыкавалі католікаў за нібыта магічны падыход да веры. Галоўным аргументам быў славуты продаж індульгенцый: вернікі плацілі грошы і атрымлівалі за гэта абяцанне, што ў загробным жыцці ім будзе адпушчаная пэўная частка кары за грахі. Мяркую, Вы згодны, што з такой крытыкай цяжка спрачацца.

— Гэта праўда, у старажытныя часы і ў Сярэднявеччы хрысціяне часам распаўсюджвалі ганебныя рэлігійныя практыкі. Напрыклад, поўны магізму гандаль індульгенцыямі або памылковае, даведзенае да крайнасці разуменне хрысціянскай аскезы, што, між іншым, спарадзіла цячэнне флагелантаў, якія практыкавалі публічныя самабічаванні. Такіх памылак было шмат.

Аднак жа нараджэнне хрысціянскай рэлігіі больш за дзве тысячы гадоў таму стала канцом для свету магіі. Хрысціянства аддзяліла правільнае разуменне Божага дзеяння ў свеце ад магічнага мыслення язычніцкіх рэлігій, калі лічылася, што лясы, горы і рэкі маюць сваіх багоў і багіняў. Здарылася станоўчая секулярызацыя свету — магія была аддзеленая ад рацыянальнага разумення рэлігіі. Хрысціянства пазбавіла свет чараў. Вядома, гэта адбылося не адразу. Барацьба розуму і магіі адбываецца і цяпер.

 

— Калі чытаеш некаторыя часопісы, узнікае ўражанне, што ў апошні час магія знаходзіцца на хвалі папулярнасці.

— Так і ёсць.

 

— У чым прычына гэтага?

— На «рэнесанс» магічнага светаўспрымання значна паўплывалі два глабальныя працэсы. Па-першае, секулярызацыя, пра якую напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя загаварыў амерыканскі сацыёлаг рэлігіі Пітэр Бергер. Дэсэкулярызацыя, у сваю чаргу, — гэта рэлігійнае ажыўленне, «вясна» рэлігіі ў асноўным у афрыканскіх і азіяцкіх краінах. Па-другое, гэта пашырэнне руху пяцідзясятніцтва ў хрысціянстве і ў каталіцтве ў прыватнасці.

 

— У чым заключаецца другі працэс?

— Гэта пяцідзясятніцкая рэфармацыя. У 2017 годзе споўнілася 500 гадоў з пачатку рэфармацыі Марціна Лютэра. Сёння ў свеце разгарнуўся новы рэлігійны працэс, маштаб і ахоп якога параўнальныя з рэфармацыяй. Распаўсюджанне пяцідзясятніцкага руху — гэта ўзнікненне новых пяцідзясятніцкіх супольнасцяў і ператварэнне многіх іншых хрысціянскіх Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў у адну ўніверсальную дэнамінацыю харызматычнага хрысціянства, якая набывае глабальны маштаб. У выніку на глебе традыцыйных хрысціянскіх Цэркваў, асабліва ў Афрыцы, Азіі і Паўднёвай Амерыцы, узнікаюць новыя супольнасці, рэлігійныя групы і секты пяцідзясятніцкага характару. На аснове гэтай дактрыны і ўласцівых ёй формаў рэлігійнага жыцця адбываюцца глыбокія змены ўнутры традыцыйных хрысціянскіх Цэркваў.

 

— Што гэта за змены?

— Яшчэ нядаўна мы дзялілі хрысціянства на тры галоўныя канфесіі: каталіцтва, праваслаўе і пратэстантызм. На пачатку ХХ стагоддзя з пратэстантызму нарадзілася новая Пяцідзясятніцкая Царква. Пяцідзясятніцтва пашыраецца так хутка, што сёння ўжо можна гаварыць пра чацвёртую канфесію. Здзіўляе, як хутка развіваюцца гэтыя супольнасці. У недалёкай будучыні ў свеце будзе каля мільярда хрысціян пяцідзясятнікаў. У Паўднёвай Амерыцы, на кантыненце, які яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму быў цалкам каталіцкім, сёння толькі палова жыхароў вызнае каталіцтва, а іншая палова перайшла да пяцідзясятнікаў. Экспансія пяцідзясятніцтва дайшла і да нас і ў апошні час значна змяніла нашую рэлігійнасць.

 

— А што тут агульнага з магіяй?

— Еўропу літаральна затапляюць розныя рэлігійныя практыкі з Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі, частка з якіх моцна звязаная з магіяй. Звярніце ўвагу: ужо больш за дзесяць гадоў мы чуем, што і тут, і там насаджаюцца новыя, раней не вядомыя малітоўныя практыкі і набажэнствы, падчас якіх людзі падаюць на зямлю, перажываюць дзіўныя ненатуральныя станы свядомасці, масава трацяць прытомнасць, пачынаюць біцца ў канвульсіях, крычаць і гэтак далей. Такога ў нас адвеку не бывала. Яшчэ з’яўляецца тэндэнцыя часта гаварыць пра ўплыў і прысутнасць д’ябла, пра яго дзейнасць, пра дэманаў. Мноства людзей прытрымліваецца пандэманічнага светапогляду: яны вераць, што на кожным кроку на чалавека нападаюць злыя духі, ад якіх трэба няспынна вязваляцца. Гэта тыповае магічнае мысленне.

 

— Ці ж гэта нешта новае? У Святым Пісанні гаворыцца: «Д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1П 5, 8). Вы ж не будзеце сцвярджаць, што гэта пяцідзясятнікі выдумалі д’ябла?

— Вядома, не. Д’ябал, то бок увасобленае зло, — гэта цэнтральная катэгорыя пазнання ў кожнай рэлігіі, не мае значэння, ці гэта хрысціянства, ці юдаізм, ці іслам. Існуе і традыцыйнае каталіцкае разуменне гэтай постаці. Але ў апошнія дзесяцігоддзі сярод католікаў пашыраецца спецыфічнае пяцідзясятніцкае разуменне таго, хто такія сатана, д’ябал і злыя духі.

 

— У чым жа розніца гэтых разуменняў?

— Розніца ясна выяўляецца на прыкладзе вельмі вострай спрэчкі на тэму «брамаў» для злога духа і адпаведнай «споведзі», якая нібыта закрывае гэтыя «брамы». Напрыклад, у Польшчы ў 2015 годзе такая форма рахунку сумлення і споведзі была забароненая Канферэнцыяй Біскупаў. Яна ўзнікла ў каталіцтве менавіта пад уплывам Пяцідзясятніцкіх Цэркваў. Як гаворыцца ў вучэнні гэтых супольнасцяў, нашае жыццё працякае ў няспыннай барацьбе злых і добрых духаў і моцна ад яе залежыць. Калі чалавеку шанцуе па жыцці, калі ён здаровы, багаты і шчаслівы, гэта значыць, што над ім чуваюць добрыя духі. А калі яго раптам звольнілі з працы, а дзеці прыносяць са школы адны дрэнныя адзнакі, калі ён моцна пасварыўся з жонкаю (ці наадварот) або ў яго раптам пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, значыць гэтага чалавека апанавалі злыя духі. Я вядома спрашчаю, але ў цэлым антрапалогія большасці натуральных рэлігій будуецца на перакананні, што свабода чалавека моцна абмежаваная ўплывам злых духаў.

 

— Адкуль бярэцца гэтае дзіўнае акрэсленне: «споведзь», якая закрывае «брамы» для злога духа?

— Тут маецца на ўвазе, што падчас рахунку сумлення і споведзі трэба шукаць тыя месцы, учынкі, прадметы, здарэнні, якія адыгрываюць у чалавеку ролю «брамаў» — дзіраў, праз якія ў нашае жыццё трапляюць злыя духі.

 

— Не разумею.

— Вядома… Мне таксама было вельмі цяжка гэта зразумець. Яшчэ нядаўна існавала мода на падобныя рахункі сумлення. Публікацыі на гэтую тэму можна было знайсці ў інтэрнэце і ў каталіцкіх кнігарнях, часта яны атрымлівалі рэкамендацыі ад каталіцкіх тэолагаў.

 

— Што гэта былі за публікацыі?

— Гэта тэксты рознай якасці, вельмі часта ў іх пералічваліся кнігі, песні, коміксы, дзіцячыя цацкі, музычныя гурты і іншае, што нібыта станавілася «брамаю», праз якую злыя духі ўваходзілі ў жыццё чалавека. «Споведзь» заключалася ў тым, каб знайсці гэтыя «брамы», замкнуць або знішчыць іх і такім чынам абараніць сябе ад уздзеяння злых духаў. А гэта цалкам магічны падыход, які не мае нічога супольнага з каталіцкім веравучэннем. Праз інтэрнэт падобныя сінкрэтычна-рэлігійныя публікацыі траплялі да шырокага кола католікаў.

 

— Мне падаецца, гэта не навіна, падобныя спісы складалі і раней. У 60-я гады мінулага стагоддзя некаторыя святары, і каталіцкія, і пратэстанцкія, моцна засцерагалі, напрыклад, ад музыкі «Rolling Stones».

— У сучасным пяцідзясятніцкім вучэнні гэтаму нададзена нашмат большае значэнне. У спісах і зборніках парадаў, пра якія я кажу, сітуацыя часам даводзіцца да абсурду: напрыклад, аўтары сцвярджаюць, што лаянка накшталт «чорт яго бяры!» — гэта «брама», праз якую ў чалавека ўваходзіць злы дух. Гаворачы так, мы нібыта даем д’яблу апанаваць чалавека. Мала таго, лічыцца, што прывезці з Афрыкі ці Азіі кашулю з традыцыйнымі малюнкамі азначае дазволіць дэманам пранікнуць у сваё жыццё. Сувеніры з адпачынку, такія, як драўляныя слонікі або фігуркі Буды, таксама лічацца «брамамі», праз якія ў чалавека ўваходзяць злыя духі. Гэтыя дробязі, сувеніры, набытыя без аніякіх злых намераў у вулічнага гандляра і пастаўленыя ў хаце, нібыта самі па сабе маюць на чалавека дэманічнае ўздзеянне. Я асабіста ведаю пабожных католікаў, якія пасля падобных «споведзяў», што нібыта закрываюць «брамы» для злога духа, спальвалі сувеніры і кашулькі, каб ачысціць свае дамы ад уплыву злых духаў.

 

— Гэта ўжо чыстая магія.

— Так, гэта абсурдна і смешна. А з пазіцыі каталіцкага веравучэння гэта яшчэ і спроба пазбавіць верніка вольнай волі. Злыя моцы не могуць увайсці ў жыццё чалавека без дазволу, без свядома прынятага рашэння. Касцёл спрадвеку абвяшчае, што Бог даў нам вольную волю, і чалавек, паддаючыся злу, робіць гэта свядома, у выніку ўласных грахоў, а не таму, што на адпачынку купіў драўляную фігурку. Падобнае мысленне — шаманства, а не каталіцтва!

 

— Аднак жа справа не толькі ў сувенірах і песнях.

— Вядома, уплыў пяцідзясятніцтва значна шырэйшы. Напрыклад, стала распаўсюджвацца мода на экзарцызмы. Гэта традыцыйна каталіцкі рэлігійны рытуал, але ніколі да яго не ставіліся так легкадумна, як цяпер. Біскупы, святары, законніцы, каталіцкія СМІ, простыя вернікі ўхваляюць новаствораныя рэлігійныя практыкі. Наша рэлігійная свядомасць моцна змянілася. Паліцы кнігарняў хрысціянскай літаратуры, хрысціянскія інтэрнэт-парталы поўныя публікацый пра д’ябла, сатану, дэманаў! Яшчэ нядаўна нічога падобнага не было.

 

— Ці з’яўляюцца сакрамэнталіі каталіцкай традыцыяй?

— Несумненна. Практыка сакрамэнталій традыцыйна каталіцкая, як, напрыклад, акрапленне асвячонаю вадою, але ніколі гэтыя практыкі не выходзілі за межы здаровага розуму. Цяпер жа з’яўляюцца новыя формы сакрамэнталій: соль для экзарцызму, вада для экзарцызму, алей для экзарцызму. Старажытная каталіцкая форма набывае новы тэалагічны змест, натхнёны натуральнымі рэлігіямі, якія на фоне глабальнага працэсу распаўсюджвання пяцідзясятніцтва даходзяць да нас з іншых кантынентаў. Сцвярджаецца, што неабходна абараняцца ад злых духаў, карыстаючыся для гэтага спецыяльным алеем, п’ючы спецыяльную ваду і дадаючы ў стравы спецыяльную соль для экзарцызму. Яшчэ адна форма барацьбы са злымі духамі — увядзенне людзей у зменены стан свядомасці.

 

— Што гэта такое?

— Гэта неўсвядомленыя падзенні, гіпноз, адпачынкі ў духу, сон у духу, трансы, экстазы, саманамаўленні. Падчас некаторых набажэнстваў людзі падаюць на зямлю і часткова або цалкам трацяць свядомасць. Некаторыя пачынаюць трэсціся, крычаць. Мяне асабіста найбольш уражвае, калі падобныя практыкі арганізуюцца для дзяцей і моладзі. Новыя формы пяцідзясятніцкай рэлігійнасці становяцца часткаю каталіцкай пабожнасці.

 

— Магчыма, такія практыкі становяцца адказам на нейкія ўкрытыя патрэбы людзей, бо традыцыйнае вучэнне Касцёла гэтага адказу не дае?

— Часткова гэта так. Галоўная прычына шырокай экспансіі новай пяцідзясятніцкай рэлігійнасці — гэта яе прывабнасць. Пяцідзясятніцкія рухі звяртаюцца да людзей, прапануючы адказы на асноўныя патрэбы: здароўе, прабачэнне, шчасце, рэалізацыя. Істотным элементам гэтай рэлігійнасці стала амерыканскае евангелле поспеху (Prosperity Gospel) і евангелле здароўя і дабрабыту (Health and Wealth Gospel). У гэтых вучэннях гаворыцца пра тое, што здароўе і матэрыяльны дабрабыт — гэта праявы Божага благаслаўлення.

 

— Калі пагроза стала набываць такія маштабы?

— Падаецца, што працэс глыбокіх зменаў нашай рэлігійнасці стаў паскарацца пасля 2007 года. Тады ў Еўропу пачалі прыязджаць евангелізатары з іншых кантынентаў і прапаведаваць у касцёлах, на стадыёнах, па тэлебачанні і радыё, у інтэрнэце, дзе іх слухалі мільёны людзей. Самыя вядомыя з іх — гэта Глорыя Пола з Калумбіі, Джэймс Манджакал і Жазэ Маніпарамбіл з Індыі, Марыя Вадыя з ЗША, Джон Башабора з Уганды, Мірна Назур з Сірыі, італьянскія святары Антанэла Кадэду і Энрыке Порку, якія цяпер працуюць у Бразіліі, і іншыя.

 

— Але Вы называеце імёны каталіцкіх святароў!

— Іх вучэнне — гэта, часцей за ўсё, сінкрэтычная хрысціянская духоўнасць з моцным уплывам пяцідзясятніцтва.

 

— Як Вы ставіцеся да чытання гараскопаў?

— Я сам іх не чытаю, бо шкада на гэта часу, але не веру, што падобнае чытанне — гэта «брама» для злога духа. Такі магічны падыход да рэлігіі кампраметуе яе. Вядома, д’ябал існуе ў свеце, але дзейнічае ў тысячы разоў больш тонка, чым гавораць нам экзарцысты ці вынаходнікі «споведзі», якая нібыта закрывае «брамы» для злога духа. Узгадваю, як нядаўна нейкі каталіцкі ксёндз пераконваў у СМІ, што татуіроўкі — гэта «брамы» для злога духа і што яны выклікаюць бясплоднасць.

 

— Што такое вечар праслаўлення?

— Гэта хрысціянскае набажэнства слова, сведчання, святла і музыкі, найбольш папулярнае ў хрысціянаў пяцідзясятнікаў. Але з нейкага часу яно пачало існаваць і ў каталіцкай рэлігійнасці.

 

— А што дрэннага ў тым, што людзі моляцца супольна?

— Вядома, католікі могуць прымаць удзел у падобных набажэнствах, але трэба дбаць пра абарону ўласнай рэлігійнай тоеснасці. Мне здаецца, што спалучэнне такога набажэнства з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту можа прыносіць добры духоўны плён у рэлігійнае жыццё католікаў.

 

— Існуе паняцце інкультурацыі. Каталіцтва прыняло ў сябе і перапрацавала мноства язычніцкіх абрадаў і святаў, і мы не бачым у гэтым нічога дрэннага. Можа і цяпер адбываецца нешта падобнае?

— Інкультурацыя — гэта адзін бок медаля. А другі — гэта неабходнасць захоўваць сваю тоеснасць. Гэта фундаментальнае пытанне, і трэба думаць пра яго, калі мы не жадаем, каб каталіцтва праглынуў глабальны працэс пашырэння пяцідзясятніцтва ў хрысціянстве.

 

— Якая будучыня нас чакае?

— Нямецкі сацыёлаг Макс Вэбэр на пачатку ХХ стагоддзя сцвярджаў, што з развіццём дэмакратыі і ўзбагачэннем свету рэлігія як з’ява будзе занепадаць. Сучасны працэс дэсекулярызацыі паставіў пад пытанне гэтае сцвярджэнне. Можна гаварыць, што ў некаторых частках свету настала рэлігійная «вясна». У бліжэйшыя дзесяцігоддзі мы будзем мець дачыненне да рэлігійнага адраджэння ў краінах Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. На астатніх кантынентах працэсы секулярызацыі будуць пераплятацца з моцнымі рэлігійнымі рухамі. Калі гаварыць пра хрысціянства ў сусветным вымярэнні, можна сцвярджаць, што сучасная пяцідзясятніцкая рэфармацыя справакуе ў ім рэвалюцыйныя змены. Невядома, у якіх краінах каталіцтва як канфесія выжыве.

Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле: «W drodze»,
№ 4, 2019 г.


Ксёндз Анджэй Кабылінскі — выпускнік Рымскага папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, філосаф, этык, ганаровы доктар гуманітарных навук, прафесар Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Аўтар навуковых працаў аб пашырэнні пяцідзясятніцтва ў хрысціянстве і ў прыватнасці ў каталіцтве. Галоўныя кірункі даследаванняў: сучасная біяэтыка, рэлігійная свабода і свецкая дзяржава, нігілізм і постметафізічная этыка, сучасная італьянская філасофія.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY