|
|
№
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
Лідзія КАМІНСКАЯ
НЕВЯЛІКІЯ ЎСПАМІНЫ ПРА ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА In memoriam
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы
Постаці
Кс. Ігар ЛАШУК
СУСТРЭЧА СА СЛУГОЮ БОЖЫМ А. ФАБІЯНАМ МАЛІШОЎСКІМ OP Айцец Канстанцін М. ЖУКЕВІЧ OP СЛУГА БОЖЫ ФАБІЯН МАЛІШОЎСКІ Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕРШ «ЗІМОВЫ ДОСВІТАК» УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ ЯК СВЕДЧАННЕ ВЕРЫ ПАЭТА Прадмова да беларускага перакладу Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча
Музыказнаўства
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕРШ «ЗІМОВЫ ДОСВІТАК»
Прадмова да беларускага перакладу
|
Максімільян Фаянс. «Уладзіслаў Сыракомля», каля 1851–1863 гг. |
Людвік Кандратовіч, вядомы пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862), быў і застаецца адной з вызначальных постацяў у літаратурным працэсе Беларусі ХІХ ст. Яго творчасць вылучаецца і неардынарнасцю таленту, і мастацкай глыбінёю, і неверагодна вялікім сваім абсягам: майстра тварыў амаль ва ўсіх жанрах і пакінуў велізарную літаратурную спадчыну. Гэта тым больш уражвае, што адведзены яму зямны адрэзак біяграфічнага часу ўмяшчаўся менш чым у сорак гадоў жыцця. Ягоны талент быў узгадаваны радзімай Беларуссю, а напісаныя пераважна па-польску творы ўсімі сваімі тэмамі, матывамі і вобразамі злучаныя з родным краем вырасталі з айчынных ландшафтаў і гісторыі, з мясцовых традыцый культуры і побыту продкаў.
На беларускай мове захаваліся, як вядома, толькі два арыгінальныя творы Уладзіслава Сыракомлі: вершы «Добрыя весці» і «Ўжо птушкі пяюць усюды». Значная ж частка польскамоўнай літаратурнай спадчыны пісьменніка ўведзена ў беларускі літаратурны кантэкст стараннямі шматлікіх перакладчыкаў: пачынальнікамі гэтай справы былі ў свой час Янка Лучына, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка; у далейшым найбольшая заслуга належыць Уладзіміру Мархелю і Кастусю Цвірку, якія былі не толькі перакладчыкамі, але і даследчыкамі творчасці Сыракомлі. Ахвяравалі свой талент перакладу Сыракомлевых твораў у розны час і іншыя беларускія творцы, а стос яго перакладаў пастаянна папаўняецца, што вельмі важна і на будучыню, паколькі Сыракомля — класік айчыннага прыгожага пісьменства ХІХ ст., а ў гэты час літаратура Беларусі ў выніку гістарычных абставінаў мела шматмоўнае аблічча, што складала культурную адметнасць нашага краю.
Зусім нядаўна, праглядаючы старадрукі ХІХ ст., а менавіта зборнікі размаітых твораў розных аўтараў, выдадзеныя ў некалькіх тамах у Пецярбургу тагачасным збіральнікам і выдаўцом Язафатам Агрызкам, маю ўвагу прывабіў змешчаны ў другім томе гэтага выдання верш «Zimowy doświtek», падпісаны крыптанімам Wł. S., з пазнакай «Wilno, w Styczniu 1859» (гл.: Pismo Zbiorowe, wydane przez Jozafata Ohryzko. Tom II. — Petersburg: W drukarni Jozafata Ohryzki, 1859. — S. 300–301). Не выклікала сумнення, што аўтарам гэтага верша быў Уладзіслаў Сыракомля, паколькі яму належаў такі крыптанім, а месца і час напісання таксама адпавядаюць біяграфічным рэаліям паэта. Сам змест твора, па яго прачытанні, развейваў нават рэшткі сумнення ў яго аўтарстве. Больш за тое, верш настолькі захапіў мяне хараством і дасканаласцю сваёй ідэі і вобразаў, што адразу выклікаў неадольнае жаданне перакласці яго на беларускую мову.
З хваляваннем даследчыка, які натрапіў на забыты скарб, я пачала шукаць гэты верш у іншых вядомых мне выданнях твораў Уладзіслава Сыракомлі або згадку пра «Зімовы досвітак» у працах даследчыкаў. Якое ж было маё здзіўленне, калі я не знайшла ані згадак пра гэты твор, ані яго самога не толькі ў пасмяротным выданні (Syrokomla, Wł. Poezye ostatnej godziny. — Warszawa, 1862), але і ў выдадзеным у 1872 г., праз дзесяць гадоў па смерці паэта, поўным зборы яго твораў у 10-ці тамах, рупліва сабраным, укладзеным і пракаментаваным маладзейшым сябрам і паслядоўнікам Сыракомлі Вінцэсем Каратынскім. Такім чынам, рызыкую сцвердзіць, што ў пецярбургскім выданні «Pismo Zbiorowe» 1859 г. мною быў знойдзены калі не невядомы, то прынамсі забыты твор Уладзіслава Сыракомлі, які годна прадстаўляе яго літаратурную спадчыну, дапаўняе яе, дазваляючы пераканацца, наколькі хвалюючай для яго была тэма паэта і творчасці.
Тытульны аркуш і разгортка выдання «Pismo Zbiorowe» 1859 г. з вершам Уладзіслава Сыракомлі «Зімовы досвітак». |
Верш перадае пачуцці паэта, натхнёнага творчасцю, іх далейшую дынаміку, перажыванні з прычыны страты натхнення, калі пяро выпадае з рук, а спакой пакідае душу. Зімовыя досвіткі для лірычнага героя твора былі заўсёды тым благаслаўлёным часам, які спрыяў творчасці, будзіў натхненне; тым часам, калі бадзёры духам і целам паэт запальваў свяцільнік — «каганец», аддаючыся натхнёным вобразам і думкам. Натхненне для яго — цудоўны Божы дар, а вера — рухавік гэтага дару. Страта веры адбірае натхненне, пагружае ў цемру і трывогу, выбівае з рук пяро. Толькі вера, якая зноў «злятае з вышыняў» і напаўняе сэрца паэта, вырывае яго з кіпцюроў роспачы і смутку, вяртае «спакой у душу і пяро ў руку», вяртае ўзнёсласць духу і натхненне.
Напэўна, настроі гэтага верша знаёмыя і многім сучасным творцам. «Каганчык» натхнення, запалены Сыракомлем, нібы асвятляе і нас, сённяшніх, паказвае нам, як можна перажываць крызіс творчасці і ўпадак духу, а таксама сведчыць, што вера з’яўляецца тым «алеем» натхнення, які не дае «каганчыку» пагаснуць, а «зімоваму досвітку» змарнавацца. Гэты чароўны верш, несумненна, гучыць і ўспрымаецца як сведчанне веры паэта, сведчанне яго глыбокай і прыгожай хрысціянскай духоўнасці.
Прапаную чытачам «Нашай веры» верш Уладзіслава Сыракомлі «Zimowy doświtek» у сваім перакладзе. Выказваю шчырую ўдзячнасць загадчыку аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандру Віктаравічу Стэфановічу і супрацоўнікам аддзела за спрыянне і дапамогу ў карыстанні кніжным фондам аддзела, а таксама за магчымасць дапоўніць нашу публікацыю сканаванымі копіямі верша Сыракомлі ў арыгінале і тытула выдання, у якім твор быў надрукаваны і з якога пераклад зроблены.
Ірына Багдановіч
Гл. таксама:
УЛАДЗІСЛАЎ СЫРАКОМЛЯ :: ЗІМОВЫ ДОСВІТАК ::
|
|