Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Антоні Эдвард АДЫНЕЦ

КОВЕНСКАЯ ДАЛІНА

(праўдзівае здарэнне)

У полі шырокім, у полі ворным
Вечарам полк дваццаць пяты пад Коўнам
Стаў. Тры жаўнеры коней спынілі
Пры кармелітаў босых святыні.

З кляштару выйшлі тры афіцэры.
З іх ад’ютант адзін — бачна з манеры,
Двое старэйшых з ім у выправе,
Коней да іх ён падводзіць, рухава

Дапамагае ім сесці на коней,
Ехаць адным так — адвага сягоння:
Ведае ён, што стаяць вельмі блізка
Ўсюды пікеты варты кіргізскай.

Збочылі ўлева вершнікаў спіны,
Едуць да ковенскай слыннай даліны;
Бачыць яе з іх адзін прагнуў, кленчыў,
Не дбаў, не слухаў, што небяспечна.

Ўперадзе едзе, моўчкі, бясстрашна,
Ў неба глядзіць, бледны твар свой узняўшы.
Твар малады, паўдзіцячы, прыгожы,
Чутна, як млын вадзяны меле збожжа.

Тут, перад млынам, спыніліся коні,
Узяў ад’ютант цуглі ўсіх у далоні
І навязаў пры дарозе, ля плоту,
Далей ісці — шлях няпэўны, балота.

З іх маладзейшы глянуў навокал —
Радасны, ўдзячны, з усмешкай шырокай;
Ну а старэйшы, ў дол зрок апусціўшы,
Ў роздуме стаў, рукі крыжам злажыўшы.

«Вітаю цябе ў імя вешча даліны,
Сястра! Спадкаемца мужнай Гражыны,
Ў справах Літвы, ў справах Польшчы, бясспрэчна,
Імя тваё будзе ўслаўлена вечна».

Так ад’ютант кажа, рыцарка ж мкнецца
Цяжкую думку выжануць з сэрца,
З вока сляза пакацілася здрадна:
«Ты ж быў Міцкевічу братам і сябрам,

Можа, яго ты калісьці спаткаеш,
І пра мяне ў гэты момант згадаеш,
То раскажы, як дзяўчына з народа,
Што прачытала яго Валенрода,

Зброю ўзяла, не для славы ці чыну,
А каб за Польшчу змагацца, загінуць.
Ведаю, многім заганай здаецца
Тое і многа хто нават смяецца,

І, калі ў бітве памру я адважна,
Як Арлеанкі, памяць зняважаць.
Але Бог сэрца майго бачыць справы,
Ён мяне прыме як бацька ласкавы,

Ён, хоць адтуль, мне пабачыць дазволіць
Маю Айчыну, што выйдзе з няволі.
Ніхто з палячак, ніхто з літвінаў
З мяне чыніці не будуць кпінаў».

Здушыла слёзы ў сабе дзяўчына,
Натхнёны твар залівае чырвань,
На вуснах толькі дрыжаць малітвы
За вольнасць Польшчы, за вольнасць Літвы.

Літвінам быў ад’ютант, укленчыў
Прад ёю, ўсхліпы затрэслі плечы,
Ён, чулы сэрцам, іх не стрымае,
Ніколі так не любіў ён краю.

Шле кліч ён Польшчы, Літве каханай:
«Бог цябе збавіць з ярма тырана!
Прад моцай люду ўпадзе трон дужы
Калі такія ў жанчынаў душы.

Пакуль літвінскія сэрцы ў літвінах
Аб Плятэроўны мужнасці й чынах
Кожны з пашанай перадасць згадку
Ад бацькоў — дзецям, ад дзяцей — нашчадкам.

Калі ж хто пасмее ў цябе камень кінуць,
Бог пакарае за тую правіну,
І не пабачыць, як Бог Польшчу збавіць,
Той, хто імя твайго не праславіць».

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.
20–22 кастрычніка 2020 г.

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: «БАГІНІ ВЫ НАШЫ І ПАНІ…»: ВОБРАЗЫ ЖАНЧЫНЫ І АЙЧЫНЫ Ў ПАЭЗІІ ФІЛАРЭТАЎ ::
ЯН ЧАЧОТ :: ПРОСЬБА ДА НАШЫХ ЗЯМЛЯЧАК АБ КУНТУШАХ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY