|
|
№
4(94)/2020
Асобы
Спадчына
Асобы
Тэалогія
Навука
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія
Інтэрв’ю
Размова Алены СЯМЁНАВАЙ-ГЕРЦАГ
з аўстрыйскай пісьменніцай
Ленэ МАЙЕР-СКУМАНЦ
КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Самай важнай кнігай жыцця для хрысціянскага народу з’яўляецца, несумненна, Святое Пісанне — слова, якое сам Бог пажадаў скіраваць да чалавека дзеля яго ўратавання і шчасця. У гэтым слове Бога кожны можа знайсці адказ на самыя розныя хвалюючыя пытанні і адкрыць для сябе мудрасць, простую і глыбейшую за розныя навуковыя трактаты, Мудрасць, якой з’яўляецца сам Бог. Гэтую Мудрасць адкрыў для сябе св. Геранім, чалавек, у якім жыло вялікае замілаванне і гарачая любоў да Святога Пісання. Ён быў перакананы, што сапраўднае разуменне Бібліі і яе мудрасці знаходзіцца па-за межамі веравызнання, таму выкарыстоўваў у сваіх каментарах працы розных людзей, з розных культурных асяродкаў, нават з антычнай культуры1. Яго спадчына 30 верасня 2020 года споўнілася 1 600 гадоў з дня яго смерці. З гэтай нагоды папа Францішак скіраваў да вернікаў Апостальскі ліст Scripturae Sacrae affectus5, у якім прыгадаў жыццёвы шлях св. Гераніма, яго працу і дзейнасць, а таксама яго заслугі як вучонага і тэолага перад усім Касцёлам. Гэты неардынарны чалавек, дарадчык Папаў, а напрыканцы жыцця пустэльнік, пакінуў нам каштоўную спадчыну: багатую карэспандэнцыю, гаміліі, палемічныя і бібліяграфічныя творы, біблійныя пераклады і каментары. Хоць жыў ён вельмі даўно, аднак яго праца і настаўленні, якія ён даваў неаднаразова вернікам і духавенству, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Асноўным захапленнем яго душы было Святое Пісанне. Яму ён прысвяціў свае веды, здольнасці і ўсё сваё жыццё. З яго чэрпаў духоўную моц і нязломнасць веры. Быў вельмі патрабавальным да сябе і да іншых, а яго бліскучы розум не мог мірыцца з невуцтвам і дурнотай. Яго можна назваць паліглотам тых часоў: дасканала ведаў лаціну, грэку і асвоіў габрэйскую мову6. Гэта дало яму магчымасць чытаць творы не толькі лацінскай класікі, але і творы аўтараў грэцкага Усходу, аднак рэвалюцыйным крокам Гераніма стала вывучэнне габрэйскай мовы, якая дапамагла яму пазнаць «габрэйскую праўду» (Hebraica veritas) старазапаветных тэкстаў7. Да Гераніма асноўнай крыніцай для цытавання і перакладу на лаціну Старога Запавету быў грэцкі тэкст Сэптуагінты8. Сваёй тытанічнай працай і нястомнай дзейнасцю гэты святар адкрыў для Бібліі шлях у цывілізацыю Захаду, дзе паўсюдна панавала ўжо лаціна. Таму з імем гэтага святога ў першую чаргу звязваюць ягоны лацінскі пераклад усёй Бібліі, які ў свой час назвалі Vulgata versio, г.зн. «распаўсюджаным перакладам», а пазней проста Вульгатай9. Яна паставіла кропку ў выкарыстанні неаднастайных старалацінскіх перакладаў, якіх было вельмі шмат. Гэтыя пераклады агулам называліся Vetus Latina, а сярод іх асобна вылучалі версіі Vetus Аfra i Vetus Itala, распаўсюджаныя на тэрыторыі паўночнай Афрыкі і Еўропы. Сваім перакладам Геранім спыніў іх пашырэнне і папулярнасць, адправіўшы іх у сховішчы гістарычнай спадчыны, а Вульгата на працягу многіх стагоддзяў заняла ў Заходнім Касцёле месца афіцыйнага тэксту, які паўсюдна выкарыстоўваўся аж да ІІ Ватыканскага Сабору. Як перакладчык, Геранім прапанаваў новы падыход да перакладніцтва: не «слова ў слова», а пераклад у першую чаргу сэнсу10. Інтэрпрэтуючы святы тэкст у новым духу, ён спасылаўся ў сваіх каментарах Бібліі нават на рабінаў і іх разуменне Святога тэксту. Сёння нярэдка назіраецца фундаменталісцкі падыход да Святога Пісання, цытаванне фрагментаў, вырваных з кантэксту. Геранім жа ў падыходзе да Бібліі вучыў адкрываць актуальны, па-зачасавы сэнс Бібліі і звяртаў вялікую ўвагу на кантэкст, сітуацыю, у якой былі сказаныя тыя ці іншыя словы. Гэты кантэскт ён звязваў не толькі з самім тэкстам, але і з культурай, габрэйскай традыцыяй, гістарычнымі і грамадскімі абставінамі. Прабываючы на Святой Зямлі, ён не толькі дакладна даследаваў геаграфію біблійных месцаў, але і звяртаў увагу на іх этымалогію і звычаі часоў Старога Запавету. Біблійныя каментары ён распачынаў з высвятлення месца і абставінаў узнікнення тэксту, даследаваў спосаб мыслення і выказвання думак тагачаснымі людзьмі, каб распазнаць іх намер і спосаб напісання і дапамагчы гэтым чытачу глыбей увайсці ў Sitz im Leben — гістарычны і культурны кантэкст Бібліі. Ён заўсёды памятаў, што біблійны тэкст паўстаў у далёкім мінулым, таму патрабуе стараннага вывучэння і правільнай інтэрпрэтацыі. Пры гэтым ён засяроджваўся не толькі на гістарычным кантэксце, але імкнуўся ў сваіх каментарах актуалізаваць біблійнае пасланне: што сёння гэты тэкст кажа яго чытачам.
Яго жыццёвы шлях Родным горадам св. Гераніма быў Стрыдон, які знаходзіўся на памежжы рымскіх правінцый Далмацыі і Паноніі11, на тэрыторыі Рымскай імперыі. Таму Геранім атрымаў прыдомак Стрыдонскі. Нарадзіўся ён у малазаможнай хрысціянскай сям’і рымскага паходжання12. Дзякуючы намаганням бацькі, якога звалі Эўзэбій, адукацыю атрымліваў спачатку ў Стрыдоне, пасля ў Мілане, а затым у сталіцы антычнага свету ў Рыме13, дзе ў славутых настаўнікаў свайго часу, між іншым у Даната14, ён вывучаў граматыку, літаратуру і рыторыку. Сабраў нават сваю бібліятэку, якую папаўняў з часоў вучобы творамі язычніцкіх і хрысціянскіх аўтараў. З класікаў найбольш захапляўся Цыцэронам, а таксама Вергіліем і Гарацыем. Падчас вучобы ў Рыме спазнаў усе прыемнасці сталічных забаваў, у чым пасля раскайваўся і бічаваў сябе да канца свайго жыцця. Пасля прыняцця хросту з рук папы Ліберыя, будучы ўжо дарослым15, і пасля заканчэння адукацыі16 ён адпраўляецца ў Трэвір, каб зрабіць кар’еру службоўца, аднак там пачынае захапляцца тэалогіяй і знаёміцца з ідэаламі ўсходняга манастыцызму. У выніку ў 373/374 г. адпраўляецца на Усход. Як натуюць яго біёграфы, з прычыны ліхаманкі ён на два гады затрымліваецца ў Антыёхіі Сірыйскай, у адным з найважнейшых гарадоў старажытнага свету. Менавіта тут ён бачыць сваю славутую візію17 і канчаткова вырашае заняцца вывучэннем Святога Пісання. Пасля выздараўлення, у 375 г., Геранім сыходзіць у бліжэйшую ў ваколіцах Алепа (сучасная Сірыя) дзікую пустыню Халкіс18, каб весці самотнае жыццё пустэльніка. Тут з дапамогаю маладога манаха габрэйскага паходжання ён пачынае вывучаць габрэйскую мову. Вярнуўшыся з пустыні ў Антыёхію, прымае ў 378 г. прэзбітэрскае пасвячэнне. Наступным месцам яго вандровак становіцца важны цэнтр палітычнага і рэлігійнага жыцця — Канстанцінопаль, куды ён прыбывае ў 380 г. і дзе знаёміцца з выдатнымі тэолагамі ўсходняга хрысціянства, між іншым — з патрыярхам гэтага горада Грыгорыем з Назіянзу, з творамі айцоў Касцёла, біблійнай навукай, з экзэгезай Арыгена і вывучае далей грэцкую і габрэйскую мовы. У 381 г. яму даводзіцца нават удзельнічаць у Канстанцінопальскім Саборы, а праз год разам з біскупам Паўлінам ён прыбывае на сінод у Рым. Папа Дамас (366–384/385), уражаны геніяльнасцю Гераніма, яго веданнем Святога Пісання і біблійных моваў, затрымлівае яго ў Рыме і прызначае сваім сакратаром. Па яго просьбе Геранім пад канец IV ст. бярэцца за падрыхтоўку новага адналітага выдання Бібліі на лацінскай мове. Дзеля гэтага ён пачынае перагляд шматлікіх, розных па якасці і стылістычна не дасканалых старалацінскіх перакладаў Святога Пісання. Спачатку Геранім рабіў толькі стылістычныя папраўкі. Першымі перагледжанымі тэкстамі сталі ў 384 г. Евангеллі. Затым ён пераглядае Псалтыр і некаторыя старазапаветныя кнігі, супастаўляючы іх тэкст з габрэйскім арыгіналам. У перапісцы з Геранімам Аўгустын амаль заўсёды закранаў тэму перакладу, бо не мог пагадзіцца, што той робіць пераклад Старога Запавету з габрэйскай мовы. На працягу амаль дваццаці гадоў ён вёў з Геранімам палеміку пра мэтазгоднасць выкарыстання габрэйскага арыгіналу і выказваўся за Сэптуагінту, што вельмі раздражняла Гераніма. Асноўным аргументам Аўгустына было тое, што тэксты Бібліі ў перакладзе Гераніма, якімі будзе карыстацца лацінскі Касцёл, могуць істотна адрознівацца ад тэкстаў у грэцкіх Касцёлах, бо тыя карыстаюцца Сэптуагінтай (Ліст CIV, 4)19. Але Геранім адстойваў сваю пазіцыю, кажучы, што хоча перадаць праўду, якую хавае ў сабе габрэйскі тэкст.
У Рыме вакол Гераніма збіраецца кола багатых удоваў, патрыцыянак: Альбіна з дочкамі Маркелай і Аселай, Меланія, Паўла з дзвюма дочкамі — Блезылай і Эўстохіяй, для якіх ён арганізуе на Авентыне біблійныя сустрэчы дзеля паглыблення іх аскетычнага жыцця. Пад уплывам Гераніма гэтыя жанчыны пазней выберуць манаскае жыццё, адмовіўшыся ад усіх раскошаў Рыма, і стануць святымі. Адна з іх, Блезыла, настолькі захопіцца практыкамі аскетызму, што ў хуткім часе памрэ. З боку рымлянаў пасыпяцца абвінавачванні ў адрас Гераніма. Зайздроснікі скарыстаюцца ўсеагульнай незадаволенасцю і пачнуць у дадатак папракаць яго ў неадпаведных адносінах з Паўлай, якая была яго аднагодкай20. У выніку, пасля смерці папы Дамаса, застаўшыся без свайго заступніка, Геранім пакіне Рым і адправіцца ў суправаджэнні свайго малодшага брата Паўлініяна ў падарожжа на Усход. Наведае Антыёхію, Святую Зямлю, Егіпет. Крыху пазней за ім вырушыць з Рыма і Паўла з дачкой Эўстахіяй. Пры дапамозе багатай Паўлы ён арганізуе на Святой Зямлі манаскае жыццё і пабудуе адзін мужчынскі і тры жаночыя кляштары. Настаяцельніцай аднаго з іх стане Паўла, якую пазней заменіць яе дачка. На грошы Паўлы будзе адкрытая таксама бясплатная школа і хоспіс для пілігрымаў. Сам жа Геранім селіцца ў гроце каля пячоры Нараджэння Пана ў Бэтлееме і прысвячае сваё жыццё Святому Пісанню. Карыстаючыся Гекзапляй21 Арыгена, арыгінальнымі габрэйскімі і арамейскімі тэкстамі, а таксама важнымі грэцкімі і лацінскімі рукапісамі, ён перакладае наступныя кнігі Старога Запавету, піша свае біблійныя каментары і працуе над канчатковай версіяй Вульгаты. Гэтая тытанічная праца над перакладам доўжылася дваццаць чатыры гады22. Сёння, наведваючы базыліку Нараджэння Пана ў Бэтлееме, можна спусціцца ў грот, дзе працаваў, паводле традыцыі, над сваім перакладам св. Геранім, і адчуць атмасферу тых даўніх часоў… Зямное жыццё святога закончылася на Святой Зямлі, у Бэтлееме, у 420 годзе23. З часам яго рэліквіі былі перанесеныя ў Рым, у базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе яны па сённяшні дзень спачываюць у галоўным алтары. Яго вучань, Генадзій Масілійскі, падсумоўваючы жыццё свайго настаўніка, пісаў: «Нарадзіў яго горад Стрыдон, адукаваў слаўны Рым, захоўвае маці-карміцелька Бэтлеем, а яго душу прынялі нябесныя шатры»24.
Яго вобраз у мастацтве Геніяльную рознабаковасць св. Гераніма імкнуліся адлюстраваць у сваіх карцінах славутыя мастакі мінулага і сучаснасці. Адны паказваюць яго як вучонага, іншыя — як айца Касцёла, пустэльніка, які змагаецца са спакусамі і каецца, як таго, хто бачыць на пустыні візіі, як святога. Сярэднявечныя легенды прыпісвалі св. Гераніму кардынальскі тытул25, таму на некаторых карцінах ён паказаны ў кардынальскім капелюшы з шырокімі палямі і ў чырвонай мантыі. Мастакі прадстаўляюць яго то ў пакоях сярод стосаў кніг, то сярод жывёлаў, то ў пячоры пустэльніка, то на пустыні або сярод святых жанчын ці дактароў Касцёла, а часам з Папамі ці з арыстакраткамі Рыма. Караваджа, Рыбера, Дзюрэр і Беліні неаднаразова звярталіся да яго вобраза, ствараючы ўсё новыя карціны: мастакоў прываблівала яго сіла духу, суровы аскетызм, няўтольная прага пазнання Бога і нястомная працаздольнасць. Нязменнымі атрыбутамі святога ў мастацтве сталі драўляны крыж, моцна заціснуты ў руцэ камень, якім ён б’е сябе ў грудзі ў скрусе падчас малітвы, чэрап і пясочны гадзіннік — сімвалы тленнасці быцця і хуткаплыннасці часу, кардынальскі капялюш і, канешне, леў. З гэтым апошнім атрыбутам спалучана легенда, магчыма, памылкова прыпісаная жыццю Гераніма. Гісторыю пра льва і св. Гераніма расказаў у сваёй «Залатой легендзе» італьянскі дамініканін Якуб Варагінскі, які жыў у ХІІІ стагоддзі. Паводле легенды, аднойчы кульгавы леў прыйшоў да келлі святога, і спалоханыя манахі разбегліся. Застаўся толькі Геранім, які спакойна агледзеў лапу звера і выцягнуў з яе стрэмку. З таго часу ўдзячны леў стаў яго нязменным спадарожнікам. Нават славуты сюррэаліст Сальвадор Далі напісаў незвычайную карціну, прысвечаную святому («Святы Геранім», 1960), і на ёй таксама ёсць выява льва, хоць і не вельмі заўважная.
Яго прыклад Святы Геранім, адзін з чатырох вялікіх дактароў лацінскага Касцёла побач са св. Аўгустынам, св. Амброзіем і св. папам Грыгорыем І, стаў для веруючых прыкладам дасканалага спалучэння веры і навукі, духоўнага жыцця і інтэлекту, непахіснага служэння праўдзе і Евангеллю. Яго лічаць апекуном перакладчыкаў, біблістаў, археолагаў, архівістаў, бібліятэкараў, бібліятэк, а таксама, пра што мала хто памятае, вучняў і студэнтаў. Яго самае славутае выказванне — «Няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста» (Ignorantia Scripturae, ignorantia Christi est)26, знаёмае амаль кожнаму хрысціяніну. Геранім, улюбёны ў Божае слова, пытаўся: «Як можна жыць без ведання Пісання, праз якое мы вучымся пазнаваць самога Хрыста, які з’яўляецца жыццём верных» (Ліст ХХХ, 7)27, а Хрыстус — гэта «сэрца Евангелля»28. Ён ламае ўсялякія стэрэатыпы і перашкоды, у Ім аб’яўляецца бясконцая мудрасць і бязмерная любоў Бога. Ён — ключ для разумення Бібліі29. Навуковая і эпісталярная спадчына св. Гераніма — гэта сапраўдная скарбніца, з якой кожны можа ўзяць для сябе каштоўную пярліну думак, разважанняў і любові да Бога, да Яго слова і адвечнай Мудрасці. Гэтая скарбніца не мае замкоў і не схавана ў лёхах гісторыі: яна ў яго жыцці, поўным скрухі і аскетызму, і ў яго працы, поўнай бескарыслівасці і самаахвярнасці. Яна — у яго адданасці Касцёлу і ў моцнай веры, якая перамагае спакусы і нішчыць зайздрасць ды дурноту нікчэмных людзей.
|
|
|