Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Андрэа ГРЫЛЬ

МЕТРАНОМ

Я была жыхаркай Нью-Ёрка, перш чым мая нага ступіла ў горад. Гэта сказана не проста так, не падумаўшы. Тэмп крокаў пешаходаў — гэта метраном горада, код, з дапамогай якога можна даведацца, дзе ты знаходзішся; яго знайшлі, калі шукалі вымяральны паказчык разнароднасці гарадоў. Не архітэктурныя збудаванні, а крокі людзей, якія знаходзяцца ў ім, робяць кожны горад непаўторным.

Я іду так хутка, як жыхарка Нью-Ёрка, не магу больш спыніцца, калі я іду, чую шчоўканне ў спіне, пад лапаткай, глухі металічны гук, рэха трэску. Яно з’явілася раптоўна, гэта не сапраўдны боль, хутчэй ціск, часам забыты, а ўсё ж такі прысутны. Так, быццам хтосьці кладзе сваю руку табе на руку, гэта не балюча; толькі калі гэта адбываецца доўга, тады балюча. Я, мусіць, адсарбіравала кавалачак жалеза ці сталі, на алюміневы гук не падобны. Гэты метал непрыкметна стаў часткай маёй плоці, шчоўкае пры кожным маім кроку ўздоўж авеню.

Можа, я праглынула таблетку? Адну з тых, якія з’явяцца пазней, калі надыдзе сінгулярнасць, умяшанне тэхнікі ў эвалюцыю чалавека; маленькія чыпы, якія слухаюцца камп’ютарных праграмаў, закладзеных у іх. Іх глытаюць замест аперацыі. Гэта гучыць прагрэсіўна.

 

Пры тэме размовы, якая гэта дазваляе, ён ненадоўга бярэ мяне за руку, утрымлівае яе, хоць тэма змянілася; гэты жэст яшчэ можна было б лічыць ні да чаго не абавязваючым.

«У мяне ёсць блізня ў Нью-Ёрку», — кажа ён.

Тое, як часта людзі дакранаюцца адзін да аднаго, — гэта іншы метраном; у Мехіка — сто разоў у гадзіну, у Рыме — дваццаць разоў, у Лондане — адзін раз, у некаторых гарадах у час размовы людзі заўсёды трымаюць адзін аднаго за руку. У Нью-Ёрку, дзе я адчуваю сябе як дома, гэта атрымліваецца ў залежнасці ад абставін, то так, то гэтак, у залежнасці ад таго, з кім размаўляеш і на якой мове.

 

Калі музыканты выступаюць у нейкім горадзе, яны звяртаюцца да публікі, выкарыстоўваючы назву гэтага горада, незалежна ад таго, адкуль гэтыя людзі на самай справе родам; часам яны паходзяць з іншай краіны. На многіх канцэртах я адчувала, што такі зварот быў скіраваны і да мяне, хоць я і не была родам з тых гарадоў.

 

Перш чым паехаць у Нью-Ёрк, я ляжу на пляжы аднаго італьянскага вострава, які я рэгулярна наведваю. Травень, ветрана, я чытаю ў тэлефоне маю электронную пошту: «Калі Вы жадаеце, Вы можаце у верасні паехаць у Нью-Ёрк».

У электроннай навіне няма слова «Нью-Ёрк», але для мяне там напісана: «Нью-Ёрк». На самай справе там напісана: Нью-Джэрсі, «падпахавая ўпадзіна» Амерыкі. І раптоўна я, знаходзячыся на ўзбярэжжы Тырэнскага мора, зараз жа хачу ў Нью-Ёрк. «Калі Вы можаце паехаць у такой кароткатэрміновай перспектыве», — напісана там. «Так, — адказваю я, — так, я магу».

Я ўсім кажу: «Я еду ў Нью-Ёрк, маю сапраўдную радзіму, я яго добра ведаю». Я нікому не кажу: «Нью-Джэрсі».

Я ляжу на міжземнаморскім пяску і думаю аб прамых, як стрэлы, шырокіх вуліцах, канцы якіх губляюцца ў пыльнай смузе. Хутка я буду там, дзе павінна быць.

Я плаваю на каяку па Дунаі.

Я арганізую вечарынку.

Я купляю чамадан.

Сяброўка дарыць мне бранзалет з сапраўдным скарпіёнам унутры.

«Я табе ўжо некалі дарыла бранзалет з насякомым у шкле?» — пытаецца яна, калі мы развітваемся.

«Не», — адказваю я, і гэта праўда.

Мой адказ здзіўляе яе. Яна высоўвае шуфляду і вымае адтуль, не шукаючы, менавіта той бранзалет, што патрэбны.

«Я забылася даць яго табе, ён будзе ахоўваць твой самалёт і ўсе самалёты ад падзення». Яна астраном, з вельмі светлымі валасамі, з сенегальскім сэрцам.

Гэты чамадан — першы чамадан, які я не пазычаю.

«Самы вялікі, які ў вас ёсць», — прашу я ў магазіне. Калі я качу яго па вуліцы Марыяхільферштрасэ, ён здаецца мне занадта вялікім. Дома я напаўняю яго. Не тым, што мне спатрэбіцца на працягу трох месяцаў, а проста, каб ён быў запоўнены да краёў. Я спрабую падняць яго; не атрымліваецца. Я зноў усё вымаю і пакую тое, што я звычайна ўзяла б на два тыдні. Я падымаю чамадан — ці гэта дваццаць кілаграмаў? Вагаў у мяне няма.

 

Мае веды пра Нью-Ёрк складаюцца гэтак, як бывае з роднымі месцамі, не з лічбаў і фактаў; я ведаю, якія ў яго фарбы, абрысы, ясныя, дакладныя, не пастэльныя. Святло, вельмі шмат святла, crispy, хрусткае, бадзёрае святло, перш за ўсё: бары. Я ведаю жыццё ў Нью-Ёрку, яго жыхароў, як яны апранаюцца, што яны слухаюць, чытаюць, што іх займае; якія яны занятыя.

 

Як маё падарожжа пачынаецца на востраве, так і ідэя стварэння гэтага горада пачалася з вострава; галандскія пасяленцы назвалі яго Новым Амстэрдамам, і гэта не дзіва, бо галандцы ніколі не адчувалі страху перад вадой. Пад гэтым востравам, Манхэтанам, напэўна, знаходзіцца велічэзны магніт, гравітацыйнае поле якога засмоктвае ўсіх людзей з зямной паверхні і даходзіць да іншых галактык. Наўрад ці можна падумаць, што Зямля магла існаваць задоўга да таго, як з’явіўся Нью-Ёрк. Ніхто не кажа мне: «Ах, шкада, небарака, табе трэба ў Нью-Ёрк».

У Нью-Ёрку нам упершыню ўдалося пабудаваць ландшафт з каньёнамі, вусцямі далінаў — рэльеф, які нельга кантраляваць асобнаму чалавеку, але які цалкам быў створаны намі, а не глетчарам ці ракой, і ён прыдатны для жыцця да самых крайніх мысаў.

Мы захапляемся нашым талентам. Нью-Ёрк — гэта талісман, амулет, якому мы верым, верым, што з намі, людзьмі, не можа здарыцца нічога кепскага: мы ж яго самі зрабілі.

 

Для мяне як жыхаркі Нью-Ёрка ў эміграціі падобную функцыю выконвае часопіс «Нью-ёркчанін». Я купляю «Нью-ёркчаніна» па завышанай цане ў еўрапейскіх аэрапортах ці ў кіёсках на пероне; нашу яго з сабой, час ад часу чытаю па старонцы. Ніколі я яшчэ не пачынала чытаць «Нью-ёркчаніна» з першай старонкі, зрэдку дачытвала артыкул да канца. Цудоўна проста мець яго. Гэта адзіны часопіс, які я хачу мець, па магчымасці, кожны тыдзень. Я кладуся з ім на канапу, і ў мяне ўзнікае адчуванне, што ўсё пад кантролем, што я элегантная, разумная і crisp. Ён падае ў мяне з рук мне на нос. Тое, што я чытаю «Нью-ёркчаніна», даказвае, што ў мяне ўсё добра.

 

Адзінаццатага верасня дзве тысячы першага года я таксама была на тым востраве, дзе я праз дзевяць гадоў атрымліваю запрашэнне ў Нью-Ёрк.

Я зайшла ў бар у вёсцы сярод гор і ўбачыла, што вокны хмарачосаў па-за кактэйльнымі шклянкамі, напоўненымі аперолем; я з першага погляду нават не пазнала будынку — вокны лёталі ў паветры, быццам бульбяныя чыпсы, якія выдзімае з міскі скразняк ад гучна зачыненых дзвярэй. Па тэлевізары паказвалі не трылер, а навіны ў прамой трансляцыі.

«Гэта Нью-Ёрк», — павольна сказаў тады па-італьянску лысы мужчына за стойкай і паставіў міску з аліўкамі каля шклянак з празрыстым чырвоным аперолем.

Праз дзевяць гадоў я зноў там і ўсё гэтак жа спакойна, як тады. На вуліцы размаўляюць вялікімі літарамі, маленькімі групкамі, прыхіліўшыся да аўтамабіля, лічаць нядзелі па ветразях грузавых суднаў з захаду.

 

Перш чым вылецець у Нью-Ёрк, я ем рызота з адным сябрам. «Можа, ім яшчэ будзе пахнуць, калі ты вернешся», — кажа ён, калі развітваецца са мной.

Я падарожнічаю праз Парыж, сцюардэсы гавораць па-французску і такія ветлівыя, якою мне хацелася б мець свякроў. Над аблокамі, як заўсёды, свеціць сонца; побач са мной, на шчасце, сядзіць даволі худая жанчына. Рэчы, якія падчас палёту ляжаць у яе на каленях, мабільны тэлефон, каляндар, ручкі, малітоўнік з надпісам «Малітвы дажджу» — усё гэта яна кожны раз, перш чым пайсці ў туалет, рупліва сартуе ў адзін з папяровых пакетаў для ванітаў, на якіх надпісы, надрукаваныя блакітнай фарбай, выклікаюць у памяці розныя гарады: Каір, Рым, Кіеў, Дэлі, Сан-Францыска.

Гэта не першы мой палёт у Нью-Ёрк, я ўжо аднойчы рабіла там перасадку.

Пераклад з нямецкай мовы
Алены Сямёнавай-Герцаг.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY