Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Ірына БАГДАНОВІЧ

«НЕ, МОЙ ПРАШЧУР НАСІЎ БУЛАВУ...»

Некалькі слоў пра вершы майго калегі і сябра Уладзіміра Кароткага

Які ж гэта цудоўны стан — здзіўленне! На ўменне здзіўляцца, мабыць, не ўплывае ні ўзрост, ні прафесія, а толькі стан душы, адкрытай і гатовай успрымаць кожны новы дзень як дарунак Божы, падобны да зіхатлівага шара, унутры якога заўсёды схаваны нейкі сюрпрыз. Такім сюрпрызам-здзіўленнем для мяне ў часе гэтай трывожнай і пераважна шэра-дажджыстай беларускай восені стала прызнанне майго даўняга сябра і калегі Уладзіміра Кароткага, што ён, адчуўшы якраз гэтай парой асаблівае натхненне, пачаў пісаць вершы, і яны ліюцца з яго літаральна патокам. Я шчыра парадавалася за свайго сябра, перажыўшы і момант здзіўлення, які скіраваў мае думкі, ужо ў каторы раз, да той праўды, што Пан Бог заўсёды мае пад рукой сваю цудоўную скрыню з дарункамі для нас на кожны канкрэтны момант нашага жыцця. Так здарылася і з маім сябрам, ранейшыя таленты якога, ужо праяўленыя ў жыцці, былі дапоўненыя дарам паэтычнага натхнення, каб у новым для яго фармаце прагаварылася ўсё тое, што драмала ў душы, што яе, можа, дратавала і непакоіла, што папярэдне ажывала ў артыкулах па гісторыі старажытнай літаратуры, прагаворвалася неаднойчы ў лекцыях, перажывалася як уласны досвед даўніх вякоў, напоўненых верай і барацьбой, пазнаны праз кніжнасць і агучаны ў сучаснасці.

У культурнай і навуковай прасторы Беларусі і замежных краінаў імя Уладзіміра Кароткага добра вядомае — ён адзін з найрэдкіх і найлепшых вучоных у галіне медыявістыкі, або, як ён сам любіць падкрэсліваць, старажытнай беларускай кніжнасці. Дзясяткі гадоў, праведзеныя за вывучэннем летапісаў, гамілій, трэнасаў, перыгрынацый, рэлігійнай палемікі, прадмоў і пасляслоўяў да біблійных кніг, катэхізісаў і граматык далі свой выдатны плён у навуковай і педагагічнай дзейнасці аўтара, увасобіліся ў навуковыя і тэксталагічныя праекты, кнігі, артыкулы, лекцыйныя курсы, сталі асноватворнымі падручнікамі для студэнтаў і зацікаўленых чытачоў. Цяпер жа водгук і водар той кніжнасці чуецца і ў вершаваных радках Уладзіміра, дзе часам сустрэнецца і дыхне роднаю даўніною забытае найменне, калі раптам, як візія са скарынаўскіх кніг, з’явіцца «яздзец Пагонь» ці прашамаціць побач са зброяй, узнятай княжацкай рукой, «скамечаны аліўкі ліст».

У вершах Уладзіміра Кароткага гісторыка-культурныя веды аўтара ствараюць адмысловы комплекс вобразаў, якія сведчаць пра радаводную элітарнасць нашага народа, пра яго глыбокую духоўнасць, угрунтаванасць у еўрапейскую традыцыю фармавання дзяржаваў і народаў, аснову якой складаюць хрысціянская вера, патрыятызм, ідэалы свабоды і годнасці. Гэтыя вобразы, ажыўленыя праз постаці славутых дзеячаў мінуўшчыны — Тадэвуша Касцюшкі, прадстаўнікоў роду Агінскіх, Эміліі Плятэр — становяцца яскравымі счэпамі нашай гістарычнай і культурнай памяці, вельмі важнымі ў рэчаіснасці сённяшняга дня, калі беларусы выходзяць на новы ўзровень сведчання пра сябе як пра сучасную еўрапейскую нацыю, што мае трывалую традыцыю дзяржаўнасці і ідэнтычнасці. Шляхецка-рыцарская мінуўшчына нашага народа да нядаўняга часу замянялася сурагатам фальклорнай псеўданароднасці, якая фактычна дэфармавала нацыянальную ідэнтычнасць, выключаючы з яе элітарны складнік. Усё элітарнае (гісторыі князёў і шляхецка-рыцарскіх родаў) мэтанакіравана суадносілася з культурай і бытам іншых народаў, успрымалася як індыкатар менавіта іх ідэнтычнасці, а беларусам адводзілася маргінальная роля «тутэйшых», якім нічога не заставалася як несці каланіяльнае ярмо. Патрэбны быў час і няспыннае мужнае змаганне — змаганне не толькі зброяй, але часцей менавіта словам — за праўду, за права быць чалавекам і быць народам, запісаным у Кнізе Быцця.

Гэта было змаганне многіх пакаленняў на працягу больш чым двух стагоддзяў, у духу яно перадавалася ў сем’ях, ад бацькоў і дзядоў да дзяцей і ўнукаў. Так захоўвалася гістарычная памяць, здзяйснялася повязь часоў, уваскрасаў неўміручы дух продкаў. Уладзімір з дзяцінства быў уключаны ў ланцужок гэтай памяці, спачатку, мабыць, і не ўсведамляючы гэтага. Ён гадаваўся ў Слоніме, у сям’і, дзе бацька быў ветэранам вайны і партыйным работнікам, пісаў вершы, пераважна сатырычныя, на беларускай і рускай мовах; а маці, Уладзіслава Мечыславаўна, па адукацыі фінансіст-эканаміст, была шчырай верніцай каталічкай і хадзіла з маленькім Валодзем у касцёл. Наведвала касцёл у Гожы, Гародні, Слоніме (у залежнасці ад месца жыхарства сям’і), не зважаючы на тое, што для савецкай служачай у тыя часы гэта было вельмі небяспечна.

Яшчэ адно найвялікшае ўздзеянне на будучага даследчыка старажытнай кніжнасці зрабіў дваюрадны дзед Мар’ян Феліцыянавіч Ціхановіч — самавіты жыхар вёскі Скрошчына ў Налібоцкай пушчы, дзе заўсёды жаданымі гасцямі былі сваякі, а на святы (вядома ж, каталіцкія, асабліва на Божае Нараджэнне) дзед заўсёды наладжваў у сваёй хаце адмысловыя вечарніцы, на якія ў тыя далёкія 1960-я гады збіраліся хоць крыху ўжо «прысавечаныя», але не страціўшыя ўнутранай пачцівасці і годнасці нашчадкі былой налібоцкай шляхты, і за даволі багатым сталом, па традыцыі, дзед чытаў па памяці на польскай мове вечарамі напралёт «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, яго ж «Конрада Валенрода» або «Гражыну», а таксама гавэнды Уладзіслава Сыракомлі. «Фальклору я там не чуў ніякага і ніколі», — распавядаў мне Уладзімір, згадваючы дзеда Мар’яна. Таксама важным быў той момант, што перад застоллем і вечарніцамі ў дзедавай хаце абавязкова ўсёй грамадою маліліся, ездзілі ў касцёл у Дзераўную — вёску ў Налібоцкай пушчы.

Гэтыя ўражанні дзяцінства, гэтая напоўненасць духам памяці продкаў, замацаваная праз сямейныя сувязі, праз слуханне «Пана Тадэвуша» па вечарах, несумненна, спрычыніліся ў будучыні да адчування слонімскім юнаком свайго паклікання стаць менавіта філолагам-медыявістам, даследчыкам старажытнай літаратуры і культуры свайго роднага краю, каб ужо прафесійна абнаўляць і ажыўляць памяць продкаў, рабіць яе здабыткам сучаснасці. Каб здзейсніць сваё пакліканне, быць адпаведным яму, Уладзімір пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адкуль быў накіраваны для больш грунтоўнай навуковай падрыхтоўкі ў санкт-пецярбургскую (тады ленінградскую) школу філолагаў-старажытнікаў на чале з Дзмітрыем Сяргеевічам Ліхачовым пры Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім доме) Расійскай акадэміі навук, дзе яго навуковым кіраўніком стаў знаны вучоны Аляксандр Міхайлавіч Панчанка, вучань Ліхачова. «Менавіта там, ад іх, бачачы іх любоў да ўсяго рускага, я навучыўся любіць сваю родную Беларусь і ўсё беларускае», — згадваў у сяброўскай размове Уладзімір пра сваіх настаўнікаў. А нашае з ім сяброўства якраз тады і пачалося — у тыя шчаслівыя аспіранцкія гады, калі мы абое пачалі свой шлях маладых навукоўцаў у прастору айчыннага прыгожага пісьменства, каб стаць галасамі гістарычнай памяці свайго народа, каб убачыць прамень Божай любові над ім, каб адысці ад фальшывых міфаў пра продкаў беларусаў, якія нібыта не ведалі нічога, акрамя лапцяў і сахі, і з годнасцю сцвердзіць, грунтуючыся на праўдзівым гістарычным досведзе, як гэта палемічна зрабіў мой сябра ў адным са сваіх вершаў: «Не, мой прашчур насіў булаву, // Не падставіў ён ворагу плечы!..». Так, нашы продкі годна гаспадарылі ў сваім краі, баранілі яго ад чужынцаў-нападнікаў, будавалі гарады і стваралі дзяржаву; іх сэрцы напаўняла і кіравала ўчынкамі вера ў Бога і любоў да Айчыны. Менавіта гэтыя вера і любоў потым, у часе няволі, у часе цярпенняў і выпрабаванняў, давалі сілу для жыцця і адвагу для змагання, мацавалі надзею на адраджэнне, дапамагалі несці святло праўды праз цемрыва доўгай ночы. Вера і любоў застаюцца і цяпер галоўным Божым дарам для ўсіх людзей і народаў свету, каб толькі яны былі гатовыя з удзячнасцю прыняць і захаваць гэты дар, дзяліцца ім з тымі, хто яго занядбаў, забыў ці страціў. Сваё сведчанне гэтага дае і аўтар паэтычнай нізкі, усклікаючы з усёй шчырасцю: «О як любіць, як верыць трэба, што не пакіне цябе Бог!..».

Прадстаўляючы для чытачоў «Нашай веры» падборку вершаў Уладзіміра Кароткага, спадзяюся, што яго паэтычны дэбют будзе цікавым адкрыццём для ўсіх, хто знойдзе ў яго радках сугучнасць сваім духоўным і патрыятычным настроям і думкам.

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
УЛАДЗІМІР КАРОТКІ :: ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY