|
Маці
Быў вечар, брукаваная дарога.
Касцёл бяззвонна вернікаў чакаў.
На рукі маці падняла мяне малога,
І я лагодна на руках матулі спаў.
Ды раптам гук аргана, гук з нябёсаў
Ўва мне, маленькім, нешта разбудзіў.
На абразах убачыў слёзы-росы,
Баяўся плакаць — моўчкі галасіў.
А маці… малітоўна склаўшы рукі,
Да сэрца прытуліла немаўля,
І раптам я пачуў другія гукі.
Не, гэта быў не шчокат1 салаўя:
То голас Бацькаўшчыны нашай
На зразумелы ў нотах лад
Да подзвігаў — а як іначай —
Будзіў бездапаможных немаўлят.
Магутны Божа, ты праз Маці,
Праз словы мудрых святароў
Не даў загінуць мне, дзіцяці,
Не даў нам зруйнаваць муроў,
Дзе кожны камень і цагліна —
Кавалкі прашчураў душы;
Хацеў чужынец з іх магілы
Зрабіць — ды сам у іх спачыў.
О дзеці Бацькаўшчыны нашай,
Хай слова матчына для вас
Не будзе гукам учарашнім,
А гімнам будучых прыўкрас.
|
Малітва
О Дзева Маці, Маці Бога,
Выратавальніка людзей!
Я да Твайго прыйшоў парога,
Парога ўсіх маіх надзей.
Я галаву сваю схіляю
У малітоўным пачуцці.
Чаму так доўга дазваляла
Мне ў цемры да Цябе ісці?
Ці ж мне грахі, як цяжкі камень,
На схіле дзён маіх насіць?
Мае грахі — мой плач, мой лямант.
Чым веру ў сэрцы ажывіць?
Хай Дух Святы, сышоўшы з неба,
Вядзе да праўды за сабой.
О як любіць, як верыць трэба,
Што не пакіне цябе Бог!
Святая Дзева, кожнай Маці,
Якой Пан Бог дае дзіцё,
Дай сілы, моцы, благадаці,
Каб захаваць яму жыццё.
Яно маўчыць, ды вусны шэпчуць:
«Я ёсць ужо, я Божы дар.
Я вырасту, падстаўлю плечы,
Я свету буду гаспадар.»
Святая Дзева, кожнай маці –
Той, што праводзіла на бой
Сваіх сыноў, не дай адняці
Іх плоці маладой, жывой.
Не дай у скрусе ёй схіліцца
Над курганом, пад крумкачом,
Дай сілы ёй, каб памаліцца
Аб тым, хто сцяты быў мячом.
О Дзева Маці, дай жанчыне
Мужчыну годнага ў пасаг,
Каб праз жыццё, пакуль не згіне,
Насіў яе ён на руках.
Каб на руках сваіх — пасцелі –
Дадому велічна прынёс.
Сам Валадар няхай пасцеле
Ім па жыцці прыгожы лёс.
Каб вечарам памыў ёй ногі
Муж стомлены з дарогі сам,
Дай сілы, Дзева, дапамогі
І ўлады не давай рабам,
Каб таямніцаў Валадарца
Жанчыну вечна чараваў,
Каб вусны сталі мёдам царства
З тых кветак, што з яе сарваў.
На цвінтары, калі прыдзецца
Над любым галаву схіліць,
Сляза з слязою хай сальецца,
Хай свечка вечнасці гарыць.
|
* * *
І колькі век зямны свой доўжыць буду,
І колькі вусны будуць дыхаць год,
Малюся: дай пакроў зямному люду,
Маёй зямлі. Мой не забудзь народ.
|
Гімн
О Маці мая Беларусь,
Я сын твой, ваяр-беларус,
Я, быццам распяты Хрыстос,
З нябыту, з няпраўды ўваскрос.
Мой сцяг — мая чыстая кроў
На белых далонях тваіх.
Яго для нашчадкаў збярог,
Ён прашчураў гонар маіх.
Ні горкая зорка Палын,
Ні чорны чарнобыльскі дым
Не згасяць надзеі мае,
не засцяць надзеі твае.
Я клятву даў маці маёй
На вечную лучнасць з зямлёй,
Каб Вера, Надзея, Любоў
Дачок гадавалі, сыноў.
О Маці мая Беларусь,
Я сын твой, ваяр-беларус.
Я, быццам распяты Хрыстос,
З нябыту, з няпраўды ўваскрос.
|
Кнігар
Сівы кнігар у чорнай світцы
Пергамена аркуш на стол паклаў.
Здавалася, ён столькі напісаў
І засталося толькі памаліцца,
Каб тэкст стары нанова ажывіць.
Але — але рука дрыжыць,
Заблыталіся думкі. Што такое?
З чаго пачаць? Дзе тыя аз і букі?
Як перадаць Святога Духа гукі?..
«Прашу, Айцец, благаславі на тое».
Але няўмольна час бяжыць,
І свечкай трэба даражыць,
Каб ад яе святло не згасла.
«О Божа, першае дай слова,
Перапішу ўвесь тэкст нанова.
Дзе благадаць твая, дзе ласка?..»
Ды кафедральны звон маўчыць:
Маўчанне трэба заслужыць.
І вось — і вось: з нябёсаў мова:
«Пішы, кнігар, каб люд навекі,
Пакуль нябёсы ёсць і рэкі,
Запомніў, што было спачатку Слова,
Але няўмольна час бяжыць…
Памерці лёгка — цяжка жыць».
|
* * *
На вогнішчы знайшоў я вугаль чорны,
Ды не зусім: у ім яшчэ жывы
Дух полымя, цяпла. Ён непакорны
Перад жалеззем касьбяра крывым.
