|
|
№
4(94)/2020
Асобы
Спадчына
Асобы
Тэалогія
Навука
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія
Інтэрв’ю
Размова Алены СЯМЁНАВАЙ-ГЕРЦАГ
з аўстрыйскай пісьменніцай
Ленэ МАЙЕР-СКУМАНЦ
КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
1 жніўня 1990 г. з вагона цягніка, які прыбыў з Варшавы ў Гродна, выйшаў сярэдняга росту хударлявы пасажыр ужо ў сталым веку, з невялікай валізкай у руках. На пероне людзей было даволі, і тыя з іх, хто кідаў позірк на мужчыну, адразу сцішвалі хаду і глядзелі яму ўслед, бо на яго чорнай кашулі вылучалася каларатка. Гэты элемент адзення пераважная большасць савецкіх грамадзян бачыла толькі ў фільмах, а той факт, што святар не тоіцца свайго стану, для некага быў выклікам, у некага абуджаў звычайную цікаўнасць, але самыя празорлівыя, напэўна, маглі ўбачыць ў ім яшчэ адзін знак пераменаў, якія адбываліся ў СССР у кантэксце гарбачоўскай «перабудовы». — А. Юзаф Пятушка. Я прыехаў у Барысаў 3 жніўня 1990 года, а ўвечары ўжо цэлебраваў святую Імшу. Гэта быў будні дзень, пятніца, таму людзей у касцёле сабралася зусім мала. Ніхто з парафіянаў аб маім прыездзе не ведаў, але, як звычайна, яны прыйшлі ў святыню на малітву. Затое праз дзень, на нядзельнай Імшы, вернікаў было ў разы больш: людзі адзін адному перадавалі нечаканую і радасную для іх навіну, што ўжо маюць святара. Праўда, у асноўным гэта былі жанчыны сталага веку. Сам касцёл — выкарыстаю выраз мітрапаліта — быў у вартым жалю стане. Апошнія гаспадары і гады запусцення пакінулі пасля сябе абдзертыя, з падцёкамі сцены, на якіх, тым не менш, захаваліся сляды ад абразоў, дольны касцёл быў завалены будаўнічым друзам і бітай цэглай. Вернікі за кароткі час пры мінімальных фінансавых магчымасцях, як маглі, прывялі памяшканне касцёла ў парадак: вывезлі смецце, зашклілі вокны, трохі падрамантавалі дах. Але было ясна, што аб’ём працы па поўным аднаўленні святыні будзе проста вялізны. Не, мяне не ахапіла паніка. Я ведаў, што Пан Бог гэты свой дом дапаможа вярнуць да жыцця. Я думаў толькі пра тое, колькі часу і фінансавых сродкаў для гэтага спатрэбіцца, а паколькі яшчэ не запазнаўся ні з кім з парафіянаў, то і пытанне аб іх актыўнасці ў аднаўленні святыні заставалася для мяне адкрытым.
— Яраслаў Чапля: Успамінаю 1990-я гады, калі пачалося адраджэнне Касцёла на Беларусі. Тады ў святынях былі ў асноўным два пакаленні вернікаў — старэйшае, якое памятала касцёл яшчэ да яго зруйнавання… — Але пытанне: што яно памятала? У Барысаве быў адзін мужчына, які на святой Імшы заўсёды плакаў, бо памятаў, што маці, якую савецкая ўлада вывезла і знішчыла, вучыла яго, як складаць рукі падчас малітвы. Толькі гэта і засталося ў яго памяці. Ён вяртаўся да гэтага перажывання, і ўрэшце ў яго сэрцы з маленькай іскры разгарэўся агонь хрысціянскай веры.
— …І было шмат моладзі. — Гэта праўда. У самай цяжкой сітуацыі апынулася сярэдняе пакаленне, якое мела страх перад рэлігіяй. Прадстаўнікі гэтага пакалення ўспрымалі яе як набор знаёмых абрадаў і малітваў. Казалі мне, што ўжо няздольныя навучыцца ўсяму гэтаму, бо гэта выходзіла за межы іх разумення Касцёла. Гаварылі, што «якімі ёсць, такімі ўжо і застанемся. Няхай нашыя дзеці вучацца рэлігіі». Таму было вельмі цяжка некага пераканаць, растлумачыць яму, што Касцёл — гэта не толькі рэлігійныя абрады. Адказвалі на гэта, што не маюць часу, каб прыпыніцца і пераасэнсаваць сваё бачанне. Уцякалі ад гэтай праблемы.
— Якія ў той час былі формы ўдзелу маладого пакалення ў будаўніцтве жывога Касцёла? У чым і як праяўлялася рэлігійнасць моладзі? — Моладзь ахвотна ўдзельнічала ў літургічным жыцці. Кожную нядзелю яна прысвячала Богу, мы сустракаліся з ёю на Эўхарыстыі. Гэта самае галоўнае. Натуральна, арганізоўваў для яе іншыя сустрэчы, рэкалекцыі, якія паглыблялі веру. Маладыя людзі актыўна ўключаліся ў жыццё парафіі. Яны фактычна былі «рухавіком» яе аднаўлення. Разам з моладдзю, найперш школьнікамі старэйшага ўзросту, мы добра праводзілі іх канікулы. Любілі падарожнічаць. Аднаго разу паехалі на Глыбоччыну. Моладзь спявала шмат рэлігійных песень, ксёндз марыянін Ян Бабіцкі праводзіў катэхезу. У ёй з ахвотай бралі ўдзел абсалютна ўсе, у тым ліку і настаўнікі, якія дагэтуль не мелі з Касцёлам нічога агульнага. Яны былі вельмі ўзрушаны, што на Беларусі ўжо існуе такая рэлігійная рэчаіснасць і што памкненні моладзі да яе вельмі дапасоўваюцца. Але найчасцей успамінаю паездку на VI Сусветны дзень моладзі, які адбыўся ў жніўні 1991 года ў Чэнстахове. Было вядома, што на гэтую грандыёзную сустрэчу маладых людзей з усяго свету прыедзе Святы Айцец Ян Павел ІІ. Гэта быў для беларускай моладзі — не толькі каталіцкай — унікальны шанец, абумоўлены геаграфічным становішчам падзеі сусветнага маштабу. Не скарыстаць гэтую цудоўную магчымасць злучыцца ў малітве з Папам было б мне, як душпастыру, недаравальна, тым больш што колькаснага абмежавання ўдзельнікаў паездкі не існавала. Касцёл і ўрад Польшчы пайшлі тады на беспрэцэдэнтны крок і запрасілі з Савецкага Саюза, які дажываў апошнія дні, да 100 тысяч пілігрымаў, гарантуючы ім спрошчаны візавы рэжым, бясплатны праезд па тэрыторыі краіны, таксама бясплатнае размяшчэнне і харчаванне. Не маю інфармацыі, колькі хлопцаў і дзяўчат выехалі ў пілігрымку з БССР, але з усяго Савецкага Саюза іх было каля 80 тысяч. Я зрабіў усё, каб пра выезд у Чэнстахову даведалася як мага больш людзей. У выніку запісалася — не паверыце — дзве тысячы маладых людзей. Я разумеў, што непасрэдна моладзевы форум і нават магчымасць пабачыць і паслухаць Яна Паўла ІІ для многіх не было галоўным. Проста хлопцы і дзяўчаты атрымалі магчымасць выехаць за мяжу. Гэта гадоў праз пяць, калі трапіць у заходнюю краіну-суседку мог кожны па агульнаграмадзянскаму пашпарту, купіўшы на мяжы паперынку пад назвай ваўчар, у нейкага жартаўніка нарадзілася фраза: «Курица не птица, Польша не заграница». А ў 91-м Польшча з’яўлялася сапраўдным замежжам, трапіць у якое было за шчасце. Але я не мог усіх жадаючых запісаць у пілігрымку аўтаматычна. На мне была маральная адказнасць за ўключэнне ў групу людзей як мінімум без шкодных звычак, адэкватных, разумных. Пажадана хрысціянаў, але гэта не было абавязковай умовай. Я мусіў асабіста сустрэцца з кожным, хто запісаўся. Гэтыя гутаркі даліся мне вельмі няпроста. Я быў у рэшце рэшт знясілены маральна і фізічна. Аднаго разу падчас святой Імшы нават страціў прытомнасць. У выніку палове жадаючых прыйшлося сказаць: «Не крыўдуйце, але зараз паехаць з намі вы не можаце». Я меў даволі дабрадзеяў і дзякуючы ім паехаў у Мінск ва ўпраўленне Беларускай чыгункі з 21 тыс. рублёў — яшчэ, нагадваю, савецкіх — каб замовіць спецыяльна для нашых пілігрымаў прамую электрычку Барысаў — Брэст, якая б на сваім шляху не рабіла прыпынкаў. Ад майго з’яўлення з такой сумай грошай і з такой просьбай чыгуначнае начальства было ў шоку. Але нічога — пасядзелі, пагаварылі, паразумеліся. У прызначаны час наш персанальны электрацягнік стаяў на пероне, але 300 чалавек на яго ці то спазніліся, ці паехаць ім нешта перашкодзіла. Мяркую, што ў кожнага з іх для гэтага былі важкія прычыны, але мне ўсё роўна і сёння шкада, што яны сябе абдзялілі і духоўна, і эмацыянальна. Ну а тады, прызнацца, я ў глыбіні душы адчуў палёгку, бо разумеў, што ўзваліў на сябе велізарныя адказнасць і клопат. Бо не ўяўляў, якім чынам, напрыклад, размясціць на начлег столькі людзей. Але я цалкам аддаўся волі Пана Бога і меў надзею, што мая авантура з паездкай у Чэнстахову такой колькасці вельмі розных і — будзем глядзець праўдзе ў вочы — у многім выпадковых людзей скончыцца без эксцэсаў, на высокадухоўнай ноце. Так урэшце і атрымалася. Вельмі многія ўдзельнікі той пілігрымкі да сённяшняга дня ўспамінаюць яе як вельмі светлую падзею ў сваім жыцці. А я з гонарам паказваю ўсім фотаздымак са святой Імшы, якую цэлебраваў Святы Айцец. Ён зроблены з-за спіны Папы, таму добра відаць людское мора перад алтаром Пана. І ў гэтым моры, якое стракаціць сцягамі і таблічкамі з назвамі мясцовасцей, адкуль прыбылі пілігрымы, ёсць і таблічка са словам «Барысаў», а побач з ёю бел-чырвона-белы сцяг. Такой жа запамінальнай, хоць і непараўнальна меншай па колькасці ўдзельнікаў, была пілігрымка і на Сусветны дзень моладзі, які адбыўся ў 2000 годзе ў Рыме.
— Цікава, айцец Юзаф, а моўнай праблемы ў Вас не было? Якой мовай Вы найчасцей карыстаецеся — беларускай, рускай? — У васьмідзесятыя гады, незадоўга да пераезду ў Барысаў, я паехаў са скаўтамі ў Францыю. Мову ведаў, у касцёле нават казанне меў па-французску. Але пасля Імшы адзін парафіянін зрабіў мне заўвагу, што мая французская слабаватая. За маю рускую мяне ніхто не крытыкаваў. Але аднаго разу я даваў інтэрв’ю на радыё. Калі яго праслухаў, то быў сабою, мякка кажучы, расчараваны: зразумеў, што мая руская мова яшчэ горшая за французскую. Але я старанна прымнажаў слоўнікавы запас, дбаў пра вымаўленне. Нейкі час нават займаўся з настаўніцай рускай мовы. А калі да гэтага дадаць, што найчасцей мы з суразмоўцамі карысталіся паралельна яшчэ адной мовай — ад сэрца да сэрца — то заўсёды разумеліся. Ну а з беларускай — так, праблема. Мае высілкі нічога не далі — размаўляць на ёй не магу. Хаця, калі чытаю і слухаю, то ўсё разумею. І святую Імшу па-беларуску цэлебрую свабодна.
— Цікава, якую мову жадалі чуць у барысаўскім касцёле парафіяне ў пачатку 1990-х? — Імі зусім натуральна ўспрымалася польская мова, хаця яе мала хто ведаў.
— І гэта ў Барысаве, самым цэнтры Беларусі, дзе ўлада Рэчы Паспалітай скончылася дзвесце гадоў таму! — Нічога дзіўнага: па-першае — вусная традыцыя, бо з 1937 года, калі святыня ў католікаў была адабраная, малітвы ад пакалення да пакалення перадаваліся вусна і толькі па-польску. А па-другое — адсутнасць выбару. Людзі ж больш як сорак гадоў увогуле не мелі магчымасці ўдзельнічаць у святой Імшы, не тое што чуць у касцёле беларускую мову. Я, як мог, уводзіў у касцёл беларускую мову. Тады ўжо пачала працу камісія па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, створаная яшчэ кардыналам Казімірам Свёнткам.
— Я быў членам яе першага складу і памятаю, як няпроста даваліся гэтыя пераклады, якімі намаганнямі выпрацоўвалася беларуская лексіка літургічных тэкстаў і малітваў. А колькі спрэчак ішло адносна нават некалькіх слоў, не кажучы ўжо пра большае. Напрыклад, як лепш казаць — «Баранак Божы» ці «Ягнё Божае»? Або якое слова — Пан, Госпад або Гасподзь — найбольш дакладна адпавядае беларускай нацыянальнай каталіцкай традыцыі? — Ну вось, так што Вы разумееце, якія праблемы мелі тыя ксяндзы, якія ў незалежнай Беларусі вырашылі карыстацца ў касцёле беларускай мовай. Мне, напрыклад, асобныя тэксты перакладала з польскай на беларускую настаўніца Алена Якушэўская, якая неўзабаве стала нашай актыўнай парафіянкай.
— Нехта мне казаў, што ў Барысаве Вы доўгі час жылі непасрэдна ў касцёле. Я стараюся зразумець — дзе? — У адной з вежаў — той, дзе знаходзіцца сакрыстыя. У ёй стаялі драбіны на другі паверх. Там ёсць невялікае памяшканне — каля 10 квадратных метраў, — якое я прыстасаваў пад сваё жытло. Грошы — і вялікія! — былі патрэбны на рамонт святыні, так што адскубваць з іх яшчэ і на арэнду кватэры не меў маральнага права. Праўда, я мог атрымаць яе дарма: Барысаўскі гарвыканкам двойчы хацеў даць мне двухпакаёвую кватэру. Я быў вельмі ўдзячны гарадскім уладам за такі клопат, але ад падарунка адмовіўся: па-першае, у мяне хоць у вежы, але быў свой пакой, у той час як многія жыхары горада не мелі ўвогуле ніякага жылля. І тая кватэра некаму была больш патрэбна. А па-другое, я лічыў абавязковым захаваць незалежнасць ад улады. Пагадзіцеся, для святара гэта вельмі важна. Падобна на тое, што ў гарвыканкаме маю пазіцыю зразумелі і прынялі. Ва ўсякім выпадку і са старшынёй гарвыканкама, і з іншымі чыноўнікамі ў мяне былі добрыя стасункі. Можа, не заўсёды бясхмарныя, час ад часу кожны з бакоў «выпускаў кіпцюры», але неканструктыўнымі нашы адносіны я назваць не магу.
— А ў сітуацыі з атрыманнем зямлі пад будаўніцтва касцёла ў Нова-Барысаве чаго было больш — усмешак ці «кіпцюроў»? — Мабыць, другога. Справа ў тым, што гарадскія ўлады былі гатовыя выдзеліць плошчу пад новую каталіцкую святыню, але даволі доўгі час прапаноўвалі месцы дзесьці на выселках. Я ж даводзіў, што гэта непрымальна, бо Дом Божы не павінен быць адарваны ад таго месца, дзе людзі жывуць, і што наведванне касцёла нельга ператвараць у крыжовы шлях вернікаў, асабліва пажылых людзей. Урэшце быў знойдзены варыянт, які задаволіў і мяне, і гарвыканкам. Плошчу пад будаўніцтва касцёла далі на цэнтральнай магістралі пры ўездзе з боку Мінска, побач з мікрараёнам, у якім жывуць тысячы гараджан. Цяпер, калі святыня ўжо стаіць, відавочна, што яна ўпрыгожвае Барысаў, а для вернікаў яе месцазнаходжанне вельмі зручнае.
— Вы сказалі, што новы касцёл Спаслання Святога Духа ўпрыгожвае Барысаў. Падобна на тое, што неўзабаве ён стане адной з візітовак горада. Пробашч парафіі ксёндз Аляксей Раманчук не толькі пабудаваў касцёл, але і прыкладае шмат высілкаў, каб у ім было прыгожа, годна, гарманічна. Сярод фундатараў новай барысаўскай святыні нямала і замежных. Так, лаўкі прывезены аўстрыйскага Санкт-Пёльтэна, фігуры ў чалавечы рост — укрыжаванага Езуса Хрыста і святых — з касцёла св. Тэрэзы Авільскай з галандскага Эйндховена. З-за малой колькасці вернікаў касцёлы ў розных краінах Еўропы зачыняюцца, а на сакральных прадметах, аб’ектах дэкору святынь існуе прыбытковы бізнес: яны скупляюцца фірмамі, а потым перапрадаюцца. Дзякуючы асабістым сувязям ксяндза Аляксея і добрай волі многіх людзей фігуры, вырабленыя каля ста гадоў таму, у Барысаў прыехалі ў якасці падарунка, так жа, як люстры з Польшчы, электрычны арган таксама з Эйндховена, мармур, незвычайнай па прыгажосці тэкстуры, з Італіі… Так што новай святыняй, да ўзвядзення якой Вы спрычыніліся на самым першым этапе, горад яшчэ будзе ганарыцца. — Шчыра кажучы, мне крыху шкада, што Кангрэгацыя марыянаў па прычыне адсутнасці фінансавых рэсурсаў адмовілася ад будаўніцтва касцёла ў Нова-Барысаве. Але гэта ўва мне гаворыць, што называецца, «карпаратыўны інтарэс». Галоўнае, канешне, што Каталіцкі Касцёл на Беларусі атрымаў яшчэ адну святыню, выбудаваную дзякуючы, у першую чаргу, пробашчу парафіі ксяндзу Аляксею Раманчуку.
— Але ж Вы, айцец Юзаф, далі жыццё не толькі двум касцёлам у Барысаве. Я маю рацыю? — За касцёл у Талачыне таксама прыйшлося пазмагацца. Але асабліва шмат сіл вымагала будаўніцтва касцёла ў Крупках — першай каталіцкай святыні ў гэтым населеным пункце за ўсю яго гісторыю. Да Крупак з Барысава 45 кіламетраў, і іх адольваць даводзілася ледзь не штодня, нягледзячы ні на надвор’е, ні на стан здароўя: будоўлю ж не спыніш.
— Знаходзячыся між Усходам і Захадам, насельніцтва на нашых землях заўсёды жыло ва ўмовах узаемапранікнення культур, нацыянальнай цярпімасці і рэлігійнай талерантнасці. Міжрэлігійныя канфлікты, якія на тэрыторыі Беларусі не-не ды і ўзнікалі, не набывалі тут нацыянальнага маштабу, не былі масавым знішчэннем асобнай катэгорыі людзей і не неслі ў сабе нават прыкмет — крый Божа! — генацыду. Знешнім пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца цэнтральныя пляцы многіх гарадоў і мястэчак, дзе па суседству стаяць каталіцкія і праваслаўныя святыні. Але светаўспрыманне жыхароў гэтых населеных пунктаў у значнай ступені фарміравалі духоўныя асобы, якія былі пастырамі мясцовага люду — ксяндзы, бацюшкі, рабіны. Найчасцей кіраўнікі мясцовых рэлігійных супольнасцей калі і не сябравалі, то не канфліктавалі. Гэтая ўзаемапавага ці ўзаемацярплівасць накладвалі адбітак і на ўзаемаадносіны паміж суседзямі розных веравызнанняў. У зусім невялікім Нясвіжы, дзе і цяпер людзі ведаюць адзін аднаго, у 50-я — 60-я гады мінулага стагоддзя жыхароў было ў два разы менш — ад 6 да 7 тысяч. Гэта былі ў асноўным карэнныя нясвіжане, якія, нягледзячы на высілкі савецкай улады, трымаліся хрысціянскай веры і традыцый сваіх продкаў. А ўмацоўвалі іх у гэтым на працягу многіх дзесяцігоддзяў два пастыры — пробашч касцёла Божага Цела ксёндз прэлат Гжэгаж Каласоўскі і настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы, мітрафорны протаіерэй айцец Дзмітрый Хмель. Першы служыў ў нясвіжскім касцёле з 1939 г. да самай смерці ў 1991 г., другі — з 1949-га таксама да адыходу ў вечнасць у 2009 годзе. Яны ўсе гады працы ў Нясвіжы былі добрымі сябрамі. Пра гэта сяброўства, якое ўзмацняла іх пастырскае служэнне братэрскай хрысціянскай любоўю, у горадзе ўсе ведалі і яго вельмі цанілі. Для жыхароў горада і наваколля, дзе нямала змешаных сем’яў, такое сяброўства святароў дзвюх хрысціянскіх канфесій мела вельмі важнае духоўнае значэнне. Дарэчы, айцец Юзаф, калі Вы хлапчуком хаваліся ў Каралеўскім замку Кёнігсберга ад бомбаў і снарадаў, малады артылерыст Дзмітрый Хмель у складзе 3-га Беларускага фронта ўдзельнічаў у штурме горада. А потым Пан Бог паклікаў вас абодвух… Барысаў, вядома, вельмі адрозніваецца ад Нясвіжа — і па колькасці насельніцтва, і па нацыянальным складзе. Па аб’ектыўных прычынах прыхільнікаў каталіцкага веравызнання тут відавочная меншасць. Як складваліся Вашыя стасункі з мясцовым праваслаўным клірам, калі яны, зразумела, былі. — За тры гады да майго прыезду ў Барысаў сюды настаяцелем Свята-Уваскрасенскага кафедральнага сабора быў накіраваны протаіерэй Іаан Місяюк. Ён быў старэйшы за мяне на шэсць гадоў, дагэтуль служыў у цэрквах па ўсёй Беларусі. Мы з ім пазнаёміліся, па нейкіх агульных справах пачалі сустракацца і так незаўважна пасябравалі. Мы былі амаль аднаго ўзросту, нямала пажылі і пабачылі, нам было чым падзяліцца нават чыста па-чалавечы. А духоўнае служэнне дадавала тэмаў для абмеркавання. Мы былі з ім вельмі блізкія. Нярэдка спрачаліся, часам востра, але ніколі не сварыліся. Я стараўся аднавіць духоўнае жыццё католікаў Барысава і прылеглых мясцовасцяў, айцец Іаан рабіў тое ж для сваёй паствы. Ён быў вельмі шчырым і добрым чалавекам. Адна старэнькая жанчына казала: «Усе бацюшкі добрыя, а айцец Іаан — родны». Родным яго лічылі многія, бо і для яго прыхаджане былі роднымі людзьмі. Айцец Іаан пайшоў з жыцця ў 2018 г., але застаўся ганаровым настаяцелем барысаўскага Свята-Уваскрасенскага кафедральнага сабора. Думаю, што традыцыі, закладзеныя ім у дзейнасці прыходу, будуць развівацца і даваць добры плён. Адзін праваслаўны святар пераехаў у Барысаў з Ленінграда. Мы з ім таксама знайшлі шмат тэмаў для агульных гутарак. Ён і яго матушка вельмі адкрытыя і шчырыя людзі. Падчас святой Імшы за адзінства хрысціян матушка ў нашым касцёле заўсёды прыступала да святой Камуніі.
— Яна з каталіцкай сям’і? — Не, проста вельмі любіць Пана Бога. А калі вярнуцца да пытання аб узаемаадносінах з праваслаўнымі святарамі, то мяркую, што пасля сустрэчы ў Гаване 12 лютага 2016 г. Святога Айца Францішка і Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыла кантакты і супрацоўніцтва духоўных асобаў Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы будуць больш актыўнымі і плённымі, бо ў сумеснай заяве, падпісанай двума вышэйшымі іерархамі, напісана недвухсэнсоўна: «Мы не супернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны сыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у дачыненні адзін да аднаго і да знешняга свету. Заклікаем католікаў і праваслаўных ва ўсіх краінах вучыцца жыць разам у міры, любові і аднадумстве». Ад гэтага будзе карысць не толькі вернікам дзвюх канфесій, але і ўсяму свету. Бо выклікі нашага часу настолькі сур’ёзныя, што змагацца з імі трэба агульнахрысціянскім фронтам.
— Падчас адной з нашых сустрэч Вы сказалі, што столькі гадоў, як у Барысаве, на адным месцы нідзе не служылі. Як Вы для сябе ацэньваеце гэты час — амаль трэцюю частку свайго жыцця? — Я часта жартую: галоўнае, што мне дала Беларусь — гэта магчымасць так доўга жыць. Бо ўсе мае аднакурснікі, акрамя дваіх, ужо адышлі да Пана. А калі сур’ёзна, то я вельмі ўдзячны Богу за тое, што я мог быць гэтыя гады там, дзе насамрэч быў запатрабаваны і дзе мае высілкі далі канкрэтны плён. Не хачу, каб мяне западозрылі ў нясціпласці, таму адразу скажу: тое, што я пакідаю пасля сябе, — гэта не нейкая заслуга, а звычайнае святарскае служэнне, якое я мусіў выканаць і штодня рупліва выконваў. А вось тое, чаго не зрабіў, — гэта мой недахоп, а мо і грэх: мала маліўся, недастаткова працаваў, Не-не, ды і ўспамінаю адну дзяўчыну. Некалі малым дзяўчом яна прыходзіла ў касцёл на катэхезу, ды пасля першай Камуніі я яе больш не бачыў. З’явілася праз паўтара дзесятка гадоў з просьбай аб сакрамэнце сужэнства. Я прапанаваў ёй і яе нарачонаму наведаць заняткі па духоўнай падрыхтоўцы да гэтай важнай падзеі ў іх жыцці. І пачуў у адказ: «Нам нічога гэтага не трэба. Нас цікавіць толькі шлюб». Я, вядома, ёй у гэтым адмовіў. З тае сустрэчы мінула ўжо даволі часу, а я ўсё дакараю сябе, што нават не паспрабаваў зразумець прычыну такой катэгарычнасці маёй суразмоўцы, нічога не зрабіў, каб дапамагчы дзяўчыне асэнсаваць глыбіню сакрамэнтаў Касцёла, якія нам дадзены зусім не з утылітарнымі мэтамі. З гэтага прыкладу бачна, што мне ёсць у чым дакараць сябе.
— У 2007 г. вам быў уручаны медаль «Pro Ecclesia et Pontifice» — «За заслугі перад Касцёлам і Папам». Гэтая ваша ўзнагарода навяла мяне вось на якія разважанні. У Расійскай імперыі было звычайнай справай узнагароджанне святароў дзяржаваю. Гэтым самым адзначалася важная роля духоўных асобаў у гарманічным развіццці грамадства. Сярод ордэнаў Імперыі былі два — святой Ганны і святога Станіслава, — якімі даволі часта ўзнагароджваліся праваслаўныя і зрэдку (што зробіш, палітыка) каталіцкія святары. Падчас Першай сусветнай вайны структуры Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі сучаснай Беларусі шмат рабілі для падтрымкі бежанцаў і людзей, пацярпелых ад баявых дзеянняў, праводзілі збор сродкаў на карысць параненых і Чырвонага Крыжа. І хоць царскія ўлады імкнуліся абмежаваць дзейнасць Каталіцкага Касцёла, яго масавыя праявы міласэрнасці не заўважыць было немагчыма. Таму ў 1916 г. цар Мікалай ІІ унагародзіў ордэнам святога Станіслава 3-й ступені пробашчаў лагішынскага касцёла Г. Шацкага, Пастаўскага — А. Нянеўскага, Ваўмянскага — Л. Мілевіча, Гожскага — Л. Вайткевіча, капелана Дзвінскай ваеннай акругі ксяндза І. Беняша-Кржыўца, выкладчыка Закона Божага Пінскіх навучальных устаноў К. Букрабу, які пасля смерці біскупа Зыгмунта Лазінскага стаў Пінскім ардынарыем. Тым жа царскім указам ваенны капелан Брэст-Літоўскай крэпасці ксёндз Л. Адамкоўскі быў узнагароджаны ордэнам святой Ганны 3-й ступені, хаця за год да таго ён атрымаў ордэн святога Станіслава 3-й ступені. Я знарок пералічыў прозвішчы узнагароджаных ксяндзоў: па-першае, каб пацвердзіць сказанае, а па-другое, каб нагадаць сённяшнім вернікам пра святароў, якія служылі ў іх касцёлах сто гадоў таму. У Савецкім Саюзе духоўных асобаў дзяржаўнымі ўзнагародамі не адзначалі. Нават за выратаванне іншых коштам уласнага жыцця. Нават пасмяротна. Не ўзнагародзілі 11 сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія самі папрасілся ў гестапаўцаў пайсці на смерць замест 120 мясцовых жыхароў, прыгавораных немцамі да расстрэлу. Як не ўзнагародзілі і архімандрыта Аляксяндра Вішнякова, праваслаўнага святара з Кіева, які ў першыя месяцы нямецкай акупацыі ахрысціў шмат габрэяў, выдаўшы ім пасведчанні аб сакрамэнце хросту, чым уратаваў не адну габрэйскую сям’ю, а сам, выдадзены даносчыкам, быў расстраляны ў Бабіным Яры. Незалежная беларуская дзяржава ўзнагароджвае праваслаўных і каталіцкіх святароў прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у якой, згодна з Палажэннем аб прэміі, абмежавана колькасць намінантаў. І вось тут пытанне, айцец Юзаф: ці патрэбна святару дзяржаўная адзнака яго служэння? Вы казалі, што адмовіліся ад кватэры, прапанаванай гарвыканкамам, каб быць незалежным ад улады. А ордэн ці медаль — ці не ёсць яны своеасабліваю спробаю зрабіць святара «ўдзячным», каб ён па гэтай прычыне не заўважаў немаральных дзеянняў улады ці яе асобных функцыянераў? Прычым гэтае пытанне можна адрасаваць святару не толькі ў Беларусі, а і ў любой іншай краіне. — З Вашага пытання можна зрабіць выснову, што святар апрыёры знаходзіцца ў апазіцыі да дзяржавы і яна зацікаўлена, каб яго «падкупіць». Ні аб якой апазіцыйнасці гаворка не можа ісці. Проста трэба памятаць словы Езуса Хрыста, сказаныя Ім фарысеям: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу» (Мц 22, 21). Вядома, кожны святар, жывучы ў дзяржаве, павінен выконваць яе законы. Але служыць ён толькі Богу і людзям. І ў гэтым яго незалежнасць ад дзяржавы, фінансавых структураў, прадпрымальніцкіх колаў. А калі дзяржава нейкім чынам адзначае руплівасць святара той ці іншай канфесіі, то гэта плюс у першую чаргу самой дзяржаве: значыць, для ўлады важныя духоўныя каштоўнасці, якія прапаведуе святар (а ўсе рэлігіі, па вялікім рахунку, грунтуюцца на аднолькавых маральных каштоўнасцях), і яна, улада, кіруецца (ці хаця б імкнецца кіравацца) імі ў сваёй дзейнасці.
— Кожны святар — для ўсіх парафіянаў душпастыр, для некаторых — духоўны бацька, для адзінак — настаўнік. Ці ёсць у Вас за час служэння на Беларусі не толькі парафіяне? — Калі я служыў у семінарыі духоўнікам, то фармальна мог называць сябе духоўным бацькам семінарыстаў. Кажу «фармальна», бо я выконваў свае абявязкі, але ці лічылі мяне духоўным бацькам самі клерыкі? Гэта пытанне, на якое я ніколі не атрымаю адказу. Калі выкладаў тэалогію, то для вялікай колькасці семінарыстаў быў настаўнікам. Так, напрыклад, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек — мой вучань у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Час працы ў барысаўскай парафіі быў для мяне вельмі насычаным. Але ніводін ксёндз адзін парафію не «выцягне». Так і я ў многіх справах меў дапамогу і падтрымку ад самых розных асобаў. Я ведаў, што я не адзін, што мае памкненні знойдуць водгук і дадуць плён. Я вельмі ўдзячны за дапамогу і падтрымку спадарыням Алене Якушэўскай, Тамары Маеўскай, Галіне Прытчынай, Галіне Драўсель, спадару Міхаілу Лазараву. Асобная гаворка пра моладзь парафіі. Я заўсёды цешыўся яе актыўнасцю, рознабаковасцю інтарэсаў, шчырасцю, з якой хлопцы і дзяўчаты адкрывалі свае сэрцы насустрач Пану Богу. Я магу ганарыцца поспехамі Эрнэста Есаяна, сям’я якога апынулася ў Барысаве, уцякаючы ад вайны ў Азербайджане. Ён прыйшоў у нашым касцёле да Пана Бога, а цяпер у суседняй дзяржаве сведчыць пра Яго католікам-армянам у якасці вікарыя біскупа Армянскага Каталіцкага Касцёла ў Расіі. Духоўнасць гэтага хлопца ўзрастала ў марыянскім асяроддзі. Шмат разоў падчас летніх канікулаў, яшчэ школьнікам, разам з некалькімі падлеткамі з Барысава ён прыязджаў у Гуру-Кальварыю, маліўся да святога Станіслава Папчыньскага, заснавальніка Кангрэгацыі марыянаў, працаваў у тамтэйшым парку. А калі адчуў пакліканне, то ўступіў у марыянскую супольнасць. Пазней Эрнэст прыняў рашэнне служыць святаром у Армянскім Каталіцкім Касцёле і ўзяў сабе імя Пэтрас — у гонар апостала Пятра. Мне было вельмі прыемна прачытаць яго словы, сказаныя ў інтэрв’ю сайту марыянскай супольнасці ў Польшчы: «Святы Станіслаў Папчыньскі побач са мной з самага дзяцінства, але гэтае адчуванне ўзмацняецца, яно жывое і дынамічнае. Усё больш цаню святога а. Станіслава і яго ролю як заснавальніка марыянскай супольнасці і тую харызматычнасць, якую ён мае, якая ў нас «упісана», і якую мы мусім годна несці, бо інакш страцім сваю самасвядомасць». Дзякую Пану Богу, што Ён дапамог мне спрычыніцца да духоўнага ўзрастання а. Пэтраса. Добра памятаю, як прыйшла ў касцёл маладзенькай дзяўчынай Віка Лебзяк. Яна ўпарта шукала дарогу да Бога, і я шчаслівы, што мы з сёстрамі-эўхарысткамі яе на гэтую дарогу вывелі. Цяпер яна тэолаг, працуе выкладчыцай ажно ў Оксфардзе. Уяўляеце? Звычайная дзяўчына з Барысава — і выкладчыца Оксфардскага ўніверсітэта!
— Падобна на тое, што незвычайная… — Ваша праўда. Тытул яе доктарскай працы такі: «Літургічнае багаслоўе Аляксандра Шмемана ў кантэксце новай евангелізацыі». Праца даволі складаная, бо хаця айцец Аляксандр Шмеман — адметная асоба ў сучасным праваслаўі, у Рускай Праваслаўнай Царкве да яго вельмі неадназначнае стаўленне. Яшчэ больш неадназначнае, чым да айца Аляксандра Меня. Таму даследаванне яго духоўнай хрысціянскай спадчыны з пункту гледжання каталіцкага навукоўцы, на мой погляд, вельмі важнае і цікавае. І з айцом Пэтрасам, і з Вікторыяй мы цяпер добрыя сябры, па тэлефоне ці па скайпу можам размаўляць гадзінамі. А ўвогуле, калі гаварыць шчыра, я вельмі люблю людзей і люблю з імі гутарыць: мы ўсе такія розныя, і для кожнага ў Бога сваё заданнне. Адно, праўда, агульнае для ўсіх хрысціянаў: быць не толькі вучнямі Езуса Хрыста, а і Яго пасланнікамі, прапаведнікамі Новага Запавету. Шкада, што не кожны пакуль гатовы прыняць гэтае заданне і адказаць Яму: «Будзь воля Твая!» Але ж колькі я ведаю асобаў, якія незаўважна для сябе — а то і нечакана для сябе! — сталі сведкамі Яго хвалы, Яго апосталамі. Таму ў кожным суразмоўцы бачу калі не «гатовага», то патэнцыяльнага апостала. Урэшце, Вы ж памятаеце, што першыя Апосталы Езуса — Пётр, Ян, Андрэй і Якуб Завядзееў — былі рыбакамі, Мацвей і Якуб Алфееў — мытнікамі. Словам, апосталамі не нараджаюцца. А з калегамі, няхай і ў будучыні, так лёгка паразумецца! <...>
|
|
|