Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

БЕЛАРУСКАЯ ЛЕГЕНДА



Сяргей Шэмет.
«Божае Нараджэнне».

Адбыўся маленькі калядны цуд: працуючы над перавыданнем кнігі «Дудары глыбоцкага краю», корпаўся ў старых газетах і натрапіў на неймаверна цудоўную легенду, у якой на адной старонцы тэксту змястоўна, лірычна і прыгожа апавядаецца, як Нараджэнне Божага Дзіцяткі злілося з нараджэннем беларускага народа. Тэкст быў надрукаваны ў калядным нумары віленскай газеты «Родны край» 5 студзеня 1934 года. Газета «Родны край» выходзіла з 1 студзеня 1933 г. да 29 лістапада 1936 г. як заходнебеларускае выданне Таварыства беларускай асветы. Мела асветніцкі кірунак, адстойвала правы беларусаў у Польшчы, друкавала гістарычныя матэрыялы. Было выдадзена 104 нумары, пасля чаго выданне забараніла польская пракуратура. Тэкст легенды падпісаны ініцыяламі М. Ш. — псеўданімам Міхася Шчаснага, аднаго з рэдактараў газеты і настаўніка Віленскай беларускай гімназіі, пазней школы ў Тургелях, на пачатку вайны сасланага немцамі на прымусовую работу ў Германію. Далейшы лёс аўтара мне пакуль не вядомы. Па сваёй мастацкай прыгажосці апавяданне можна параўнаць хіба толькі з апавяданнем-пераказам Вацлава Ластоўскага «Дудар». Хочацца, каб гэты цудоўны тэкст вярнуўся да нас, сённяшніх, несучы святло неўміручай надзеі.

Віталь Воранаў

 

Калі на небе заяснела магутным і асляпляльным бляскам Бэтлеемская зорка, якая сваім з’яўленнем кранула не адзін народ, яе святло даляцела і да бедных сялібаў — Крывіча, Дрыгавіча і Радзіміча. Першы з іх нішчыў лясы пад ворную зямлю на абшарах будучага Полацкага княства; другі — паляваў з якойсьці першабытнай дзідай на розную звярыну, якую давала паўсоннае Палессе; а трэці цягаўся па разлеглых смаленскіх раўнінах. Калі заяснела яркая прыгожая зорка, штось кранула іх струны паганскай душы. Зацікавіла іх гэта нязвычайнае з’явішча. Мала здольныя да далёкіх падарожжаў, як і іх патомкі, аднак пастанавілі яны выправіцца ў свет, каб чаго даведацца ад людзей. А на ўсякі выпадак, каб і сябе не асмяяць, і сваім хатам не зрабіць падрыву, узялі з сабой такія-сякія падарункі. Крывіч запхнуў за пазуху некалькі локцяў найцянейшага палатна і рознакаляровы пояс; Дрыгвіч напоўніў жбанок залацістым мёдам, якога хапала ў лясных борцях; пад паху скруціў шкуру з барчыстага мядзведзя, а за пояс заткнуў новыя лапці. А Радзіміч узяў вышываны ручнік, некалькі жменяў сушаных яблыкаў і грушак, а таксама дуду.

Глухімі лясамі, ледзь прыкметнымі сцежкамі дабрылі яны да шырокага гасцінца і вельмі здзівіліся, убачыўшы сябе, бо кожны з іх думаў, што толькі ён адзін ёсць на свеце. Вось тут яны пазнаёміліся і ў далейшую дарогу пайшлі разам.

Доўга яны ішлі, доўга, аж нарэшце прыйшлі да нязнанага места — Бэтлеема, а на яго прадмесці ўбачылі шопку, з якой толькі што выйшлі багатыя каралі.

Вельмі дарагія скарбы ляжалі каля жолаба, у якім знаходзілася на пляцёнцы з саломы вельмі прыгожае Дзіцятка, не звяртаючы ніякай увагі на дарагія падарункі каралёў.

Нясмелыя нашыя падарожнікі падышлі да жолаба, нізка пакланіліся і з паспехам пачалі раскладаць свае скромныя гасцінцы, але раптам зрабілася ім сорамна, калі ўбачылі дарагія падарункі каралёў. Аднак жа зрабілася дзіва: бо вось Божае Дзіцятка працягнула ручку да каляровага пояса, а другую — да дуды і радасна пачало смяяцца. Заўважыла гэта і Маці, прыгожасці якой дзівіліся падарожныя, і, працягваючы да іх рукі, сказала:

— Мае вы беларускія госці (бо прыбылыя былі ў белым адзенні і мелі ясныя валасы), шчыра вам дзякую за гасцінец, які паходзіць ад шчырага сэрца і ад мазольнай рукі. Кажу вам, што не загінуць на вашай зямлі ані лён залацісты, ані шоўкавая воўна, ані бурштынавы мядок. Ваша душа будзе чыстай, як белае палатно, жыццё такім жа прыгожым, як гэты пояс, і салодкім, як гэты мядок, і вясёлым, як гэта дуда.

Адышлі з радасцяй тры падарожнікі, беручы з сабой на памятку па жменьцы сена, на якім ляжала Дзіцятка.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY