Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Ян Павел ІІ

МУЖ СПРАВЯДЛІВЫ — АБРАННІК

З апостальскай адгартацыі Redemptoris custos пра святога Юзафа і яго місію ў жыцці Хрыста і Касцёла

Абраз «Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам» з касцёла ў вёсцы Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.

* * *

17. На сваім жыццёвым шляху, які быў пілігрымаваннем у веры, Юзаф да канца заставаўся верным Божаму закліку, гэтаксама як Марыя, жыццё якой да канца стала спаўненнем свайго першага fiat, прамоўленага ў момант звеставання. Юзаф жа, у момант свайго «звеставання», не прамовіў ніводнага слова, а толькі «зрабіў так, як загадаў яму анёл Пана» (гл. Мц 1, 24). І гэтае першае «зрабіў» стала пачаткам «шляху Юзафа». На працягу ўсяго гэтага шляху ў Евангеллях не запісана ніводнага слова, якое ён прамовіў. Але маўчанне Юзафа вельмі красамоўнае: праз гэтае маўчанне можна ва ўсёй паўнаце зразумець праўду, якая ёсць у евангельскім вызначэнні, — «муж справядлівы» (гл. Мц 1, 19).

Трэба ўмець спасцігаць гэтую праўду, бо ў ёй закладзена адно з найважнейшых сведчанняў пра мужчыну і ягонае пакліканне. На працягу многіх пакаленняў Касцёл усё больш пранікнёна і дакладна спасцігае гэтае сведчанне, як бы вымаючы са скарбніцы гэтай годнай постаці «новае і старое» (Мц 13, 52).

18. У «мужа справядлівага» з Назарэта найперш ёсць выразныя рысы абранніка. Евангеліст кажа пра Марыю як пра «Дзеву, заручаную з мужам па імені Юзаф» (гл. Лк 1, 27). Перш чым пачне спаўняцца «таямніца, спрадвеку схаваная ў Богу» (гл. Эф 3, 9), Евангеллі паказваюць нам вобразы абранніка і Абранніцы. Па звычаях ізраільскага народа абрад заручынаў праходзіў у два этапы: спачатку заключалася сужэнства ў юрыдычным сэнсе (гэта й былі заручыны) і толькі праз пэўны час муж прыводзіў жонку ў свой дом. Таму Юзаф стаў «мужам» Марыі раней, чым разам з Ёю пачаў жыць. Аднак Марыя захоўвала ўнутранае жаданне поўнай адданасці толькі Богу. Можа ўзнікнуць пытанне: якім чынам гэтае жаданне ішло поруч з «заручынамі»? Адказ дае далейшая хада збаўчых падзеяў, гэта значыць асаблівае дзеянне самога Бога. З моманту звеставання Марыя ведае, што сваё дзявочае жаданне цалкам і выключным чынам прысвяціць сябе Богу Яна павінна выканаць, стаўшы Маці Божага Сына. Мацярынства праз справу Духа Святога — гэта тая форма аддання сябе Богу, якога Ён сам чакае ад Дзевы, «заручанай» з Юзафам. І Марыя прамаўляе сваё fiat.

Тая акалічнасць, што Яна была «заручана», гэта значыць «даручана» Юзафу, закладзена ў Божым плане. На гэта ўказваюць абодва працытаваныя тут евангелісты, але асаблівым чынам — Мацвей. Словы, прамоўленыя да Юзафа, вельмі знамянальныя: «не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога» (Мц 1, 20). Гэтыя словы тлумачаць таямніцу Абранніцы Юзафа. Марыя — Дзева ў сваім мацярынстве. «Сын Найвышэйшага» прыняў у Ёй людское цела і стаў «Сынам Чалавечым». Бог, які прамаўляе да Юзафа словамі анёла, звяртаецца да яго як да абранніка Дзевы з Назарэта. Тое, што здзейснілася ў Ёй праз справу Духа Святога, асаблівым чынам пацвярджае тую заручальную сувязь, якая існавала ўжо раней паміж Юзафам і Марыяй. Анёл выразна кажа Юзафу: «Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю». Таму тое, што сталася раней, — заручыны Юзафа з Марыяй, сталася паводле святой волі Бога і павінна быць захавана. Марыя ў сваім Боскім мацярынстве павінна жыць надалей як «Дзева, заручаная з мужам» (гл. Лк 1, 27).

19. У словах начнога «звеставання» Юзаф згадвае не толькі Божую праўду пра невымоўнае пакліканне сваёй Абранніцы, ён адначасова наноў адкрывае праўду пра сваё ўласнае пакліканне. Гэты «муж справядлівы», які ў духу найлепшых традыцый выбранага народа пакахаў Дзеву з Назарэта, звязаў сябе з Ёю абранніцкаю любоўю, ён быў самім Богам наноў пакліканы і прызваны да гэтай любові.

«Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю», «бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога», — ці ж не на падставе гэтых словаў трэба разумець, што таксама і мужчынскае каханне Юзафа да Марыі пачалося тады наноў ад Духа Святога? Ці ж не трэба думаць пра гэту Божую любоў, разлітую ў людскіх сэрцах Духам, які дадзены нам (гл. Рым 5, 5), і што менавіта Ён найцудоўней фармуе кожную людскую любоў? Фармуе таксама асаблівым чынам сужэнскую любоў, паглыбляючы ў ёй усё тое, што па-людску годнае і прыгожае, што носіць пазнаку гэтага выключнага даверу і саюзу асобаў, сапраўднай «камуніі» на ўзор Трынітарнай Таямніцы.

«Юзаф… прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына» (Мц 1, 24–25). Гэтыя словы таксама ўказваюць на іншую сужэнскую блізкасць. Глыбіня гэтай блізкасці, духоўная інтэнсіўнасць паяднання і сумоўя асобаў — мужчыны і жанчыны — у рэшце рэшт сыходзіць ад Духа, які дае жыццё (гл. Ян 6, 63). Юзаф, паслухмяны Духу, знайшоў у Ім крыніцу любові — сваёй сужэнскай, мужчынскай любові. Гэта была любоў, большая за тую, на якую мог спадзявацца «муж справядлівы» ў сваім людскім сэрцы.

20. Літургія праслаўляе Марыю, «з’яднаную з Юзафам, мужам справядлівым, повяззю дзявочай і сужэнскай любові». Па сутнасці гаворка тут ідзе пра два віды любові, якія разам паказваюць таямніцу Касцёла, дзевы і абранніцы, сімвалам якой з’яўляецца сужэнства Марыі і Юзафа. «Дзявоцтва і цэлібат для Божага Валадарства не толькі не супярэчаць годнасці сужэнства, але прадугледжваюць яе і пацвярджаюць. Сужэнства і дзявоцтва — гэта два спосабы праяўлення і перажывання адзінай Таямніцы Саюза Бога са сваім народам і саюза, які ёсць камуніяй любові паміж Богам і людзьмі.

Праз поўнае ахвяраванне сябе Юзаф праяўляе бескарысліваю любоў да Маці Бога, складаючы Ёй «сябе ў сужэнскім дары». Вырашыўшы заставацца ў ценю, каб не быць перашкодаю для Божага плану, які здзяйсняўся ў Ёй, Юзаф выконвае выразны наказ, атрыманы ад анёла: прымае Марыю і шануе Яе выключную прыналежнасць Богу.

З другога боку, менавіта сужэнства з Марыяй з’яўляецца крыніцаю асаблівай годнасці Юзафа і яго правоў у адносінах да Езуса. «Несумненна, годнасць Маці Божай такая высокая, што нічога большага стварыць нельга. Аднак паколькі св. Юзаф быў паяднаны з Найсвяцейшаю Дзеваю сужэнскаю повяззю, ён, несумненна, наблізіўся да гэтай узнёслай годнасці, у якой Багародзіца пераўзышла ўсе стварэнні. Сужэнства — гэта найбольш істотная супольнасць і саюз, і таму па сваёй прыродзе вымагае ўзаемнага і супольнага права на ўсю маёмасць сужэнцаў. Таму, калі Бог прызначыў св. Юзафа сужэнцам Найсвяцейшай Панны, то ўчыніў яго не толькі спадарожнікам Яе жыцця, сведкам Яе дзявоцтва, абаронцам Яе чысціні, але праз сужэнскую повязь таксама щдзельнікам Яе ўзнёслай годнасці!

21. Гэтая любоў сфармавала жыццё Святой Сям’і; найперш — ва ўбостве Бэтлеема; пазней — на выгнанні ў Егіпце; і пасля вяртання — у Назарэце. Касцёл атуляе глыбокаю пашанаю Святую Сям’ю, ставячы яе ў прыклад усім сем’ям. Святая Сям’я з Назарэта, непасрэдна звязаная з таямніцаю Уцелаўлення, сама таксама з’яўляецца асабліваю таямніцаю. Разам з тым, гэтаксама як ва Уцелаўленні, да таямніцы належыць сапраўднае айцоўства: людская форма Сям’і Сына Божага — сапраўдная людская сям’я, сфармаваная Божаю таямніцаю. У гэтай сям’і Юзаф з’яўляецца бацькам. Гэта бацькоўства паходзіць не ад нараджэння, але яно й не ўяўнае, не «прыёмнае». У ім — паўната і сапраўднасць людскога бацькоўства, бацькоўскай місіі ў сям’і. <...>

Таму такое адпаведнае значэнне маюць словы Марыі, скіраваныя да дванаццацігадовага Езуса ў святыні: «…Бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе». Гэта не толькі «ўмоўны» выраз: словы Маці Езуса ўказваюць на рэальнасць Уцелаўлення, што належыць да таямніцы Сям’і з Назарэта. Юзаф, які сваё людское бацькоўства ў адносінах да Езуса ад пачатку прыняў праз «паслухмянасць веры», ідучы за святлом Духа Святога, што праз веру даецца чалавеку, несумненна, усё больш поўна адкрываў для сябе невыказны дар гэтага бацькоўства.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY