Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Алег ГЛЕКАЎ

«У НІЛА ПАД КАЛАСАМІ»

«У Ніла пад каласамі».
Ніл Гілевіч, Уладзімір Вішнеўскі,
Павел Татарнікаў, Алег Глекаў.
22 студзеня 2010 г.

— Ну вось мы і зноў сустрэліся «ў Ніла пад каласамі» — усміхаючыся і смакуючы кожнае слова, кажа Ніл Сымонавіч Гілевіч. «У Ніла пад каласамі» — гэта месца сустрэчы ў кватэры народнага паэта, за сталом, на якім стаіць крыштальная ваза з вялікім, амаль як сноп, букетам з каласоў. Я не ведаю, калі і кім была пачата гэта традыцыя ставіць на стале букет з каласоў, і хто прапанаваў гэтую трапную назву «ў Ніла пад каласамі». Гэты нязвыклы, надзвычай просты букет з каласоў ствараў вельмі ўтульную атмасферу Бацькаўшчыны. Вось пад гэтымі каласамі і праходзіла большасць нашых сустрэчаў з Нілам Сымонавічам...

Маё знаёмства з Нілам Сымонавічам адбылося ў 2004 годзе, калі я працаваў над выданнем яго кнігі вершаў «На флейце самоты», другі сшытак якой прысвечаны памяці той, якой раптам не стала, — яго жонцы Ніне Іванаўне Гілевіч, у якім, як казаў сам Ніл Сымонавіч, чуваць «несціханы боль і непазбыўны смутак, і невымернае пачуццё ўдзячнасці ёй і лёсу, які звёў дзве светламройныя пуцявіны ў адну».

Гэтым выданнем Ніл Сымонавіч застаўся задаволены і ў 2005 годзе даверыў выдавецтву «Про Хрысто» выданне сваёй новай кнігі «Разумная дзевачка» — аповесці пра дзяцінства «адной вясковай дзяўчынкі». Гэтая кніга таксама прысвечана Ніне Іванаўне, бо правобразам яе галоўнай гераіні стала дзяцінства Ніны Іванаўны. Пры абмеркаванні выдання я прапанаваў, каб яго аформіў сваімі малюнкамі хтосьці з мастакоў, але Ніл Сымонавіч не бачыў неабходнасці прыцягваць да афармлення мастака, сыходзячы з недахопу часу і грошай. На гэта я адказаў, што я буду звяртацца да сваіх сяброў графікаў, якія зробяць ілюстрацыі хутка, і гэта не запатрабуе значных выдаткаў, і Ніл Сымонавіч пагадзіўся. З прапановай аформіць гэтую кнігу я звярнуўся да маладой мастачкі Марыны Мароз, якая згадзілася дапамагчы, і ў хуткім часе прынесла мне свае малюнкі да кнігі. Зрабіўшы макет кнігі з ілюстрацыямі Марыны, я прынёс яго «на зацвярджэнне» Нілу Сымонавічу. Яму вельмі спадабаліся мяккія аловачныя малюнкі Марыны, бо яны вельмі тонка адпавядалі настрою кнігі. Ніл Сымонавіч эмацыйна паведаміў, што ў яго ёсць планы выдаць яшчэ некалькі кніг, звязаных з Нінай Іванаўнай, і выданне гэтых кніг ён даверыць толькі нашаму выдавецтву.

Каля стэнду выдавецтва «Про Хрысто» падчас выставы-кірмашу
«Кнігі Беларусі». Галіна Пармон, Крыстына Лялько,
Ніл Гілевіч, Алег Глекаў. 15 лютага 2005 года.

Ніл Сымонавіч з задавальненнем наведваўся да нас у выдавецтва «Про Хрысто», усіх супрацоўнікаў ён лічыў сваімі сябрамі, ведаў не толькі галоўнага рэдактара і дырэктара выдавецтва і карэктара, а таксама і тых дзяўчат, якія займаюцца наборам тэкстаў ці вёрсткай, для кожнага меў добрае слова. Падчас правядзення мінскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі», якая праходзіла ў павільёне БелЭкспа на вуліцы Янкі Купалы, ён таксама наведваў стэнд нашага выдавецтва, удзельнічаў у некалькіх прэзентацыях сваіх новых выданняў не толькі ў Мінску, а таксама і ездзіў па Беларусі: у Гродна, Бабруйск, Полацк і Віцебск, а калі Ніл Сымонавіч па стане здароўя быў вымушаны заставацца дома, нашы сустрэчы праходзілі ўжо толькі «ў Ніла пад каласамі»...

Мне вельмі імпанавала тое, што Ніл Сымонавіч не забываўся пра сваю светлай памяці верную паплечніцу і дарадцу Ніну Іванаўну. Ён, акрамя сваіх кніг, прысвечаных ёй, падрыхтаваў, уклаў, адрэдагаваў і выдаў шэсць кніг з навуковай спадчыны Ніны Іванаўны: гэта быў узяты ім уласны абавязак перад той, хто, будучы таленавітым педагогам і мовазнаўцам, увесь свой час прысвяціла яму і таму не паспесла давесці да друку многія свае працы.

«У Ніла пад каласамі» мы адзначалі святы, сустракаліся па справах выдавецкіх, абмяркоўвалі і ўзгаднялі праекты і макеты новых выданняў. Асабліва Ніл Сымонавіч радаваўся выхаду новых кніг, калі я прыносіў першыя сігнальныя асобнікі яго кніг. Гэтыя дні былі для нас сапраўднымі святамі «нараджэння кнігі». За час нашага супрацоўніцтва і сяброўства было ажно сямнаццаць такіх святаў «нараджэння кнігі»: шэсць кніг Ніла Сымонавіча з’явілася ў выдавецтве «Про Хрысто»; таксама ў нашым выдавецтве пабачылі свет шэсць кніг Ніны Гілевіч і яшчэ пяць кніг выйшлі ў выдавецтвах «Кніга­збор» і «Канфідо».

У верасні 2007 года, калі я прынёс сігнальныя экзэмпляры кнігі Ніны Іванаўны «Гісторыя народа — у яго мове», Ніл Сымонавіч нечакана зачытаў мне такі экспромт:

Для душы не знаю лепшых лекаў, Чым той міг, калі, як Божы дар, Мне ўручае кнігу Глекаў — Першы, яшчэ цёплы экзэмпляр.

Напэўна, гэта так і было, бо калі я тэлефанаваў Нілу Сымонавічу і казаў, што праз паўгадзінкі магу завітаць да яго з сігнальнымі асобнікамі новай кнігі, яго стомлены голас у трубцы змяняўся, і ў адказ я чуў ужо бадзёрае: «Так! Вельмі добра! Ужо чакаю Вас!».

Некалькі разоў, з дазволу Ніла Сымонавіча, я запрашаў на нашы сустрэчы «пад каласамі» сваіх сяброў — мастакоў-графікаў Ігара Гардзіёнка, Паўла Татарнікава і Уладзіміра Вішнеўскага, якім я ўдзячны не толькі за гэтыя сустрэчы, але і за тое, што дапамагалі мне густоўна афармляць кнігі Ніла Сымонавіча. Павел Татарнікаў спрычыніўся да афармлення кнігі Ніла Сымонавіча «І чую я голас» (2008), а Ігар Гар­дзіёнак зрабіў вокладкі і ілюстрацыі да кніг Ніла Гілевіча «Добры анёл беларускасці» (2007), «Пацеркі Божай Маці» (2011), апошняга выдання «Сказ пра Лысую гару» (2011), «З Божай ласкай дасеўкі» (2014), «Эпіграмы» (2014) і Ніны Гілевіч «Апавядае беларуская вёска» (2008).

У гасцях у народнага паэта. 8 верасня 2009 г.

Да 80-годдзя народнага паэта Беларусі Павел Татарнікаў арганізаваў для Ніла Сымонавіча нязвыклы цікавы падарунак: ён даў групе студэнтаў Беларускай дзяржаўнай мастацкай акадэміі, дзе ён працуе, курсавое заданне — хай кожны складзе сваю кніжку вершаў паэта Ніла Гілевіча і як мастак-графік аформіць яе. І вось 11 лістапада 2011 года, пасля «абароны» курсавога задання, мы разам з Паўлам Татарнікавым і Ігарам Гардзіёнкам прынеслі да Ніла Сымонавіча вынікі гэтага задання: адразу 6 кніг народнага паэта, выкананых студэнтамі. Такога падарунка Ніл Сымонавіч не чакаў і быў вельмі ўзрушаны, і нават дазволіў зняць на відэакамеру свае словы падзякі да маладых мастакоў. «Уражаны я надзвычай! Я чакаў, ведаючы, хто настаўнік гэтай моладзі, што гэта будзе нестандартна, арыгінальна, цікава ва ўсіх адносінах і па задуме і па выкананні, не сумняваўся ў гэтым, але тое, што я убачыў, пераўзышло ўсе мае чаканні і спадзяванні! Гэта вельмі таленавітыя маладыя людзі, і гэта так цешыць мяне, я так радуюся гэтаму! У іх такое глыбокае, разумнае, прачытанне паэзіі, што дай Бог, каб было больш і больш такіх чытачоў. <…> Калі нешта з напісанага мной і далей паслужыць крыніцай натхнення творчага, калі душа каго з іх, чытаючы мае вершы, кнігі, зачэпіцца за нешта… Дык а чаго ж большага хацець аўтару? Гэта ж выдатна!..» Выдатна, што ён у нас быў (і ёсць) — вялікі паэт і патрыёт; выдатна, што былі гэтыя цёплыя, сардэчныя сустрэчы ў «Ніла пад каласамі»!

Поўнае відэа гэтага слова падзякі можна паглядзець
па спасылцы:
https://youtu.be/LjAklK9u9ps

Алег Глекаў

Гл. таксама:
ДАНУТА БІЧЭЛЬ :: ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ ::
ВАЛЯНЦІН ГЛЕКАЎ :: АЎТОГРАФ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY