Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Надзея УСАВА

«НАШ СЦІПЛЫ КАСЦЁЛАК...»

Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца

Светлай памяці Уладзіміра Шчаснага1

Галерэя - дадатак да артыкула

2020 год па ініцыятыве беларусаў быў аб’яўлены ЮНЕСКА годам Фердынанда Рушчыца (1870–1936) — выдатнага мастака і культурнага дзеяча некалькіх краінаў — Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы. У гэтым годзе святкуецца 150-годдзе з дня яго нараджэння — дата, якая прыцягвае дадатковую ўвагу да асэнсавання яго спадчыны.

Да нядаўняга часу ў Беларусі была адзіная яго карціна — «Ля касцёла» 1899 года. Яна з 1964 года знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Гісторыя яе стварэння, набыцця, ацэнкі сучаснікаў ды і лёс касцёла ў сядзібе Рушчыцаў у Багданаве былога Ашмянскага павета вельмі цікавыя.

Касцёл был пабудаваны на сродкі папярэдняга гаспадара маёнтка старосты жмудскага Пятра Паца і асвячоны ў гонар Арханёла Міхала біскупам Мікалаем Слупскім яшчэ ў 1690 годзе. Месца было выбрана пры тракце, паміж вёскай і сядзібай. Пры касцёле служыў айцец францішканін, які даязджаў з Гальшанаў. Парафіяльным касцёл стаў праз 100 гадоў, у 1792 годзе, ужо пры іншых уладальніках Багданава — Чаховічах. Адзін з іх, маршалак ашмянскі Казімір Чаховіч, быў пахаваны ў касцёле ў 1834 годзе. Гэты Чаховіч, былы харунжы, быў асобаю, аб дзівацтвах якога ў суседзяў засталася доўгая памяць. Менавіта ён заклаў у Багданаве вялікі сад і наладзіў гадоўлю баброў пры копанцы — ставе. У садзе паставіў «кавахаўс», розныя кіёскі і «неспадзянкі». Вулічкам багданаўскім даў гучныя назвы, а побач са старым домам паставіў «скарбец». Але хутка бабры згінулі, назвы вуліц не прыжыліся, а ў недакончаным скарбцы ніколі не было ніякіх скарбаў, бо пан маршалак жыў на шырокую ногу і хутка збяднеў. Маёнтак яго падзялілі на часткі, каб прадаць крэдыторам, а сам Багданаў жонка маршалка Чаховіча залажыла ў Віленскім банку ў 1817 годзе, і пасля смерці Чаховіча на таргах у 1836 годзе яго купілі «з малатка» маладзёны Рушчыцы, бо жонка Рушчыца Ганна была з дому Чаховічаў і не магла дапусціць, каб маёнтак, які ў 1742 годзе купіў у Данілевічаў яе дзед, ротмістр Томаш Чаховіч, пісар Ашмянскага павета, і якім Чаховічы валодалі амаль 100 гадоў, трапіў у чужыя рукі. У часы Рушчыцаў касцёл быў філіяльным і ў ім вёў набажэнствы гальшанскі ксёндз.

У 1812 годзе касцёл быў моцна пашкоджаны: французы, якія праходзілі праз Багданава ўзімку, грэліся ў касцёле, расклаўшы вогнішча ў сакрыстыі. Касцёльны міністрант здолеў уратаваць пару напалову знішчаных полымем арнатаў, і яны знаходзіліся ў касцёле пры Рушчыцах у гэтакім стане амаль 100 гадоў.

Праз некалькі гадоў Рушчыцы вырашылі аднавіць касцёл: накрылі яго дахам, умацавалі сцены, пафарбавалі і адрэстаўравалі інтэр’ер на ўласныя сродкі. Усё гэта і занатавала Рушчыцава «бабуня». Не забылася Ганна згадаць і прараба Адама Бурака, печахалаўскага селяніна, які добра выканаў сваю справу, а таксама запісала імёны ўсіх членаў сям’і — Леанілы, Марыі, Станіславы, Канстанцыі, Эмануэля, Максімільяна і Эдварда (бацькі мастака). Касцёл быў асвечаны ў 1846 годзе францішканінам з віленскага кляштара а. Паўлам Сакалоўскім. 

Гісторыя гэтага касцёла — сямейнай святыні, безумоўна, была добра вядомая і Фердынанду Рушчыцу. Яго карціна «Ля касцёла» па светаадчуванні — юнацкі твор, напісаны 29-гадовым Фердынандам Рушчыцам усяго праз два гады пасля заканчэння Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ў 1899 годзе і пасля трохмесячнага еўрапейскага падарожжа. У Парыжы ён за паўгадзіны да закрыцця музея ўскочыў на выставу Клода Манэ і прастаяў там, зачараваны яго святлом і сонцам. Гэта і засталося галоўным уражаннем ад усёй Еўропы і паўплывала на творчасць мастака ў Багданаве.

Паміж дыпломнаю карцінаю «Вясна» і «Ля касцёла» толькі два гады. Яны абедзве напісаныя ў манеры пленэрнага эцюда а la prima, так, як вучыў прафесар Архіп Куінджы. Але ў гэтым творы бачны ўжо іншы Рушчыц, які ўсвядоміў сваё прызначэнне ў мастацтве як песняра свайго Краю. Менавіта гэты новы Рушчыц атрымаў шырокае прызнанне ў Краі, сярод сваіх землякоў, але спрыяла гэтаму змена сямейных абставінаў.

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Рушчыц планаваў вярнуцца ў Мінск, дзе прайшлі яго гімназійныя гады. Але нечакана ў 1895 годзе яго бацьку, рахункавода Лібава-Роменскай чыгункі, адпраўляюць на пенсію. Сям’я пераязджае настала ў свой маёнтак Багданава, дзе ў 1870 годзе Рушчыц нарадзіўся, але амаль не ведаў маёнтка і яго ваколіцаў. Яго бацька, Эдвард Рушчыц, бярэцца за новую справу — землеўласніка і сельскага гаспадара. Вялікая сям’я, у якой было трое дзяцей, павінна была жыць на даходы з сядзібы. Пасля Мінска з яго культурным жыццём Рушчыц вяртаецца фактычна на вёску. Да Мінска — 110 кіламетраў, да Вільні — 80. Бліжэйшае мястэчка — Ашмяны. Але гэта не стала для яго выпрабаваннем...

Рушчыц у бібліятэцы ў Багданаве.1908 г. Фота Я. Германовіча.

«Багданаўская ізаляцыя»

Пасля мітусні сталічнага жыцця Рушчыц марыць аб адзіноце ў вёсцы і магчымасці засяроджанай творчай працы. «Хопіць з мяне гэтага Пецярбурга... Мастак павінен чэрпаць з сябе... Для гэтага патрэбна жыццё ізаляванае... А жыццё ў вёсцы спрыяе творчасці, тут ёсць тое кола тэм, якія ён сам для сябе выбірае...», — запісвае Рушчыц у дзённіку. Ён нанова адкрывае сваю вясковую радзіму, прыглядаецца да сціплай прыроды і ўчытваецца ў дзедавай бібліятэцы ў слаўнае мінулае Краю. «Край дзіцячых гадоў заўсёды застанецца святым і чыстым, як першае каханне...». У гэты час у мастацтве мода на паўднёвую экзотыку Крыма і Маларосіі саступіла цікавасці да паўночных пейзажаў — шмат хто з мастакоў едзе ў Расію, каб адкрываць прыгажосць зімовай прыроды, а Рушчыц вяртаецца да бацькоўскае сядзібы і раптоўна амаль інтуітыўна адкрывае terra incognita, якая стала нечаканаю для публікі Пецярбурга і Варшавы, — ён адкрывае беларускую вёску, яе своеаcасаблівы каларыт і хараство, але піша яе не як рэаліст. «Пейзажы Рушчыца не вытанчаныя, не драматычныя, не меланхалічныя, не настраёвыя… Кожны з іх просты, але незвычайны», — дзівіліся крытыкі. «Адкуль гэтыя матывы?» — пытаюць усе мяне. «Дарэмна шукаць той край. Але адказваю, што з Віленскай губерні», — запісвае ён у дзённіку. Менавіта ў Багданаве, сярод шляхецкіх сядзібаў і беларускіх палёў нараджаецца не пераймальнік Куінджы, не паслядоўнік Шышкіна, а сапраўдны нацыянальны мастак, які зрабіў свядомы выбар свайго месца ў жыцці і творчасці. У дзённіку, які ён вёў усё жыццё, Рушчыц напіша: «Я… нарэшце, палюбіў наша мінулае, нашу Айчыну. Я адчуў сябе яе сынам...» Ён пісаў пра сваё пачуццё абавязку да Радзімы. Рушчыц мог стаць рускім мастаком, але стаў беларускім, хаця лічыў сябе польскім.

Багданаўскі цыкл Рушчыца — рэальная беларуская вёска з асаблівай атмасферай, але ўбачаная праз магію юнацкага рамантызму.

Старая сядзіба Рушчыцаў у Багданаве. Фота. Першая трэць ХХ ст.

«Наш сціплы касцёлак...»

У сядзібе часта бывалі госці — сябры, сваякі, калегі: фатограф Ян Булгак, выдатны польскі пейзажыст Ян Станіслаўскі. Усім Рушчыц з гонарам паказваў і фамільны збор карцін, і бібліятэку ў 5 000 тамоў, і алеі старажытнага парку, і сажалку з востравам, дзе ён любіў у адзіноце сядзець і назіраць прыроду, каб маляваць «штосьці зусім іншае». І абавязкова — касцёл. Свайго сябра фатографа Яна Булгака Рушчыц павёў аглядаць старажытны алтар позна ўвечары, са свечкамі ў руках. Ён з гонарам паказваў вялікую алтарную карціну «Тройца Новазапаветная»2 мясцовага віленскага майстра XVIII стагоддзя, старажытную драўляную скульптуру Яна Непамука, пышную барокавую разьбу крылаў алтара XVII стагоддзя — знакамітую «беларускую рэзь», некалькі старажытных арнатаў з ангельскіх, французскіх вышываных тканінаў. Касцёл быў велічны, але бедны, просты па архітэктуры, сялянскі. Булгак параўнаў яго з прыдарожным крыжам, які стаяў перад ім са страчанай фігурай Хрыста...

Касцёл Міхала Арханёла — выдатны прыклад беларускага драўлянага дойлідства канца XVII — пачатку ХІХ стагоддзя. Але на карціне Рушчыца — не помнік архітэктуры. Кампазіцыя карціны — мастацкая інтэрпрэтацыя рэчаіснасці. Захаваліся некалькі эцюдаў, накідаў да кампазіцыі ў нататніку, дзе Рушчыц шукаў найбольш прыдатную кампазіцыю, эфектную кропку сузірання. Ён ужо зрабіў малюнак у 1895 годзе ў якасці ілюстрацыі да кнігі паэта і краязнаўцы Чэслава Янкоўскага аб Ашмянскім павеце, дзе на першы план выступілі званіца і шматлікія вернікі ля брамы касцёла. Пазней, у 1897 годзе, ён зрабіў накід набажэнства ў Вялікі чацвер у інтэр’еры касцёла. Малюнкі ў нататніку паказваюць пошукі кампазіцыі. У рэшце рэшт ён выбірае зусім не эфектны ракурс, дзе фактычна няма выяваў цалкам ні касцёла, ні званіцы. Нягледзячы на акадэмічны прынцып куліснай пабудовы, Рушчыц, як і імпрэсіяністы, смела кадруе выяву такім чынам, што ў яе «як бы выпадкова» трапляюць толькі частка званіцы і зусім невялікі фрагмент фасада драўлянага касцёла пад чырвоным гонтавым дахам. Нізкая лінія гарызонту дае адчуванне манументальнасці пейзажу. У полі зроку мастака — нешматлікія вернікі, якія сабраліся ля касцёла, а на заднім плане — ралля, аж да гарызонту. Жанчыны стаяць на каленях у чаканні Эўхарыстыі, верагодна, храм у нядзелю перапоўнены і не ўсе змаглі ў ім змясціцца. На пярэднім плане — стары панура сядзіць на валуне спінаю да гледача, грэючыся на сонцы.

Гэты твор — нешта сярэдняе паміж жанравай карцінай і пейзажам настрою: невыпадкова Рушчыц даў яму аўтарскую назву «Нядзеля. Ля касцёла». Пад такой назвай ён увайшоў у некалькі выставачных каталогаў (магчыма, трэба аднавіць аўтарскую назву, неапраўдана скарочаную нашчадкамі).

... Рушчыц піша вольна, шырокім пэндзлем, хуткім энергічным мазком. Ён здолеў знайсці каляровыя і тонавыя спалучэнні для перадачы канкрэтнага стану прыроды ў вясновы (ці восеньскі?) дзень. У карціне адчуваецца настрой нядзельнага дня, яднанне зямлі, святла, людзей, нябёсаў з гулкімі гукамі званоў, якія паўстаюць ва ўяўленні гледача. Адметны той «асаблівы шэры» тон дрэва, высушанага вятрамі і абмытага дажджамі, які так любіў Рушчыц у сялянскіх пабудовах беларускіх вёсак. На жаль, ён нічога не занатаваў аб гэтай карціне ў сваім дзённіку, але мастацкай хронікай сталі яго шматлікія эцюды і касцёла, і дрэваў, аблокаў: і «Касцёл» (Нацыянальны музей у Кракаве), і «Дрэвы на фоне неба» (1899, Нацыянальны музей у Варшаве), дзе Рушчыц спрабуе знайсці графіку галінак дрэваў, скіраваных да звонкага блакіту неба, па якім плывуць гнаныя моцным ветрам аблокі. «Фірменныя» Рушчыцавы аблокі — пазнавальныя, асаблівыя, «як падушкі», шчыльныя і цяжкія, з’явяцца пазней, а тут аблокі яшчэ іншыя, кучавыя, больш набліжаныя да натуры.

Нягледзячы на дынаміку руху аблокаў і галінак дрэваў пад ветрам, карціна напоўненая адчуваннем ціхамірнасці рэальнай жыццёвай сцэнкі, малітоўнага стану і філасофскага асэнсавання духоўнага і рэальнага быцця чалавека.

Рушчыц — вучань Куінджы, які любіў тэатральныя эфекты святла, надае асаблівую ўвагу сонечнаму святлу і рэфлексам. Пейзаж літаральна запоўнены святлом. Сонца адчуваецца праз доўгія цені, якія адкідаюць дрэвы на зямлі і сценах касцёла і званіцы. На фоне неба — скіраваны ўверх крыж храма. Ужо калегі Рушчыца па Акадэміі мастацтваў адчувалі асаблівы «каталіцкі настрой» яго палотнаў, адметнасць уласнага почырку мастака сярод шматлікіх вучняў Куінджы.

Вернікі перад касцёлам. Багданава. 1916 г.
Фота невядомага нямецкага афіцэра.
Збор У. Багданава, Мінск.

«Дзіўная кабета»

Мяжа  1899–1900 гадоў — новы перыяд у творчасці Рушчыца. Карціны і ідэі льюцца з яго сэрца: скончыўшы адну, адразу бярэцца за другую, і ўсё атрымліваецца хутка, без напружання і без доўгіх пошукаў: «Нядзеля. Ля касцёла», «Апошні снег», «Крэва», «Млын», «Хата», «Да зямлі абетаванай», «Балада», «Вечар — Вілейка». Усе карціны спачатку праходзілі праз крытычнае вока маці, якую ён называў «сваім Куінджы», і толькі потым адпраўляліся на выставы. Рушчыц прагне славы...

У той год у Пецярбургу 30-гадовы мастак перажывае кароткае рамантычнае захапленне мастачкай Аленай Макоўскай, дачкой знакамітага жывапісца Канстанціна Макоўскага — «зусім маладой, вельмі развітай, арыгінальнай панначкай, сухой, эгаістычнай, але разумнай і моцнай па духу асобы… Шмат ярка-рыжых валасоў, чорныя бровы і вочы», — так яе апісвае мастачка Ганна Астравумава. Хелена, як на польскі манер яе называе Рушчыц, просіць яго расказваць аб Багданаве, аб яго працы, яго родных. Яны разам у тэатры, на балях, на шпацырах; яна малюе яго партрэт, знаёміць з маці — словам, дае надзею… «Болей, чым сяброўства, але менш, чым каханне» — гэтае дзіўнае пачуццё агарнула яго на цэлы год і пасля ад’езду са сталіцы. Рушчыц расказвае аб «дзіўнай кабеце» сваёй маці, яе фотаздымак стаіць на яго стале ў Багданаве ў прыгожай рамцы. Гэтае платанічнае каханне дало выбух рамантычнай энергіі ў працы, але не мела працягу: праз некалькі месяцаў Алена выйшла замуж за нямецкага скульптара і стала фраў Лукш-Макоўскай, з’ехаўшы ў Вену… Але аб гэтым Рушчыц даведваецца праз год, а пакуль ён натхнёна працуе...

Вёска Багданава. 1916 г.
Фота невядомага нямецкага афіцэра.
Збор У. Багданава, Мінск.

«Тонкі псіхолаг пейзажу...» Поспех на выставах Пецярбурга, Варшавы і Вены

Год ліхаманкавай творчай працы даў плён: амаль кожная карціна набываецца калекцыянерамі, Рушчыца запрашаюць на выставы розных мастацкіх таварыстваў, ён знаёміцца з Дзягілевым, Левітанам, Сяровым… На сустрэчах ў Пецярбургу ў доме ўплывовага дзеяча аб’яднання «Свет мастацтва» Сяргея Дзягілева ён з натхненнем апавядае пра «нашы вёскі і палітычныя адносіны ў Краі».

У 1900 годзе Рушчыц шмат паказваў гэтую карціну — на выставе Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, на выставе часопіса аб’яднання «Свет мастацтва», у варшаўскіх Захэнце (Таварыстве заахвочвання мастакоў) і ў Салоне Крывулта. Там яна называлася «Нядзельная раніца».

І ў Варшаве і ў Пецярбургу новая карціна Рушчыца зачаравала адных і выклікала абурэнне іншых крытыкаў. Адны адзначылі паэтычнасць, эцюднасць і свабоду яго почырку: «...асабліва добры быў яго эцюд яснага вясновага дня дзесьці ў Літве, са старажытнай драўлянай царквой», — пісаў крытык А. Нікалаеў. «Выстаўлены „Касцёлак“ — гэта зноў глыбокае пачуццё натуры і душы, якая перапоўнена паэзіяй. Палатно аж дыхае свежасцю. У яго фарбах адчуваецца восень і дыханне раніцы, усё напісана смела, з тэмпераментам і жыццём…», — пісаў «Kurjer Warszawski». Але рэцэнзент «Расеі», нехта Н. Краўчанка, пісаў, што Рушчыц — «спадчыннік Таўлова і Бекліна, пазычае ў іх матывы», а крытык Старавер называе ўсю выставу вучняў Куінджы «мазнёй», чымсьці чужародным і не цікавым.

«Сапраўды, — адказвае ім мастак Стэфан Папоўскі, — карціны Рушчыца сваёй можа занадта дэкаратыўнай шырокасцю ўкладання фарбаў могуць не спадабацца шырокім масам, якія любяць залакіраваныя паверхні, не спадабаюцца яны і тым, хто шукае ў карціне кампазіцыйных рэбусаў, але дадуць эстэтычную асалоду тым, хто культывуе ў сабе артыстычны густ, хто разумее сапраўдныя творы мастацтва».

Пасля выставы «Света мастацтва» Савет Траццякоўскай галерэі хацеў набыць «Касцёл» для галерэі, але пры галасаванні думкі разышліся: за «Касцёл» прагаласавалі Валянцін Сяроў і дачка Траццякова Аляксандра Боткіна; Іллі Астравухаву больш спадабалася «Балада», якую ўрэшце набыў польскі пісьменнік Генрых Сянкевіч.

А праз два гады, у 1902 годзе, карціна адправілася ў Вену, на выставу польскага мастацкага аб’яднання «Sztuka» (польскі аналаг «Свету мастацтва»), сябрам якога стаў Рушчыц. Сведчаннем гэтага падарожжа з’яўляюцца захаваныя мытныя налепкі на нямецкай мове аб выплаце падатку, калі карціна перапраўлялася з Кракава праз Германію ў Вену.

Пасля 1908 года Рушчыц, які працаваў перад тым 14 гадоў з вялікім напружаннем, адчуў сябе вычарпаным. Ад яго штогод чакалі новых і новых шэдэўраў, але ён не мог ужо працаваць з той фантастычнай энергіяй маладосці, якую адчуваў у Багданаве: ён сказаў усё, што хацеў, прамільгнуўшы на небасхіле мастацтва незабыўнай маланкай. Да здзіўлення і расчаравання многіх калегаў і сяброў, ён адмовіўся ад жывапісу і сышоў у педагогіку, грамадскую дзейнасць і ўжытковыя мастацкія практыкі. Багданаўскія 6 гадоў засталіся зорным перыядам яго творчасці, які ўжо, на жаль, не паўтарыўся,  але гісторыя з багданаўскім касцёлам не завяршылася — яна набыла сацыяльны характар. У 1920-я гады, калі па Рыжскай дамове мяжа адрэзала частку беларускіх зямель на карысць Польшчы, Багданава апынулася за 50 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы з СССР, і Рушчыц, як гаспадар некалькіх маёнткаў, заклапаціўся лёсам рэальнага багданаўскага касцёла.

Пахаванне Ф. Рушчыца
ў багданаўскім касцёле.
1936 г. Фота Я. Булгака.

Ён любіў свой драўляны касцёл — сведку ўсіх сямейных падзеяў, разумеў яго гістарычную значнасць і яго значэнне для свайго роду. У ім 2 студзеня 1871 года быў ахрышчаны сам мастак, а ў 1910 годзе прайшло набажэнства па памерлым бацьку.

«Наш сціплы касцёлак», — любоўна называў ён яго. Але з цягам часу касцёл патрабаваў рэстаўрацыі: ён ужо не змяшчаў усіх вернікаў. Гэта відаць і на карціне Рушчыца. Католікі Багданава прасілі Рушчыцаў пабудаваць новы касцёл, сабраўшы ў парафіянаў грошы, бо сродкаў на будаўніцтва ў сям’і Рушчыца не было. Аўтарытэт яго як грамадскага дзеяча Вільні, дэкана факультэта жывапісу Віленскага ўніверсітэта быў вельмі высокі. Рушчыц зрабіў некалькі спробаў атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла побач са старым, пра што сведчаць яго дзённікавыя запісы. Ён неаднаразова запрашае ў свой маёнтак буйных каталіцкіх іерархаў для вырашэння гэтага пытання ў надзеі на іх падтрымку, у тым ліку і фінансавую. У 1924 годзе ён запрасіў на абед 24 персоны ў гонар візіту ў Багданава Віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, які здзяйсняў аб’езд касцёлаў Ашмянскай дыяцэзіі. Пасля казання біскупа ў багданаўскім касцёле сказаў сваю прамову і Рушчыц: «Сядзіба маёй сям’і і сціплы наш касцёлак з’яўляюцца аднагодкамі і памятаюць цэлае стагоддзе Рэчы Паспалітай і паўтара стагоддзя расійскай няволі. Наш люд заўсёды ідэнтыфікаваў справы касцёльныя як справы нацыянальныя. Ксёндз і шляхціц разам ішлі ў Сібір альбо на шыбеніцу... Але бура, якая пранеслася над нашымі землямі, дала Польшчы вольнасць. Шчаслівы сказаць, што мне разам з маёй сям’ёй і з мясцовымі парафіянамі ўдалося ўседзець на месцы... фактычна ў прыфрантавой зоне. …Не ведаю, ці давядзецца нашаму пакаленню ўбачыць ажыццяўленне нашай даўняй мары — новы каменны касцёл побач з драўляным...». Так была выказана просьба аб дазволе на будаўніцтва новага касцёла, але праз год біскуп Матулевіч памёр і справа спынілася. Аднак Рушчыц не пакінуў гэтай ідэі: у яго праграме-максімум быў клопат пра будучыню свайго маёнтка — будаўніцтва ў Багданаве школы, пошты з тэлеграфам, кааператыву і, вядома, новага касцёла.

У 1929 годзе ён пачаў ажыццяўляць свае намеры: прадаў за 1 злоты зямлю для будаўніцтва школы. У чэрвені 1932 года ён зноў прымае ў сябе Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, з якім яго звязвалі даўнія адносіны па гісторыі вывучэння віленскіх касцёлаў. Парафіяне прымалі яго ўрачыста, з хлебам-соллю, і нават пабудавалі дзве аркі, якія ўпрыгожылі кветкавымі гірляндамі. Можна меркаваць, што гаворка ішла і аб мясцовым касцёле, але не атрымалася і на гэты раз... Цяжкая хвароба (параліч у 1934 годзе) вымусіла Рушчыца пакінуць Вільню і апошнія 2 гады жыцця правесці ў Багданаве інвалідам, разбіраючы свой велізарны архіў пад апекаю жонкі і дачкі. Ян Булгак у гэтыя гады робіць падрабязную фотафіксацыю сядзібы, у тым ліку і некалькі мастацкіх здымкаў багданаўскага касцёла, ужо схаванага ў густым ценю вялікіх дрэваў.

... Рушчыц быў пахаваны ў сваім касцёле 2 лістапада 1936 года пры велізарным сцячэнні народу, універсітэцкай прафесуры, калегаў і вучняў. Захавалася жалобная фатаграфія Яна Булгака — інтэр’ер касцёла з Рушчыцам у труне. Жыхары Багданава прынеслі труну на руках па старадаўняй бярозавай алеі, якую мастак рамантычна напісаў у сваёй «Баладзе». На жаль, стары касцёл — той, што на палатне Рушчыца, не захаваўся:  праз 8 гадоў пасля смерці мастака, у ліпені 1944 года, гэты касцёл і вялікая частка вёскі былі дашчэнту спаленыя пры адступленні немцаў.

Адразу пасля вайны парафіяне на працягу двух месяцаў адрадзілі касцёл, адбудаваўшы ў ранейшым выглядзе ў дрэве, але нядоўга ён быў храмам: неўзабаве стаў складам лёну і ўрэшце ў 1977 годзе згарэў.

У 1995 годзе вернікі Багданава на свае сродкі на старым падмурку пачалі будоўлю новага касцёла з сілікатнай цэглы, захаваўшы ў мадэрнізаваным выглядзе некаторыя дэталі старога касцёла. Аднойчы будаўнікі выпадкова знайшлі ў падмурку запячатаную бутэльку, у якой быў стары дакумент з надпісамі з двух бакоў. Знаходку перадалі ў Багданаўскую школу. Ніхто не мог расчытаць польскі рукапісны тэкст, і калі ў 1998 годзе 2 лістапада сын мастака Эдвард Рушчыц з Варшавы традыцыйна наведаў магілы продкаў, яму перадалі гэтую бясцэнную сямейную рэліквію. Аказалася, што на паперы 1846 года па-польску была напісана кароткая гісторыя касцёла: так рамантычна ў бутэльцы даслала сваё пасланне нашчадкам бабка Фердынанда Рушчыца, Ганна Рушчыц з Чаховічаў (1800–1874), каб акрэсліць ролю сваёй сям’і ў адраджэнні касцёла. Бутэлька гэта праляжала ў зямлі 150 гадоў і дайшла-такі да патомкаў, трапіўшы ў рукі праўнука мастака! Эдвард Рушчыц зрабіў фотакопію знаходкі і надрукаваў тэкст паслання ў віленскім часопісе «Wileńskie Rozmaitości» (1998, nr. 6 (50)).

А ў 2017 г. касцёл быў рэканструяваны (архітэктар Аляксей Яроменка) у стылістыцы віленскага барока былым багданаўскім ксяндзом Ігарам Лашуком, атрымаўшы хупавую вежку і наверша на каньку — трохметровую медную скульптуру св. Міхала (аўтар — Баляслаў Скрамблевіч) вагою 200 кілаграмаў. У інтэр’еры касцёла знаходзіцца памятная дошка ў гонар Фердынанда Рушчыца (скульптар Валерый Калясінскі). У 2010 годзе сям’ёю Рушчыцаў была фундаваная і другая памятная дошка з выяваю карціны «Ля касцёла», якую мяркуецца ўстанавіць на месцы напісання карціны. Як птушка-фенікс, паўстаў ужо чацвёрты варыянт багданаўскага касцёла на тым жа месцы. Ён толькі крыху, некаторымі дэталямі нагадвае стары драўляны, праслаўлены Рушчыцам, але жыхары Багданава задаволеныя — усё ж атрымалі новую прасторную прыгожую святыню. Касцёл ззяе ў ночы, бо прадугледжана нават начная падсветка, і ён добра бачны з шашы. Мара Рушчыца аб новым багданаўскім касцёле ўсе ж была часткова ажыццёўлена... Спалены падчас вайны так любімы ім стары драўляны касцёл, радавую святыню, Рушчыц абяссмерціў у сваёй юнацкай карціне. Яна стала своеасаблівым жывапісным помнікам 300-гадовай гісторыі касцёла, помнікам страчанай сядзібе і ўпартасці багданаўскіх жыхароў, энергіі іх духоўных кіраўнікоў.

Скульптар В. Калясінскі.
Памятная дошка
ў гонар Ф. Рушчыца
ў багданаўскім касцёле.
Бронза, ліццё. 2010 г.

Вяртанне на радзіму

Цудоўным чынам больш чым праз паўстагоддзя пасля напісання карціна Рушчыца высілкамі Алены Аладавай, легендарнага дырэктара Мастацкага музея ў Мінску ў пасляваенныя гады, зноў вярнулася туды, дзе была напісана, — у Беларусь. Алена Аладава знайшла карціну ў калекцыі ленінградскага архітэктара, сябра Акадэміі навук Абрама Шустэра. Пасля выставы ў Вене 1902 года карціна Рушчыца знікла з мастацкіх даляглядаў. Верагодна, у 1910-я гады яе набыў купец першай гільдыі, філантроп Ігнат Майсеевіч Шустэр (1863–1913), сапраўдны член Фондавага аддзялення Санкт-Пецярбургскай біржы, які збіраў выключна карціны рускай акадэмічнай школы. Яго сын і спадчыннік Абрам Ігнатавіч, таксама калекцыянер, больш любіў старых еўрапейскіх майстроў і таму ахвотна развітаўся з творам Рушчыца, калі Аладава ў 1957 годзе прапанавала прадаць карціну ў мінскі музей за невялікую цану — 12 000 рублёў (крыху больш, чым месячная зарплата прафесара ў 1950-я). Доўгі час гэта карціна была адзіным творам Рушчыца на Беларусі, надрукаваным ва ўсіх музейных альбомах з 1958 года.

У 2020 годзе ад унука мастака, таксама Фердынанда Рушчыца (у гэтай сям’і хлопчыкам даюць родавыя імёны Эдвард і Фердынанд), ганаровым консулам у Швейцарыі Андрэем Нажэскіным былі набытыя і перададзеныя ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею яшчэ тры невялікія эцюды мастака — замалёўкі Мінска. Рушчыц паступова вяртаецца на Беларусь, яго творы ўжо ёсць і ў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка», і ў прыватных калекцыях, але па сіле эмацыйнага ўздзеяння, жывапіснай якасці і выключнага месца ў багданаўскай сюіце Рушчыца гэта карціна застаецца перлінай мастацтва Беларусі мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў.

Кастусь Качан. «Восеньскі вечар у Багданаве», 2020 г.

P.S. Падчас напісання гэтага артыкула высветлілася, што ў прыватнай бібліятэцы нашай калегі, валожынскай краязнаўцы Алы Аляксандраўны Макарэвіч, якая шмат гадоў займаецца творчасцю Рушчыца, захоўваюцца рарытэты, якія датычацца касцёла ў Багданаве. Іх перадаў ёй з сямейнага збору напярэдадні 150-годдзя Фердынанда Рушчыца ўнук мастака, Фердынанд Рушчыц.

Гэта фотаздымкі інтэр’ераў касцёла ў Багданаве 1920–1930-х гадоў і копія старажытнай паперы з бутэлькі, знойдзенай будаўнікамі ў падмурках багданаўскага касцёла ў 1990-я гады. Ала Аляксандраўна не толькі расказала мне гэтую гісторыю, але і пераклала тэкст артыкула Эдварда Рушчыца 1998 года на беларускую мову, падзялілася фотаздымкамі, якія былі невядомыя даследчыкам на Беларусі. Выказваю ёй шчырую ўдзячнасць.

Тэкст артыкула і фотаздымкі друкуюцца ў Беларусі ўпершыню.

Гл. таксама:
ЭДВАРД РУШЧЫЦ :: ТАЯМНІЦА ЗАЛАКАВАНАЙ БУТЭЛЬКІ ::


  1. Шчасны У. Р. (1949–2020) — беларускі дыпламат, культурны дзеяч, літаратар, драматург, пасол незалежнай Беларусі ў Літве і Вялікабрытаніі, у 2000-я гады — старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прапагандыст творчасці Рушчыца, быў улюбёны ў гэтую карціну настолькі, што заказаў яе копію і ў 2000-я гады павесіў на ганаровае месца ў сваім доме, паказваючы ўсім замежным гасцям. Лічыў, што гэта карціна перадае дух і асаблівую атмасферу Заходняй Беларусі.
  2. Чаму алтарны абраз быў прысвечаны Святой Тройцы, а не Арханёлу Міхалу, у гонар якога быў асвечаны касцёл, невядома.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY