Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Сяргей ЧЫГРЫН

ПЕРШЫ ПЕРАКЛАД «СЛУЦКІХ ТКАЧЫХ» НА ПОЛЬСКУЮ МОВУ

Падчас паездкі ў 1911 годзе ў Вільню Максім Багдановіч пазнаёміўся з рукапісамі старажытных беларускіх кніг. Яго цікавіла гістарычнае мінулае беларускага народа і пад уражаннем у 1912 годзе ён напісаў верш «Слуцкія ткачыхі», які ўвайшоў у цыкл «Старая Беларусь». Верш «Слуцкія ткачыхі» — адзін з лепшых твораў гэтага цыклу. У ім уваскрашаецца далёкае мінулае Беларусі, паказваецца паднявольная праца слуцкіх ткачых у час прыгону, а вобраз васілька набывае ў вершы абагульняючае значэнне: ён зліваецца з вобразам Радзімы, становіцца сімвалам народнага мастацтва. У вершы «Слуцкія ткачыхі» паэт раздумвае над лёсам беларускіх мастакоў і над сутнасцю мастацтва. Гэты верш вельмі прыгожы, у ім аўтар спрабуе расказаць пра тое, што сапраўднае мастацтва нельга стварыць пад прымусам. Паясы ператварыліся ў шэдэўры толькі тады, калі ткачыхі ўклалі ў іх сваю душу. Паэт хацеў перадаць, наколькі цяжкі быў той час, калі людзі былі не вольныя рабіць тое, што хацелася, час, калі людзі цалкам залежалі ад гаспадара, выконвалі толькі тое, што хацелася і падабалася яму:

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы…

Так нам, школьнікам, распавядалі настаўнікі на ўроках роднай літаратуры пра цудоўны верш Максіма Багдановіча «Слуцкія паясы». І ўcе школьнікі вучылі яго на памяць. І сёння мы гэты хрэстаматыйны верш можам расказаць з любой вялікай ці маленькай сцэны.

Яшчэ пры жыцці Максіма Багдановіча яго верш «Слуцкія паясы» быў перакладзены на польскую мову і апублікаваны ў часопісе «Wieś Ilustrowana» (1913, № 9. С. 31). Верш на польскую мову пераклаў літаратар, паэт, педагог і перакладчык Юзаф Вяжынскі (1871–1941). Часопіс «Wieś Ilustrowana» апублікаваў «Слуцкія паясы» па-беларуску і па-польску. Цікава, а ці ведаў пра гэта сам Максім Багдановіч?

Беларускі літаратуразнавец і мой зямляк Янка Саламевіч (1938–2012) вельмі цікавіўся асобай Юзафа Вяжынскага: ён шукаў пра яго звесткі, але да канца сваю справу не давёў. Я дапамагаў яму ў пошуках матэрыялаў пра першага перакладчыка «Слуцкіх паясоў». За той час пошукаў нам удалося даведацца пра тое, што Юзаф Вяжынскі шчыра сябраваў з мастаком Фердынандам Рушчыцам (1870–1936).

Юзаф Вяжынскі і Фердынанд Рушчыц разам вучыліся ў 1883–1890 гадах у Менскай дзяржаўнай класічнай гімназіі. Вось як згадвае Юзаф Вяжынскі пра Рушчыца: «Фэрдзя быў першым вучнем на працягу ўсёй вучобы ў гімназіі, яго імя штогод змяшчалася на залатой табліцы. Для яго не было цяжэйшых і лягчэйшых прадметаў, як па лаціне ці грэцкай, так і па рускай мовах і матэматыцы ён атрымліваў самыя высокія адзнакі. Быў не толькі здольны ў навуках, але і ўпарты ў працы». На працягу ўсёй вучобы Фердынанд наведваў урокі малюнка. У Вільні яны пэўны час жылі ў адным доме, а ў пачатку 1930-х гадоў ездзілі разам у Крэўскі замак. Вяжынскі нават напісаў артыкул пра свайго сябра: «Dzieciństwo i młodość Ferdynanda Ruszczyca» (Ferdynand Ruszcyc — życie i dzieło Wilno, 1939. S. 23).

Да 1919 года Вяжынскі быў сябрам камітэта, які аднаўляў Віленскі ўніверсітэт, нават пэўны час быў там выкладчыкам, а таксама прысяжным перакладчыкам акруговага суда ў Вільні. Ён часта чытаў лекцыі пра творчасць свайго сябра мастака.

Пражыў Юзаф Вяжынскі 66 гадоў. Памёр у Вільні, дзе і пахаваны на бэрнардынскіх могілках.

Прыгадаў я пра перакладчыка «Слуцкіх паясоў» Юзафа Вяжынскага з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое прыпадае на 9 снежня, таму прапаную і верш класіка беларускай літаратуры на польскай мове ў перакладзе Юзафа Вяжынскага і па-беларуску.

Слуцкія ткачыхі

Ад родных нiў, ад роднай хаты
У панскi двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгiя часiны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокiя тканiны
На лад пярсiдскi ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зiяе неба з-за акна, —
I думкi мкнуцца мiмаволi
Туды, дзе расцвiла вясна;
Дзе блiшча збожжа ў яснай далi,
Сiнеюць мiла васiлькi,
Халодным срэбрам ззяюць хвалi
Мiж гор лiючайся ракi;
Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж пярсiдскага узора
Цвяток радзiмы васiлька.

Słuckie tkaczkі

Z rodzimych niw, z rodzimej chaty
Na pański dwór dla marnej krasy
Wzięto bezdomne, bez zapłaty
Tkać one złotolite pasy.
I cięgiem w długie te godziny,
Dziewicze zobaczywszy sny,
Szerokie, barwne swe tkaniny
Przetykasz na wzór perski ty.
Za ścianą tuż wre śmiechem pole,
Przyświeca niebo z okna krat
I dumka rwie się mimo woli
Tam, kędy wiosną zakwitł świat,
Gdzie lśni się zboże w jasnej dali,
Bławatków gdzie modrzeje łan,
Gdzie chłodem srebra drga grzbiet fali
Rzeki, pędzącej z góry w tan,
A w dali ciemna obrzeż boru...
I w zapomnieniu z pod twych rąk
Zamiast obcego Persów wzoru
Wykwitł bławatków swojskich pąk.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY