Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Данута БІЧЭЛЬ

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

Калі я заходзіла на сайт беларускіх пісьменнікаў, першы, каму я ўсміхалася, быў Ніл Сымонавіч Гілевіч. Каляровы ружанец на мужчынскай шыі — такое можна ўбачыць толькі на святым абразку. І гэтае фота з ружанчыкам сапраўды так успрымалася — святы Ніл, кананізаваны тымі, хто яго чытае.

Сёння ранічкай я пачала шукаць аўтографы Ніла Гілевіча, перад тым памаліўшыся да святога Антонія, папрасіўшы ў яго дапамогі у правільным напрамку разграбаць мой у беспарадку сабраны скарб. І знайшла адну кніжку. Але знайсці яе было не цяжка — у цвёрдых вокладках і стаіць на паліцы класікаў. Гэта пяты том са «Збору твораў у 23-х тамах», выдадзеных у Вільні ў выдавецтве «Наша Будучыня», 2007 год, і пачынаецца кніга паэмай «Сказ пра Лысую гару». На шмуцтытуле Ніл Сымонавіч напісаў:

«Вельмішаноўная, дарагая Данута Янаўна, ад усяе душы віншую Вас з прыгожым юбілеем і прашу прыняць у падарунак гэты том — мой пасільны ўклад у скарбонку Беларускага Смеху.

Хай Вам будзе светла, утульна, цёпла доўгія-доўгія леты!

2007

снежань. Ніл Гілевіч».

Знайшла я і паэму «Сказ пра Лысую гару», аўтар Вядзьмак-Лысагорскі, «Бібліятэка „Вожыка“, выдавецтва ЦК КПБ, Мінск, 1978 год. Гэта не першае выданне, але аўтар пасля дапаўняў паэму новымі раздзеламі.

…Неяк так атрымалася аднойчы, што была я ў Мінску, а пісьменнікі выпраўляліся ў літаратурную паездку па Гарадзеншчыне. Максім Танк і Ніл Гілевіч прапанавалі мне ехаць з імі ў адным „экіпажы“ з заездам у Астравец, Смаргонь, Залессе, Жупраны, Кушляны, Ашмяны… У раённых цэнтрах нас раздзялялі на тры машыны: Максіма Танка суправаджаў першы сакратар, Ніла Гілевіча — сакратар па ідэалогіі, а мяне — інструктар райкама. Мы ездзілі па прыгожай зямлі — Дар’я Ліс сваё Залессе называе «Паўночнымі Афінамі».

Лёгка было чытаць вершы і слухаць жывых класікаў. Яны не выпускалі мяне наперад «для разагрэву», як цяпер гэта модна… Танк наперадзе пракладаў дарогу. Ніл плыў па гэтай шырокай просецы, завяршаючы нашы выступы густоўным чыстым гумарам, а я спявала некалькі сваіх вершаў паміж імі.

Залы былі перапоўненыя, магчыма, людзей арганізавана прыводзілі проста з працы, але яны слухалі вялікіх паэтаў з цікавасцю, не драмалі. Партыйныя інструктары пільна сачылі за нашымі выступамі, але не ўмешваліся, ніхто нас не перабіваў.

Як удавалася Нілу Сымонавічу так годна трымацца, чытаць вершы, ад якіх слухачы браліся за жываты, хоць сам аўтар быў спакойны, а ў канцы выступлення ўмеў супакоіць і залу — чытаў вершы пра родную маці, родную мову і Радзіму. Гумарам лячыў народ ад чэрствасці, абыякавасці, сеючы любоў да беларускай мовы, да роднай песні… На першым месцы ў Ніла Гілевіча была мова — душа народа…

Мы шмат размаўлялі ў дарозе і спыняліся на кароткія адпачынкі ў прыгожых мясцінах, дзе я зрывала палявыя кветкі, хвалілася ведамі лекавых зёлак… Яны паблажліва ўспрымалі ўсё, усміхаліся…

Засталося ў памяці наша сяброўскае сумоўе, тое, як беларускія класікі далікатна аберагалі нас, паэтак, разумеючы, што літаратурная творчасць — нялёгкі занятак для жанчыны.

Звычайна такія паездкі завяршаліся размовамі ў абкаме партыі — з’язджаліся ўсе групы з усіх рэгіёнаў вобласці, і некаму трэба было падвесці вынікі перад сакратарамі. На гэты раз Максім Танк і Ніл Гілевіч адпусцілі мяне дадому, да таго ж я везла перапіску Міколы Прашковіча і Ларысы Геніюш — вялікі мяшок лістоў, у багажніку сакратаркі абкама па ідэалогіі… Мне гэты мяшок аддала Ірына Крэнь: Прашковіч паспеў перадаць ёй гэтую перапіску як надзейнаму чалавеку, бо ім тады надта цікавіліся пэўныя органы. Ірына стамілася перахоўваць вялізны пакет лістоў з пралькі ў кантэйнер для хлеба… Гэты пакунак я пасля запісала ў асноўны фонд гродзенскага Музея Максіма Багдановіча і нават змясціла некалькі лістоў у экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная» — мне ў той час здавалася, што гэта самае надзейнае меца захавання.

Адкрыццё Музея Максіма Багдановіча ў Гродна.
26 мая 1994 года.

Цяпер я пачала ўспамінаць, у якім годзе адбылася тая незвычайная паездка… Якраз мне патэлефанавала дачка Віка і падказала, што ў 1977 годзе, калі яна паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча, мы з ёю ездзілі перад заняткамі шукаць для яе кватэру, бо першакурснікам не давалі інтэрнату. Тады я і вярталася ў Гародню з Максімам Танкам і Нілам Гілевічам.

У 2009 годзе, пасля таго як я раптам пачала пісаць «жаночыя ўспаміны», якія мне прапанавалі выдаць кнігай пад назвай «Хадзі на мой голас» у «Гарадзенскай бібліятэцы» (Гародня — Вроцлаў, 2008 год), Ніл Сымонавіч прыслаў мне ліст са сваімі ўражаннямі пра мае ўспаміны. Шмат пра каго я ўспамінала — і пра настаўнікаў, і пра вучняў, і пра сяброў, памерлых і жывых… Нехта пакрыўдзіўся, чаму пра яго няма… Пра Ніла Сымонавіча я не напісала, але ён не пакрыўдзіўся на мяне за гэта, разумеючы, што прыватныя практыкаванні — гэта не энцыклапедычныя: пра каго прадыктаваў анёл-ахоўнік, пра таго і паўспамінала. Усе гэтыя мае эсэйкі змяшчаліся ў квартальніку «Наша вера»… Ніл Сымонавіч зразумеў маю творчасць так: я пішу толькі пра жаночае, чыстае і праўдзівае, каб чытачам святлела на сэрцах ад таго, што ў нашай Краіне жывуць людзі, якія ад калыскі да Неба ходзяць след у след за Богам.

…На гэты раз святы Антоні не дапамог мне знайсці ў перазагружаных шафах ні ліста Ніла Сымонавіча, ні фатаграфіі з адкрыцця расшыранай экспазіцыі Музея Максіма Багдановіча ў доме на рагу вуліц Першага мая і Максіма Багдановіча.

Падзея адбывалася 26 мая 1994 года. І фотка такая была, і зусім нядаўна я гэтую карцінку бачыла ў інтэрнэце… Урачыстая, у прысутнасці інтэлігенцыі і загадчыка аддзела культуры Гродзенскага аблвыканкама Вячаслава Ігнатавіча Брыкача, краязнаўцаў, літаратараў, аматараў паэзіі Максіма Багдановіча і тых, хто дапамагаў збіраць экспанаты ў музей і будаваць экспазіцыю…

Сярод ганаровых гасцей стаяць міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч і народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Стужачку на ганку перарэзала дзяўчына ў народным строі — Наталля Маліноўская.

У музеі была кніга запісаў наведвальнікаў, Ніл Сымонавіч напісаў там свае шчырыя словы, спачатку прамовіўшы іх перад прысутнымі…

У тое лета Гародню наведаў Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб, а Ніл Сымонавіч паспрыяў, каб высокі госць не абмінуў Музей Максіма Багдановіча, пасля чаго з першага студзеня 1995 года музей атрымаў юрыдычны статус, стаў самастойнай пляцоўкай.

Саюз беларускіх пісьменнікаў меў свой рафік і кіроўцу, таму пісьменнікі часта маглі наведваць Гародню. Аднойчы пасля сустрэчы я праводзіла іх ажно да вёскі Біскупцы, мама была дома, і я запрасіла сяброў, каб яны зайшлі ў нашу хату. Ніл Сымонавіч, добра нагнуўшыся, пераступіў наш парожак, пазнаёміўся з маёй мамай Марыляй Адамаўнай, пацалаваў ёй руку, а яна ветліва паднесла здарожаным вандроўнікам па чарцы гарэлкі, а на закусь паставіла цэлае рэшата яек ад хатніх нясушак. Памятаю, Ніл Сымонавіч жартоўна сказаў: «Так добра лягло на душу і тое, што ў чарцы, і тое, што ў рэшаце».

Каля стэнду выдавецтва «Про Хрысто»
падчас выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі».
15 лютага 2005 года.

А яшчэ хочацца прыгадаць, як я, таксама выпадкова, трапіла на кніжны кірмаш. Уладзіўшы свае справы ў сталіцы, я зайшла ў рэдакцыю часопіса «Наша вера», а ўсе супрацоўнікі знаходзіліся на кніжным кірмашы, дзе мелі стол і стэнды з каталіцкімі кнігамі і часопісамі. Дакладна не скажу, якую кніжку за сталом выдавецтва «Про Хрысто» на першым кніжным кірмашы прэзентаваў Ніл Гілевіч. Ён сціпла сядзеў паміж стэндамі, крыху сумаваў. Міма праходзілі жанчыны, мужчыны, дзеці і моладзь. Я звярнулася да наведвальніка, які схіліўся над кнігамі, пагартаў іх і ўжо хацеў ісці далей: «А Вам не хацелася б паразмаўляць з вядомым класікам беларускай літаратуры Нілам Гілевічам, атрымаць аўтограф?» Чалавек схамянуўся, глянуў і пазнаў Ніла Сымонавіча… Набыў кнігу, папрасіў аўтограф, завязалася гаворка пра жыццё-быццё, а тут пачулі размову і пачалі спыняцца іншыя людзі, і Нілу Сымонавічу прыйшлося добра папрацаваць…

Неяк мне ўдалося завязаць перапіску з Канстанцыяй Буйло. У Музей Максіма Багдановіча, дзе я працавала ў Гродна, заходзіў Янка Канышка, які жыў у Менску, часта ездзіў у Маскву і наведваў Канстанцыю Буйло. Па яго прапанове я напісала ліст на паштоўцы, Янка завёз паэтцы і ў адказ прывёз некалькі слоўцаў, напісаных яе рукою, таксама на паштоўцы…

4 чэрвеня 1986 года паэтка памерла. У 1989 годзе сын правёз урну з яе прахам у Беларусь…

Калі рэдактар «Нашай веры» Хрысціна Лялько прапанавала мне напісаць да 120-годдзя з дня нараджэння Канстанцыі Буйло хоць невялічкі допіс, я перачытала ўсё пра сястру паэткі Станіславу, якая ў Гародні была загадчыцай дзіцячага прытулку, дзе яе наведвала Канстанцыя Антонаўна. 28 лютага 1922 года Станіслава памерла ад туберкулёзу. Магілу Станіславы гарадзенцы не захавалі…

Я набрала тэлефон Вішнеўскай школы. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Казіміраўна расказала, як урну з прахам аўтаркі песні «Люблю наш край» пахавалі на могілках недалёка ад дарогі. На гэтай сумна-светлай урачыстасці прысутнічала шмат людзей. Урну, стаўшы на калені, асцярожна паставіў у магілку Ніл Гілевіч, а маліўся над яе прахам айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Паплакаўшы, я патэлефанавала Нілу Сымонавічу. Ён падрабязна мне апавёў і пра пахаванне, і пра святую Імшу ў касцёле, і нават пра памінкі за кошт сельсавета… І дадаў, што старшыня сельсавета — жанчына, тады яна была зусім маладая, з ёю таксама можна паразмаўляць. Айца Уладзіслава Чарняўскага Ніл Сымонавіч называў сваім лепшым сябрам і нечакана ўсцешана апавёў, што ён наведваў Канстанцыю Антонаўну ў Маскве, вазіў ёй узнагароду ад Саюза пісьменнікаў. І вельмі яна ўсцешылася, калі ён зайшоў у кватэру. Сядзела на ложку і паўтарала: «Ніл! Ніл прыехаў!»

У сям’і Кацярыны Мікалаеўны і Сымона Пятровіча Гілевічаў было васьмёра дзяцей: Ліна, Леў, Нінель (ён сам сябе пасля перапісаў Нілам), Іда (Ідэя), двайняты Мікалай (Мікола Гіль, вядомы пісьменнік) і Святлана, Марат, Сальвір (Алесік). У 70-я гады ў сям’і Гілевічаў пачалі паміраць родныя людзі: у лютым 72-га памёр бацька, у красавіку 76-га памёр старэйшы за Ніла на два гады брат Леў, у жніўні 78-га, пасля двух гадоў пакуты (ляжала паралізаваная) памерла маці; у студзені 80-га памерла сястра Іда… Вось тады Ніл Сымонавіч надумаўся напісаць раман у вершах «Родныя дзеці» (1985 год).

Пра каханую жонку Ніну Іванаўну (1931–2002) Ніл Сымонавіч напісаў дзве кнігі: «Разумная дзевачка» (2005) і «Добры анёл беларускасці» (2007).

Прэзентацыя новых кніг у Гродзенскім мастацкім каледжы.
14 красавіка 2005 г.

…Я не слухала яго лекцыі ва ўніверсітэце, але па тых выступленнях, якія чула на літаратурных вечарах і ў Саюзе пісьменнікаў, я магу ўявіць, што Ніл Сымонавіч быў самабытным выкладчыкам…

У настаўніцкай практыцы ў мяне была пад рукамі яго кніга «Паэтыка беларускіх загадак» (1976). Каб зацікавіць вучняў-вячэрнікаў, сабраных з розных прадпрыемстваў занёманскай часткі Гародні, я чытала ім вясёлыя вершы Ніла Гілевіча — смех злучае грамаду ў адну суполку, у адзін клас…

Мы былі шчаслівыя, што маглі зайсці ў той дом, у якім кіравалі літаратурным працэсам такія цудоўныя людзі, як Ніл Гілевіч, Максім Танк, Іван Мележ і Янка Брыль, паразмаўляць з імі. Мы ехалі са сваіх Гародняў, Віцебскаў і Магілёваў з вялікай ахвотай на з’езды Саюза пісьменнікаў, ведаючы, што ўжо ў фае Палаца, арандаванага для з’езду, нас сустрэне Ніл Сымонавіч Гілевіч.

Ніл Гілевіч ствараў гумар, але не быў блазнам. Не любіў пахабных анекдотаў і гэтакіх жа песняў… Тым не меней ён у сваіх нататках напісаў, што наш спакон вясёлы народ развучыўся смяяцца...

Пачытала ў слоўніку Лявона Баршчэўскага, ці ёсць у беларусаў імя Ніл. Аказваецца, ёсць: і Ніл, і Ніла. Імя ўплывае на развіццё асобы, фармуе натуру, уплывае на выбар прафесіі, на талент, нават на рост. І паэт Ніл Гілевіч таму прыклад.

…Імя пазычылі ў афрыканцаў. Ніл — адна з найдаўжэйшых рэк на зямлі, знаходзіцца ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частцы Афрыкі, праходзіць усе кліматычныя зоны кантынента. На берагах Ніла егіпцяне вырошчваюць добрыя ўраджаі зерневых культур. Акрамя вады, рака насычае берагі ілам, у глыбінях Ніла водзіцца шмат рыбы, навокал, у балацінах, жыве мноства балотнага птаства…

Ніл Гілевіч — як той паўнаводны Ніл, што містычным спосабам працякае па ўсёй нашай Краіне, часам зліваючыся з Нёманам, а часам — з Дняпром і Сожам… Бывае то сіні, то блакітны, то зялёны, то празрыста-вясёлы, зрэдку нават крывава-мутны.

Паэт Ніл, як Нёман, разліваецца ў нашай літаратуры слоўнай паводкаю, напаўняючы сэрцы касцоў і жнеек чыстым гумарам, і спакойна плыве далей…

Ніл быў заўсёды не толькі глыбокім Нілам, але і Нёманам, і Дняпром. Як у Езуса апостал Пётр, так у нашай супольнасці Ніл быў яшчэ і Скалой, бо на ім будаваўся «храм літаратуры». З яго можна было ваяць манумент Паэта, Вучонага, Дэпутата-змагара за родных дзяцей, родную мову і родную Краіну. Менавіта таму ён узвышаўся ў прэзідыумах з заплюшчанымі вачыма… каб нельга было прачытаць, што ў яго там, у глыбіні вачэй… Пазіраваў… «Ваяйце… Але я не хацеў бы, каб вы заглядвалі ў глыбіні маёй душы. Я сам усё раскажу, што палічу патрэбным…»

Ніл Гілевіч па веры продкаў быў з праваслаўных, але настаўніцу ў рамане «Родныя дзеці», у якую ў маладосці быў закаханы галоўны герой кампазітар Сцяпан Вячорка, назваў Альжбетай Кудзёлкай, патлумачыўшы, што гэтае імя (так звалі яго бабулю) у яго роднай вёсцы Слабада на Лагойшчыне было папулярным ад уніятаў; ужо ў сталасці ён супрацоўнічаў з часопісам «Наша вера» і выдавецтвам «Про Хрысто», маліўся на ружанчыку, падараваным яму за кнігу «Пацеркі Божай Маці» і па малітоўнічку «Ойча наш», таму што ўсе гэтыя сакральныя рэчы выдаваліся на добрай беларускай мове.

Ніл Гілевіч быў і застаўся для нас той глыбінёю, у якую беларускія чытачы могуць бясконца закідваць сеткі і лавіць рыбкі-словы малітвы, праўды, дабрыні, ачышчальнага смеху.

Гл. таксама:
АЛЕГ ГЛЕКАЎ :: «У НІЛА ПАД КАЛАСАМІ» ::
ВАЛЯНЦІН ГЛЕКАЎ :: АЎТОГРАФ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY