Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

«Я, НА ЖАЛЬ, АКАЗАЎСЯ ВЕЛЬМІ АКТУАЛЬНЫМ МАСТАКОМ...»

Галерэя - дадатак да артыкула

Андрэй Дубінін нарадзіўся ў Мінску ў 1963 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у 1987 годзе. Вучыўся на адзяленні станковага жывапісу. Выкладаў у «Парнаце» — Каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, і ў сваёй alma mater. Працуе як манументаліст і станкавіст. Браў удзел у рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, касцёла святога Станіслава ў Магілёве, Свята-Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску, сядзібы Прушынскіх у Лошыцы. Экспанаваў свае творы на выставах у Італіі, Францыі і Германіі. Пераможца Рымскага біенале 2008 года.

Не ведаю, якое мастацтва сёння здольнае пераключыць увагу грамадства з таго, што адбываецца на нашых вуліцах і абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, на прэм’еры і вернісажы. Не ведаю, чым можна прыцягнуць у музеі і выставачныя залы людзей, што дзяжураць ля турэмных брамаў на Акрэсціна (дарэчы, за што Герою Савецкага Саюза лётчыку Барысу Сямёнавічу Акрэсціну, імем якога названы завулак з вязніцаю, такі сумніўны гонар?!), Жодзіна, у іншых гарадах, каб даведацца пра лёс сваякоў і сяброў. Якія праявы «кантэмпарары арт» могуць скласці канкурэнцыю «перформансам», дзе задзейнічаны аўтазакі і вадамёты, дзе жарсці не штучныя, а «цана пытання» не грашовы эквівалент творчых высілкаў, а жыццё людзей і лёс Краіны. Якім мусіць быць мастацтва, каб не дысанаваць грамадскаму настрою ў скрушны час?

...У адной з публікацый папулярнага расійскага літаратара Міхаіла Велера я трапіў на тлумачэнне, адкуль узялася фраза «Калі я чую слова „культура“, мая рука цягнецца да пісталета». Каму яе толькі ні прыпісвалі! А належыць яна нямецкаму літаратару Бальдуру фон Шыраху, які па жыцці не быў «белым і пухнатым», біяграфію якога не назавеш бездакорнай, але з’яўленне гэтай нібыта парадаксальнай тэзы было праяваю непрыхаванага болю за зняважаную і спакутаваную Айчыну. У 1920 годзе ён напісаў п’есу, дзе паводле сюжэту адзін з персанажаў распавядае пра выпадак, сведкам якога ён быў. Каляды. Людзі з’язджаюцца ў тэатр на прэм’еру. Святочна апранутая публіка выходзіць з самаходаў і разважае, што ўсё не так кепска, што Германія не загінула — жыве, бо жывая культура; вось і новая пастаноўка таленавітага рэжысёра, і жыццё ўсё ж такі працягваецца. А побач з уваходам стаіць хлопчык гадоў дзесяці, апрануты ў лахманы, босы. Хлопчык — сірата, ягоны бацька загінуў на вайне. Каб не памерці з голаду, гэтаму дзіцёнку даводзіцца прасіць міласціну, але міласціну прасіць сорамна, дык ён нібыта гандлюе запалкамі. Публіка, што праходзіць паўз хлопчыка, на яго ўвагі не звяртае. Нібыта не бачыць. У іх свята, і яны не збіраюцца псаваць сабе настрой. І калі яны вяртаюцца са спектакля, зноў гаворачы, што калі ёсць культура, дык не ўсё страчана, хлопчык ужо зусім змёрз, і над мёртвым целам нават гурбу намяло…

«І вось пасля гэтага, — кажа распавядальнік, — калі я чую слова „культура“, мой палец цягнецца да спуску майго браўнінга»...

У тэксце нямецкага драматурга гаворка, уласна кажучы, ідзе не пра культуру як прафесійную дзейнасць, але пра навязаную ёй ва ўмовах сацыяльнага экстрыму ролю. Сутнасна гэта роля культуры не ўласцівая, але і час для культуры быў не надта спрыяльным. Не рэжысёр, не тэатральная трупа вінаватыя ў тым, што пад дзвярыма тэатра замерзла дзіця. Аўтар абураецца спажыўцамі культуры, якія лічаць, што калі яны далучаныя да пазачасавых каштоўнасцяў, дык ім можна ігнараваць усё, што не лашчыць іхняе вока, нават калі не заўважыць гэта проста немагчыма.

Творца, які разлічвае на грамадскае прызнанне зараз жа і на годнае месца ў гісторыі культуры ў перпектыве, мусіць мець трывалыя маральныя прынцыпы. Паэт Андрэй Вазнясенскі слушна сказаў пра гэта ў паэме «Авось»: «Позорно знать неправду и не назвать её, а назвавши, позорно не искоренять, позорно похороны называть свадьбою, да ещё кривляться на похоронах». Гэтым тлумачыцца сённяшняе адмоўнае стаўленне да «сацыялістычнага рэалізму», які ў сваіх кананічных праявах быў менавіта «кривляньем на похоронах».

Амаль тры дзесяцігоддзі Незалежнасці станоўча адбіліся на беларускім мастацтве і на маральным стане творчых асяродкаў. У адрозненне ад савецкага часу, калі прыстасаванства, вымушанае і добрахвотнае, было сярод пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў з’явай масавай і лічылася цалкам натуральным, сёння дэманстраваць свой канфармізм лічыцца непрыстойным.

Сёння маюць аўтарытэт тыя, хто ў няпростых варунках праявіў прынцыповасць і зрабіў гэта па-мастацку выразна, крэатыўна. Сярод іх — жывапісец Андрэй Дубінін, які думаў, што рабіў свае карціны, у прыватнасці «Ноч паэтаў», пра мінулае, а аказалася, што гэта пра сённяшні дзень...

Тое, што адбываецца сёння, — гэта не канфлікт унутры грамадства. Гэта супрацьстаянне грамадства і нашчадкаў сталінскага НКУСа, хоць можа тут варта скарыстоўваць звыклую рускамоўную абрэвіатуру НКВД.

Пад уражаннем падзей, сведкам якіх мастаку давялося быць, ён зрабіў карціну «Беларусы». Натхнілі яго на яе напісанне жывыя ланцугі-счэпкі людзей на плошчы Перамогі яшчэ ў часе перадвыбарчай кампаніі. Ён убачыў гэта як знак пераемнасці ў гісторыі. Пачатак: 1161 — Крыж Лазара Богшы, які з’яўляецца духоўным сімвалам Беларусі, і вызначальныя даты да сёлета, да 2020 года, калі паняцце «беларус» ужо не толькі этнічнае, але палітонім. Ён скончыў гэтую карціну за дзень да выбараў, і яна аказалася запатрабаванай, бо сёння мы стаім перад выбарам: захавацца як нацыя ці знікнуць...

«Я, на жаль, аказаўся вельмі актуальным мастаком, — гаворыць Андрэй Дубінін, — бо некалькі гадоў назад напісаў «Ноч паэтаў», а стала гэта карціна фактычна «ўспамінам пра будучыню», пра сённяшні дзень. Як мастак я не магу баставаць. Адмаўленне мастака ў знак пратэсту рабіць сваю справу не пойдзе на карысць ні яму, ні грамадзе. Я мушу творча адгукацца на рэчаіснасць. Сёння я хацеў бы зноў выставіць свой трыпціх, прысвечаны Курапатам, як напамін пра мінуўшчыну, якая нікуды не падзелася, але ў перспектыве, пажадана блізкай, я мяркую зрабіць твор на аснове светлых эмоцый»...

Сваё бачанне нацыянальнай ідэі мастак увасобіў ва ўжо згаданай карціне «Беларусы». Там два ланцугі — суплёт рук і суплёт датаў. І пераемнасць часоў. Дзякуючы падзеям, што пазначаны гэтымі датамі, мы выжылі як народ, як беларусы. Карціна, як мне падаецца, выразна дэманструе наш гістарычны аптымізм. Мы столькі перажылі, у тым ліку і ў апошнія дні, і так загартаваліся, што здольныя на вялікія стваральныя справы.

Сваю ўжо класічную «Ноч паэтаў» Андрэй Дубінін хацеў выставіць на фестывалі мастацтваў «Арт-Мінск», у межах якога ладзілася наша нацыянальнае Трыенале сучаснага мастацтва ў Палацы мастацтваў у Мінску. Карціна ўсім спадабалася, але ў экспазіцыю не трапіла… На гэтай выставе Андрэй Дубінін прадстаўлены іншым творам: «Апошняя Вячэра». У гэтай карціне Андрэй Дубінін адышоў ад традыцыйных выяўленчых трактовак біблійнага сюжэта. Намаляваны стол, на якім змешчаны хлеб і кубак. Няма твараў Хрыста і Апосталаў — толькі іх рукі, праз якія паказаныя характары кожнага і перададзеная ўся гама пачуццяў ад цвёрдых словаў Езуса пра спаўненне Божай волі, якой немагчыма пазбегнуць.

Гэта карціна вядомая ў некалькіх варыяцыях. Да такой трактоўкі сюжэта мастак прыйшоў у Італіі, дзе яму пашчасціла распісваць францішканскі храм у горадзе Кава дзі Цірэні. Гэта не першы ягоны зварот да хрысціянскага мастацтва: раней ён браў удзел у рэстаўрацыі роспісаў Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку.

Хрысціянская аснова выразная і ў карціне Андрэя Дубініна «Вертэп беларускі». Яна экспанавалася на рэспубліканскай выставе «Беларусь. Яднанне», прысвечанай 81-й гадавіне ўз’яднання нашых заходніх зямель з Савецкай Беларуссю. Я быў куратарам гэтай выставы і сутыкнуўся з дзіўнай для мяне сітуацыяй, калі мастакі Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, якіх я бачыў асноўнымі ўдзельнікамі гэтай творчай імпрэзы, бо менавіта згаданыя рэгіёны ў 1939 годзе вярнуліся з Польшчы ў Беларусь, ветліва адмаўляліся ад удзелу: усведамляючы гістарычна прагрэсіўны сэнс уз’яднання, яны катэгарычна не прынялі таго кошту, які заплацілі «ўсходнія крэсы» за магчымасць зноў называцца сваім родавым імем — Беларусь. Яны памятаюць той пагром, які ўтварылі ўсходнія прыхадні на зямлі, дзе традыцыйна шануюць рэлігію, прыватную ўласнасць і сумленную працу. Раны, нанесеныя гэтай зямлі агрэсіўным атэізмам і «класавай барацьбой», крывавяць дагэтуль...

Андрэй Дубінін у гэтай працы звярнуў увагу на тое, што аркі, якія ставіліся на шляху Чырвонай арміі ў верасні 1939 года, вельмі нагадваюць шыбеніцы. І ўсю тую ж гістарычную дзею мастак увасобіў падабенствам батлейкі, дзе, аднак, разгортваецца не адаптаваная для простага люду вялікая біблійная сцэна, а сапраўдныя жарсці рэальнай беларускай гісторыі ад паўстання Кастуся Каліноўскага да дня сённяшняга...

Вельмі чакаю, што Андрэй Дубінін здзейсніць сваю мару — зробіць мастацкі твор на аснове светлых эмоцый. І каб гэта была карціна з натуры.

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY