Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Аляксей МАРАЧКІН

«НЕ ДАВАЙЦЕ ЧУЖЫНЦАМІ БЫЦЬ…»

«…І толькі на цябе надзея,
Край родны мой».

Максім Багдановіч

Аляксей Марачкін.
«М. Багдановіч. Ялта», 1987 г.

Калі б хтось мяне запытаў: «Як і калі прыйшло да цябе імя Максіма Багдановіча?», ці больш канкрэтна: «Які ўплыў на тваю творчасць (мастацкую) мела творчасць паэта Максіма Багдановіча?», я б, мусіць, перагортваючы свае жыццёвыя старонкі, шмат што змог бы ўспомніць… На першае пытанне: «Яно ішло ад тых школьных гадоў Язёрскай сярэдняй школы, калі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пётр Рыгоравіч даваў заданне вывучыць на памяць верш „Слуцкія ткачыхі“. Пазней, ужо ў юнацкія маладыя гады (хочацца працытаваць «маладыя жаданні, ні жуды, ні нуды, толькі шчасце кахання»), у сяброўскіх застоллях студэнтамі спявалі «Зорку Венеру». Памятаю на Віцебшчыне, а канкрэтней, Дзісеншчыне, у вёсачцы Барсукі, чуў гэтую песню ў каларытным выкананні вяскоўца Франака. Прытым слова «Венера» ён спяваў як «Венэра», праз «э». Тут я ўжо адчуваў уплыў віленскага адраджэння. Гэткае можна было пачуць бадай што ў Данчыка. Скажам, у Ніла Гілевіча: «Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы…» У Данчыка ж — «Вы шумеце, шумеце…»

Дарэчы, калі прыязджаў у Мінск італьянскі спявак Тото Кутуньё, то са сцэны Палаца рэспублікі чулася ў яго менавіта так — «шумеце, шумеце…» Быў на ягоным канцэрце і радаваўся гэткаму вымаўленню...

Але я крыху адхіліўся… Беларусь і Максім перад усім!

Што ж да выяўленчага мастацтва, можна шмат што прыгадаць… Асабліва падзею, якую аніяк не прамінуць: гэта 90-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Быў 1981 год. Беларусь рыхтавалася адзначыць юбілей вялікага паэта. Міністэрства культуры, Саюз мастакоў рыхтавалі свае мерапрыемствы… Безумоўна, пад наглядам ЦК КПБ. Замітусіліся, зашоргаліся нашыя творцы: наперадзе выставы, дамовы грашовыя з Міністэрствам культуры і гэтак далей і таму падобнае. Слабы наш чалавек на «капейчыну». І былі такія мастакі, што Багдановіча, можа, і радка не прачыталі, а ішлі да чыноўнікаў ад культуры са сваімі эскізамі на замовы. Запрашальны білет на святочныя мерапрыемствы даверылі зрабіць знанаму графіку Уладзіміру Басалыгу. Той з радасцю ўзяўся за гэткую працу. Такі юбілей! Такі гонар! Эскіз білета быў зроблены на высокім прафесійным узроўні: друк каляровы, побач з партрэтам Максіма словы ягоныя: «Беларусь! Твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня!» Уладзімір Самойлавіч ідзе з эскізам у ЦК на зацвярджэнне. Чыноўнік высокага рангу з усіх бакоў разглядае запрашэнне. «На што намекаеце, таварыш художнік? Што яшчэ за „дачакаецца“? Мы ўперадзе планеты ўсей! Мы ужэ дасціглі “залацістага, яснага дня”. Вам што — мала этава?»

Ведаючы падобныя вердыкты, мне неяк не захацелася несці на «падкантрольную» выставу свой твор «Максім і Вераніка», спецыяльна намаляваны да юбілейнай выставы. З гэтай прычыны адзначыць юбілей вырашыў у сваёй майстэрні, што месцілася тады на вуліцы Кірава, 3. Ідэя лакальнай выставы адной карціны была падтрымана маімі калегамі-аднадумцамі. На агляд карціны ў майстэрню прыходзілі мае сябры мастакі: Віктар Маркавец, Мікола Купава, Яўген Кулік… Гэта стала вядома шырокаму колу грамадства і майстэрню наведалі Уладзімір Караткевіч, Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Рыгор Барадулін, Уладзімір Басалыга, Вячаслаў Дубінка, Мікола Ермаловіч…

Цяпер гэты твор, «Максім і Вераніка», знаходзіцца ў сховах мастацкага музея. Чакае лепшых часоў. А сама ідэя стварэння карціны пачалася з майго блізкага знаёмства з вядомым краязнаўцам Генадзем Каханоўскім. Генадзь глыбока вывучаў гісторыю нашага краю. Ён мне і падказаў наведаць Ракуцёўшчыну, дзе нейкі час жыў Максім. «Гэтае месца намоленае паэзіяй Багдановіча! Там ты пабачыш ягоныя “сялібы” і дрэвы, якія памятаюць паэта!» — казаў ён мне. І гэта праўда. Калі я хадзіў сярод старых таполяў і ліпаў, мне здавалася, што я чую ягоны голас, голас маладога Максіма: «Ізноў пабачыў я сялібы, дзе леты першыя прайшлі…» Вераніка ў мяне на палатне трымае лілею — сімвал чысціні і цноты. Максім у форме гімназіста трымае ў руках аркушы паперы, што веерам разлятаюцца сярод дрэваў. Сум, пяшчота і чары юнацкага кахання…

Сюжэт карціны вымагаў адпаведных формаў, не толькі пазнавальнасці вобразаў, але і ўсяго рамантычнага настрою без натуралізму. У карціне любога сюжэта вельмі важныя дэталі, якія альбо працуюць на цэльнасць успрыняцця, альбо не. Для мастацкага ўвасаблення гэта вельмі важна. Калі нейкая дэталь, над якой працуе мастак, можа быць альбо не быць, то, безумоўна, яна, дэталь гэтая, залішняя, і ад яе трэба пазбавіцца. Гэта важна ва ўсім мастацтве, у літаратуры, музыцы, архітэктуры. Часам глядзіш на скульптурнае аздабленне нашай архітэктуры, плошчаў, і муляюць вока ўсе гэтыя буслы ды псеўдагрэцкія муляжы на будынках канструктывізму. Але ўсё гэта залежыць ад густу мастакоў і заказчыкаў. Часам чую ў свой адрас ад людзей, здаецца, і не такіх ужо далёкіх ад мастацтва: «Чаму ў цябе некаторыя карціны такія змрочныя, трывожныя?» Я адказваю: «Карціны пішуцца не толькі для ўпрыгожвання сценаў». «Апошні дзень Пампеі» Брулова, ці «Дзявяты вал» Айвазоўскага не павесіш у спальні. Мастацтва шырэйшае і глыбейшае. І калі я слухаю «Вераніку» ў выкананні Мулявіна, дзе гучыць «няма таго, што раньш было…», сляза наварочваецца…

Максім Багдановіч, які выдаў адзіную прыжыццёвую кніжку «Вянок», у пантэоне слаўных Беларусаў займае пачэснае месца.

У вобразах яго цыклу «Старая Беларусь» мне асабліва блізкая старасветчына, яшчэ дахрысціянскія постаці, так бы мовіць стоды-ахоўнікі: «Лясун», «Вадзянік», «Русалка». Апошняя напісана на маім палатне паводле радкоў «Выйду, белая, з цёмнай вады…» Твор гэты быў створаны мною спецыяльна для музея Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесці. І да сённяшняга часу я працягваю ўвасабляць гэтыя вобразы старасветчыны: «Жыцень», «Лесавік», «Снегавік», «Смяюн», «Вяшчун», «Балотнік». А ўсё гэтае пачалося і ад Максіма Багдановіча, і ад дзеда майго Магніта Балабуя, які ладзіў з сіламі зямнымі і нябеснымі. Спевы ягоныя, даўнія спевы, і да гэтага часу памятаю: «А ў асінавым балоце Сімірга. Сядзіць яна на калодзе, Сімірга…» І пры ўсім тым дзед быў адданым і шчырым вернікам. Слова Божае ратавала яго. У апошнюю вайну, калі немцы адступалі, шлях некаторых з іх праходзіў праз нашую вёску. Маці мая з малымі пайшла хавацца ў лес. Дзед не пайшоў. «Я яшчэ з Першай сусветнай у кусты не хаваўся», — сказаў ён. Так і застаўся бараніць нашу вёску. «Чую, — кажа, — немцы між сабою па-мадзьярску гавораць. Я — да іх. Так і так, кажу. Я хаты вартую тут». А яны: «Дык ты ж наш! Гаворыш па-нашаму». Дзед у Першую сусветную трапіў у палон да аўстрыякаў — адтуль і ведаў мову мадзьяраў. Уратаваў нашую вёску стары. Такі ён быў, мой дзед, як той «лясун» Максімаў.

Аляксей Марачкін. «Страцім-лебедзь», 1981 г.

Дык хто ж такі для мяне Максім Багдановіч? У 25 гадоў адышоў у Нябесную Беларусь… За свае малыя жыццёвыя гады стаў сімвалам Беларускага Адраджэння. Самім Богам нам дадзены…

Акрамя ўсяго тут сказанага, засяродзім увагу на «фэномене» паэта, яго адносінах да беларускага слова. Нарадзіўся ў Беларусі. Канкрэтна — у Мінску. Можна сказаць, на беразе ракі Свіслач. Дзіцячыя, юнацкія гады пражыў на Волзе. Гімназія, вучоба — на землях Расейскай імперыі… Яго дапытлівы розум круціўся, закручваўся вакол нечага такога, што было недзе там, далёка, дзе ягоны бацька Адам збіраў па каліву песенны беларускі фальклор. Усё стала на месца, калі паэт наведаў калыску Беларускага Адраджэння — Вільню. Там, у асяродку беларусаў, адчуў сэрцам сваім, што гэта не чужое, што гэта яго роднае. Гэта і засведчыў яго верш «Пагоня», які ў наш час стаў амаль гімнам, таму і сведчаннем. «Біце ў сэрцы іх. Біце мячамі. Не давайце чужынцамі быць». Гэта праграмны заклік для тых, хто «адрокся сваіх і стыдацца нас стаў» (Карусь Каганец). Максім адчуў сваю адказнасць, сваё, калі хочаце, пакліканне перад народам спраўдзіць, адрадзіць дадзенае нам Богам. Толькі невук можа цурацца таго, што нам дадзена Нябёсамі. Перадусім — нашая мова.

…Неяк еду трамваем у майстэрню са сваім сябрам — шлях мой праходзіць вуліцай Якуба Коласа на вуліцу Максіма Багдановіча. Голас з дынаміка артыстычна аб’яўляе прыпынкі і іншую інфармацыю па-беларуску. «Чуеш, — кажу сябру, — гучыць наша мова». «Гучыць… Гучыць праз рэпрадуктар. Я іншы раз думаю, — працягвае сябра, — што хоць бы людзі, пасажыры, размаўлялі між сабой па-беларуску. Была б зусім іншая атмасфера. Дынамік можна запраграмаваць і на мове тубыльцаў вострава Тумба-Юмба». Ідзем праз пераход — там кіёск газетны. Акрамя газетаў, можна і гарбату заказаць. Звяртаемся да прадавачкі, а яна пытаецца: «А што такое гарбата?» Тлумачым. Я ёй кажу: «Вам трэба падвучыць нашую мову». Тая: «А зачэм это?» Вось вам — «Біце ў сэрцы іх, біце мячамі». «Зачэм это…»

Аляксей Марачкін. «Максім і Вераніка», палатно, алей, 1981 г.

Пры ўсёй адданасці Максіма Багдановіча беларускаму слову, гісторыі, культуры, заўважаў ён і гэткую абыякавасць да таго, што іншыя народы захоўваюць, зберагаюць… Ці не таму ў 1913 годзе ён напісаў адчайныя радкі крыку да беларускага люду: «Народ. Беларускі Народ! Ты — цёмны, сляпы, быццам крот… Табою ўсягды пагарджалі…» Што гэта?.. Адкуль яно? Вядома што… І каму адрасавана. І чаму. Цяпер наш народ як бы і не цёмны, і не сляпы. У кожнага з моладзі па смартфону… Адкрытая інфармацыя. Глабалізацыя… І ўсё ж бывае так балюча і сумна, што і ў наш час застаюцца актуальнымі гэтыя словы нашага класіка. Але ўсё ж такі, як бы ні было, а мы ачунялі: бачым, хто ёсць хто… Слепата праходзіць, хоць яшчэ даводзіцца блукаць па чужых сцежках. А нашыя сцежкі былі нам вызначаны 25 сакавіка 1918 года. І было гэта неўзабаве пасля смерці Максіма Багдановіча. Адным словам, у часе абуджэння народаў Еўропы. З’явы гэтыя гістарычна натуральныя. Як казаў мой дзед Магніт Балабуй: «Кола гісторыі не павернеш назад, а пад кола можаш трапіць». Падмурак нашай незалежнасці мацуюць беларуская літаратура, тэатр… мастацтва. То бок, жыццё і творчасць Максіма Багдановіча — гэта таксама падмурак. Яго мацавалі Купала, Колас, Быкаў, Караткевіч… Нават той, хто напісаў адзін беларускі верш і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры: я маю на ўвазе Паўлюка Багрыма і ягоны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…»

Маючы такі энергетычны запас духоўных лідараў, нашых сапраўдных аўтарытэтаў, і ўсяго, што назапашана за апошнія стагоддзі, мы маем шанец выправіць становішча нявер’я і песімізму і мець непахісную надзею, што «дойдзем, дойдзем мы да Беларусі». Успамінаючы нашага сучасніка, волата духу і нашай моцы Ніла Гілевіча, які ўсе сілы аддаваў дзеля Беларушчыны, не здрадзім нашым ідэалам у змаганні за тое, за што аддавалі жыцці нашыя продкі. І хай гэта гучыць, магчыма, пафасна, не будзем спапяляць душы нашыя нявер’ем, бязволлем і адчаем.

Мы можам ганарыцца нашым мінулым: Полацкім княствам, Вялікім Княствам Літоўскім, Аршанскаю бітваю і Слуцкім збройным чынам… Шлях, пракладзены нашымі продкамі, дае надзею, што Беларусь будзе жыць, якія б перашкоды ні паўставалі на нашым шляху. «Пагоня», «Зорка Венера» Максіма Багдановіча будуць мацаваць і акрыляць нас заўсёды.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY