|
|
№
4(94)/2020
Асобы
Спадчына
Асобы
Тэалогія
Навука
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія
Інтэрв’ю
Размова Алены СЯМЁНАВАЙ-ГЕРЦАГ
з аўстрыйскай пісьменніцай
Ленэ МАЙЕР-СКУМАНЦ
КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
У патоку ўзрушлівых падзей 2020 года хочацца не згубіць адну вельмі сімвалічную і важную для сучаснасці дату: дзвесце гадоў назад на нашых землях узніклі і дзейнічалі шматлікія тайныя моладзевыя згуртаванні філаматаў і філарэтаў, ініцыятарамі стварэння і ўдзельнікамі якіх былі студэнты Віленскага ўніверсітэта, тагачаснага светача адукацыі і навукі ў нашым Краі. Сярод зорных імёнаў заснавальнікаў гэтых згуртаванняў — пісьменнікі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, да іх праз пару гадоў далучацца маладзейшыя Ігнат Дамейка, Антоні Эдвард Адынец ды іншыя. Таварыства філаматаў было ўтворана ў 1817 годзе, і тры гады назад навуковая грамадскасць Беларусі па ініцыятыве грамадскага аб’яднання «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» і пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску ўрачыста адзначыла гэтую падзею: у снежні 2017 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі была праведзена прадстаўнічая навуковая канферэнцыя з удзелам польскіх і беларускіх даследчыкаў, а нядаўна ў выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў том яе матэрыялаў «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці» (Мінск, 2020). Таварыства ж філарэтаў было створана на тры гады пазней, у 1820 годзе, і ў 2020 годзе працягваецца, можна сказаць, юбілейная эстафета, даючы новую нагоду яшчэ раз згадаць легендарныя таварыствы і постаці той эпохі, якія ўтварылі ў свой час, без перабольшання можна сцвярджаць, новае пакаленне, заявілі пра сябе менавіта як пра пакаленне, што стала на абарону ідэалаў свабоды, праўды, справядлівасці, адраджэння свайго Краю. Філарэты, або аматары дабрачыннасці (ад грэчаскага philaretos), як тайнае моладзевае згуртаванне, утворанае ў складзе філаматаў, было скіраванае на фарміраванне ў моладзі высокіх духоўных ідэалаў; існавалі пэўныя правілы для сяброў, якімі кіраваліся ўдзельнікі ў сваіх стасунках, заснаваных на таварыскасці, сяброўстве, узаемадапамозе, салідарнасці. Таварыствы філаматаў і філарэтаў, як вядома, былі выкрыты царскімі ўладамі ў 1823 годзе, большасць іх удзельнікаў была арыштаваная і пакараная высылкай з роднага Краю. Узначальваў таварыства філарэтаў Тамаш Зан, а сярод яго чынных сяброў, хто вылучаўся сваёй адметнай літаратурнай творчасцю, былі Ян Чачот і Антоні Эдвард Адынец. Яднала ж усіх і была, бясспрэчна, цэнтральнай паводле маштабу таленту постаць Адама Міцкевіча, да якога цягнуліся ўсе ніці сяброўскіх стасункаў і чые творы задавалі тон у фармаванні духоўнага вобліку не толькі філаматаў і філарэтаў, але і наступных пакаленняў моладзі нашага Краю (што мы яскрава бачым і на прыкладзе перакладу верша Антонія Эдварда Адынца «Ковенская даліна», прысвечанага Эміліі Плятэр). Стараннямі руплівага Кастуся Цвіркі ў 1998 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» быў выдадзены ўнікальны зборнік «Філаматы і філарэты» — фактычна першая ў Беларусі анталогія творчасці філаматаў і філарэтаў у перакладах на беларускую мову, дзе прадстаўлены дзесяць выбітных постацей на чале з Адамам Міцкевічам. Аднак творчасць філаматаў, апрача, можа, Міцкевіча і часткова Чачота, на сёння далёка не поўна прадстаўлена ў беларускіх перакладах. Што датычыць паэзіі Антонія Эдварда Адынца, то яна прэзентуецца ў згаданай анталогіі ўсяго пяццю вершамі і некалькімі лістамі. Адзначу з радасцю, што выдатным падарункам ад выдавецтва «Лімарыус» стала ў гэтым годзе выданне ў серыі «Наша ХІХ стагоддзе» знакамітых «Успамінаў пра мінулае» Адынца (у годным перакладзе Яніны Кісялёвай). Ушанаваць сёлетнія двухсотыя ўгодкі ўтварэння Таварыства філарэтаў прапануем двума новымі перакладамі надзвычай цікавых вершаў Яна Чачота (1796–1847) і Антонія Эдварда Адынца (1804–1885). Па філамацкай легендзе, іх жартаўліва называлі Ментарам і Тэлемакам. Вось як піша пра гэта Кастусь Цвірка ў прадмове да публікацыі твораў Адынца ў кнізе «Філаматы і філарэты»: «У 1820 годзе Антоні Адынец паступіў у Віленскі ўніверсітэт, каб вучыцца на юрыста. Адначасова наведваў лекцыі па літаратуры Готфрыда Эрнста Гродэка і Леана Бароўскага. Даведаўшыся пра ўтварэнне ва ўніверсітэце тайнага Таварыства філарэтаў, адразу запісаўся ў гэтае вельмі прыцягальнае для яго згуртаванне, стаў членам яго літаратурнага аддзела, які назвалі Блакітным саюзам. Кіраваў гэтым саюзам прызнаны ўжо сярод філаматаў і філарэтаў паэт Ян Чачот. Убачыўшы яўныя паэтычныя здольнасці Адынца, Чачот узяў яго пад сваю апеку. За гэта філаматы і філарэты празвалі Чачота Ментарам, а Адынца — Тэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі Ментар быў выхавальнікам Тэлемака, сына Адысея і Пенелопы)»1. Спадзяемся, што прадстаўленыя ўпершыню на старонках часопіса «Наша вера» пераклады вершаў Яна Чачота «Просьба да нашых зямлячак аб кунтушах» («Prośba do naszych rodaczek za kontuszami») і Антонія Эдварда Адынца «Ковенская даліна» («Smug Kowieński»), якія дагэтуль на беларускую мову не перакладаліся, годна дапоўняць збор твораў гэтых пісьменнікаў нашага Краю і данясуць да нас водар адвіраваўшай 200 гадоў назад эпохі, здаецца, па часе такой далёкай, але па духу і ідэалах, выказаных аўтарамі абодвух вершаў, такой блізкай, зразумелай і вельмі актуальнай для нас, сённяшніх нашчадкаў рыцараў святла, праўды і свабоды. Верш Яна Чачота быў напісаны ў 1819 годзе, адначасова з вершам пра вусы, які ўжо быў раней перакладзены і надрукаваны2. Гэта быў якраз актыўны філамацкі перыяд творчасці Чачота, і ў вершы пра вусы, як сведчыць яго падзагаловак, паэт выказаў абурэнне «з выпадку загаду галіць вусы кандыдатам настаўніцкага стану, выданага кіраўніцтвам універсітэта ў 1819 годзе». Гэты загад быў успрыняты як замах на свабоду, як знявага традыцыі, а таму паэт палічыў патрэбным выказаць сваю патрыятычную пазіцыю, выступіць у абарону шляхецка-рыцарскіх традыцый сваіх продкаў, якія зневажаліся, падвяргаліся дэфармацыі і разбурэнню. Чачот імкнуўся абараніць культурную ідэнтычнасць свайго народа, які на той момант ужо страціў дзяржаўнасць, таму для паэта такой важнай становіцца паэтызацыя сімвалаў, звязаных з побытам і культурай продкаў тых часоў, калі Край быў свабодным і ў ім шанавалася годнасць кожнага чалавека. Ён знаходзіць гэтыя сімвалы патрыятызму і ідэнтычнасці ў характэрных атрыбутах знешняга выгляду продкаў: твар годнага шляхціца заўсёды ўпрыгожвалі вусы, а традыцыйным элементам яго адзення быў кунтуш — доўгая мужчынская верхняя вопратка з характэрнымі разрэзамі ў кроі рукавоў, якія звісалі ніжэй за кісці рук альбо закідваліся за плечы. У сваім вершы паэт звяртаецца з гарачым заклікам «заступіцца за кунтушы» да жанчын-зямлячак, просіць іх паўплываць на мужчын свайго асяроддзя — мужоў, сыноў, каб тыя не паддаваліся модным тэндэнцыям часу, не мянялі кунтушы на фракі, бо з імі прыйшла ў Край і няволя; ён заклікае захоўваць вернасць традыцыям продкаў, якія, носячы кунтушы і вусы, былі моцнымі і свабоднымі, не кланяліся царам-захопнікам. Пазней падобны матыў прагучыць і ў паэме «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. «Жаночай» тэме прысвечаны і верш «Ковенская даліна» Антонія Эдварда Адынца, напісаны ў 1832 годзе. Яго гераіняй выступае легендарная ўдзельніца паўстання 1830–1831 гг. Эмілія Плятэр. Гэтая адважная дзяўчына-рыцарка ўзначальвала адзін з паўстанцкіх атрадаў і, смяротна параненая, аддала жыццё ў змаганні за вызваленне айчыны. «Літвінцы Эміліі Плятэр» прысвечаны славуты верш Адама Міцкевіча «Смерць палкоўніка», пра яе вельмі ўзрушана пісаў ва ўспамінах Ігнат Дамейка, таксама ўдзельнік паўстання, які сустракаўся з Эміліяй Плятэр на вайсковых дарогах. У адрозненне ад гэтых твораў, верш Адынца не быў у свой час шырока вядомым публіцы, заставаўся ў рукапісе; падаць для друку яго можна было, паводле заўвагі аўтара ў аўтографе, без пазначэння яго імені: у тагачаснай расійскай імперыі, як вядома, гераізацыя паўстання і яго ўдзельнікаў была пад забаронай. Верш быў апублікаваны значна пазней, за некалькі гадоў да смерці аўтара, у познаньскім штотыднёвіку «Warta» (№ 406 ад 9 красавіка 1882 г.); разам з гэтым вершам былі апублікаваны яшчэ два; аўтар вершаў, сапраўды, непасрэдна не называўся, але заўвага ад рэдакцыі была пададзена такім чынам, што абазнаны чытач павінен быў здагадацца, хто гэта: «Надрукаваныя вышэй тры вершы, якія падаем з арыгінальнага аўтографу аўтара, ахвяраваў у Рыме ў 1832 г. у альбом панне Генрыеце Анквіч знаны паэт, які жыве і сёння, Літвін і прыяцель Міцкевіча (курсіў у тэксце. — І. Б.), са словамі, якія сведчаць пра яго рыцарскія адносіны да прыгожага полу, захаваныя ім і ў сівым веку»3. Рукапіс верша захоўваецца ў Львоўскай навуковай бібліятэцы НАН Украіны сярод аўтографаў бібліятэкі імя Асалінскіх (сігнатура 2951, даступная для прагляду праз інтэрнэт-карыстанне). Публікуючы пераклады гэтых двух вершаў, хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на тое, як апаэтызаваны ў іх вобразы жанчын — даўніх жыхарак нашага Краю, наколькі гэта былі годныя, мужныя, мудрыя і ўплывовыя рыцаркі духу, захавальніцы сем’яў, хрысціянкі і патрыёткі, а таксама наколькі блізкія нам сёння нашы папярэдніцы-суайчынніцы, дух якіх адраджаецца і ў сучаснай гісторыі Беларусі. Ірына Багдановіч
Гл. таксама:
|
|
|