У сэрцы палымяным спаленага звонку
Яшчэ дубровы шум і гаю шэпт.
Яшчэ не скончыў ён, не скончыў ён гамонку,
Хоць больш няма ў яго былых высокіх мэт.
Але сваёю іскраю апошняй
Запаліць ён нязведаны агонь.
О мой народ! Майго народа пожні,
Ужо да вас імчыць яздзец2 «Пагонь».
|
Эміліі Плятэр
Памірала… Як цяжка пісаць
Пра жанчыну «яна памірала».
Лепш самому пад свечкай грымотнай згасаць,
Толькі каб яна род прадаўжала.
О ліцвінка, о сэрца маё,
Праз цябе яно б’ецца жывое,
Хоць нявечылі ворагі цела тваё,
Цела гнуткае і маладое.
Шаблю рукі трымалі, як шчыт, што дзіця
Бараніў ад вятроў-завірухаў.
Там я быў ненароджаны, маці-зямля
Адчувала ў сабе мае рухі.
На мяжы, на мяжы старадаўняй Літвы
Дух яе пакідаў нескароны;
І гарэлі кастры для яе галавы
Ў ночы той, як сапфіры ў кароне.
Як бацькі, нахілілі галовы свае
Прад іконаю Дзевы Марыі,
Клятву вечную ўсе касінеры далі,
Загучала іх зброя званамі,
І азваліся нетры радзімы-зямлі,
Што так доўга ў зняменні маўчалі:
«Покуль шабля Касцюшкі на сонцы гарыць,
Пакуль промні яе ацаляюць,
Дух народа майго палымець будзе, жыць,
Бо над ім крылы праўды лунаюць».
Мне з дзяцінства ўбівалі ў маю галаву,
Што мужык, бедалага спрадвечны, —
Прашчур мой. Не, мой прашчур насіў булаву,
Гарнастаем3 ачольваў ён плечы.
О Эмілія! Кожны на свеце народ
Сваю мае Мадонну-жанчыну,
І пакуль будзе доўжыцца слаўны наш род,
Будзем ведаць: нас Бог не пакінуў.
|
Прарок
Нілу Гілевічу ў дзень святкавання юбілею філалагічнага факультэта БДУ, дзе народнаму паэту не далі слова. У 1990 годзе, займаючы пасаду старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, народны паэт адваяваў для філолагаў БДУ гэты будынак.
У храме нашае славеснае навукі
Натоўп сабраўся нешта святкаваць.
Гучала музыка, усе ўзнімалі рукі
І рваліся прамовы прамаўляць.
А сярод нас прарок сядзеў ссівелы,
Ён гэты храм — нашчадкам запавет —
Адваяваў, ішоў за праўду смела,
І горда называўся ён паэт.
Тут фарысеяў, кніжнікаў, спявучых
Набраўся цэлы сонм. Ён — не для іх.
Яны не чуюць гукі слоў гаючых,
Ім хопіць ляскаточынаў сваіх.
Тут лёгка на сумленне пазабыцца,
Нашто яно, якая ў ім карысць?
У сто разоў лягчэй сабой упіцца,
Спрытней сядзець ля місак ды карыт.
Нашто ім будаваць тут храм, абіцель?
Чартог кватэры — найвялікшы дар жыцця,
Яны забыліся, за што аддаў Збавіцель
Сябе, вы, людзі небыцця.
На крыж пакутаў Ён ступіў, каб верыў
Народ выратавальнікам сваім,
Прарока слова каб вышэйшай мерай
Гучала звонам і жыло б у ім.
Натоўп маўчаў. Ніхто не даў ні слова
Прамовіць старцу. Горда ён узняў
Сваё чало і поступам суровым
Пакрочыў сам, адзін. Ніхто не ўстаў.
Пракляццяў не было ані дакору.
Прарок народ не можа праклінаць.
Ды праз маўчанне вуснаў, непакору
Ён будзе абуджаць яго, склікаць.
|
Калыханка
Вейкі, вейкі — вочкі, вочкі…
Спаць не хочацца, хаця
Вецер гойдае лісточкі,
Маці гушкае дзіця.
Засынай, мой месяц ясны,
Княжыч мой і гаспадар.
Заўтра будзе дзень прыўкрасны,
Засынай, мой Божы дар.
Ангел светлы, ангел Божы,
Ахіні яго крылом.
Дабрыня хай дапаможа
стаць табе ў жыцці арлом.
Зоркі неба, чараўніцы,
Вы — карáлі вешчых сноў.
Хай сынку майму прысніцца
Шчасця кветачка ізноў.
Спяць пад елкай зайчаняткі,
Лісяняткі — у нары.
Засынай, маё дзіцятка,
Свечка вечнасці гарыць.
|
Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: «НЕ, МОЙ ПРАШЧУР НАСІЎ БУЛАВУ...» ::
- Шчокат (ц.-сл. ‘щекот’) — як метафара салаўіны «щекот» (посвіст) мог азначаць набліжэнне грымотаў, буры.
- Яздзец (старабел. ‘ездец’) — рыцар, вершнік. Слова «ездец» шырока выкарстоўваў Францыск Скарына, а таксама складальнікі беларуска-літоўскіх летапісаў. Сімяон Полацкі ўжываў выраз «ездец литовский» у значэнні герба «Пагоня».
- Гарнастай — тут выкарыстоўваецца як метанімія. Мех гарнастая сімвалізаваў прыналежнасць да чысціні, бязвіннасці. Мантыя з меху гарнастая з’яўлялася атрыбутам каралеўскай улады. Такім мехам упрыгожвалі і плечы нашых славутых ваяроў — напрыклад, Хадкевічаў, — з мэтаю падкрэсліць высакароднасць іх паходжання.
|
|