Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Айцец Андрэй КРОТ

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ

Пра кнігу Г. Флікоп-Світы «Іканастасы і алтары
грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.»
(Мінск, «Беларуская навука», 2021).

У кастрычніку 2021 года ў Беларусі святкавалася важная дата — 425-годдзе Берасцейскай царкоўнай уніі. Гэтая падзея, якая па-ранейшаму ўзбуджае спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных канфесій, безумоўна, была ўнікальнай гістарычнай з’явай: вялікая хрысціянская супольнасць усходняй традыцыі далучылася да Паўсюднай Царквы ды пачала свой духовы шлях у еднасці з Апостальскай Сталіцай. Часта гавораць, што на Беларусі 425 гадоў таму ўзнікла новая канфесія — уніяцтва, аднак такое сцвярджэнне памылковае. Уніяцкая (гэтае слова, нагадаем, перакладаецца як «з’яднаная») Царква сталася лагічным працягам развіцця на беларускіх землях Праваслаўнай Царквы, якая была адкрытаю на заходнюю традыцыю ды ў розныя перыяды больш ці менш актыўна пераймала розныя элементы з літургіі, духовасці ды мастацтва Рыма-каталіцкага Касцёла. Спадчынніцай Уніяцкай Царквы сёння з’яўляецца Беларуская Грэка-каталіцкая Царква. У гэтым артыкуле мы будзем выкарыстоўваць назвы «Уніяцкая Царква», маючы на ўвазе беларускую Царкву XVII — першай трэці XIX стагоддзя, якая знаходзілася ў еднасці з Апостальскай Сталіцай, а таксама «Грэка-каталіцкая Царква» — для азначэння і Уніяцкай Царквы, і сённяшняй БГКЦ. Уніятаў, ці грэка-католікаў, называюць яшчэ католікамі ўсходняга, альбо візантыйскага, абраду, каб падкрэсліць іх адрозненне ад католікаў заходняга, альбо лацінскага абраду.

Берасцейская унія ў сучаснай Беларусі сталася не толькі царкоўнай з’явай. Яе спадчыну актыўна вывучаюць навукоўцы розных кірункаў — гісторыкі, культуролагі, мастацтвазнаўцы. Чарговая праца, прысвечаная вывучэнню спадчыны Уніяцкай Царквы, выданне якой супала з юбілеем Берасцейскай уніі, стала сапраўднай з’явай у беларускай навуцы. Гаворка ідзе пра кнігу Галіны Аляксандраўны Флікоп-Світы «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука» накладам у 300 асобнікаў.

Як ужо бачна з назвы кнігі, аўтарка аналізуе іканастасы — традыцыйныя для храмаў візантыйскай традыцыі канструкцыі з іконаў (альбо, як гэта часта бывала ў беларускай традыцыі, аздобленыя іконамі), што аддзяляюць тую частку святыні, дзе звычайна святар здзяйсняе Таямніцу Эўхарыстыі, ад іншай часткі храма. Вывучае Г. Флікоп-Світа і так званыя прысценныя алтары. Справа ў тым, што яны да часоў Берасцейскай уніі не былі характэрныя для ўсходняга хрысціянства, бо алтар (які паводле візантыйскай традыцыі называецца прастолам), павінен стаяць асобна, каб святар падчас службы мог свабодна абысці вакол яго.

Хочацца адзначыць шыкоўны выгляд новага выдання — яно надрукавана на добрай паперы, багата аздоблена каляровымі ілюстрацыямі. Іх поўны спіс, а таксама спіс выкарыстаных крыніцаў ды літаратуры прыводзіцца напрыканцы кнігі. Яшчэ адзін дадатак — гэта схемы размяшчэння іканастасаў і прысценных алтароў, а таксама спосабы канструкцыйнага вырашэння іканастасаў і фармавання алтарнай наставы ў беларускіх уніяцкіх храмах. Да кнігі прыкладаецца СD-дыск, на якім прадстаўлены дадатак на 240 старонак, дзе ў выглядзе табліцы змешчаны сістэматызаваныя звесткі пра інтэр’еры храмаў: наяўнасць у іх іканастасаў, прысценных алтароў, фератронаў. У гэтую табліцу ўключаны назвы каля 2600 паселішчаў (у алфавітнай паслядоўнасці), у якіх існавалі грэка-каталіцкія храмы.

  
Іканастас царквы Святой Ганны,
г. Стоўбцы. Фота 1984 г.
   Іканастас царквы Перамянення
Гаспада нашага Ісуса Хрыста,
Олтуш, Маларыцкага р-на. Фота 1982 г.

Мастацкіх твораў з часоў Уніі захавалася вельмі мала: яны мэтанакіравана нішчыліся ў перыяд прымусовага пераводу беларускіх католікаў усходняга абраду ў праваслаўе ў першай палове ХІХ стагоддзя, падчас антырэлігійнай кампаніі ў Савецкай Беларусі ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя, у дзвюх сусветных войнах і г.д. Тое, што засталося, Галіна Флікоп-Світа старанна вывучае, сістэматызуе і апісвае ў сваёй працы. Выкарыстоўвае яна і архіўныя фотаздымкі, на якіх адлюстраваны абразы, іканастасы ды алтары, што не захаваліся да нашых дзён. Надзвычай уразіў здымак іканастаса царквы Узвышэння Святога Крыжа ў в. Струнне каля Полацка. У гэтай мясцовасці заўсёды спынялася грэка-каталіцкая пілігрымка ў гонар полацкіх мучанікаў, пілігрымы маліліся ў полі на месцы рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Ад царквы застаўся толькі невялікі фрагмент муру, і вось, дзякуючы кнізе Г. Флікоп-Світы, тыя, хто маліўся на месцы былой святыні, могуць нарэшце ўбачыць яе інтэр’ер.

Акрамя ўласна інтэр’ераў храмаў, фотадакументаў ды артэфактаў, што захаваліся ў музеях, Г. Флікоп-Світа вывучае і шматлікія архіўныя дакументы, у якіх апісваюцца інтэр’еры беларускіх уніяцкіх храмаў. Гэта перш за ўсё акты візітацый, якія праводзіліся досыць рэгулярна. Даследчыца адзначае, што беларускія навукоўцы апошнім часам актыўна вывучаюць пратаколы візітацый (у беларускай гістарыяграфіі для азначэння гэтых дакументаў ужо нават замацаваўся ўласны тэрмін — візіты). «Між тым комплексная апрацоўка звестак з іх пра іканастасы і алтары, а таксама пра асаблівасці абсталявання інтэр’ераў дагэтуль не праводзілася», — піша Г. Флікоп-Світа. Аўтарка даследавання апрацавала каласальны аб’ём дакументаў, у якіх апісваюцца каля 2600 храмаў Беларусі і памежных з нашай краінай тэрыторый суседніх дзяржаў: Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, што ў свой час належалі да беларускіх епархій Уніяцкай Царквы.

Кніга «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.» складаецца з трох главаў. Першая глава носіць назву «Іканастасы і алтары ў сакральнай прасторы грэка-каталіцкага храма». У ёй апісваецца ўнутраны выгляд цэркваў у розных епархіях Уніяцкай Царквы, а таксама ў храмах, якія належалі манаскаму ордэну базыліянаў. Працэс фармавання інтэр’ераў уніяцкіх цэркваў Г. Флікоп-Світа паказвае як шматбаковы і складаны, вылучае рэгіянальныя асаблівасці пэўных епархій, дэканатаў і афіцыялатаў (царкоўна-адміністрацыйных адзінак, якія аб’ядноўвалі некалькі дэканатаў). Так, у Менскім і Наваградскім ваяводствах грэка-каталіцкія цэрквы ўжо напрыканцы XVII стагоддзя страцілі сваё былое аблічча, у Тураўскім жа і Брэсцкім афіцыялатах іканастасы захаваліся падчас усяго існавання Уніяцкай Царквы. Цікава, што Брэсцкі афіцыялат — гэта самая заходняя частка Грэка-каталіцкай Царквы, і наяўнасць там іканастасаў даследчыца тлумачыць жаданнем духавенства захоўваць адметнасць сваіх святыняў у супрацьвагу католікам рымскага абраду. Сітуацыю ў Полацкай архіепархіі Г. Флікоп-Світа называе прамежкавай, гэта значыць, што там суіснавалі і іканастасы, і прысценныя алтары.

У другой главе сваёй працы Г. Флікоп-Світа апісвае іканастасы ўніяцкіх цэркваў: іх канструкцыю, «праграму» (г.зн. колькасць шэрагаў, альбо «чынаў» ды іх сюжэтна-тэматычнае напаўненне). Даследчыца піша, што найчасцей у беларускіх цэрквах бытавалі двух’ярусныя іканастасы, хоць поўнымі, паводле мясцовай традыцыі, лічыліся іканастасы з трох ярусаў. Іканастасы з большай колькасцю чынаў сустракаліся рэдка. У багата ілюстраваных раздзелах другой главы падрабязна расказваецца пра асаблівасці кожнага з чынаў іканастасаў беларускіх уніяцкіх храмаў. Г. Флікоп-Світа дае не толькі сухую інфармацыю, але і цікавыя факты, якія можна назваць гістарычнымі анекдотамі. Напрыклад, у іканастасе в. Аброва Івацэвіцкага раёна на іконе Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, у ложку, на якім спачывае Маці Божая, намаляваныя дзверкі. Даследчыца знаходзіць арыгінальную выяву, з якой рабілася беларуская копія. Гэта ікона з Кіева-Пячэрскай Лаўры, у якой пад спецыяльнымі срэбнымі дзверкамі знаходзіліся рэліквіі. Выява гэтага абраза была надрукавана ў розных выданнях Кіева-Пячэрскай Лаўры, якія, напэўна, трапілі да беларускага мастака, і той са скурпулёзнай дакладнасцю адлюстраваў дэталі гравюры на іконе для Аброўскай царквы.

  
Алтарная частка
полацкага сабора Святой Сафіі.
   Іканастас царквы Успення Багародзіцы.
Жыровіцкі манастыр.

Трэцяя глава кнігі «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.» носіць назву «Алтары». Даследчыца апісвае прысценныя алтары, якія ва ўніяцкіх храмах былі падобнымі да рыма-каталіцкіх, аднак заўважае яна і характэрныя для грэка-католікаў адметнасці: у некаторых уніяцкіх цэрквах для аздобы прысценных алтароў выкарыстоўваліся элементы старых іканастасаў, напрыклад, Царскія брамы. У асобных святынях алтары, якія замянілі традыцыйныя іканастасы, паўтаралі іх структуру. Таксама Г. Флікоп-Світа апісвае цікавую з’яву ў грэка-каталіцкіх цэрквах: да іконаў у іканастасе прыстаўляліся стольніцы, і такім чынам абразы ператвараліся ў алтары. З’ява гэтая была даволі распаўсюджаная, і з часам іканастасы пачалі рабіць адразу з такімі алтарамі. Як прыклад даследчыца ўзгадвае Жыровіцкі Свята-Успенскі сабор, дзе і да гэтага часу можна заўважыць рэшткі такіх канструкцый. Г. Флікоп-Світа даследуе таксама абразы і скульптуры, якія мясціліся ў прысценных алтарах, а таксама такую цікавую асаблівасць, характэрную для ўніяцкіх цэркваў, як пераносныя алтары — фератроны.

Варта звярнуць увагу на бібліяграфію: гэта амаль 300 навуковых працаў ды больш за 400 крыніцаў, на якія спасылаецца аўтарка кнігі. Сярод даследаванняў, што ўзгадвае Галіна Флікоп-Світа, шмат артыкулаў, напісаных ёю самою. Гэта значыць, што вывучэннем беларускіх іканастасаў і алтароў яна займаецца даўно і сур’ёзна, а вынікі даследаванняў шмат разоў прадстаўляліся кампетэнтным навукоўцам на шматлікіх канфэрэнцыях у Беларусі і па-за яе межамі. Асобным спісам напрыканцы кнігі пералічаны ілюстрацыі. Гэты спіс налічвае ажно 693 пазіцыі, што выклікае пытанне: ці засталося нешта з беларускай уніяцкай спадчыны, чаго б не ўзгадала Галіна Флікоп-Світа ў кнізе «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.»?

У сваёй працы даследчыца робіць шэраг заўвагаў, што з’яўляюцца вельмі важнымі для разумення сутнасці працэсаў, якія адбываліся пасля Берасцейскай уніі на Беларусі. Так, з боку крытыкаў Уніі часта даводзіцца чуць, што ўніяты адмовіліся ад візантыйскай літургічнай спадчыны, і, як прыклад, гавораць пра адсутнасць іканастасаў у беларускіх уніяцкіх цэрквах у XVII — пачатку XIX стагоддзя. Даследчыца звяртае ўвагу на тое, што адсутнасць у гістарычных крыніцах інфармацыі пра іканастасы звязана з тэрміналагічнымі асаблівасцямі: іканастасы ў дакументах часоў Уніі называюцца словам «дэісус». Гэтым тэрмінам у праваслаўнай традыцыі называецца адзін з шэрагаў, альбо чынаў, іканастасу, ва ўніятаў жа ён часта азначае ўсю канструкцыю.

Г. Флікоп-Світа заўважае, што іканастасам у беларускіх гістарычных крыніцах называецца толькі канструкцыя, якая змяшчалася над Царскай брамай і мясцовымі абразамі, а значыць, калі іканастас меў толькі адзін рад абразоў (а так найчасцей было ў небагатых беларускіх святынях), то такая канструкцыя ў часы Уніі іканастасам не называлася. Так, напрыклад, даследчыца прыводзіць кур’ёзныя цытаты з дакументаў, дзе гаворыцца пра тое, што іканастасу ў храме няма, а пры гэтым апісваюцца яго элементы — Царская брама ды мясцовыя абразы.

Крытыкі Уніяцкай Царквы часта малююць спрошчаную схему ўплыву Уніі на культурную спадчыну Царквы ў Беларусі. Паводле іх, у часы праваслаўя беларускае хрысціянства ўсходняй традыцыі развівалася ва ўласцівым рэчышчы, у храмах захоўваліся іканастасы і іншыя прыкметы візантыйскай традыцыі. Пасля падпісання Берасцейскай уніі іканастасы нібыта ліквідоўваліся, іх месца займалі прысценныя алтары. Галіна Флікоп-Світа, даследаваўшы грамадны аб’ём матэрыялу, робіць высновы, што працэс змены інтэр’ераў у беларускіх святынях быў больш складаны і нелінейны. Яна піша пра суіснаванне элементаў візантыйскай і лацінскай традыцый ва ўніяцкіх святынях. Вось цытата з кнігі «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.»: «Для значнай часткі храмаў была ўласціва адначасовая наяўнасць іканастасаў, галоўнага алтара ў віме, бакавых алтароў і фератрона. Менавіта гэты варыянт абсталявання інтэр’ера сведчыць пра ўзнікненне ў рэчышчы Уніі адметнай формы суіснавання грэчаскіх і лацінскіх традыцый. На нашу думку, такі тып інтэр’ера з’яўляецца не пераходным этапам ад грэчаскага да лацінскага (пра што адзначалася даследчыкамі), а своеасаблівай формай самаарганізацыі сакральнай прасторы ўніяцкай царквы». Калі б ва ўніяцкіх храмах адбывалася лацінізацыя, то ў іх бы, паводле даследчыцы, паступова ці адначасова знікалі б іканастасы і ўсталёўваліся алтары, падобныя да лацінскіх, аднак гістарычныя крыніцы сведчаць пра шэраг выпадкаў, калі ў храмах, дзе ўжо існавалі прысценныя алтары, усталёўваліся новыя іканастасы.

Сутнасць працэсу, які некаторыя называюць «лацінізацыяй», Галіна Флікоп-Світа тлумачыць звычайнай эканамічнай мэтазгоднасцю: цэрквы разам з іканастасамі гарэлі пры пажарах, нішчыліся падчас войнаў ці проста руйнаваліся ад старасці. У новых ці адрамантаваных святынях святары замест іканастасаў ставілі прысценныя алтары, бо такі варыянт быў больш «бюджэтным», чым іканастас. Царкоўная іерархія пры гэтым не патрабавала прытрымлівацца строгіх нормаў адносна выгляду святыні, і таму мясцовае духавенства ішло па шляху найменшага супраціву. Даследчыца ўзгадвае царкву св. Мікалая ў в. Паўлавічы (сённяшні Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), якая перажыла такія змены. Г. Флікоп-Світа згадвае, што ў некаторых мясцовасцях адбывалася і сапраўдная лацінізацыя ўніяцкіх цэркваў (іх свядома рабілі падобнымі да рыма-каталіцкіх касцёлаў), напрыклад, пад уплывам землеўласнікаў, на чыіх землях знаходзіліся храмы. Такая навуковая аб’ектыўнасць робіць працу Г. Флікоп-Світы «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.» надзвычай каштоўнай.

  
Галоўны і бочны алтары касцёла святых Пятра і Паўла,
в. Баруны Ашмянскага р-на.

Звернем увагу на некаторыя недасканаласці працы. У першую чаргу яны датычаць тэрміналогіі. Так, недарэчным з’яўляецца акрэсленне «Пераўтварэнне Божае», якое даследчыца выкарыстоўвае ў дачыненні да назваў абразоў ды храмаў. Гаворка ідзе пра падзеі, апісаныя ў Евангеллі (напрыклад, Мц 17, 1–6), калі Ісус Хрыстос з’явіўся перад сваімі вучнямі ў незвычайным выглядзе — са ззяючым абліччам, у прамяністай вопратцы. У грэка-каталіцкай традыцыі гэтая падзея (і, адпаведна, абразы, якія яе апісваюць) называецца Перамяненнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, а ў праваслаўнай — Праабражэннем. На нашую думку, тэрмін «Перамяненне» больш адпавядае сутнасці падзеі, чым «Пераўтварэнне», бо Хрыстос толькі перамяніў свой выгляд, а не ператварыўся ў нейкую іншую істоту. Да таго ж перамяненне датычыла не Бога, які заўсёды застаецца нязменным, а толькі Ісуса Хрыста як гістарычнай Асобы. Тое ж датычыць тэрміна «Узнясенне Божае» — узнёсся толькі Бога-чалавек Ісус Хрыстос, таму дарэчна было б пісаць «Узнясенне Госпада» ці «Узнясенне Ісуса Хрыста».

Не пагодзімся і з тым, што ўніяцтва было новай канфесіяй, пра што неаднаразова піша Г. Флікоп-Світа. Як мы ўжо адзначалі, яно сталася працягам развіцця ўсходняга хрысціянства на памежжы дзвюх культур, і для беларускай Царквы лагічнай была адкрытасць на заходнюю хрысціянскую культуру, пра што, зрэшты, сама даследчыца неааднаразова згадвае ў сваёй працы: так, напрыклад, апісваючы абраз «Стрэчанне» (Сустрэчы Госпада Ісуса Хрыста), які паходзіць з царквы св. Мікалая ў Кобрыне, яна заўважае яго падабенства з гравюрай галандскага майстра Карнэліса Корта. «Гэты цікавы прыклад сведчыць пра тое, што іканастасныя абразы (а не толькі алтарныя выявы) нават у першыя дзесяцігоддзі існавання Уніі зазналі ўплыў заходнееўрапейскагага мастацтва, няхай нават і апасродкавана», — піша Г. Флікоп-Світа. Заходні ўплыў у мастацтве даследчыца бачыць не толькі ва ўніятаў, але і ў праваслаўных на беларускіх землях. Напрыклад, яна піша пра падабенства іканастаса ў віленскай праваслаўнай царкве Св. Духа з алтаром, характэрным для храмаў заходняга абраду. Дадамо, што не толькі мастацтва, але і іншыя сферы царкоўнага жыцця (літургічная, душпастырская і інш.) атрымалі, дзякуючы заходняму ўплыву, моцны імпульс да развіцця, што ў значнай меры спрыяла духоўнаму адраджэнню Беларусі ў XVII–XVIIІ стагоддзях.

Яшчэ адна заўвага: аўтарцы не варта было б абмяжоўваць уніяцкую спадчыну толькі храналагічнымі рамкамі афіцыйнага існавання Уніяцкай Царквы, гэта значыць 1596–1839 гадамі. Напрыклад, даследчыца адносіць абраз 1842 года ўжо да праваслаўнай спадчыны. На нашую думку, знішчэнне Уніі не адбылося ў адзін момант, яе ўплывы яшчэ доўга адчуваліся ў жыцці беларускай Царквы.

Кніга Г. Флікоп-Світы «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці ХІХ ст.» навяла на думку, што сучасная Беларуская Грэка-каталіцкая Царква жыве тым духам, які панаваў у Беларусі ў часы Берасцейскай уніі. Так, шмат у чым сітуацыя змянілася: сёння Царква, якая з’яўляецца спадчынніцай Уніяцкай Царквы XVII — першай трэці ХІХ стагоддзя, мае не чатыры епархіі, а толькі паўтары дзясяткі парафій ды, па розных падліках, ад некалькіх соцен да некалькіх тысяч актыўных вернікаў, тры царквы ды некалькі капліцаў у прыстасаваных памяшканнях (частка парафій вымушана карыстацца гасціннасцю рыма-католікаў). Аднак у Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве пануе дух вернасці традыцыі хрысціянскага Усходу і адначасова адкрытасці на сучасную культуру. Беларускія грэка-католікі старанна вывучаюць уласную гісторыю ды імкнуцца захоўваць яе не толькі ў памяці, але і ў штодзённым царкоўным жыцці, аднак сучасная БГКЦ — гэта не музей, а жывая супольнасць, таму грэка-католікі ахвотна пераймаюць і рыма-каталіцкія традыцыі (такія, як ружанцовая малітва ці рэгулярныя парафіяльныя рэкалекцыі), пратэстанцкую любоў да Святога Пісання ці пазаканфесійную любоў да беларускай культуры і імкненне ўкараняць яе ў жыццё Царквы. І, канечне ж, у спадчыннікаў Берасцейскай уніі застаецца характэрная для іх продкаў практычнасць, якая дазваляе ствараць арыгінальныя формы царкоўнага жыцця ды мастацтва, зыходзячы з тых умоваў і сродкаў, якія яны маюць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY