Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Лідзія КАМІНСКАЯ

«АЗЕРЦА, ПОЎНАЕ СЛЁЗ»

Пра новую кнігу Дануты Бічэль

Аднойчы, думаючы-разважаючы пра свае няспраўджаныя жаданні-мары, я запыталася ў Дануты Янаўны, ці ёсць нешта, чаго б яна яшчэ вельмі хацела, і пры гэтым дадала, што можна проста сказаць «ёсць» або «няма», не раскрываючы патаемнага. І яна адказала: «Ёсць. Я хацела б вярнуцца ў Біскупцы». «Дык што перашкаджае?» — здзівілася я. І тут Данута Янаўна сказала мне сваю горкую праўду, якой я сёння не буду агучваць...

У сваіх аповедах, вусных і пісьмовых, яна пастаянна вяртаецца ў Біскупцы, частка яе сутнасці, яе істоты, яе духу засталася і жыве там, дзе «зямны рай завяршаўся вялікім гумном», дзе можна было «схавацца мышкай у духмяным сене, збіраць на гасцінцы каменьчыкі і кідаць у студню, дзе яны ператвараліся ў зоркі, купацца ў расе і нічога не рабіць». «Нічога не рабіць» — гэта, вядома ж, толькі ў салодкім дзяцінстве, і тое ўсяго нейкія хвіліны, бо ёсць жа і кароўкі, і гускі, і курачкі, і шмат іншых клопатаў. Біскупцы і праца непарыўныя. «Бог выбраў для свайго адзінароднага Сына апекуном святога Юзафа, цеслю, каб людзі зразумелі, што Бог прыйшоў да людзей працы, што праца — святая», — гаворыць пісьменніца...

Новая кніжка Дануты Бічэль прысвечана менавіта Біскупцам і найперш блізкім людзям, якія «не ганяліся па свеце за прывідным шчасцем». Кніжка напоўненая іх галасамі, іх жывымі ўспамінамі — вельмі рознымі, вельмі шчырымі, часам наіўнымі, і гэта неацэнна, бо ў гэтай наіўнасці захаваная чысціня дзяцей Божых, атожылкаў розных дрэваў, што «заснулі пад галінамі, а прачнуліся карэннем»... і насеннем...

Калі Данута Бічэль разважае пра свой род, пра Бічалёў бедных і Бічалёў багатых, я ціха ўсміхаюся: ну, вядома ж, багатыя і тыя, і тыя, бо далі Беларусі «такую паэтку айчынную», як аднойчы і назаўсёды трапна вызначыў Анатоль Сыс, а яшчэ багатыя самі сабою, сваёю роднасцю, крэўнасцю, сваім карэннем і насеннем (не ў кожнага столькі жывых галінак на родавым дрэве!). І ўсе яны, хоць і не задаволеныя «саветамі», шчыра ўдзячныя сваёй зямлі за яе смачны хлеб і гаючую ваду, і ўспаміны пра маленства, беднае, нішчымнае, з адною прыгожаю блакітнаю сукенкаю (з ружовым бантам!) усё роўна светлыя, шчаслівыя, можа таму, што жыццё — гэта найперш тое, што і як адбываецца ўнутры, а там, унутры, заўсёды быў вялікі давер Божаму Провіду.

У тым, як Данута Бічэль расказвае пра свой род, ёсць штосьці выразна біблейскае. «Жыццё маё, — піша яна, — пачынаецца ад мамы, бо яна мяне нарадзіла <...>. Калі згадваць прыпавесць пра блуднага сына (Лука, 15, 11–32), то ў нас цётка Броня — гэта «старэйшы сын»... А блудны сын — гэта наш дзед Адам... Завёз ён сваіх дзяцей пад прытулак у Ліду...» Гэтак жа па-біблейску падрабязна (хто каго і колькі нарадзіў) яна расказвае і пра іншых — так праяўляецца яе чалавечая і пісьменніцкая ўвага і павага да родных людзей і іх лёсаў, і я чамусьці, як у кіно, бачу гэтых людзей на вялікім полі, каля вялікай чыстай вады, пад высокім небам, і ўсё гэта іх атуляе, жывіць, дапамагаючы ўваскрэснуць. Франі і Франакі, Гені і Генюсі, Яні і Янкі, Броні і Бронікі, Агаткі, Вінцукі, Адамы, Юлькі, Стасі, Гэлькі, Мальвіны, Ганны, Марылькі... Ёсць такая прыгожа-светлая панарама ў майго любімага Чурлёніса — называецца «Рай» (1909 г.); там людзі (нарэшце!) сталі анёламі, і ім хораша каля рэчкі ці, можа, «азерца, поўнага слёз», шчаслівых слёз (нарэшце!). Па-мойму, на гэтай панараме Чурлёніса тыя ж простыя мілыя кветкі і зёлкі, пра якія піша Данута Бічэль: канюшынка, рамонкі, званочкі, слёзкі, сардэчнік, а Чурлёнісаў «Рай», напэўна, згадаўся мне таму, што Данута Бічэль успрымае сціплых вясковых людзей амаль як святых, як анёлаў з нябачнымі крыламі. Гэтак жа яна ўспрымае і беларускае святарства, і піша пра ксяндзоў таксама як пра родных, крэўных, бо каму ж яшчэ столькі расказана, столькі выспавядана — вось і атрымліваецца «азерца, поўнае слёз». «Азерца перапаўнялася, і вада перацякала на выган за вёскаю» <...>; А крынічка шчаслівых слёз бруілася міма хаты дзеда Вінцука. Там Яська пра Марыльку думаў, чакаў вечара, каб яе ўбачыць».

Было, вядома, у вёсцы ўсялякае — і сварліва-бруднае, і крывава-забойчае, але ў цэлым вёска была адзіным арганізмам, маленькай дзяржаваю ў дзяржаве, дзе людзі жылі не толькі па прыказках і прымаўках. «Наша вёска, — гаворыць Данута Бічэль, — жыла па катэхізісу: накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, адзець, абмыць абарванага, прыняць падарожнага», і таму ў памяці Паэткі засталіся і бежанцы, і пастухі, і жабракі — Божыя пасланнікі, якім аддавалі хто што меў. Апавядаючы пра сваіх бацькоў, Яську і Марыльку, Данута Бічэль адразу выходзіць на вобразы прыроды: «Мая любоў да Бога, да бацькоў, да людзей, да звяркоў і да свету была вельмі стракатай, расквечанай дзеразою, яловымі шышкамі і зязюльчыным лёнам, усімі ляснымі кветкамі — ад суніцаў да церпкай арнікі і ядлоўцу. Усё, што ў лесе паміж сабой судакраналася, шыпела і дыхала, было прыкмечана і пазначана простымі словамі ціхім голасам таты. Ён па-вясковаму вырошчваў ува мне паэзію».

Шкадуючы пра тое, што не казала бацькам словаў любові ўдастатку, Данута Бічэль спадзяецца, што Бог перадасць іх несмяротным душам, як яна ўдзячная ім за сваё жыццё. «Бог прыслаў мяне да таго, як пачалося татальнае вынішчэнне мацяркамі сваіх дзяцей. Бог сказаў так: калі няма на гаспадарцы ёй занятку, няхай будзе пастушкаю Маіх словаў».

Гаворачы пра каханне сваіх бацькоў, Яські і Марылі, Данута Бічэль апавядае пра іх першую летнюю ночку, як бы абстрагуючыся ад іх, прыгожа малюючы чары Купалля, падчас якога і адбылося гэта таемнае яднанне — нібыта і грэх (бо да шлюбу), а нібыта і Божая ласка. «Прыехалі яны ў вёску, узяліся за рукі і пайшлі за рэчку Гаўю ў касцёл да ксяндза. <...> Скасілі яны луг, пажалі жыта і ярыну, павянчаліся». Аповед амаль казачны, рамантычны і праўдзівы, жыццёвы. Бацькі «маліліся да Бога перад сном, у ложку размаўлялі пра мінулы дзень, падводзілі рахунак сумлення, планавалі справы наступнага дня і тыдня, усяго лета, восені, зімы і вясны... Пра ўсё раіліся з Богам...» Гэта была дружная каталіцкая сям’я, дзе прыгожа спявалі на тры галасы «на хрысцінах і дома, на прызбе і за сталом», і простыя шчымлівыя словы родных песняў нараджалі, варушылі ў душы малой Данусі свае словы, фармуючы ў ёй Паэтку...

У мностве біяграфічных аповедаў Дануты Бічэль акцэнтаваны вобраз вады — дакладней, яе постаць, што цалкам натуральна і для штодзённага побыту, і для разумення сутнасці вады ў хрысціянскай традыцыі. Студня, рэчка, ручай, азерца, крыніца з яе падземным звонам асацыіруюцца Данутаю Бічэль з жыццядайнасцю. «Сіроты пілі гаючую святую ваду з цётчынай студні, рабіліся фізічна дужымі, здаровымі, спакойнымі. Журавель гэтай студні ўзлятаў высока і будзіў наваколле радасным клікам, які чуваць быў і ў вёсцы <...> Журавель вучыў нас узлятаць за хмаркі, дзе лёталі птахі і анёлы». І слёзы людскія для Дануты Бічэль не проста слёзы, бо з іх можа ўтварыцца цэлае азерца, і небяспечны ўзровень той вады, якую напоўняць слёзы. Здаецца, што сёння ў нашым Краі, які глядзіцца ў Неба наплаканымі блакітнымі вачыма, азерцы ўжо захлынаюцца слязьмі тых, хто проста хоча жыць у беларускай Беларусі, і на вокладцы кніжкі, афарбаванай у жалобны фіялетавы колер, — таксама завеса людскіх слёз... «Я не плачу аб слове памерлым, // я на полымі скамянелым // малюю сцяжок белым мелам», — так нядаўна напісала Данута Бічэль у адным з вершаў, і «скамянелае полымя» змушае «паэтку айчынную», якая па-ранейшаму лічыць Вільню беларускаю, плакаць над лёсам Кастуся Каліноўскага і ўсіх паўстанцаў, і над трапна сказанымі ў дзень іх пахавання словамі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча: «Нішто так не яднае людзей, як нявінна пралітая кроў». Разважаючы пра лёсы родных людзей, Паэтка ўключае ў сваю прастору, як роднага, адважнага паўстанца. Звяртаючыся да несмяротнага духу Кастуся Каліноўскага, у якім навекі зашыфраваны незамутнёны код нацыі, беларускай Беларусі, Данута Бічэль нібы звярае з ім свой дух, і мы разумеем, што наша «паэтка айчынная» стала годнаю часткаю гэтага вечнага коду, саткаўшы сваё слоўна-духоўнае палатно, каб таксама атуляць ім родны Край, быць жывою тканкаю агульнага нацыянальнага Покрыва, «каб не ўмёрлі», як прасіў нас «мужыцкі адвакат» Францішак Багушэвіч. У палатно сваіх твораў, дзе Паэтка заўсёды большая за апавядальніцу, Данута Бічэль уткала сваё дыханне, сваю душу, зліўшыся з тымі, хто маліўся і моліцца за Беларусь «сэрцам і думамі» (Купала), просячы не быць чужынцамі (Багдановіч), памятаючы, што «на Беларусі Бог жыве» (Караткевіч), а на пачатку кнігі яна змясціла фота, на якім жанчыны з вёскі Біскупцы полюць лён (1957 год!), і стаяць яны на каленях, нібы ў паклоне схіліўшыся да роднай зямлі, датуляючыся да яе рукамі — іх чатырнаццаць у гэтым знакавым шэрагу-счэпцы, але здаецца, што за імі ў гэтым радзе стаіць уся вёска... усе вёскі і ўсе нашы гарады — нас многа, і «мы вольныя, як смуга над балотам»... Паклон і Паэтцы, якая, пішучы спавядальную прозу пра асабістае, выклікае ў чытачоў важныя знакавыя асацыяцыі — агульныя, патрыятычныя.

Біскупскія жанчыны полюць лён. 1957 г.

І ўсё ж гэта кніжка пра канкрэтнае — пра рэальных родных людзей з рэальнымі лёсамі, найперш — пра сясцёр і бацькоў, і таму, гаворачы ім «дзякуй», становячыся перад імі ў паклоне, Данута Бічэль завяршае кніжку эсэ пад назваю «Яська і Марылька, я вас люблю», — так яна звяртаецца да сваіх бацькоў са спадзяваннем на сустрэчу ў вечнасці: «Я стану зноў маленькай, як птушанятка... Я пазнаю цёткаў і дзядзькаў, пазнаю свайго дзеда Вінцука, бо ён падобны да таты. Пра астатніх бабуляў і дзеда Адама я здагадаюся, убачыўшы іх. Так я ўяўляю нашае спатканне, так наіўна веру ў Божую ласку, думаючы пра іх, каго любіла і люблю...»

Кніжка выйшла ў Гародні, у выдавецтве «Літары». Над яе макетаваннем працавалі Алесь Рыжы і Ілья Рыжы; карэктарам быў Васіль Герасімчык, мастак — Алесь Сільвановіч. Наклад кніжкі — усяго 50 асобнікаў — адрасаваны родным і блізкім людзям, «якія жывуць з Богам і не паддаюцца няволі», бо апрача зямнога шляху маюць за трывалы і неаспрэчны арыенцір «Птушыны Шлях» — Нябёсы, адкуль кожную хвіліну на ўсіх нас глядзіць наш адзіны сапраўдны Валадар.

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY