|
Подых радзімы
Ой ты радасць мая — адвечная
Камянецкая старана!
Бачу відную Белую Вежу я,
Так далёка яна відна!
Мне яна падаецца відушчаю.
Мкнуцца словы з грудзей: добры дзень!
І насустрач з вячыстае пушчы мне
Думнай песняй Лясная ідзе.
|
Бібліятэка імя У. М. Ігнатоўскага
У Камянцы бібліятэка
Спрыяе шчодра чалавеку —
Тут вечна верніцы шчыруюць,
Увагай чытачоў чаруюць,
Сваім багатым інтэлектам,
Інтэлігентнасцю сваёй.
Тут людзі і зімой, і летам
Да кнігі горнуцца душой.
Храм кнігі я цаню такі,
Перадусім люблю за тое,
Што Ігнатоўскага святое
імя шануюць землякі.
P.S.
Асобная, напэўна, тэма:
Гісторык даў нам шмат святла,
Ды рэпрэсіўная сістэма
З жыцця вучонага звяла.
|
Ружаны
Веры Шамяцюк
Люблю малыя гарадкі я.
Бяру для прыкладу Ружаны.
Тут людзі шчырыя такія,
Любові вартыя, пашаны.
Пра вучняў добра школа дбае —
Паэтаў запрашае школа;
Народ змястоўна пажывае;
Царква не сварыцца з касцёлам.
Ружаны, вам вякоў нямала.
Люблю я з вамі сустракацца.
Тут беларускі дух трывалы,
Ён абяцае патрымацца…
Хоць у жыцці не ўсё і гладка,
Сапраўдны можа цуд адбыцца —
На радасць продкам і нашчадкам
Сапегі замак аднавіцца.
|
Над кнігаю лёсу
Ці ў небе смутак жураўлёў,
Ці звонкі спеў жаўронкаў,
Гартаю на зямлі дзядоў
Свайго жыцця старонкі.
То сэрца радасць ахіне,
А то журба агорне;
Бывае гэтак цяжка мне:
Гару ў сумлення горне…
Яшчэ з людзьмі і да людзей
Ідзе мая дарога.
Ад маладосці чым далей
Мой шлях — бліжэй да Бога.
Я чую ў снах і наяву,
Што на зямлі нялішні,
І разумею, што жыву
Я ласкаю Найвышняй.
Мне б гэты шлях зямны прайсці,
Імя каб не запляміць,
Любоў не страціць у жыцці
І дар высокі — памяць.
|
Memento mori
1
Старажытная мудрасць даецца —
Дэвальвацыі не паддаецца,
Ні іржы і ні цвілі на ёй —
Неўміручасцю ззяе сваёй.
Я шаную лацінскі выраз,
Для мяне ён крылата вырас —
Памагае дабро мне цаніць,
Не паддацца хлусні, мітусні.
З ім, напэўна, і не расстануся,
Успамінам пакуль не стануся…
Наталяюся ў мудрасці моры
Ачышчальным: «Memento mori»!
2
Самаўлюбёна, без аглядкі
Уверх ідзеш дарогай гладкай.
Ды, хоць пакуль не зведаў зморы, —
Memento mori!
Валіцца з неба будуць грошы,
Купацца станеш у раскошы,
Кагось пакінеш лёгка ў горы…
Memento mori!
Фінал чакае невясёлы.
Як і прыйшоў, ты пойдзеш голы,
Забыты ў часе і прасторы.
Memento mori!
|
Нязвыклы сон
Пасля Вялікае Айчыннай
Ваеннай цяжкае бяды
Я школьнік быў. Тады краінай
Вусаты правіў правадыр.
Яго скрозь ведалі усе,
Кругом партрэт яго вісеў,
Апроч таго, яго партрэт
На нас глядзеў з усіх газет…
Пад вечар неяк сек я дровы,
А ноччу дзіўны ўбачыў сон:
Упаў партрэт правадыровы
(Чамусь марудна падаў ён),
Сарваўся з белае сцяны…
Пазней быў скон правадыровы.
Пазней паўсталі праўды словы,
Што правадыр — ад сатаны.
Ён — параноік-ліхадзей,
І на рахунку на ягоным
Забітых многія мільёны
Сумленных, праведных людзей.
…Партрэты скрозь яго здымалі
І з гэтай дзеяй ва ўнісон
Тырана людзі пракліналі.
А я свой дзіўны ўспомніў сон.
|
Навагодні тост
Бацькаўшчына, з Новым годам!
Будзь і з хлебам ты, і з мёдам,
Плённай працай на палях,
І з праўдзівым словам родным,
Рухам велічным народным
За шырокі шлях свабодны,
Незалежны шлях!
Любы край, па Божай волі
Мужна кроч да шчаснай долі,
Вызваляй сыноў з астрогаў,
Ачышчай ад хламу дом,
Дай мне веры ў перамогу —
Блізкую — дабра над злом.
|
|
|