Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА

У нашым Скарыназнаўстве, ва ўсёй айчыннай медыявістыцы (гэта значыць, дарагі чытач, гутарка пра раздзел гістарычнай навукі, які вывучае падзеі, побыт, культуру і мастацтва перыяду Сярэднявечча, а не пра звыклыя «медыя» — сучасныя сродкі масавай інфармацыі; гэтак да сёння блытае паняцці былы дырэктар акадэмічнага Інстытута гісторыі) — агромністы здабытак: сёлета выйшаў зборнік «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях». Укладальнікамі яго пазначаныя: А. А. Жлутка (адказны рэдактар), А. Б. Доўнар, П. С. Котаў, С. М. Кнырэвіч. Фаліянт пабачыў свет дзякуючы выдавецтву «Беларуская навука» (рэдактар Г. К. Кісялёў).

Том, на вялікі жаль, затрымаўся на гады тры, паколькі менавіта ў 2017 годзе ўрачыста (і з пэўным размахам) святкаваўся не абы-які юбілей: 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню (06.08.1517). Але гэта дакладна той выпадак, пра які кажуць «лепш пазней, чым ніколі».

Апошні раз зборнік, прысвечаны гуманісту-першадрукару, выдаваўся на ягонай Радзіме амаль 33 гады таму, пра што згадана ў кароткай прадмове «Да чытача»: «Гэта кніга з’яўляецца своеасаблівым працягам і дапаўненнем найбольш поўнага для свайго часу збору пісьмовых крыніц па біяграфіі Францішка Скарыны, падрыхтаванага ў Інстытуце літаратуры АН БССР Віктарам Дарашкевічам — вучоным-падзвіжнікам (светлая яму памяць), які здолеў у складаны перыяд ідэалагічнага прэсінгу і недаступнасці замежных архіваў сабраць і выдаць усе вядомыя на той час дакументы і матэрыялы, датычныя нашага славутага першадрукара».

Паказальна, што ўжо ў тым, папярэднім Скарынаўскім выданні дакументаў (1988 г.), паспеў паўдзельнічаць і сам кіраўнік апошняга праекту Алесь Жлутка. Хоць часы былі складаныя, камуністычна-атэістычныя, але ўжо тады Віктар Дарашкевіч абараніў дысертацыю па Сярэднявеччы і стаў аўтарам манаграфіі «Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: першая палова XVI стагоддзя» (1979). Навуковае званне дазволіла маладому (30-гадоваму!) вучонаму стаць вучоным сакратаром Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідыуме АН БССР і заняцца распрацоўкаю «Скарынаўскай праграмы». В. Дарашкевіч звязаўся з катэдрай класічных моў Львоўскага ўніверсітэта, дзе прафесар Віталь Маслюк (1920–2005) і паведаміў, што ў ягонай групе, якой з’яўляецца куратарам, ёсць адзін перспектыўны студэнт з Беларусі: завуць яго Алесь Жлутка.

Студэнт-класіцыст, скончыўшы сваю Львоўскую alma mater, быў накіраваны на працу ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. І там, над Дзвіною, паміж заняткамі для будучых лекараў правільна пісаць скароты лацінскіх лекавых назваў і рэцэптаў, вечарамі на замову В. Дарашкевіча перакладаў даўнія дакументы (да перакладаў была далучаная таксама Лідзія Ляхава). Агулам зборнік быў дапоўнены 17-цю лацінамоўнымі дакументамі, выяўленымі В. Дарашкевічам (у параўнанні са зборнікам «450-годдзе беларускага кнігадрукавання», 1967).

Сам жа А. Жлутка як кіраўнік новага Скарынаўскага выдавецкага праекту (праўдзівы дырыжор Скарыназнаўства), усцешыў сучаснікаў зборнікам, дапоўненым больш як 30-цю новымі дакументамі. Геаграфія паходжання сабраных дакументаў ахоплівае бадай палову Еўрапейскага кантыненту і шырэй — з архіваў і бібліятэк Рыма, Ватыкана, Падуі, Берліна, Варшавы, Кракава, Познані, Магдэбурга, Прагі, Тржэбаня, Вільні, Рыгі, Масквы...

Патрапіць усюды сталася магчымым толькі дзякуючы падтрымцы шматлікіх прыхільнікаў і спрыяльнікаў, пра што напачатку адзначана Алесем Жлуткам: «Карыстаючыся нагодай, хачу шчыра падзякаваць усім шаноўным асобам і ўстановам, без якіх падрыхтоўка гэтага выдання была б немагчымаю. Найперш выказваю глыбокую ўдзячнасць Яго Эксцэленцыі Мітрапаліту арцыбіскупу Тадэушу Кандрусевічу і Яго Эксцэленцыі біскупу Юрыю Касабуцкаму за падтрымку маіх даследаванняў па біяграфіі Францішка Скарыны ў замежных архівах, а таксама а. архімандрыту Сяргею Гаеку за ягоную неацэнную дапамогу і спрыянне ў архіўных пошуках у Падуі і ў вырашэнні разнастайных, звязаных з гэтым, побытавых пытанняў, кс. дэкану, каноніку Уладзіславу Завальнюку…» Усіх жа пералічаных на трох старонках першай прадмовы асобаў, якім кіраўнік выдання выказвае словы падзякі, звыш 60-ці.

У цудоўным фаліянце выдатна апрацаваны ўсе вядомыя на сёння дакументы і матэрыялы, якія асвятляюць жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара і ягонай сям’і за 1492–1605 гады: навучанне ў Кракаўскім універсітэце, абарону навуковай ступені доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце, выкананне абавязкаў сакратара і лекара Віленскага біскупа Яна, судовыя працэсы па маёмасці памерлага брата Івана ў Познані, зняволенне ў познаньскай вязніцы і вызваленне з яе, кароткае прабыванне пры двары прускага герцага Альбрэхта і вяртанне ў Вільню з герцагскім лекарам і друкаром, побыт у Празе і службу каралеўскім садоўнікам у Фердынанда І, магчымыя сустрэчы з Парацэльсам у Вільні і Лютэрам у Вітэнбэргу.

Вось невялікі ўрывак адносна апошняга «лютэраўскага эпізоду» з ліста Марціна Лютэра (красавік 1520 г.): «…А яшчэ некаторыя мае, жалю годныя, недругі праз сяброў з Гальбэрштадта далі знаць, каб мяне папярэдзілі, што ёсць нейкі доктар медыцыны, які магічным мастацтвам па сваім жаданні зрабіўся нябачным і ўжо некага забіў, маючы даручэнне забіць таксама Лютэра, і прыбудзе на наступную нядзелю выстаўлення рэліквіяў» (с. 87).

І як папярэднія Скарынавы зборнікі натхнялі нашых творцаў на асэнсaваннe вобраза першадрукара (апошнім такім значным здабыткам стаў раман-эсэ Алега Лойкі «Францішак Скарына, або Сонца маладзіковае») — упэўнены, што і новы том будзе перачытвацца не адным пакаленнем тых, хто зацікавіцца лёсам і жыццёвым шляхам вялікага палачаніна, якому разам з сонечным шчасцем прычакаць друк свайго перакладу Бібліі на старабеларускай мове ў «Златай Празе» давялося перажыць і спальванне сваіх кніг у Масковіі. «…калі Васіль, бацька таго, які цяпер стаіць на чале маскоўцаў, выправіўшы ў Рым бліскучае пасольства, таксама як гэты цяпер, дамагаўся ад Папы кароны ды нават яшчэ з большым жаданнем і ў больш сталым узросце і розуме, шмат падараваў і ўсяго наабяцаў, ды гэтаксама меў сярод прыхільнікаў імператара Максіміліяна ды некаторых іншых хрысціянскіх уладароў, аднак нічога не дасягнуў. І сапраўды ні ў яго, ні ў кагосьці з маскоўцаў не было нічога, апрача пустых абяцанняў, ніякага пацвярджэння схільнасці да Рымскага каталіцкага Касцёла, бо калі пры кіраванні нашага святой памяці бацькі хтосьці з яго падданых, натхнёны пабожным жаданнем надрукаваць Святое Пісанне рускай моваю, парупіўся выдаць яго ды павёз да маскоўцаў, гэтыя кнігі на загад князя былі спаленыя з-за таго, што былі выдадзеныя чалавекам, адданым Рымскаму Касцёлу, і ў месцах, падлеглых яго [Касцёла] ўладзе. Такая вялікая нянавісць прышчэпленая люду да лацінскага і рымскага імені, што нават калі б ён урачыста прысягнуў заставацца пад уладаю Рымскага Пантыфіка, зусім не трэба верыць, што ён абяцае гэта ад душы, альбо што гэта будзе пэўным, цвёрдым і працяглым» (с. 235).

Выдадзены зборнік з’яўляецца ўзорам для будучых археографаў, палеографаў, каментатараў і выдаўцоў рознамоўных крыніц па гісторыі нашай Айчыны. Прыкра толькі, што гэтыя дасягненні не ўлічваюцца тымі, хто на сваіх кіруючых пасадах абавязаны падтрымліваць і развіваць айчынныя даследаванні.

Сталася так, што падчас напісання гэтай рэцэнзіі лепшы ў нашай краіне лацініст Алесь Жлутка за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі трапіў у турму ў Жодзіне, а пасля адбыцця 10-суткавага пакарання атрымаў папярэджанне пра звальненне з Інстытута гісторыі Акадэміі навук, адкуль былі звольнены каля дзясятку гісторыкаў, якія даследавалі нашую даўніну, — першакласных, незаменных навукоўцаў. Патлумачу, паколькі ніхто з боку (неабазнаны) не адчувае розніцы ва ўніфікаваных званнях «кандыдат» (доктар) філалагічных (гістарычных) навук. Але кандыдатам філалогіі можна стаць, прыдумаўшы тэму «Гумар у камедыях Андрэя Макаёнка» або «Жаночыя характары ў раманах Івана Шамякіна». Аднолькава як да нядаўняга часу кандыдатамі гістарычных навук рабіліся людзі, якія даследавалі ролю партыі або прафсаюзаў у выкананні пяцігодак. І зусім іншае па аддачы, па глыбіні ведаў і зробленай працы патрабуецца ад даследчыкаў гісторыі Літвы-Беларусі ў папскіх булах ХІІІ стагоддзя або войнаў на нашых землях у ХІV–ХVІІІ стст. па лацінамоўных ці нямецкамоўных рукапісных летапісах...

Нічога новага не адбываецца ў Беларусі пад нязменнай уладай. Для разумных, як спявае Булат Акуджава, «заўжды ўсё скончыцца біццём» (ягоныя спевы, як і У. Высоцкага, любіць паслухаць вучоны-лацініст падчас адпачынку-перапынку для натомленых вачэй).

«Мы сыходзім у нікуды», — падсумаваў у выніку Андрэй Мацук, маладзейшы калега Алеся Жлуткі, таксама звольнены. Не лепшая выснова для звольненых, бо трэба ўсё ж памятаць пра свайго чытача і пра тое, што «народ, які не ведае гісторыі, застаецца неразумным дзіцем». Ісці ў нікуды — не выйсце. Паўтара дзесяцігоддзя таму тройчы звольнены, я прыйшоў да высновы: трэба так пакіраваць лёсам, каб прымусовае звальненне толькі паспрыяла далейшаму шчыраванню ў архівах. Чалавек павінен кіравацца вольным выбарам, прадыктаваным яго розумам і пачуццём. Якія яны ў яго — такімі пункцірамі акрэсліцца ягоны зямны шлях. Куды аптымістычней у сацыяльных сетках мною прачыталася пажаданне аднаго з паплечнікаў Алеся Жлуткі з братэрскай Чэхіі, аднаго з названых вышэй укладальнікаў зборніка: «Перадавайце Алесю ад мяне словы падтрымкі. Калі гэта стане магчымым. У нас з ім яшчэ ёсць нерэалізаваныя праекты па тэме Скарыны. Сяргей Кнырэвіч».

 

…За год да сваёй трагічнай смерці падчас Другой сусветнай вайны 43-гадовы французскі вайсковы лётчык, пісьменнік і мысляр Антуан дэ Сэнт-Экзюперы пісаў: «Ёсць толькі адна праблема, адна-адзіная ва ўсім свеце: вярнуць людзям іх духоўнае значэнне, іх духоўныя клопаты. Даць, нібы дажджу, праліцца над імі нечаму падобнаму на грыгарыянскія песнапевы… Нельга, ці разумееце, нельга больш жыць лядоўнямі, палітыкай, балансамі і красвордамі. Больш нельга. Нельга жыць без паэзіі, без фарбаў, без кахання. Варта пачуць сялянскі песнаспеў XV стагоддзя, каб зразумець усю глыбіню нашага падзення. У нас толькі і ёсць што голас рóбату ад прапаганды…»

 

Праз сваю сціпласць Алесь Жлутка не стане выхваляцца сваімі планамі, але пэўны: задумы ён мае. Значныя. Пажадаем, каб іх рэалізацыя была гэткай жа годнай, як зборнік «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях».

Язэп Янушкевіч


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY