Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Андрэй ШПУНТ

«NEC LAUDIBUS, NEC TIMORE»

Благаслаўлёны кардынал Клеменс Аўгуст граф фон Гален

Кардынал фон Гален.
Аўтар — Domkapitular Gustav Albers († 1957) – Крыніца: Bildersammlung des Bistumsarchivs, Münster, des Erbnehmers der Urheberrechte.

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Клеменс Аўгуст Юзаф Эмануэль Пій Антоній Хубэртус Марыя граф фон Гален нарадзіўся 16 сакавіка 1878 года ў Дінклагу (Вялікае герцагства Альдэнбург) у сям’і дэпутата Рэйхстагу Фердынанда графа фон Галена і Элізабэт (фон Шпее).

Да 1890 г. — хатняя адукацыя. Далей — вучоба ў езуіцкай школе Стэла Матуціна ў Форарльбэргу (Аўстрыя, 1890–1894). Вучоба ва ўніверсітэце Фрайбурга (1897). Вучоба на факультэце тэалогіі ў езуіцкім кляштары ў Інсбруку (1898–1903). Сустрэча з папам Львом ХІІІ на прыватнай аўдыенцыі (1899). Вучоба ў семінарыі ў Мюнстэры (1903–1904). Прэзбітэрскае пасвячэнне (28.05.1904). Хатні капелан дапаможнага біскупа Мюнстэра (1904–1906).

Служба ў парафіі святога Мацвея ў Берліне (1906–1929). Служба пробашчам касцёла святога Ламберта (1929–1933). Біскуп Мюнстэра (1933–1946), адной з самых вялікіх дыяцэзій Германіі (Вестфалія, Ніжні Рэйн, Альдэнбург, Рур і Рэйнская вобласць. Амаль два мільёны католікаў у 1946 г.). Атрымаў годнасць кардынала ў 1946 г..

 

Далёка не кожны святы ці благаслаўлёны мае настолькі вялікую гістарыяграфію і столькі матэрыяльных сведчанняў удзячных нашчадкаў, пакінутых у шматлікіх помніках і пластычных выявах, памятных дошках, назвах розных установаў, паштовых марках, назве гатунку яблык і г.д. Дык у чым жа сакрэт усяго гэтага? Ці толькі ў фактурнасці, выразнасці постаці «Мюнстэрскага ільва»? Наўрад ці. Хіба мала ёсць святых і благаслаўлёных, прыгожых не толькі ўнутрана, але і знешне? Можа, адказ толькі ў тым, што благаслаўлёны кардынал фон Гален проста да канца рабіў тое, што павінен быў рабіць паводле сваіх «функцыянальных абавязкаў» як наступнік Апосталаў, не зважаючы на пагрозы, якія ва ўмовах ІІІ Рэйху маглі быць жахлівымі і для яго, і для тых, хто стаяў побач. На тле большасці святарства, што дзеля захавання кволага міру з нацыстамі пазбягала ўказваць ім на іх «плёны», постаць «Мюнстэрскага ільва» ззяла з асаблівай сілай і, пераадольваючы няўмольны час, працягвае ззяць і сёння.

У набліжэнні да гэтай вялікай постаці прыгадаліся словы св. Тамаша Аквінскага аб тым, што «свецкая ўлада падпарадкоўваецца духоўнай, як цела — душы». Для падтрымання свайго аўтарытэту духоўная ўлада не патрабуе матэрыяльнай моцы, больш за тое, зямная моц схіляе перад ёю галаву. Дакладней, павінна была б схіляць галаву, бо ў іншым выпадку — адзіны крок да перагляду ўніверсальных маральных нормаў, як гэта адбылося ў СССР III Рэйху, ці адбываецца сёння ў шматлікіх краінах на Захадзе. У III Рэйху гэты перагляд калі і не быў больш цынічны і агідны, чым у іншых месцах, то выяўляўся ў найбольш крывавых формах. Заключаючы 22 ліпеня 1933 года Канкардат з Касцёлам, нацысты хацелі выглядаць у першую чаргу як сіла, што супрацьстаіць камуністам. Аднак, нягледзячы на Канкардат, які павінен быў забяспечыць Касцёлу ў Германіі пэўныя гарантыі, улада не магла схаваць свайго сапраўднага аблічча, аб якім красамоўна сведчылі такія факты, як, напрыклад, Нюрнбергскія законы, праграма Т-4 (эўтаназія інвалідаў і душэўнахворых) і г.д. Але і гэта было не ўсё. Сапраўднасць мусіла быць яшчэ больш жахлівай, бо ўсе спрэчкі ўнутры НСДАП наконт месца Касцёла ў Германіі адступалі перад воляй фюрэра, які дагэтуль, ва ўсялякім разе публічна, не займаў выразнай пазіцыі, аб якой шырокай грамадскасці стала вядома ў 1951 г., калі ў Заходняй Германіі ўбачылі свет не падлеглыя агалосцы размовы Гітлера ў коле бліжэйшых паплечнікаў, застэнаграфаваныя на працягу ліпеня 1941 г. да ліпеня 1942 г. супрацоўнікамі стаўкі вярхоўнага камандавання Вермахта Генрыхам Геймам і Генры Пікерам. Гэты найкаштоўнейшы матэрыял, увайшоўшы ў гістарыяграфію пад назвай «Застольныя размовы Гітлера», праліў такое ж святло на гэтую асобу і шакіраваў грамадства, як у свой час выдадзены графам Лас Казам «Мемарыял святой Алены». Але якая ж у іх розніца! Усе маналогі наскрозь прасякнуты пагардай да Касцёла ва ўсіх «Застольных размовах». Гэтая тэма турбуе яго, ён з упартаю надумлівасцю вяртаецца да яе зноў і зноў, у раздражнёным бяссіллі абяцаючы пачакаць да пераможнага заканчэння вайны: «Найвялікшую шкоду народу прычыняюць святары абедзвюх канфесій. Я не магу ім цяпер адказаць, але ўсё заносіцца ў маю вялікую запісную кніжку. Прыйдзе час, і я без доўгіх цырымоній разлічуся з імі (8 лютага 1942, поўдзень, «Воўчае логава»)».

…А пакуль на шляху нацыстаў, нібыта скала, узвышаўся Касцёл у магутнай постаці біскупа Мюнстэра Клеменса Аўгуста графа фон Галена. Менавіта ён, па сваім маштабе (і пасадзе) стаў штандарам супраціву, на які з захапленнем і надзеяй глядзелі тыя, хто адважыўся кінуць выклік антыхрысціянскай уладзе. Імя біскупа Мюнстэра фігуруе падчас бясконцых застольных размоваў. 4 ліпеня 1942 г. увечары ў «Воўчым логаве» ў чарговым звароце да турбуючай тэмы Гітлер адзначыў, што «…паводзіны гэтага біскупа фон Галена — лішняя падстава для таго, каб адразу ж пасля вайны скасаваць Канкардат, змяніць яго ўрэгуляваннем адносінаў на рэгіянальным узроўні і неадкладна перастаць выплачваць Касцёлу субсідыі, што належаць яму згодна з дамовай. <...> І калі ён у сваіх публічных выступленнях ніколі не закранае касцёльных праблемаў, то хітрыя лісы з ліку іерархаў Каталіцкага Касцёла, напэўна, правільна вытлумачаць яго паводзіны». І яму ўяўляецца, што такі чалавек, як біскуп фон Гален, разумее, што пасля вайны яму давядзецца заплаціць за ўсё спаўна. І калі ў яго не выйдзе атрымаць прызначэнне ў «Германскую калегію ў Рыме, то я завяраю яго, што ў час адплаты яму ўсё прыгадаю». Гэта было сказана ўжо пасля таго, як біскуп фон Гален быў змешчаны пад хатні арышт у 1941 г. Яго не чапалі, хаця жаданне павесіць па прапанове Бормана было вельмі моцнае. Пераважылі «цвярозыя» меркаванні Гебельса аб тым, што пакаранне надасць біскупу фон Галену арэол пакутніка і выкліча незадаволенасць шматлікіх вернікаў не толькі ў Рэйху, але і за яго межамі.

Аднак да таго часу ўсё, што можна было выказаць наконт антыхрысціянскай сутнасці рэжыму, біскупам фон Галенам было выказана і распаўсюджвалася па радыё ВВС, а Каралеўскія Паветраныя Сілы скідвалі на грамадзянскае насельніцтва не толькі бомбы, але і ўлёткі з прамовамі біскупа. Гэтыя ж улёткі хадзілі па руках, што каштавала жыццяў тром каталіцкім святарам у Любэку.

Сёння нехта, разважаючы наконт ролі Касцёла ў тых падзеях, можа сказаць, што не ўсе ж былі такімі, як біскуп фон Гален, і наконт ролі Пія XII, што нібыта недастаткова актыўна супрацьстаяў ці маўчаў, калі трэба было гаварыць. А што можна было яшчэ дадаць да энцыклікі Пія ХІІ, датаванай Пальмовай Нядзеляй 1937 г. «Mit brennender Sorge» («З вялікай занепакоенасцю»), у падрыхтоўцы якой удзельнічалі ў тым ліку біскуп фон Гален і кардынал Эўджэніо Пачэлі, будучы папа Пій ХІІ? З іншага боку, Пій ХІІ бачыў, што адкрыты пратэст вядзе да ўзмацнення ціску з боку нацыстаў. Гэта бачыў і біскуп фон Гален, але ж колькі было зроблена!

З самага пачатку, пасля прызначэння ў верасні 1933 г. на мюнстэрскую катэдру, біскуп фон Гален заняў выразна абазначаную пазіцыю адносна новага рэжыму. У першым пастырскім лісце на Вялікі пост 1934 г. ён абрынуўся на неаязычніцкую ідэалогію нацыстаў, кінуўшы выклік галоўнаму ідэолагу НСДАП, аўтару сумнавядомага «Міфа ХХ стагоддзя» рэйхсляйтэру Альфрэду Разэнбергу. Таксама, неўзабаве, біскуп фон Гален пачаў указваць Гітлеру на парушэнні Канкардату з боку дзяржавы.

Выдаленне ў 1936 г. нацыстамі ўкрыжаванняў у школах прывяло да новага пратэсту і хваляванняў у Мюнстэры, у сувязі з чым мясцовая паліцыя спрабавала перакрыць доступ народу на катэдральны пляц, а біскуп грымеў з амбоны: «Ці можна пастыра аддзяліць ад статку? Ці можа паліцыя аддзяліць католікаў ад іх біскупа вяроўкамі і агароджамі?..»

Герб кардынала фон Галена.

Біскуп фон Гален не займаў сумніўную нейтральную пазіцыю, а ўвесь час няспынна адкрываў перад усім светам праўду аб тым, што адбываецца ў яго любімай Айчыне. З боку нацыстаў былі спробы ціску. Так, вядомы выпадак наведвання біскупа двума эсэсаўцамі з заданнем пад пагрозай канфіскацыі касцёльнай маёмасці і ўзмацнення антыкаталіцкай прапаганды прымусіць біскупа публічна адмовіцца ад крытыкі нацысцкай ідэалогіі. Адным з наведвальнікаў быў Юрген Штроп, у далейшым групэнфюрэр СС, што ўзначальваў аперацыю па падаўленні паўстання ў варшаўскім гета ў 1943 г. Штроп прыгадваў: «Біскуп фон Гален быў вялікім джэнтльмэнам, сапраўдным арыстакратам, князем Касцёла эпохі Адраджэння». Місія скончылася правалам. Біскуп не толькі не паддаўся ціску, але яшчэ і прачытаў лекцыю збітым з толку гасцям, высмейваючы іх эсэсаўскія неаязычніцкія абрады, праявіўшы пры гэтым поўную інфармаванасць аб тым, што сам Штроп напярэдадні ў адным з гэтых абрадаў прымаў удзел. На развітанне біскуп «супакоіў» візіцёраў тым, што Касцёл застанецца лаяльным дзяржаве ва ўсіх законных пытаннях, нагадаўшы таксама, што быў першым біскупам, які публічна прызнаў новую ўладу… але да пэўных межаў.

Кульмінацыяй супрацьстаяння біскупа фон Галена і нацыстаў сталі тры г.зв. «гаміліі супраць гестапа» ў 1941 г. — дзве (13 і 20 ліпеня) былі прысвечаны бяссудным арыштам і канфіскацыям, якія біскуп назваў разбурэннем базавых асноваў грамадства, а трэцяя (прамоўленая 3 жніўня) датычыла прымусовай эўтаназіі псіхічнахворых. Хутка тэксты гэтых гамілій разышліся па ўсёй краіне ў мностве падпольна надрукаваных копій, якія распаўсюджвалі ў грамадскіх месцах члены антынацысцкага гуртка «Белая ружа», а авіяцыя саюзнікаў скідала над нямецкімі гарадамі. Менавіта з таго часу гэты каталіцкі іерарх стаў сусветна вядомым пад мянушкаю «Мюнстэрскі леў».

1 верасня 1939 года, адначасова з нападам на Польшчу, Гітлер даў старт праграме Т-4, згодна з якой прадугледжвалася фізічнае знішчэнне людзей з псіхічнымі расстройствамі і разумова хворых. У далейшым у гэтае кола былі ўключаны непрацаздольныя (інваліды, а таксама хворыя звыш 5-ці гадоў). Спачатку знішчаліся толькі дзеці да трох гадоў, а потым усе ўзроставыя групы. Адказнымі за ажыццяўленне праграмы былі кіраўнік канцылярыі Гітлера рэйхсляйтэр і обергрупэнфюрэр СС Філіп Боўлер, асабісты ўрач Гітлера, на той час оберштурмбанфюрэр СС Карл Брандт, непасрэдныя выканаўцы — гаўптштурмфюрэр СС доктар Вернэр Хайдэ і доктар Паўль Нічэ, а таксама вядомыя і паважаныя ў грамадстве спецыялісты ў галіне псіхіятрыі і неўрапаталогіі. У свой час творы гэтых спецыялістаў па знішчэнні людзей «не вартых жыць» аказалі вялікі ўплыў на канчатковае фармаванне людажэрскага светапогляду будучага фюрэра Германскага Рэйху.

Асцерагаючыся хваляванняў у грамадстве, нацысты ўсяляк маскавалі свае дзеянні, але інфармацыя ўсё роўна прасочвалася, і нарэшце праўда паўстала ва ўсёй сваёй жудасці, з усімі падрабязнасцямі і прыкладамі 3 жніўня 1941 года, агалошаная з амбоны катэдральнага сабора ў Мюнстэры. Таксама са зместу гаміліі супраць эўтаназіі вернікам стала вядома, што 26 ліпеня біскупам фон Галенам быў накіраваны «сур’ёзнейшы пратэст» да мясцовых уладаў Вестфаліі, што курыравалі ўстановы, якім давяралі хворых «для клопату і лячэння», а 28 ліпеня ў пракуратуру судовай акругі Мюнстэра і начальніку паліцыі Мюнстэра прыйшло заказное пісьмо наступнага зместу: «Згодна з дайшоўшымі да мяне звесткамі, на працягу гэтага тыдня (прыкладна 31 ліпеня) значная колькасць пацыентаў псіхіятрычнай клінікі правінцыйнага падпарадкавання Марыенталь у Мюнстэры — гэтак званыя „непрадуктыўныя суайчыннікі“ — павінны быць перавезены ў псіхіятрычную клініку Айхберг, дзе іх прадугледжваецца неадкладна ўмярцвіць. Агульнавядома, што менавіта гэта адбылося з пасажырамі іншых транспартаў з іншых клінік. Паколькі гэткі спосаб дзеяння не толькі супярэчыць Божаму і натуральнаму маральнаму закону, але таксама, будучы забойствам, караецца смерцю на падставе § 2111 імперскага крымінальнага кодэкса, я накіроўваю, згодна § 1392, належнае паведамленне і прашу неадкладна абараніць суайчыннікаў, што знаходзяцца пад пагрозай, ад інстанцый, якія задумваюць іх дэпартацыю і забойства; таксама прашу паведаміць мне аб прынятых мерах».

 
Паштовыя маркі ФРГ 1966 і 1996 гг.
(да 20-й і 50-й гадавіны з дня смерці кардынала фон Галена).

Трэба меркаваць, што біскуп фон Гален, наколькі гэта было магчыма для таго часу, прад’явіўшы Германіі і ўсяму свету тое, што яўляе з сябе нацызм, спыніўся ў сваіх выступленнях, тым болей што ўлада ў адказ толькі ўзмацняла рэпрэсіі, і ў адной толькі Мюнстэрскай дыяцэзіі ў канцлагеры было кінута 42 святары, з якіх 10 загінулі. У верасні 1941 г. ён публічна заявіў: «Мы, хрысціяне, не здзяйсняем рэвалюцый». Жадаў ён гэтага ці не, але стаў духоўным натхніцелем таго супраціву, што ўрэшце прывёў да 20 ліпеня 1944 года. І хаця біскуп фон Гален не меў ніякага дачынення да справы палкоўніка фон Штаўфэнберга, ён быў артыштаваны і кінуты ў канцлагер Заксэнхаўзэн, адкуль выйшаў на пачатку 1945 г. Зноў жа, жадаў ён гэтага ці не, але яго імя можна паставіць у вялікі шэраг імёнаў супраціву, куды трапілі, напрыклад, удзельнікі падпольнай арганізацыі «Белая ружа» студэнты Ганс і Сафія Шоль, генерал-фельдмаршал Эрвін фон Віцлебен і нават групэнфюрэр СС, генерал-лейтэнант паліцыі і рэйхскрымінальдырэктар, начальнік крымінальнай паліцыі Рэйху Артур Небе.

Не выклікае здзіўлення, чаму біскуп фон Гален, якога можна было б назваць антыфашыстам (дакладней — антынацыстам), не быў вядомы ў нас. Можна прывесці шмат прыкладаў таго, чаму так адбылося. 14 верасня 1941 года, за пяць дзён да пачатку аперацыі «Тайфун», ён выступіў з прамовай, у якой вітаў «паход супраць бальшавісцкай чумы», праўда, з агаворкай, што «нашы салдаты будуць працягваць змагацца і паміраць за Радзіму, але не за тых, хто сваімі мярзотнымі, скіраванымі супраць нашай веры справамі разбівае нашыя сэрцы і ганьбіць добрае імя Германіі перад Богам і людзьмі…». Гарачы патрыёт, ён не быў прыхільнікам паразы Германіі ў вайне, і гэта аб’ядноўвала яго з абсалютнай большасцю ўдзельнікаў змовы 20 ліпеня 1944 года. Яшчэ раней, у 1936 г., біскуп фон Гален вітаў уваход Вермахта ў дэмілітарызаваную паводле Версальскай дамовы Рэйнскую вобласць.

«Nec laudibus, nec timore» («Ні пахвалой, ні страхам»). Магчыма, з гэтага і трэба было пачаць, бо па сутнасці гербавы дэвіз біскупа — гэта ключ да разумення ўсіх дзеянняў гэтага наступніка Апосталаў. Заканчэнне вайны і акупацыя Германіі азначалі канец ІІІ Рэйху, аднак на змену адным злачынствам прыйшлі другія, хаця пачалося гэта яшчэ раней, тады, калі пасля ўзяцця саюзнікамі Мюнстэра біскуп фон Гален у інтэрв’ю англійскім журналістам, па словах Гебельса, зафіксаваўшага гэтую падзею ў сваім дзённіку 8 красавіка 1945 года, «адразу ж абрынуўся на англа-амерыканскага праціўніка і на яго паветраны тэрор. Акрамя гэтага, ён выказаў асцярогу наконт магчымасці росту пагрозы бальшавізацыі Германіі». Далей былі новыя і новыя пратэсты супраць вайсковых злачынстваў з боку саюзнікаў. Мюнстэр апынуўся ў брытанскай акупацыйнай зоне. 1 ліпеня 1945 года біскуп фон Гален у сваім казанні паўтарыў, што было заяўлена раней у сумесным інтэрв’ю з брытанскімі чыноўнікамі для міжнароднай прэсы, што гэтак, як ён змагаўся супраць нацысцкай несправядлівасці, так будзе «змагацца з любой несправядлівасцю, незалежна ад таго, адкуль яна сыходзіць». Брытанскія ўлады пачалі беспаспяхова ціснуць на біскупа, змушаючы адмовіцца ад агалошвання ўсіх фактаў іх несправядлівасці і злачынстваў у адносінах да ваенных і грамадзянскіх асобаў. І таксама як ў часы ІІІ Рэйху тэкст гаміліі ад 1 ліпеня 1945 года пачаў распаўсюджвацца па ўсёй Германіі.

Пратэсты біскупа фон Галена не абмяжоўваліся толькі дэкларацыямі, хаця і для гэтага патрабавалася мужнасць, бо справядлівасць мусіла быць для ўсіх. Так, калі адзіны з вядомых харызматычных военачальнікаў ІІІ Рэйху, былы камандзір 12 танкавай дывізіі СС «Гітлерюгенд» брыгадэнфюрэр СС Курт Маер («Панцэрмаер») быў прыгавораны да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў расстрэле 18-ці канадскіх ваеннапалонных, біскуп фон Гален умяшаўся ў справу, і ў выніку паўторнага расследавання высветлілася, што абвінавачванне грунтавалася на «масе ўскосных доказаў». «Панцэрмаер» у 1954 г. быў памілаваны і выйшаў на волю, пакінуўшы кнігу мемуараў «Грэнадзёры».

На Каляды 1945 г. стала вядома, што Пій XII прызначае трох новых кардыналаў, адным з якіх быў біскуп фон Гален, які 5 лютага прыбыў у Апостальскую Сталіцу, і 18 лютага Святы Айцец зрабіў яго членам Калегіі кардыналаў за мужнасць у часы нацызму. Базыліка святога Пятра, запоўненая ўшчыльную, скандзіравала мянушку гераічнага іерарха з Германіі. Падчас паездкі ў Італію біскуп, а цяпер ўжо кардынал фон Гален, знаходзіў час, каб наведаць лагеры нямецкіх ваеннапалонных са словамі суцяшэння, запэўніваючы, што будзе клапаціцца аб іх вызваленні.

16 сакавіка 1946 года кардынал фон Гален вярнуўся ў Мюнстэр і, сустрэты радасным натоўпам перад руінамі катэдральнага сабора, прамовіў гамілію, якая сталася апошняй: на наступны дзень ён адчуў сабе дрэнна і быў змешчаны ў шпіталь св. Францішка, але з-за вельмі позна выяўленай інфекцыі апендыкса выратаваць кардынала не змаглі. Смерць наступіла 22 сакавіка. Ён быў пахаваны ў Людгерускапэле, у склепе катэдральнага сабора…

Наступнік святой памяці кардынала фон Галена біскуп Міхаэль Келер у 1956 г. ініцыіраваў працэс яго беатыфікацыі, які завяршыўся ў лістападзе 2004 г. пры Яну Паўлу ІІ, а 9 кастрычніка 2005 года Бэнэдыктам XVI кардынал фон Гален быў абвешчаны благаслаўлёным, у 47-ю гадавіну смерці Пія ХІІ.

 

Літаратура

  1. Гелагаеў А. Апостал хрысціянскага патрыятызму: благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https:// Catholic.by. Час доступу: 28.11.2020.
  2. Гален, Клеменс фон [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/w/index.php?title. Час доступу: 23.11.2020.
  3. Геббельс Й. Дневники 1945 года. Последние записи: Пер. с нем. / Вступ. слово и общ. ред. А.А. Галкина. — Смоленск, 1993.
  4. Клеменс Аугуст граф фон Гален [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://ru.knowledgr.com/. Час доступу: 05.12.2020.
  5. Пикер Г. Застольные разговоры Гитлера: Пер. с нем. И.В. Розанова / Общ. ред., вступ. статья и предисл. И.М. Фрадкина. — Смоленск, 1996.
  6. Программа умерщвления Т-4 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki. Час доступу: 23.11.2020.
  7. Проповедь блаженного Клеменса фон Галена против эвтаназии // Folia Petropolitana. 2014, № 1. С. 85–92. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: —http://xn--80aqecdrlilg.рф/author/justorlova/. Час доступу: 23.11.2020.
  8. Энциклопедия Третьего Рейха. — Москва, 1996.
  9. Clemens August Graf von Galen 1878–1946 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://creativecommons.org/licenses/by-nc-sa/4.0/deed.de/. Час доступу: 01.12.2020.
  10. Der Weg des Bischofs//Sammlung Brathe, Nr. 97: Clemens August Kardinal von Galen. Ein Gedenkblatt zur Rückkehr des Bischofs von Münster aus Rom nach seiner Erhebung zum Kardinal, hg. von Joseph Leufkens. — Münster, 1946. — S. 11–15.
  11. Simkin J. August von Galen [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://spartacus-educational.com/. Час доступу: 02.12.2020.
  12. VATICAN — Sunday in St Peter’s Beatification of Servant of God Cardinal Clemens August Graf von Galen (1878-1946), ‘Lion of Münster’ presided by Cardinal Saraiva Martins prefect of the Congregation for the Causes of Saints [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.fides.org/en. Час доступу: 02.12.2020.


  1. Імперскі крымінальны кодэкс, § 211: «Хто наўмысна і з намерам заб’е чалавека, падлягае за забойства смяротнаму пакаранню».
  2. Імперскі крымінальны кодэкс, § 139: «Хто атрымае дакладныя звесткі аб злачынстве, што задумваецца супраць жыцця, і не паведаміць загадзя адпаведнаму ведамству ці асобе, што знаходзіцца пад пагрозай, павінен быць пакараны».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY