Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Ніл Сымонавіч Гілевіч падпісвае для Валянціна Глекава сваю кнігу
«Выбраныя творы» з серыі «Беларускі кнігазбор».
Мінск, кватэра пісьменніка, 9 верасня 2009 г.

Дома ў мяне ёсць шмат кніг, як навуковых, так і мастацкіх. Сярод іх нямала і кніг беларускіх аўтараў. Мне падабаецца іх перабіраць, гартаць, чытаць урыўкі з іх у пошуках натхнення і матывацыі. У шмат якіх знаходзяцца аўтографы аўтараў, перакладчыкаў ці мастакоў, адрасаваныя майму бацьку. Часам, калі я працую з кнігамі, здараецца, што калі мне трапляецца такі аўтограф, я забываюся пра мэту, з якой я ўзяў гэтую кнігу ў рукі і пачынаю шукаць аўтографы ў іншых кнігах сваёй хатняй бібліятэкі. Гэта выглядае як гульня, але мне вельмі прыемна пабачыць тыя добрыя словы, якія былі напісаны на старонках кніг.

Падчас аднаго з такіх пошукаў я ўзяў кнігу «Ніл Гілевіч. Выбраныя творы» з серыі «Беларускі кнігазбор». Я ведаю, што мой бацька сябраваў і супрацоўнічаў з Нілам Сымонавічам, і таму я быў ўпэўнены, што і ў гэтай кніжцы абавязкова ёсць аўтограф аўтара. Разгортваю яе. І сапраўды: на тытульным аркушы бачу аўтограф, але, на маё здзіўленне, аўтограф адрасаваны Валянціну Глекаву — гэта значыць, мне…

Я узгадваю, што ў мяне дома ёсць яшчэ адна кніга з аўтографам Ніла Гілевіча, якую ён падпісаў мне, калі мы сустракаліся. Гэта маленькая — усяго 36 старонак — кніга дзіцячых вершаў і загадак Ніла Сымонавіча «Я — беларус». На тытульнай старонцы гэтай кнігі чытаю аўтограф аўтара:

«Валянціну Глекаву зычу шчаслівай дарогі ў вялікае жыццё — у дружбе з паэзіяй. 16.4.09 Ніл Гілевіч».

 

Гэтая кніжачка з аўтографам вельмі дарагая мне і, нягледзячы на тое, што я часта карыстаўся ёю ў пачатковай школе, калі трэба было рыхтаваць на ўрокі загадкі ці вучыць на памяць вершы, я рабіў гэта вельмі беражліва і акуратна.

Я добра памятаю той дзень, калі гэтая кніжачка трапіла да мяне. Гэта адбылося, калі мне было дзесяць гадоў. Я вучыўся тады ў трэцім класе. Не памятаю, па якой прычыне, але ў той дзень у мяне не было заняткаў, таму я ўгаварыў свайго тату, каб ён узяў мяне да сябе на працу. Я быў гэтым вельмі задаволены, бо ў бацькі на працы я заўжды знаходзіў чым заняцца: гэта і размовы з бацькавымі калегамі, і прагляд маляўнічых кніг і альбомаў, і таксама, калі мне дазвалялі, «праца» на камп’ютары. Усё гэта адбывалася ў выдавецтве «Про Хрысто».

За гэтымі заняткамі я і праводзіў свой час у той дзень. Пасля адной тэлефоннай размовы бацька адказаў суразмоўцу: «Добра, праз дзесяць хвілін будзем у Вас», і, паклаўшы трубку, запытаў у мяне:

— Пойдзеш са мной у госці ці застанешся тут, у выдавецтве?

— Так! Так! Пойдзем у госці! — адразу ж пагадзіўся я.

Праз хвіліну мы ўжо шпацыравалі ў напрамку Купалаўскага тэатра.

— Валянцін, мы цяпер ідзём у госці да Ніла Гілевіча, — патлумачыў мне бацька. — Мне трэба абмеркаваць з ім некаторыя выдавецкія справы, а ты, калі ласка, ціхенька пасядзі, каб нам не перашкаджаць...

— Я зразумеў. Не буду вам перашкаджаць, — адказаў я і ў сваю чаргу запытаў: — А гэта той самы Ніл Гілевіч, пра якога нам распавядалі ў школе?

— Так, сапраўды, мы ідзём да народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, — адказаў бацька.

Каля тэатра мы звярнулі на вуліцу Карла Маркса, збочылі ў адзін з дворыкаў і падняліся па лесвіцы на другі паверх. Дзеры ў кватэры былі расчыненыя, і на парозе нас сустракаў сам гаспадар кватэры. Убачыўшы мяне, ён здзівіўся:

— А хто гэты малады чалавек?

— Дзень добры, Ніл Сымонавіч! — адказаў я. — Мяне завуць Валянцін. Пакуль Вы будзеце размаўляць з маім татам, я ціхенька пасяджу і не буду вам перашкаджаць.

— Праходзьце ў хату, даражэнькія! — з усмешкай адказаў Ніл Сымонавіч.

Мы ўвайшлі ў пакой. Ніл Сымонавіч прапанаваў мне сесці на крэсла каля часопіснага століка. Пакуль мой бацька размаўляў з Нілам Сымонавічам па справах, я з цікавасцю абводзіў позіркам пакой. У нас дома шмат кніг, але такой колькасці кніг я ніколі раней не бачыў! Акрамя велізарнай кніжнай шафы, кнігі стосамі ляжалі на стале, на часопісным століку, і нават канапа, на якой сядзеў Ніл Сымонавіч, была завалена стосамі кніг. Мой позірк прывабіў велізарны букет з каласоў, які красаваўся ў крыштальнай вазе на стале. Пасля я не раз чуў ад бацькі, што ён быў на сустрэчы «ў Ніла пад каласамі», і я адразу ж разумеў, што бацька заходзіў праведаць Ніла Гілевіча.

 

Калі размова аб справах была скончана, Ніл Сымонавіч звярнуўся да мяне: запытаў пра мае поспехі ў школе і мае любімыя прадметы.

— А вершы якіх беларускіх паэтаў вы вывучаеце ў школе? — з хітрынкай запытаў гаспадар. — Можа, што-небудзь ведаеце і на памяць?

— Ведаю, магу і пачытаць, — не вагаючыся ні хвіліны, адказаў я. Я, быццам на ўроку, устаў з крэсла і выразна прачытаў на памяць верш Якуба Коласа «Песня аб вясне».

— Вось жа, як добра ты чытаеш вершы! — узрадаваўся Ніл Сымонавіч. — А яшчэ што ведаеш?

Я з такім жа натхненнем прачытаў яшчэ некалькі вершаў. Пасля кожнага верша Ніл Сымонавіч мяне шчыра хваліў і прасіў пачытаць яшчэ. Я стараўся як мог.

— А мо ведаеш на памяць вершы паэта Ніла Гілевіча? — з хітрынкаю запытаў мяне Ніл Сымонавіч.

Тут я разгубіўся, бо мы ў школе не вывучалі вершаў Ніла Гілевіча. Ніл Сымонавіч, заўважыўшы маю разгубленасць, супакоіў мяне, сказаўшы, што ў яго вельмі мала вершаў для дзяцей, у асноўным ён піша для дарослых, і што яму вельмі спадабалася, як я чытаю вершы. Вось тады ён і сказаў:

— Пачакай, пачакай! У мяне для цябе ёсць падарунак! — Ён стаў перабіраць кнігі, якія ляжалі побач з ім на канапе, пакуль не знайшоў невялікую кніжачку.

— У гэтай кніжыцы сабраныя мае вершы для дзяцей. Я зараз табе яе падпішу, — сказаў ён. Ніл Сымонавіч узяў ручку з пяром, падпісаў і ўручыў мне гэтую кнігу. Я быў вельмі задаволены такім падарункам...

Нягледзячы на тое, што гэта была мая адзіная сустрэча з Нілам Сымонавічам, ён не забываўся пра мяне і пры сустрэчы з татам заўсёды перадаваў які-небудзь смачны пачастунак, а калі выйшаў яго том у серыі «Беларускі кнігазбор», ён падпісаў гэтую кнігу для мяне.

Хоць мая прафесійная дзейнасць цяпер не звязаная з літаратурай, я шукаю натхнення для сваёй працы ў беларускім родным слове і ў тым ліку ў вершах беларускіх паэтаў. Такім чынам, спаўняецца пажаданне Ніла Гілевіча «...шчаслівай дарогі ў вялікае жыццё — у дружбе з паэзіяй».

Валянцін Глекаў

Гл. таксама:
ДАНУТА БІЧЭЛЬ :: ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ ::
АЛЕГ ГЛЕКАЎ :: «У НІЛА ПАД КАЛАСАМІ» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY