|
|
№
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
Лідзія КАМІНСКАЯ
НЕВЯЛІКІЯ ЎСПАМІНЫ ПРА ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА In memoriam
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы
Постаці
Кс. Ігар ЛАШУК
СУСТРЭЧА СА СЛУГОЮ БОЖЫМ А. ФАБІЯНАМ МАЛІШОЎСКІМ OP Айцец Канстанцін М. ЖУКЕВІЧ OP СЛУГА БОЖЫ ФАБІЯН МАЛІШОЎСКІ Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕРШ «ЗІМОВЫ ДОСВІТАК» УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ ЯК СВЕДЧАННЕ ВЕРЫ ПАЭТА Прадмова да беларускага перакладу Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча
Музыказнаўства
|
Фабіян Малішоўскі нарадзіўся ў 1583 годзе ў Пшэмыслі, і менавіта таму некаторыя гісторыкі называюць яго Фабіянам Пшэмысльскім. У дамініканскі ордэн ён уступіў у Львове, у кляштары Божага Цела, дзе склаў манаскія абяцанні 17 мая 1602 года, «просячы Найсвяцейшую Панну Марыю аб ласцы вытрымкі». Атрымаўшы прэзбітэрскае пасвячэнне, Фабіян сваім дарам незвычайна захапляльнага красамоўства прыцягвае да сябе шмат слухачоў у львоўскіх касцёлах, дзе абвяшчае Божае слова і становіцца «генеральным прапаведнікам». Ён меў сапраўдны апостальскі дух, і таму, перарваўшы прапаведніцкую дзейнасць у Львове, адправіўся ў Малдавію, каб там навяртаць няверуючых. Спадарожнік яго місіянерскай вандроўкі, айцец Амброзій з Ужэндова, быў узяты ў татарскі палон, і айцец Фабіян прадае сябе замест яго ў палон язычнікам, чым так узрушвае іх, што абодвум місіянерам тыя падаравалі волю. У 1618 годзе айцец Фабіян прысутнічаў на генеральным капітуле ў Лісабоне, а ў 1622 годзе — у Мілане. У гэтым жа годзе ён становіцца прыёрам у Езупалі і вікарыем парафіі ў Пакуці. У 1628 годзе айцец Фабіян атрымлівае найвышэйшую навуковую ступень у ордэне — магістра тэалогіі. У 1629 годзе ён першы раз становіцца настаяцелем у Стоўбцах, дзе плоцкі ваявода Аляксандр Слушка пабудаваў для дамініканаў драўляны кляштар (каля 1621 года), але ў тым жа годзе айцец Фабіян ужо абвяшчае Божае слова ў Бары. Сабраты, паважаючы айца Фабіяна за незвычайны розум, і перадусім за вялікую цярплівасць, у 1634 годзе аднагалосна выбіраюць яго правінцыялам Рускай правінцыі. Ад гэтай пасады ён адмовіўся праз два гады па прычыне фізічнай слабасці, але перадусім з-за пакоры, хоць дасканала і па-бацькоўску ўмеў кіраваць «манаскім чоўнам». Па волі генерала ордэну ён затрымаўся ў правінцыі да 1636 года на пасадзе вікарыя. Выконваючы кіруючую функцыю ў ордэне, айцец Фабіян з’яўляецца правінцыялам-місіянерам, які пасылае манахаў у Малдавію і Татарыю, адначасова фармуючы для місіянерскага служэння святароў у Рыме. Таму не дзіва, што перажывае за тыя межы Рэчы Паспалітай, залітыя крывёю ад татарскіх набегаў, разадраныя кіпцюрамі схізмы. Калі Уладзіслаў IV будуе крэпасць у Кудаку і запрашае туды дамініканаў, першым настаяцелем там становіцца айцец Фабіян (1638–1640). Там жа ён разам з камендантам крэпасці Жулкеўскім будуе невялікі касцёл з кляштарам. У 1640 годзе айцец Фабіян зноў становіцца прыёрам у Стоўбцах і займае гэтую пасаду да сваёй смерці ў 1644 годзе. У сваю сялібу ў Стоўбцах айцец Фабіян увайшоў са словамі, якія ў прадчуванні блізкай смерці некалі прамовіў яго вялікі брат у манастве святы Тамаш Аквінскі: «Тут супакой мой будзе навекі, тут жыць буду, бо я гэтае месца выбраў». Айцец Фабіян жыў у келлі, «прыклеенай» да сценаў касцёла, як ластаўчына гняздо. Яе да сённяшняга лічаць жыллём айца Фабіяна. Келля перанесла ваенную віхуру, хоць кляштар, які быў пабудаваны намаганнямі айца, ператварыўся ў руіны. У 1640 годзе айцец Фабіян разам з фундатарам будуе вельмі прыгожую мураваную святыню пад тытулам святога Казіміра, аздобленую цудоўнымі каменнымі алтарамі і ляпнінаю, азораную ласкамі вядомага абраза Маці Божай Ружанцовай. Да гэтага святара, напоўненага Святым Духам, горнецца навакольны люд. Адсюль айцец Фабіян адпраўляецца ў доўгія місіянерскія вандроўкі, навяртаючы заблуканых авечак да Хрыстовага статку не толькі палымянымі словамі, але перадусім ціхасцю і святасцю жыцця. Айцец Фабіян памёр 12 жніўня 1644 года.
Пасля смерці У хуткім часе пасля смерці айца Фабіяна казацкія варвары разганяюць дамініканаў, а яго цела выкідаюць з труны. Калі ж манахі нарэшце вяртаюцца, яны са здзіўленнем знаходзяць акружанае палымнеючымі свечкамі цела пабожнага прыёра свежым, з адкрытымі вачыма, узнятымі да неба. Паводле легенды, гэта зрабіла анёльская рука... Цудоўных пасмяротных з’яваў было нямала. Аднойчы айцец Фабіян аб’явіўся аднаму са святароў і паведаміў, што памёр у ласцы Божай. Іншы манах бачыў айца Фабіяна з памерлай фундатаркай Соф’яй Зяновіч: яны хадзілі вакол касцёла і разам маліліся Ружанец, а манаха, які маліўся каля яго труны, айцец Фабіян прытуліў да сябе і прыкрыў сваім чорным плашчом. Манахі, звяртаючыся да яго ў цяжкіх справах, асабліва калі ў кляштары пачынаўся голад, заўсёды атрымлівалі дапамогу. Памятаючы аб гэтым, яны штодзённа моляцца псальмамі: «Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас» (Пс 67) і «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23). Ласкавы для пабожных, для нахабных айцец Фабіян становіцца суровым. Калі хтосьці са смехам прыбірае з яго твару манаскі каптур, ён глядзіць грозна, нагадваючы пра павагу да святога месца. Казакі маюць асаблівыя адносіны да айца Фабіяна. Аднойчы, падчас нападу Хмяльніцкага, яны ўварваліся ў падзямелле і, убачыўшы там цела спачылага Фабіяна, якое выглядала так, нібы ён памёр учора, паставілі цела каля сцяны, падпіраючы кіем. Памерлы схапіўся за гэты самы кій і выгнаў бязбожнікаў з касцёла… Цела айца Фабіяна на працягу двух вякоў не паддавалася тленню, аб гэтым сведчаць кансісторскія і дэканскія акты 1741, 1743, 1754 гадоў. Сведкамі гэтага былі натоўпы людзей, што прыходзілі да труны святога манаха. Вернікі бралі на памяць кавалачкі габіту, попел ад якога лічыўся лякарствам ад розных хваробаў. Акрамя таго, айцец Фабіян неаднойчы аб’яўляўся святарам, патрабуючы ад іх новы габіт. Пра гэта сведчылі айцец Казімір Бароўскі і айцец Мар’ян Прускі. Айцы канвенту святой Гары Ружанцовай у Падкамені ў 1784 годзе пасылаюць у Стоўбцы дэлегата — магістра клерыкаў айца Пятра Рагазінскага, які прывозіць для айца Фабіяна новы габіт, а стары як каштоўную рэліквію забірае ў Падкамень. З-за бядоты, якая праяўлялася ў розных хваробах, людзі рэзалі габіт айца Фабіяна на часцінкі, таму на ўрачыстасць святой Марыі Магдалены цела спачылага святара заўсёды пераапраналі ў новы габіт, і гэта быў дзень, калі нават з далёкіх ваколіц цэлыя натоўпы прыходзілі да труны Фабіяна, паўсюдна званага святым. Прыходзілі не толькі католікі, але і схізматыкі, і нават габрэі, бо ў народзе распаўсюдзілася вестка пра тое, што ў аднаго габрэя прапалі коні, і той, прыйшоўшы да труны айца Фабіяна, паабяцаў, што, калі коні знойдуцца, ён стане католікам. Коні знайшліся, але габрэй не спяшаўся выканаць абяцанне і таму аслеп. Пасля гэтага небарака зноў звяртаецца да вялебнага Фабіяна, прымае каталіцкую веру, і да яго вяртаецца зрок. Гэтыя незвычайныя з’явы і пашана, якой людзі атачалі сціплую асобу памерлага манаха, пасадзейнічалі таму, што ў 1741 годзе біскуп Віленскі Міхал Зянковіч распарадзіўся перанесці цела айца Фабіяна з агульнага пахавальнага склепа ў пахавальны склеп фундатараў, які знаходзіўся пад капліцай святога Дамініка. У той жа час правінцыял ордэну айцец Рэмігій Бабінскі, абапіраючыся на аповеды пажылых манахаў, напісаў кароткі жыццярыс айца Фабіяна і параіў дакладна апісваць цуды і ласкі, якія здзяйсняліся каля магілы айца Фабіяна, адначасова пацвярджаючы культ пабожнага святара згодна з правіламі Касцёла. Так узнік спіс цудаў і ласкаў, які слушна называюць «Кнігаю жыцця». За перыяд з 1742 па 1757 гады ў ім было занатавана 150 незвычайных выпадкаў, якія адбыліся праз заступніцтва айца Фабіяна. Вельмі шкада, што запісы вяліся толькі на працягу 15-ці гадоў, хоць, магчыма, і даўжэй, але яны згубіліся ў віры падзеяў, што абрушваліся на стаўбцоўскі кляштар. Гэтыя факты заўсёды запісваліся ў прысутнасці святара і сведкаў і часта пад прысягай.
З «Кнігі жыцця» Вось некалькі выпадкаў з «Кнігі жыцця» айца Фабіяна. «У 1742 годзе, 27 студзеня, прыйшоў да магілы айца Фабіяна Базыль Крыванос і пацвердзіў пад прысягай, што ў дзень Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ён залез на дрэва, каб яго ссекчы, але зваліўся, нібы хтосьці яго саштурхнуў, і зламаў дзве рабрыны ў правым баку. Раптам у містычным захапленні ён убачыў пажылога чалавека ў белым габіце, які павучаў яго, каб той больш не працаваў у святы, а калі хоча быць здаровым, то павінен ісці ў Стоўбцы і пытацца пра Фабіяна. Чалавек так і зрабіў, і, калі паабяцаў больш не працаваць у святы, хутка выздаравеў. Мужчына стрымаў дадзенае абяцанне, дэманструючы сваю вернасць і дзякуючы Богу…» 6 жніўня 1742 года Казімір Геранім дэ Раес, мінскі скарбнік, разам са сваёю жонкай Феліцыяй з роду Эйсмантаў, засведчылі: «Прызнаём пад прысягай і з сумленнем, што, калі па дапушчэнні Пана Бога наш двор нейкі час быў амаль цалкам пад пагрозай смяротнай хваробы, такой, што чацвёра памерлі, іншыя безнадзейна хварэлі, а ўрэшце захварэла і наша любімая ўнучка Феліцыяна, якой было 5 гадоў, мы ахвяравалі яе разам з нашай хатняй абслугай вялебнаму слузе Божаму Фабіяну. Мы выехалі са Станькава і разам укленчылі ў Стоўбцах каля труны вышэйзгаданага слугі Божага, просячы яго аб дапамозе і выратаванні нашай унучкі і ўсіх слугаў, што былі ў небяспецы. І сапраўды, мы спазналі ласку Божую, калі на зваротным шляху, за дзве мілі да дому, гэтае дзіця, заснуўшы на нашых каленях, прачнулася здаровым. Да таго ж, прыехаўшы дамоў, унучка сказала: „Дзядулечка, не турбуйся, я буду жыць, бо мне святы Фабіян так абяцаў, але мая сястрычка Тэрэня памрэ, сапраўды памрэ“. Гэта яна паўтарыла некалькі разоў, а мы не верылі. Аднак так і сталася, а хворыя слугі пачалі выздараўліваць, і нарэшце ўсе яны выжылі». 14 ліпеня 1747 года прыйшла да труны айца Фабіяна пані Тэафілія Таўшова з Ружыцкіх, ажно з Кракава, з мясцовасці Новая Весь, і вось што расказала: «Пасля смерці мужа, які быў прыхільнікам кальвінісцкай ерасі, як і я, прыйшла я да сапраўднай веры, каталіцкай. За гэта мая родная маці, зненавідзеўшы мяне, наслала на мяне шатанаў. Тры гады я мучылася, ездзячы па розных святых месцах, як у Кароне1, так і ў Вялікім Княстве Літоўскім, просячы аб вызваленні ад дэманаў. Але князь Вельзевул, як ён сам сябе называе, не хацеў мяне пакінуць, аднак прызнаўся, прымушаны рознымі ксяндзамі-экзарцыстамі, што месцам майго вызвалення могуць стаць толькі Стоўбцы. Не ведаючы нічога пра гэтую мясцовасць, я не мела ўжо ніякай надзеі на выратаванне, аднак ранкам 21 снежня 1746 года стаў побач са мною невядомы дамініканін і, узяўшы мяне за руку, сказаў: „Тэафілія, устань і ідзі ў Стоўбцы, там ты вызвалішся ад злога духа“. Абудзіўшыся пасля гэтых словаў, я пачала раіцца з рознымі святарамі, каб зразумець, што мне рабіць. Яны адгаворвалі мяне ад гэтай паездкі, прыпісваючы гэтае аб’яўленне шатану. Бог мяне пакараў, бо на Новы год я захварэла і ляжала аслабелая некалькі тыдняў. Дзевяць дзён я не магла гаварыць і не пазнавала людзей. Тады ж паўторна аб’явіўся мне той жа дамініканін і зноў заахвочваў мяне да падарожжа. Я яму сказала: „Як жа я пайду, цяжка хворая і дарогі не ведаючы?“ Ён адказаў: „Не бойся, я цябе правяду і шатану забараню рабіць табе дрэнна». Пасля гэтага, распытаўшы пра дарогу, я шчасліва апынулася ў Стоўбцах». Далей расказваюць пад прысягай ужо дамінікане (прыёр айцец Зефірый Пясецкі, айцец Тамаш Шчуцкі, айцец Альберт Вароніч): «Пасля споведзі і святой Камуніі жанчына была праведзена да труны айца Фабіяна. Спецыяльна для яе труну адчынілі, і ў гэты ж час хворую пачаў мучыць і трэсці шатан, крычучы моцным голасам: „Мяне знішчылі!“ Жанчына імгненна павалілася і страціла прытомнасць, аднак пасля адразу ж абудзілася здароваю і вольнаю. Яна на тры тыдні затрымалася ў Стоўбцах і паехала дамоў абсалютна здаровая ». Неаднойчы людзі вылечваліся, проста прыклаўшы абразок з выяваю айца Фабіяна да хворага месца. «19 сакавіка 1749 года прыйшоў пан Юзаф Галімскі, аршанскі вайсковы (намеснік кашталяна. — Заўв. рэд.), каб засведчыць аб тым, што ён атрымаў Божую ласку праз заступніцтва айца Фабіяна. У яго невыносна балела правая рука, ён не бачыў ад болю ніякага паратунку. У свой час яго жонка, у якой моцна балелі зубы, звярталася да розных дактароў, і калі тыя не змаглі дапамагчы, яна звярнулася да Нябеснага доктара і папрасіла аб заступніцтве айца Фабіяна. Як толькі жанчына прыклала абразок з выяваю айца Фабіяна да зубоў, яны перасталі балець. Спазнаўшы такую ласку, і мужу загадала прыкласці да рукі абразок айца Фабіяна — і таксама адразу ж боль суцішыўся. Пра гэта яна сведчыць пад прысягай, прыносячы да яго труны срэбную воту». Няма нічога дзіўнага ў тым, што, ведаючы факты заступніцтва, людзі ў сваёй бядзе прыходзілі са сваім болем да труны слугі Божага, складаючы простую, але вельмі прыгожую літанію, у якой яны праслаўлялі ягоныя цноты і называлі айца Фабіяна і «чыніцелем цудаў», і «суцяшальнікам засмучаных», і «памочнікам сіротаў», і «аздараўленнем хворых», і тым, «які вяртае згубленыя рэчы», і «выратавальнікам памерлых». Больш за тое, людзі, якія спазналі дапамогу айца Фабіяна, хацелі бачыць яго не проста ў труне, а ў славе алтара, у ліку святых. У 1744 годзе Малы сейм Мінскай зямлі вынес просьбу на Сінод, які ў той час праходзіў у Вільні, аб распачацці першых крокаў беатыфікацыі айца Фабіяна. Аб гэтым разважаюць таксама і манахі ордэну, якія ў 1750 годзе праз тагачаснага правінцыяла айца Генрыха Русьяна просяць у генерала ордэну, айца Антонія Брэманда, дазволу распачаць беатыфікацыйны працэс сабрата.
Дарэмныя намаганні На жаль, для Польшчы насталі цяжкія часы, падчас якіх ліквідоўваліся кляштары.У 1833 годзе зачыніўся і кляштар у Стоўбцах. Касцёл перайшоў пад уладу свецкага духавенства, але ў 1868 годзе і яго ліквідавалі. Пазней у будынку дзейнічала праваслаўная царква, аднак культ айца Фабіяна па-ранейшаму існаваў, да таго ж напачатку яго падтрымлівалі нават праваслаўныя, маючы з гэтага прыбытак. Але «зверху» прыйшоў загад прыбраць «польскага святога». Людзям, якія ўшаноўвалі дамініканіна, было сказана, што, паколькі Сінод павінен абвясціць айца Фабіяна святым, яго цела, паводле правілаў, павінна праляжаць у зямлі 300 гадоў, таму труну закапалі. Падчас закопвання адзін маскаль гаварыў з насмешкай, утоптваючы зямлю: «Ну ўжо, Фабіяначак, не ўстанеш!» Але ж, вось жах, у тую ж хвіліну мужчына страціў сілу ў нагах і сам больш не ўстаў. Поп, які абвясціў загад аб пахаванні і загадаў выканаць яго, памёр страшнай смерцю. Гэтыя выпадкі не толькі не паменшылі пашаны да Фабіяна, але і памножылі яе. Людзі выбілі адтуліну ў сцяне і кідалі ахвяры не на труну, але ўжо на магілу Фабіяна. Тым часам губернатар па просьбе архіерэя ў Мінску выдаў загад закапаць цела яшчэ глыбей, а людзям сказалі, што паводле царскага загаду цела Фабіяна павінна быць вывезена ў Кіева-Пячорскую Лаўру. Адны ў гэта паверылі, іншыя засумняваліся, але ніхто не бачыў, як цела вывозілі, да таго ж адзін габрэй расказваў, што яго («Фабіянка»), закапалі глыбей і завалілі валунамі. Таму людзі, асабліва католікі, ужо не ўваходзілі ў капліцу, дзе раней знаходзілася труна, а маліліся на касцёльных могілках, побач з месцам, дзе спачываў айцец Фабіян. У 1915 годзе ў Стоўбцах здарыўся вялікі пажар. Рухнулі вежы, якія бацюшкі аздобілі маскоўскімі «банькамі». Святыня была значна пашкоджана. Пустая і зруйнаваная, яна нібы прадказвала, што ганіцеляў чакае помста, а праўда і справядлівасць перамогуць.
Знойдзенае цела У 1920 годзе польскі ўрад аддаў святыню католікам, якія вырашылі адшукаць парэшткі айца Фабіяна. Людзі пачалі капаць пад капліцай святога Дамініка, але здавалася, што ўсё дарэмна, — падчас раскопак яны ўбачылі вялізныя валуны і нават вырашылі, што гэта суцэльны каменны пласт. Аднак пасля цяжкай, амаль сізіфавай працы валуны нарэшце адвалілі і за імі заблішчалі аздабленні труны, а потым паказалася і сама труна, ужо амаль струхлелая. «Гэта ён», — раздаліся галасы. Падняўшы века труны, усе ўбачылі, што там спачывае цела манаха з каптуром на галаве, са стулай на плячах, цалкам не пашкоджанае. Каля цела ляжалі заіржавелыя нажніцы, якія, па меркаванні адных, служылі для абразання каўтуноў, частай хваробы сярод тагачаснага люду. На думку іншых, нажніцы былі патрэбны, каб абразаць габіт. Гэта адбылося ў лістападзе 1922 года. Аднак пакуль рабілася новая труна, цела слугі Божага рассыпалася, засталася непашкоджанай толькі галава. Магчыма, гэта адбылося з-за вільгаці і ўздзеяння паветра, а можа, таму, што «нязведаныя шляхі Божыя». Косці святара прыбралі ў альбу і зялёны арнат і паклалі ў новую апячатаную труну. У 1924 годзе ў Стоўбцы прыбыў малады і руплівы ксёндз Міхал Кшывіцкі. Ён з радасцю заўважыў, што культ айца Фабіяна жывы, і стаў яго адданым пашыральнікам. Дамініканскі правінцыяльны капітул, які адбыўся ў Кракаве 16 кастрычніка 1926 года, звярнуўся да найшаноўнейшага арцыпастыра біскупа Зыгмунта Лазінскага з просьбаю аб афіцыйнай ідэнтыфікацыі парэшткаў і прызначыў у якасці пракуратара ад ордэну ў гэтай справе айца Канстанціна Жукевіча. Шаноўны арцыпастыр у сваёй нязмернай ласкавасці зрабіў больш, чым яго прасілі, і стварыў духоўную камісію, якая б не толькі займалася ідэнтыфікацыяй парэшткаў, але і правяла б падрыхтоўчыя працы па зборы інфармацыі пра айца Фабіяна, што з’яўляецца вельмі важнай часткаю беатыфікацыйнага працэсу. У склад камісіі ўвайшлі: ксёндз канонік Юзаф Міцэвіч, афіцыял біскупскай курыі, старшыня камісіі; ксёндз канонік Вітальд Івіцкі, генеральны вікарый, суддзя камісіі; ксёндз дэкан наваградскі Казімір Букраба, духоўны айцец семінарыі. У якасці прамотара веры быў ксёндз Міхал Кшывіцкі, рэктар семінарыі; у якасці натарыуса — Ян Васілевіч. У склад камісіі ўваходзілі і паважаныя ўрачы: доктар Станіслаў Аўгустын і доктар Юзаф Лясота. Дата 27 сакавіка 1927 года была вызначана як дзень пачатку беатыфікацыйнага працэсу ў касцёле, раней дамініканскім, а цяпер парафіяльным у Стоўбцах. На гэтым заканчваецца гісторыя і распачынаецца сучаснасць.
Успаміны са Стоўбцаў Стоўбцы знаходзяцца на месцы ўпадзення ракі Атцэды (ці Альхоўкі) у Нёман, на Мінскай зямлі, на канцавой станцыі чыгуначнага шляху Варшава — Беласток — Баранавічы. Горад размешчаны сярод лясістых прастораў. Дамы пераважна драўляныя, бо дрэва — гэта найбольш распаўсюджаны матэрыял для пабудовы ў гэтых мясцінах. Тут у царкоўных будынках няма, як звычайна ў гарадах былых расійскіх зямель, ніводнай «маскоўскай» рысы, бо абедзве святыні былі перабудаваныя з зачыненых дамініканскага касцёла і ўніяцкай царквы. Уваход у касцёл амаль цалкам разбураны, але нават гэтыя руіны выглядаюць вельмі прыгожа. Касцёл застаўлены рыштаваннем, бо ксёндз пробашч Зянкевіч хацеў захаваць гэты шэдэўр ад заняпаду, але недахоп фінансавай дапамогі вельмі запавольваў здзяйсненне яго намераў. У святыні можна ўбачыць рэшткі прыгожага барочнага алтара з добра захаваным абразом святога Казіміра. Са скляпенняў, капітэліяў, а таксама з алтароў асыпаецца тынкоўка. Я шукаю вядомы ласкамі абраз Маці Божай, але не знаходжу яго. Расказваюць, што яго забралі праваслаўныя. Нешта мяне штурхае, і я пераходжу вуліцу, каб увайсці у царкву, сёння праваслаўную, а раней уніяцкую. Сярод залацістых упрыгожванняў на бакавой сцяне я адразу пазнаю гэты абраз: гэткая ж дамініканская Маці Божая, копія Marie Marioris, якая знаходзіцца амаль ва ўсіх нашых касцёлах. Гэты абраз, напісаны ў візантыйскім стылі, праваслаўныя перамалявалі «па-маскоўску», але лацінскіх рысаў сцерці не змаглі. Дыякан ветліва расказвае мне, што гэты абраз раней знаходзіўся ў касцёле і людзі горача маліліся пры ім, але пасля пажару ў касцёле яго перанеслі сюды. У маёй галаве снуюць думкі, што калісьці перад гэтым абразом схіляўся дух і вялікага Фабіяна, што ў ім ён чэрпаў сілы для працы і суцяшэння іншых. І чую я нібыта голас Маці Божай, які некалі прамовіў да святога Яцака ў Кіеве: «Забяры Мяне адсюль!» І я адказваю: «Вернешся, Маці, вернешся, у былую сваю сядзібу». Але паспяшым у касцёл. Ён пабудаваны ў форме крыжа. З правага боку ад уваходу знаходзіцца больш багата аздобленая, чым іншыя, капліца святога Дамініка, з якой лесвіца вядзе ўніз, і там пабудавана капліца з дзвюх залаў. Першая — большая, у якой стаіць самы сціплы, які толькі можна сабе ўявіць, абраз, перад якім цэлебруюць святую Імшу. Перамаляваныя на «маскоўскі стыль» абразы на сценах прадстаўляюць сцэны з жыцця айца Фабіяна. Побач — другая зала, значна меншая, дзе на ўзвышэнні стаіць труна з парэшткамі айца Фабіяна. Большую залу прызначылі для правядзення інфармацыйнага працэсу. Тут былі выслуханы пад прысягай больш за дзесяць сведкаў, якія расказалі пра розныя ласкі, атрыманыя ў часы схізмы, і сцвердзілі, што культ святога Фабіяна не быў перарваны, нягледзячы на цяжкасці. Труна была вынесена на сярэдзіну капліцы, з яе сарвалі пячаткі і адчынілі века. Твар айца Фабіяна счарнеў, як у муміі. Косці былі прыбраныя ў зялёны арнат. Дактары дакладна даследавалі косці і вызначылі, што айцец Фабіян быў ростам 170 см і што косці належаць аднаму целу, што шкілет цэлы, акрамя чэлюсці і пальцаў рук і ног. Пасля парэшткі дамініканіна зноў прыбралі ў той жа арнат, дазволілі ўвайсці народу і дзецям, якія вельмі гэтага чакалі. У ціхай малітве яны наблізіліся да свайго апекуна, які быў з імі ўжо дзвесце гадоў і падтрымліваў веру продкаў, а тых, хто адышоў ад яе, зноў яднаў з ёю. Пасля некалькіх гадзінаў малітвы века труны зачынілі, апячаталі біскупскімі пячаткамі і паставілі на ранейшае месца. Ласкі праз заступніцтва пабожнага святара не перастаюць пралівацца. Айцец Фабіян з’яўляецца асаблівым апекуном дзеваў, а таксама дапамагае пры цяжкіх, нават безнадзейных цяжарнасцях. Аб гэтым расказваюць Юзаф Дунін-Баркоўскі (11.08.1928) і Эміліян Жыдовіч (13.09.1929), якія дзякуюць усёмагутнаму Богу за аздараўленне іх жонак ад смяротных хваробаў праз заступніцтва айца Фабіяна. Цяпер пры стаўбцоўскім касцёле пробашчам з’яўляецца ксёндз канонік Юліян Дудзінскі, які вельмі шмат зрабіў для аднаўлення старадаўняй святыні, хоць працуе не так даўно. Звонку ўжо пабудавалі адну вежу, а ўнутры вельмі старанна аздобілі вялікі алтар. Шаноўнаму святару вельмі важна адрэстаўраваць касцёл, а яшчэ больш важна, каб айцец Фабіян Малішоўскі быў абвешчаны благаслаўлёным. Звяртаючыся да айца Фабіяна ў нашых малітвах, не забывайце паведамляць ксяндзу-пробашчу пра атрыманыя ласкі, якія могуць пасадзейнічаць хутчэйшай беатыфікацыі айца Фабіяна.
Пастырская прамова біскупа Пінскага Казіміра Годны наступнік векапомнай памяці ксяндза біскупа Лазінскага далей рыхтуецца да беатыфікацыі, выдаючы душпастырскі ліст, поўны глыбокіх думак, які мы цалкам друкуем тут.
КАЗІМІР2 Шаноўнаму духавенству і дарагім дыяцэзіям прывітанне і благаслаўленне ў Хрысце У межах нашай дыяцэзіі, у парафіяльным касцёле ў Стоўбцах, спачывае святой памяці айцец Фабіян Малішоўскі, дамініканін, які памёр у 1644 годзе. Яго магілу з моманту смерці аж да нашага часу не пераставалі наведваць вернікі. Праз яго заступніцтва яны атрымалі шмат ласкаў і нябесных радасцяў. Да таго ж у 1927 годзе наш незабыўны папярэднік рэалізаваў намер аб распачацці інфармацыйнага працэсу, які павінен быў прывесці да беатыфікацыі слугі Божага. 27 сакавіка таго ж года, скліканыя ім у Стоўбцы, мы знайшлі магілу, адчынілі труну і ўпэўніліся ў сапраўднасці парэшткаў, размясцілі іх у крыпце пад касцёлам, куды яны прыцягваюць натоўпы вернікаў з бліжэйшых і больш аддаленых мясцовасцяў. Разам з тым памерлы Пастыр склікаў камісію, якая, паводле кананічнага права, павінна правесці падрыхтоўчыя работы да кананізацыі. Таксама і мы, прыняўшы па волі Апостальскай Сталіцы кіраванне дыяцэзіяй Пінскай, горача ўспрынялі справу слугі Божага Фабіяна і сёння звяртаемся да вас з сардэчнай просьбаю аб зацікаўленасці гэтай справаю, якая павінна даць нам яшчэ аднаго святога, яшчэ аднаго заступніка, па дапамогу да якога мы зможам публічна звяртацца ў нашых малітвах. Для нашай працы на «крэсах» гэтае благаслаўленне можа стаць важным, таму што, апроч Андрэя Баболі, мы можам мець і іншага апекуна, які трыста гадоў таму працаваў у нашай мясцовасці, асвятляў яе апостальскім словам, асвячаў прыкладам свайго жыцця і пасля смерці не пераставаў атуляць вернікаў сваёю апекаю амаль тры стагоддзі. Лёс яго тленных парэшткаў, лёс касцёла, у якім яго цела спачыла пасля смерці, захаваныя да нашых дзён кнігі, у якіх запісаны цуды і ласкі, атрыманыя праз заступніцтва айца Фабіяна, урэшце, памкненні акупацыйных уладаў знішчыць жывы культ вялебнага Фабіяна найлепшым чынам сведчаць пра тое, што Бог прагне, каб памяць аб ім паміж намі не згасла і каб мы імкнуліся ўшанаваць яго праз беатыфікацыю. Першым нашым абавязкам у гэтай справе з’яўляецца малітва. Калі ж Провід Божы ў сваіх адвечных прысудах прызначыў нам гэтага новага апекуна на цяжкія часы, у якія цяпер жывём, асабліва тут, на «крэсах», дзе наша вера ў перыяд акупацыі настолькі пацярпела, то не ўдзеліць ён нам сваёй ласкі інакш як праз нашыя малітвы, якія павінны сведчыць перад Тронам Божым пра нашу веру ў Яго міласэрную волю. Кіруючыся гэтым, мы дазволілі надрукаваць на абразках з выяваю слугі Божага малітву аб яго беатыфікацыі і горача раім яе ўсім вернікам, упэўненыя, што Бог не адмовіць супольным нашым малітвам і дапаможа нам дачакацца таго, чаго мы так горача жадаем. Я таксама звяртаюся і да вашай ахвярнасці, бо праца, звязаная з падрыхтоўкаю матэрыялаў да працэсу беатыфікацыі, будзе каштаваць нямала. Давяраю вашай апецы і касцёл у Стоўбцах, які павінен быць як найхутчэй адрэстаўраваны так, каб мог стаць годным месцам спачыну таго, каго мы ў хуткім часе хочам убачыць у арэоле благаслаўлёнага. Імкнучыся зацікавіць гэтай справай, вельмі важнай для нашых «крэсаў», усіх вернікаў не толькі нашай дыяцэзіі, але і ўсёй Польшчы, я вырашыў стварыць асобны камітэт і ўключыць у яго, апроч святароў, таксама і свецкіх дзеячаў. У межах нашай маладой каталіцкай акцыі, якая дае ўжо столькі доказаў клопату пра справы Божыя, камітэт беатыфікацыі вялебнага айца Фабіяна будзе мець вельмі высакароднае заданне пашыраць па ўсёй Польшчы славу пра яго святасць і давер да яго заступніцтва, і праз гэта акажа нам вялікую дапамогу ў імкненні ўзнесці нашага земляка да хвалы алтара.
Дадзены ў Пінску, 11 снежня 1934 года Цяпер, вялебны айцец Фабіян, табе застаецца чакаць беспамылковага рашэння Рыма, а нам у якасці абавязку застаецца малітва псалміста: «Збаў мяне, Пане, бо стаміўся святы». Сёння мы не маем святых з нашых зямель, хоць імі могуць ганарыцца іншыя народы. Пакліч іх як найбольш сярод нас, Божа, каб іх малітва была нам абаронаю, а святасць жыцця была для нас прыкладам.
Малітва Пане Езу Хрыстэ, Збаўца наш! Напярэдадні сваёй смерці Ты маліўся да ўсёмагутнага Айца, каб усе, хто верыць у Цябе, «былі адно». Май ласку праславіць цудамі пабожнага слугу Твайго Фабіяна, які ўсё сваё жыццё ў працы і цярпенні прысвяціў таму, каб споўнілася жаданне Тваё — «каб настала адна аўчарня і адзін пастыр». Выведзі яго з магілы і далучы да ліку святых як апекуна ўваскрэсенай Айчыны. Просім Цябе аб гэтым, Пане, праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці Тваёй, Каралевы Ружанца, верным шанавальнікам якой быў айцец Фабіян. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Пераклад з польскай мовы Ганны Бакленевай.
Гл. таксама:
|
|
|