|
|
№
4(94)/2020
Асобы
Спадчына
Асобы
Тэалогія
Навука
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія
Інтэрв’ю
Размова Алены СЯМЁНАВАЙ-ГЕРЦАГ
з аўстрыйскай пісьменніцай
Ленэ МАЙЕР-СКУМАНЦ
КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Падкажыце мне — буду ўдзячны: дзе яшчэ ў Еўропе (ва ўсім свеце!) у ХХІ стагоддзі выдаецца Збор твораў пісьменніка мінулага веку ў… 25-ці тамах? Таму тыя «прыпозненыя набыткі», што мы сёння назіраем у Беларусі (а мы шмат што тут назіраем) у яе культурным і нацыянальным станаўленні без аніякага перабольшання можна называць гістарычнымі. Адзін з іх — выданне Збору твораў Уладзіміра Караткевіча (1930–1984), запланаванае ў 25-ці тамах. Гэта — неверагодная для кожнага народа духоўная вышыня. Сёлета класік нашага прыгожага пісьменства, калі б жыў, адзначаў бы разам з намі сваё 90-годдзе. Юбілей рэальны, які нядаўна святкаваў акадэмік Радзім Гарэцкі — слынны прадстаўнік роду братоў Гарэцкіх (у снежні 2020 г. яму споўнілася ўжо 92 гады). Гэта ягонаму тату, Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму (1900–1988; таксама беларускаму акадэміку) Уладзімір Караткевіч прысвяціў радкі:
Іх я некалі (1988 г.) адшукаў у запісных кніжках і нататках нашага незабыўнага творцы. Наогул спадчына У. Караткевіча яшчэ далёкая ад канчатковага вывучэння. Апошняе ў юбілейным годзе яскрава засведчыў паэт Міхась Скобла. Не будучы супрацоўнікам Акадэміі навук з «пагонамі» кандыдата ці доктара навук, не з’яўляючыся ўніверсітэцкім выкладчыкам са званнем дацэнта ці прафесара, а проста выдатным творцам-інтэлектуалам, Міхась зрабіў адкрыццё, вартае адразу звання акадэміка: ён знайшоў адзін з вытокаў станаўлення Караткевіча-пачаткоўца («Ён бачыў Беларусь незалежнай і неўміручай» // Народная Воля» за 27 лістапада 2020 г.).
Памятаеце выдатныя радкі ў адным з дэбютных вершаў («Машэка») маладога паэта: «Лісце алае засыпае роў, // Пушчу чорную апавіў туман. // Атачон з усіх чатырох старон // Золкай восенню мой лясны будан»… Яны на слыху ў тысячаў аматараў творчасці аўтара «Каласоў пад сярпом тваім», аднак ніхто й не падазраваў, што яны… запазычаныя! У нейкім сэнсе нават скалькаваныя. Не верыце? «Гулкий шум в лесу нагоняет сон — // к ночи нa море пал сырой туман. // Окружен со всех четырех сторон // Темной осенью островок Буян». Гэта — з верша «Баба-Яга»... расейскага творцы Івана Буніна (1870–1953). Зрэшты, пытанне пра расейскае паходжанне лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1933 года можа падацца спрэчным. Як прасвятляў у прыватным лісце да мяне Міхась Скобла, адказваючы на пытанне «бунінскага запазычання» і няведанне гэтага факту караткевічазнаўцамі: «Не таму, што нашы … Караткевіча слаба ведаюць. А таму, што вершы Буніна не чытаюць. Я ж Івана Аляксеевіча (з беларускага роду Бункоўскіх, жонка яго называла Янам) люблю ва ўсіх жанрах...» Што Караткевіч выдатна ведаў творчасць Буніна я, заняўшыся пошукамі, знайшоў некалькі сведчанняў. У адным з адказаў на пытанні Адама Мальдзіса пра хаду свайго творчага працэсу «ад задумы да здзяйснення» творца адказаў: «Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда…. Я згодзен са словамі Буніна, якія прыведзены ва ўспамінах Катаева, што нельга з нічога зрабіць нешта шляхам бясконцых перакрэсліванняў» («Літаратура і мастацтва», 1967, 21 ліп.). І яшчэ (гэта ўжо ў гутарцы з іншым журналістам): «— Вы неахвотна дзеліцеся сваімі творчымі планамі. А як нараджаюцца задумы будучых твораў? — Гэта можа быць кімсьці сказанае слова, цікавая ідэя, пейзаж. Нават пах. Я асабіста лічу, што «Антонаўскія яблыкі» Бунін мог напісаць толькі пад уражаннем водару антонавак у скрынцы яго пісьмовага стала. Гэты пах выклікаў няяснае адчуванне, успамін. З усяго гэтага, разам узятага, нарадзілася апавяданне» («Чырвоная змена», 1980, 12 студз.).
І як галандскі мастак XVІІ стагоддзя Рэмбрант Харменс ван Рэйн (1606–1669) разам з папярэднікам сваім нямецкім графікам Альбрэхтам Дзюрэрам (1471–1528, XV–XVІ стст.) ды наступнікам гішпанцам Франсіскам Гойя (1746–1828; XVІІІ–ХІХ стст.) лічацца майстрамі такога віду мастацтва як афорт (узятага з ювелірнага ды златакавальскага майстэрства), гэтак у нашай літаратуры непераўзыдзеным майстрам гістарычнага рамана стаўся Уладзімір Караткевіч. Святлоцені штодзённага жыцця і найбагацейшая палітра чалавечых перажыванняў літаратурных герояў, намаляваных пісьменнікам, робяць кожнага чытача нібы сведкам тых далёкіх часоў. Адкрываецца пазачасавы духоўны свет кожнага чалавека, блізкага і дарагога — як для спрадвечнага творцы блізкі кожны зямлянін нашай планеты, ці гэта адбываецца «ранняй вясной сто семдзесят другога года эпохі Ці сюн» («Вялікі Шан Ян» — з аднайменнага апавядання; том 3) ці гэта блізкі для пісьменніка Кабзар з нэнькі-Украіны («І, мне здаецца, я нават бачыў тую карчму ў Белай Царкве, якой Шаўчэнка не мог апісаць, бо не валодаў фламандскім жывапісам»; эсэ «I будуць людзі на зямлі»). Вельмі-вельмі зайдрошчу сённяшняй моладзі, у рукі якой прыйдуць усе 25 тамоў творцы. Менавіта іх варта не толькі ЧЫТАЦЬ, але і ПЕРАЧЫТВАЦЬ чытачам старэйшага веку, каб пабачыць, як цэнзураваўся (калечыўся!) тэкст пад рукамі ідэалагічных ахоўнікаў савецкіх кайданоў. Таму праца, праробленая пад началам кіраўніка выдавецкага праекту Анатоля Вераб’я, — неацэнная. Наогул, мне тут бачыцца заслуга ўсіх укладальнікаў тамоў, але асаблівым чынам Валянціны Аскерчынкі (цяпер па мужу Андрэевай) — укладальніцы «Каласоў пад сярпом тваім» (т. 7–8). У Зборы твораў гэта блізу 1700 старонак (атрымліваецца памерам не два, а «нармальныя» тры кніжныя тамы!). Бо ўкладальніцай адноўлены ўвесь пачатковы тэкст, што выйшаў з-пад пяра раманіста, а гэта месцамі не проста асобныя абзацы, а цэлыя старонкі... Як гэтыя радкі з верша галоўнага героя Алеся Загорскага «Чым угнявіла ты Бога?». Цяпер яны адноўленыя згодна арыгіналу:
Уключна з апошнім сказам гэтага цудоўнага й трагічнага палатна з эпохі Кастуся Каліноўскага: «Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя. Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук? Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў... ...У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонту да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы. Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне. Як пажар. Як далёкі барвяны пажар».
Чытаючы-перачытваючы (гэта значыць, спасцігаючы Караткевіча) па-новаму бачыш даўно вядомае. Вось і цяпер, у гэтых зменлівых «зырка-барвяных» нябесных слупах, мне ўявіліся агнявыя бел-чырвона-белыя палосы… Напрыканцы юбілейнага артыкула ёсць магчымасць падрабязней спыніцца на апошнім, 18-м томе. Ён унікальны. Не толькі для Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, але і для тысячаў іншых паэтаў ды празаікаў, паколькі цалкам складаецца з… малюнкаў! Укладальнік Міхась Кенька ў каментарах адзначае: «Многія творцы выявілі свой талент адразу ў некалькіх відах мастацтва. Пісьменнікі А. Пушкін, М. Лермантаў, I. Тургенеў, Т. Шаўчэнка, К. Чорны, В. Быкаў валодалі яшчэ і талентам мастака. Сярод беларускіх пісьменнікаў мы можам назваць таксама і У. Караткевіча ў шэрагу творцаў са здольнасцямі жывапісца». Гэта сцверджанне павярхоўнае. Патлумачу. Рызыкоўна ставіць у адзін шэраг прозвішчы Тараса Шаўчэнкі і нашага Кузьмы Чорнага. Яны як бы несувымерныя, пра што сведчаць падлікі. Калі ў Зборы твораў (тт. 1–8; 1972–1975) Мікалая Карлавіча Раманоўскага (псеўданім Кузьма Чорны) пададзена ўсяго шэсць малюнкаў-накідаў, дык у Тараса Шаўчэнкі іх сотні… Апроч таго — алейныя палотны. Апроч іх — прафесійныя графічныя афорты. Вось невялікае падсумаванне Шаўчэнказнаўства нашых украінскіх суседзяў… Вядома, што за больш чым 30 гадоў заняткаў мастацтвам у Тараса Шаўчэнкі налічваецца блізу 1200 працаў! З іх да сучаснікаў дайшло 835 (і некалькі спрэчных). Акварэляў — 210. Партрэтаў — 150 (з іх 43 — аўтапартрэты). Алейных малюнкаў і розных накідаў — больш за 230 (на 360-ці старонках розных рукапісаў ды альбомаў). Афортаў — 27… Менавіта незвычайныя дасягненні паэта ў афортным мастацтве дазволілі сучаснікам назваць яго «расейскім Рэмбрантам». Якраз за выкананне апошніх (афортаў) Тарас Шаўчэнка і стаў акадэмікам Імператарскай Акадэміі Мастацтваў увосень 1860 года, меней як за паўгода да смерці. (За гэтыя дакладныя падрахункі выказваю шчырую падзяку колішняму дырэктару музея-заказніка імя Тараса Шаўчэнкі ў Каневе, былому амбасадару Украіны ў Беларусі Ігару Ліхавому.)
Найпершае істотнае пажаданне для будучых выданняў малюнкаў Караткевіча — якасць ілюстрацый, паколькі ў выдадзеным 18-м томе Збору твораў яна не задаволіць не толькі мяне як рэцэнзента. Але гэта ўжо прэтэнзіі не да ўкладальніка Міхася Кенькі і кіраўніка праекту Анатоля Вераб’я, а да выдавецтва «Мастацкая літаратура», пра што мяркую напісаць у рэцэнзіі на яшчэ адно выданне 2020 года: «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва» аўтарства графа Канстанціна Тышкевіча (1806–1868; прадмова, пераклад з польскай мовы ўкладальніка Уладзіміра Васілевіча; пераклад і расчытванне лацінамоўных тэкстаў Алеся Жлуткі). У цудоўным паліграфічным выкананні яно пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука» пад кіраўніцтвам Станіслава Нічыпаровіча. Бясспрэчна, даруюцца нейкія хібы й недапрацоўкі ў 18-м томе Збору твораў Ул. Караткевіча, бо мы ідзём да лепшага, спасцігаючы сваю нацыянальную гісторыю. Бо, прынцыпова рахуючы, гэты том малюнкаў нельга лічыць «піянерскім», адкрывальніцкім што да мастакоўскага таленту Караткевіча, паколькі (як і адзначана ўкладальнікам М. Кенькам), першую спробу выдаць асобнай кніжкай частку малюнкаў пісьменніка зрабіў «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны». Кніга «Свет вачыма Караткевіча (малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы)» (уклад. В. Сіднякова. У. Кузубаў, I. Воранава, В. Пашковіч; Орша, 2006) упершыню шырока падала мастацкую спадчыну Караткевіча: там сабрана каля паўтары сотні малюнкаў. У 18-м томе, як сцвярджае ўкладальнік, «у спадчыне пісьменніка больш за 600 малюнкаў». Мяркую, у будучым гэтая лічба значна ўзрасце, бо толькі ў 18-м томе мною налічана каля 670-ці аўтарскіх накідаў-замалёвак, эскізаў. Аднак паверце, што і гэта далёка не канчатковая лічба, паколькі тут не пададзеныя цэлыя адзінкі захавання дзённікаў і запісных кніжак пісьменніка, не кажучы пра пакуль не выдадзеную эпісталярную спадчыну.
Дарэчы, у працэсе выдання Збору твораў адбыліся пэўныя перастаноўкі. Як можна меркаваць з першапачатковага плану, апублікаванага ў 1-м томе, паслядоўнасць тамоў меркавалася наступная: «… т. 15–17 — сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, лібрэта; т. 18–19 — лісты; т. 20 — малюнкі; т. 21–22 — дзённікі, запісныя кніжкі; т. 23–24 — дарчыя надпісы, новыя знаходкі…» Вось гэтыя «новыя знаходкі» і чакаюць нас яшчэ ў фінальных тамах Збору твораў, паколькі будуць выяўленыя не толькі малюнкі-эскізы, але і вершаваныя творы (адзін з іх друкуецца напрыканцы артыкула). Наогул выдатную ацэнку таленту Караткевіча-мастака даў Рыгор Барадулін у эсэ «I коскі з месца не зрушу!» (Барадулін, Р. Аратай, які пасвіць аблокі. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 1995. — С. 201): «А мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, ці ўлюбёна-рамантычна, ці здзекліва-гратэскна. Пушкінскія накіды на палях рукапісаў выдадзены неаднаразова. Пара і нам пабагацець душой і выдаць малюнкі пяром, накіды, шаржы Уладзіміра Караткевіча. Скарбы гэтыя раскіданы па ўсёй Беларусі, па краінах былога Саюза, яны ў сяброў і прыхільнікаў вялікага пісьменніка». Гэтую думку працягнуў іншы паэт-сучаснік, Уладзімір Някляеў. Калі сёлета на Вялікдзень-2020 году я прынёс яму гэты 18-ы том малюнкаў, пісьменнік ва ўдзячным лісце адзначыў: «Пра тое, што Уладзімір Караткевіч не толькі файна пісаў, але яшчэ і някепска падмалёўваў напісанае, ведалі ўсе ягоныя чытачы. Але наўрад ці яны лічылі яго мастаком. Аматарам, ілюстратарам. Малюнкі, сабраныя ў 18 томе Збору Твораў Караткевіча, засведчылі, што гэта не так. Што ён мастак. Прычым, мастак таленавіты. І гэты факт не засланяецца цяпер нават ягоным выбітным талентам пісьменніка». І калі мой зямляк з Ракава (дзякуючы якому браты Янушкевічы пазнаёміліся з аўтарам «Каласоў…») прафесар Вячаслаў Рагойша ашчадна захаваў паўтара дзясятка «малюнкаў-накідаў» ды напісаў цяпер пра гэта кнігу на паўтары сотні старонак («Дзесяць саг пра Караткевіча»; Мінск, 2020), мне робіцца балюча й скрушна ад страты, бо колькі ж магла пакінуць «сагаў»-успамінаў дачка нашага класіка Кузьмы Чорнага Рагнеда Мікалаеўна Раманоўская (1928–2010). Паколькі ў рупліва сабраным ёю хатнім архіве, якім цяпер дбайна апякуецца ўнук нашага генія і сын Рагнеды — Мікалай Раманоўскі — налічваецца… паўтары сотні накідаў-малюнкаў! Добрая 1/6 частка гэтага ўнікальнага тома. Такі колькасны феномен, з немаведама якой прычыны, не аднатаваў у сваіх каментарах укладальнік Міхась Кенька. Так што, паважаныя айчынныя мастацтвазнаўцы — да працы!
* * * У славутым эсэ «Зямля пад белымі крыламі», перакладзеным на паўдзесятка еўрапейскіх моваў, на адной са старонак аўтар палемічна запярэчыў: «...Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд, яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра». Магчыма, што якраз у тыя часы паўсталі пад ягонай рукою радкі, практычна «зашыфраваныя» у адным з нататнікаў, што хутчэй нагадваў не запісную кніжку пісьменніка, а тэлефонны даведнік.
Будучае стагоддзе з дня нараджэння незабыўнага Уладзіміра Караткевіча (2030 год), відаць, будзе сустрэта ці не 30-томнікам. І паверце, тут гаворка ідзе не пра колькасць тамоў, а менавіта — запатрабаванасць нацыі.
Мне, ужо немаладзёну, прыгадваецца, як пры жыцці класіка святкавалася ягонае 50-годдзе… 1980 год. Выдадзены марны двухтомнік твораў празаіка. Марны — ва ўсіх сэнсах. На шэрай благой паперы. Томікі былі таўшчынёю з палец, але нават каб набыць іх, давялося выстаяць чаргу ў Цэнтральнай кнігарні сталіцы. Народ проста расхопліваў кнігі Караткевіча! Праз лічаныя гады пасля гэтага двухтомнага набытку наша матуля, запісаная ў «Таварыстве кнігалюбаў», найшчаслівая вярнулася неяк у радзімым мястэчку з працы дахаты: «Зірніце, што я сёння ў саўгаснай канторы набыла! „Чорны замак Альшанскі“ Уладзіміра Караткевіча! І як удала. Бо яшчэ шэсць тамоў Н. упрыдачу далі... І ўсё гэта меней чым за 10 рублёў…» (мелася на ўвазе пазіцыя «Іван Навуменка. Збор твораў у 6-ці тамах»; 1981–1984).
Так, сведчу: набыць (здабыць!) выданні Уладзіміра Караткевіча напрыканцы мінулага стагоддзя лічылася шчасцем. З такім здабыткам — яшчэ адным асобнікам рамана «Чорны замак Альшанскі», аздобленым непаўторнымі ілюстрацыямі Пятра Драчова і прэзентаваным мне тагачасным дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхалам Дубянецкім (вось хто моцна падтрымаў-заангажаваў творцу ў зыходныя ягоныя зямныя гады!) — выправіўся я на Вялікдзень-1984 г. з братам Фэліксам у санаторый «Аксакаўшчына», што ў ваколіцах радзімага Ракава. Пісьменнік пакінуў нам на памятку аўтограф:
Гэткае пажаданне («узляцець высока-высока») творца песціў для ўсяго роднага народа, праз усё сваё натужлівае творчае жыццё Асветніка, прыбіраючы з гістарычнай дарогі Беларускай Нацыі «камяні няведання», пра што ўласнаручна засведчыў у адной з апытальных анкетаў: «Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам — выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І — у сучасным — працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцяў — грамадства здолее ўсё».
Зробленае пісьменнікам у няпросты падсавецкі час відавочна дае плён, калі ў цяперашнюю эпоху народавыяўленчых настрояў на вуліцах і праспектах нашых мест і мястэчак мы можам сустрэць на плакатах выказванні: «Мой каардынатар — У. С. Караткевіч»; «Галасы пад сярпом тваім»; «Галоўным быў не хлеб! Галоўнай была свабода!» Ул. Караткевіч; «Прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых — магчыма. Але з моцных ён нарадже волатаў!» Ул. Караткевіч. Геній айчыннага прыгожага пісьменства і пасля заўчаснай смерці вяртае свайму «Вялікаму Беларускаму Народу» веру ў сябе. Сваёй любоўю і тысячамі малітоўных радкоў вяртае да дому блудных сыноў Айчыны. Вяртае Веру, Годнасць, Памяць і Пашану да Продкаў — гэтак патрэбныя нам на шляху да Беларусі ў ХХІ стагоддзі.
|
|
|