|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Золата, срэбра, смарагды, рубіны, яспіс, крышталь... Дзве трагічныя падзеі, якія маюць дачыненне да раскрыцця некалькіх таямніц Будслаўскай Багародзіцы, розняцца між сабой больш чым у чатыры стагоддзі, два вусцішна драматычныя пажары. Першы здарыўся ў ліпені 1610 года ў Вільні, другі ў Будслаўскім санктуарыі ў траўні 2021 года. Галоўная каталіцкая святыня Беларусі, якую ратавалі сонечнай майскай раніцай 2021 года — гэта цудатворны абраз Будслаўскай Багародзіцы. Нішто не прарочыла катастрофу. Фантастычным кантрастам глядзеліся вялікія языкі полымя, якія выгіналіся ў страшным танцы на даху Будслаўскага санктуарыя сярод вясенняга абуджэння прыроды ў квітнеючых травеньскіх садах на тле неабсяжнага супакою блакітнага небасхілу. Але... як не падасца гэта дзіўным — рука Божага Провіду часам дае нам добрага кухталя, каб мы сцішылі свой бег па жыццёвай дарозе і агледзеліся, асэнсавалі: дзе мы, што мы і якія мы? І яшчэ — гэтая трагічная падзея стала пачаткам спасціжэння, раскрыцця і вяртання імёнаў і таямніц, схаваных за штодзённасцю нашага быцця, нават у сакральным коле. ...Яшчэ ў сакавіку 2019 года падчас мацавання музейнага антыблікавага шкла, замоўленага спецыяльна з Германіі для рамы-ківотаса Будслаўскай Багародзіцы, усе прысутныя за працай звярнулі ўвагу на белыя плямы дэструктыўнага лаку на ліках Багародзіцы і Хрыста. Магчыма, гэта быў уплыў неспрыяльных умоваў захоўвання: сезонныя перапады тэмпературы ў неацепленым памяшканні, вільгаць ад набрынялых холадам і золлю сценаў. Таксама выклікала пытанні нядбайнасць у мацаванні сярэбраных шатаў, якія рэстаўраваліся ў 1991 годзе і глядзелася вельмі неахайна. Тэхналогіі і матэрыялы, якія выкарыстоўваліся ў рэстаўрацыі 30 гадоў таму назад, пайшлі далёка наперад, і падчас уважлівага знешняга агляду вобраза Будслаўскай Багародзіцы ў 2019 годзе ўзнікла думка аб рэстаўрацыі жывапісу і сярэбранай шаты, але ў той час гэтае пытанне так і засталося ў праекце: абраз вымагаў быць на месцы, грошай не хапала... І вось Божы Провід, хоць і такім «гарачым ударам», зрушыў гэту ідэю з месца, і выратаваная з пажару будслаўская святыня напрыканцы лета 2021 года іncognitus «зрабіла пілігрымку» ў Мінск і некалькі месяцаў знаходзілася на рэстаўрацыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Рэстаўрацыю жывапісу праводзілі Аркадзь Шпунт і Аляксандр Лагуновіч, а над срэбрам працаваў Аляксандр Петракоў.
Рэстаўрацыйныя запісы і панаўленні ХІХ–ХХ стагоддзяў і рэшткі старога лаку Аркадзь Шпунт, як заўсёды, здымаў пад спецыяльным музейным мікраскопам Zeiss, адзіным у музеі. Збоку я назіраў за гэтым карпатлівым працэсам. Найважнейшая інфармацыя ідзе ад першакрыніцы, ад майстра, які гадзінамі штодня працуе-зносіцца з цудатворным абразом. Магчыма, памятаеце фразу вядомага французскага астранома Дамініка Арго пра тое, што планету Няптун «вынайшлі на дзюбцы пяра», дык вось тут адкрыцці робяцца на адточанай дзюбцы хірургічнага скальпеля, які, нібы ківач гадзінніка, скрупулёзна ходзіць туды-сюды... толькі час пад пробліскамі вострага, як лязо, скальпеля мае зваротны адлік: 1991 ... 1929 ... 1863 ... 1738 ... 1635 ... 1598 ... Праца над срэбранай шатай патрабуе такога ж вялікага майстэрства і досведу, як і праца рэстаўратара з жывапісам. Нават дэмантаж срэбранай рамы і разборка шаты на асобныя часткі знешне падобныя да вывераных маніпуляцый хірурга над цяжкахворым пацыентам у аперацыйным блоку. Я назіраю за цудадзействам са срэбрам і ювелірнымі вырабамі XVI–XVII стагоддзяў, раптам думаю, што такое сузіранне «разабранай» будслаўскай святыні мелі магчымасць дазволіць сабе святары, вернікі, майстры і «прысутныя» толькі аднойчы, і тое адзінкі з некалькіх пакаленняў... Дарэчы, у сваёй нядаўняй пілігрымцы па Еўропе з удзельнікамі будслаўскага рэстаўрацыйнага працэсу мы наведалі Рэйксмузеум у Амстэрдаме, дык вось галандскія музейшчыкі рэстаўрацыйны працэс над знакамітым палатном Рэмбрандта «Начны дазор» ператварылі ў сапраўднае сусветнае навуковае шоў, за якім назірае ў ютубе ледзь не ўсё насельніцтва свету, а ў самім музеі сотні наведвальнікаў наўпрост сядзяць на падлозе вакол вялізнага шклянога акварыума, што атачае рэстаўратараў, і назіраюць пад каментарыі экскурсаводаў за карпатлівай працай. Не ведаю, як магчыма так працаваць... але ў пратэстанцкай Галандыі так было спрадвек: сядзібу там не атачала шматметровая агароджа, і вокны на вуліцах гарадоў не закрываліся цяжкімі фіранкамі — усё прыватнае жыццё было навідавоку... У Будславе цудатворны абраз у яго вячыстай славе пілігрымы і вернікі маглі сузіраць толькі ў аддаленні з наваў касцёла, у лепшым выпадку святары і спецыялісты паднімаліся да яго па лесвіцы ў алтары і мелі магчымасць разгледзець святыню крыху зблізу, але пад вуглом, таму што абраз знаходзіцца вышэй за ўзровень позірку. Ніхто за мінулыя дзесяцігоддзі не меў магчымасці вывучыць кожны міліметр абраза. Нават замена шкла ў ківотасе ў сакавіку 2019 года была такой вялікай падзеяй і магчымасцю ўбачыць зблізу цудатворны абраз без шкла, што а. Аляксандр Улас (на той час дырэктар «Радыё Марыя») спецыяльна прыехаў у Будслаў і зрабіў фотасесію цудатворнага абраза на стале ў будслаўскай сакрыстыі падчас працы. Чаму падчас рэстаўрацыі на пачатку 1990-х не рабілася дэталёвае вывучэнне святыні?.. Адказ магчымы толькі адзін — гэта цяпер адноўленыя касцёлы прымаюць сотні тысячаў вернікаў па ўсёй краіне, а Будслаўскі фэст ноччу свеціцца агністай плынню тысяч знічаў пілігрымаў, а трыццаць гадоў таму ўсё толькі адраджалася, амаль знішчаная каталіцкая вера толькі выпроствала свае крылы дзякуючы руплівай працы кардынала Казіміра Свёнтка. У той час асабліва актуальнымі былі словы апостала Лукі: «Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала» (Лк 10, 2).
З усяго ўбачанага падчас сузірання рэстаўрацыі цудатворнага абраза на мяне вялікае ўражанне зрабілі «стыгматы» па жывапісе іконы і асобныя дэталі ўпрыгожванняў срэбранай шаты, якія мелі дачыненне да гісторыі ўшанавання абраза — тыя матэрыяльныя падзякі, якія адлюстроўваюць глыбокую пашану вернікаў да цудаў, што адбываліся тут з нябачнага «іншага» свету, у які мы верым, але не бачым. Як казаў адзін з герояў рамана І. Ганчарова «Обыкновенная история», гэта былі «вещественные знаки... невещественных отношений». Наконт храналогіі жыцця гэтых «знакаў» аўтар першакрыніц рэстаўрацыйнай інфармацыі, Аркадзь Шпунт, даў мне такую параду: «Ты пабудуй своеасаблівую табліцу Мендзялеева, дзе ў адпаведнае вочка будзеш занатоўваць змены жыцця рэчавых знакаў з цудатворнага абраза за 400 гадоў. Так глядзіш, з цягам часу застануцца незапоўненымі некаторыя вочкі, але лагічна магчыма здагадацца, што павінна быць у іх». Таму гэты артыкул — своеасаблівая табліца жыцця ўпрыгожванняў цудатворнага абраза Будслаўскай Багародзіцы, заснаваная на гутарках-развагах з рэстаўратарамі, на архіўных крыніцах, на супастаўленні гісторыі будслаўскага касцёла і кляштара з лёсам гістарычных асобаў, якія мелі дачыненне да Будслава, і ўвогуле з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.
У навуковай літаратуры, прысвечанай мастацтвазнаўчым даследаванням іконы Будслаўскай Багародзіцы, срэбраным упрыгожванням на ёй надавалася няшмат ўвагі. Польскі мастацтвазнаўца Марыя Каламайская-Саед пісала: «Срэбраная барокавая рама, сукенка і кароны. 1649 г.». Польскі мастацтвазнаўца Katarzyna Węglicka адзначала: «Мадонна ў срэбранай сукенцы, змешчаная ў ажурную раму, якую ахвяраваў прыёр віленскіх бэрнардынаў а. Фларыян Калецкі на сродкі сваіх бацькоў. Выканалі яе браты бэрнардыны Геранім Плоньскі і Бэнэдыкт Росман». Беларускі мастацтвазнаўца, светлай памяці Аляксандр Ярашэвіч, заўважыў: «На абразе ацалела дасканалая срэбраная шата, арнаментаваная пазалочанымі, свабодна раскіданымі далікатнымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз змешчаны ў срэбранай раме з арабескавымі арнаментамі ў стылі позняга рэнесансу. У арнамент упісаны фігуры св. Казіміра і, верагодна, св. Алены, імператрыцы. Гэта аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі». Літоўскі гісторык мастацтваў і доктар Rūta Janonienė: «Прыкладна ў 1635–1637 гадах, апекай а. Фларыяна Калецкага, абраз быў укрыты багата аздобленымі срэбранымі шатамі і каштоўнымі каронамі, ахвяраванымі ад розных данатараў, і змешчаны ў багатую ажурную раму з выбітымі фігурамі св. Казіміра і св. Алены». Зыходнай кропкай для ўсіх гістарычных даследаванняў аб іконе Будслаўскай Багародзіцы быў тэкст на драўляным шчыце-аснове абраза, дзе ўзнёсла запісана (магчыма, самім гвардыянам будслаўскага кляштара а. Э. Зеляевічам) гісторыя абраза перад яго мантажом у чорны алтар у 1649 годзе: «Аздоблены гэтымі срэбранымі шатамі айцом Фларыянам Калецкім з нашага закону, вялікім шанавальнікам гэтага месца, клопатам якога і коштам бацькоў ягоных па большай частцы гэты касцёл вымураваны каля года Панскага 1637.
МАЛІСЯ ЗА НАС УСІХ, Найсвяцейшая Маці Божая, Дзева. За шаноўнага Фларыяна, які аздобіў [абраз], за мяне, нягоднага брата Элеўтэрыя, які паклапаціўся аб тым, каб паўстаў гэты алтар, за Пятра Грамеля, які [яго] пабудаваў, за айца Гераніма Плёнскага і брата Бэнэдыкта Росмана, братоў законных, залатароў, якія сваёю працаю ўкаранавалі гэтую срэбраную справу ў год Панскі 1649, і так укрытых прадстаў нас Твайму Сыну». Жыццё абраза Будслаўскай Багародзіцы да яго перанясення ў будслаўскі касцёл вядома па гістарычных хроніках і архіўных запісах. Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме папам Клімэнтам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Абраз здзейсніў вялікую «пілігрымку» з Італіі ў Вільню. Па вяртанні ў Вільню Ян Пац не расставаўся з папскім падарункам, вельмі цаніў яго і ў паходах заўсёды вазіў з сабою. Тут магчыма выказаць меркаванне, што абраз не быў «абцяжараны» срэбранымі ўпрыгожваннямі і вотамі, якія з’явіліся трохі пазней. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз перайшоў у спадчыну яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. Узрушаны паданнямі аб з’яўленні Божай Маці ў Будскай пушчы, а таксама просьбамі айцоў бэрнардынаў — «fratrum supplicationibus motus» (малітвамі аб перамяшчэнні абраза) у Вялікі чацвер 1613 года абраз на двух белых конях у суправаджэнні Аляксандра Слізеня і гвардыяна будслаўскага кляштара Насілоўскага быў перавезены з Даўгінава ў Будслаў. У будслаўскім касцёле пачынаецца новы перыяд жыцця італьянскага абраза, які стаўся матэрыяльным увасабленнем цудатворнага з’яўлення Багародзіцы братам бэрнардынам, што адбылося ў Будслаўскай пушчы зімой 1588 года. У 1617 годзе адбываецца першы цуд па малітвах да Будслаўскай Багародзіцы — вяртаецца зрок пяцігадоваму хлопчыку Юзафату Тышкевічу, які потым адчуў пакліканне, уступіў у кармэліцкі ордэн і служыў у глыбоцкім кляштары. З гэтага часу вакол цудатворнага абраза з’яўляюцца сведчанні падзякі — аркушы з занатоўкамі цудаў, воты і ўпрыгожванні.
Наогул час з’яўлення ўпрыгожванняў на Будслаўскай Багародзіцы можна падзяліць на два перыяды: першы, самы насычаны дарамі ад ахвярадаўцаў, даваенны час (да «невядомай вайны» 1654–1667 гг.) — гэта 1632–1649 гг., і другі, пасля вяртання абраза з вымушаных уцёкаў ад бяды на Падляшша — 1667–1783 гг. За гэтыя два перыяды, якія доўжыліся без малога больш за стагоддзе, цудатворны абраз здабыў той знешні выгляд са срэбнымі шатамі, рамай і каронамі, якія ўпрыгожваюць святыню цяпер. 1632 год можна лічыць часам з’яўлення першай кароны з золата (імаверна, дакладней — вызалачанай са срэбра?) над лікам Дзіцяткі Езуса. Гэтая падзяка-прынашэнне зафіксавана ў кнізе Э. Зеялевіча «Задыяк на зямлі...» 1650 года: «Год Панскі 1632. Пан Ян Вроньскі, ротмістр прыдворнай харугвы яснавяльможнага яго міласці пана Януша Кішкі, ваяводы полацкага і Вялікага Гетмана, у маскоўскім паходзе быў паранены і ўзяты ў палон. Але калі сябра ягоны, пан Лукаш Уладоўскі, прысвяціў яго цудоўнаму Будслаўскаму абразу Найсвяцейшай Панны, а сам ён абяцаў, што калі яго Пан Бог у добрым здароўі вывядзе з палону, то ён на 10 чырвоных злотых (прыкладна 500 грошаў) дасць кароне чыстага золата на галаву Пану Езусу, — то з палону па ласцы Божай выйшаў у добрым здароўі і выканаў сваё абяцанне». З 1633 года, бадай крыху раней, з 1630 года, пачынаецца самы цікавы і напоўнены падзеямі перыяд жыцця будслаўскага касцёла. У 1630 годзе Фларыян Калецкі, выбраны гвардыянам бэрнардынскага канвенту ў Вільні, і род Калецкіх разам з іншымі ахвярадаўцамі Будслава (Далмат-Ісакоўскімі, Слізнямі, Кішкамі, Зяновічамі і інш.) пачынае ўплываць на развіцце будслаўскага кляштара. Тры браты з роду Калецкіх, Андрэй, Аляксандр і Фларыян герба «Трубы», робяць вялікае грашовае ахвяраванне на Будслаў. Завадатарам у гэтай святой справе выступае а. Фларыян, «вялікі шанавальнік гэтага (Будслава) месца». Менавіта руплівасцю а. Фларыяна пачынаецца будаўніцтва першай мураванай святыні ў Будславе ў 1633 годзе і ўпрыгожванне срэбранымі шатамі цудатворнага вобраза. Выкажу меркаванне, што недзе ў 1625–1627 гадах а. Фларыян прыводзіць да Будслаўскай Багародзіцы свайго брата-блізнюка Аляксандра Калецкага (1580–1632) і яго сужэнку Сафію з роду Тышкевічаў (1590–?). Пра род Аляксандра Калецкага ёсць інфармацыя ў вядомых польскіх гісторыкаў Каспера Нясецкага і Альберта Каяловіча: «Аляксандр Калецкі доўгі час служыў у войску літоўскім і ўдзельнічаў у многіх паходах... мінскі ваявода Пётр Тышкевіч (1571–1631), граф на Лагойску, убачыўшы ў Аляксандра сэрца рыцарскае, аддаў яму ў сужанкі дачку сваю Сафію (1590–?)... У Аляксандра Калецкага і Сафіі Тышкевіч была дачка Ганна (1631–?) і сын іх, Ян Калецкі (1628–1678)». Тут узнікае пытанне: калі было вяселле ў Аляксандра і Сафіі? Перад нараджэннем сына — у 1625–1627 гадах? На той час маладой ужо было 35–37 гадоў... Наўрад ці так было ў тыя часы, калі дачку аддавалі замуж нават у 16–17 гадоў. Напрыклад, другім шлюбам кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ пабраўся ў 1605 годзе з Канстанцыяй Аўстрыйскай з роду Габсбургаў, калі маладой было 17 гадоў. Магчыма ўявіць, што вяселле Аляксандра і Сафіі адбылося недзе ў 1608–1612 гадах — маладой было 18–22 гады, а першынец, сын Ян, з’явіўся на свет толькі праз 18 гадоў сумеснага жыцця, калі Сафіі было 38, а дачка з’явілася на свет у маці на 41 годзе жыцця! Напэўна, а. Фларыян ведаў праблемы з патомствам у сям’і свайго брата Аляксандра: ці нешта было са здароўем у маладых, ці то дзеці паміралі ў маленстве... тут прыйшлося спадзявацца толькі на волю Божую. І а. Фларыян ведаў пра дапамогу цудадзейнага вобраза Будслаўскай Божай Маці, мяркую, па яго руплівасці сям’я Аляксандра Калецкага пілігрымавала да Будслава і вымаліла ў Багародзіцы сваіх дзяцей. У кнізе аўтарства а. Ваўжынца Пруса (1584–?) «Казанне на смерць Яго Мосці Пана Аляксандра Калецкага з Малых Кольнік, якое была казана ў касцёле айцоў бэрнардынаў у Вільні 5 студзеня 1632 года праз кс. Ваўжынца Пруса, таго ж закону дыфінітара і прапаведніка-юбіляра» (Надрукавана ў Вільні ў Societatis (Таварыстве) Езуітаў, год 1632) ёсць словы пра пілігрымку Аляксандра Калецкага ў Будслаў: «...Есць кляштарок убогі закону нашага ў самай пушчы, званы Буда, пры якім Абраз цудоўны Найсвяцейшай Панны Марыі. Шмат людзей да яго ідзе, і ён уцеху прыносіць, прыйшоў і ён да той крыніцы са сваімі votivus (ахвяраваннямі) і ачысціў душу сваю споведдзю пакорнай, і загасіў агонь пякельны слязьмі сваімі similis hinnulo ceruorum (як малады алень) і прыдаў сатысфакцыю ахвяраваннем сваім...».
...Вернемся з 1630-х гадоў у сучаснасць — у невялікую майстэрню мастака-рэстаўратара па метале Аляксандра Петракова. Тут і муфельная печ, тыгель, хімічныя рэактывы, некалькі паветранных выцяжак, спецыяльны працоўны стол — варштат ювеліра (амаль такі, як у музеі «дыяментаў» у Бельгіі ў г. Бругге), мікраскоп і столькі «цацак» для працы, што вочы разбягаюцца — абцужкі, борушніцы, леткалы, гарэлкі для пайкі, вальцы... На працоўным стале раскладзена срэбраная шата Будслаўскай Багародзіцы — яна разабраная «да шрубкаў». Вызалачаная змейка аблямоўкі мафорыя на выгляд напамінае гарадзенскія срэбраныя карункі, кветачкі-коскі, нібы жменька пшанічных каласкоў, раскінутых па срэбры, кароны «пстрыкаюць» знічкамі каштоўных камянёў... Паспрабую разабраць гісторыю жыцця срэбраных упрыгожванняў Будслаўскай Багародзіцы таксама «да шрубкаў»...
Шаты срэбраныя. 1632–1633 гг. Аснова ўсяго каштоўнага ўбранства абраза — срэбраныя шаты. Яны зроблены з невялікім рэльефам, які паўтарае буйныя павольныя складкі адзення Багародзіцы: цёмнага, колеру марской хвалі мафорыя; малінава-рубінавай тунікі; белага галоўнага ўбору кшталту доўгай хусты пад назвай рodwika, wimple — вельмі папулярнага ў эпоху Сярэднявечча і рэнесансу, такі галаўны ўбор захаваўся ў нашым народным строі як намітка; а таксама абрысы складак адзенняў Хрыста: белага хітону і залаціста-мядовага гіматыя. Срэбраныя шаты Будслаўскай Багародіцы зроблены з асобных пласцінаў, складзеных між сабою нібы мазаіка адпаведна малюнку. Спачатку ў XVII стагоддзі пласціны мацаваліся цвікамі праз жывапіснае палатно да драўлянага шчыта-асновы, а пры рэстаўрацыі на пачатку 1990-х, каб не траўмаваць жывапісны слой, было прынята рашэнне асобна замацаваць усю «мазаіку» срэбраных шатаў між сабою на заклёпкі. Большая частка паверхні шатаў абраза пакінута срэбранай, апроч вызалачаных складак адзення: у Багародзіцы гэта туніка, а ў Хрыста — гіматый. Трэба адзначыць, што ўсе вызалачаныя элементы срэбраных упрыгожванняў Будслаўскай Багародзіцы былі зроблены па тэхналогіі XVII–XVIII стагоддзяў — залачэння «праз агонь»: на паверхню метала накладвалася амальгама (сумесь адной часткі ртуці і васьмі частак высокапробнага золата), а потым ртуць з дапамогай агню выпарвалася, а золата амаль на малекулярным узроўні счэплівалася з металічнай асновай. Дарэчы, гэта тэхналогія залачэння па якасці не пераўзыдзена і да гэтай пары. Бачныя складкі падшыўкі мафорыя Багародзіцы (злева і справа ад Яе ліка), невялікі трохкутнік складкі паверх правай рукі Багародзіцы і тут жа ля правага рукава тунікі дасціпна ўпрыгожаны кветкавым арнаментам, які графічна прабіты адным чаканам-пуансонам — такая праца мае назву канфарэнне. Чакан пры ўдары пакідаў за сабою складаны адбітак з некалькімі штрыхамі. У адпаведнасці з малюнкам майстар біў па чакану напоўніцу ці падчас працы нахіляў яго, зводзячы малюнак «нанет». Сам малюнак кветкавага арнаменту нагадвае графічныя мудрагелістыя застаўкі аркушаў з кніг позняга рэнесансу. Такі арнамент пад назвай «рольверк» (ням. кручаная праца) быў распаўсюджаны ў працах мастакоў Паўночнага Адраджэння, такіх як Карнэліс Бос (Нідэрланды, 1510–1555), Пэтэр Флётнер (Нюрнберг, 1485–1546) і інш. Знешні край мафорыя (др. –грэц. μαφόριον — «наплечнік»), аблямоўка вялікага пакрыва, выдзелена і аздоблена карункамі, зробленых у асобных элементах метадам ліцця, якія надалей былі вызалачаныя і закляпаныя ў адпаведныя месцы на шатах. Зраблю невялікую заўвагу наконт вонкавага «дызайну» ўсёй срэбранай шаты Будслаўскай Багародзіцы зыходзячы са свайго шматгадовага вопыту працы ў віры антыкварнага бізнэсу сярод сакральных артэфактаў XVI–XVII стагоддзяў. Недзе на пачатку 2000–х гадоў да мяне прыйшла (маскоўскія сур’ёзныя антыквары так і гавораць — менавіта «іконы ходзяць», а не ты за імі) Полацкая Адзігітрыя XVI стагоддзя, спісак са знакамітай нашай сакральнай святыні XII стагоддзя. На іконе захавалася цэнтральная частка срэбранай шаты, над якой працавалі мясцовыя (магчыма, пскоўскія) ювеліры на пачатку XVII стагоддзя, то вось дэкор гэтай «кашулькі» па-майстэрску быў пабудаваны на кантрасце буйных хвалепадобных гладкіх складак адзенняў і кропкавым кветачным арнаментам, які мясціўся на падшыўцы мафорыя і на хітоне Хрыста, і асабліва запомнілася, што кветкавы арнамент нагадваў «рольверк» з кніжных аркушаў XVI–XVII стагоддзяў.
Самае цікавае на шатах Будслаўскай Багародзіцы — гэта незвычайная аздоба амаль усёй паверхні «сукенкі» «свабодна раскіданымі» брошкамі-кветкамі, зробленымі з дапамогай ліцця ў невялікім плоскім рэльефе па контуры малюнка. Кветкі здалёк успрымаюцца вельмі вытанчанымі і прыгожымі, але зблізку нагадваюць літыя адзнакі пілігрымаў XIV–XVI стагоддзяў, якія нашываліся на вопратку і былі вельмі распаўсюджанымі ў Заходняй Еўропе. Наогул у часы Сярэднявечча і рэнесансу былі вельмі папулярнымі ўпрыгожванні строяў металічнымі (з волава, медных сплаваў ці залачонай бронзы) адзнакамі, якія маглі належаць не толькі пілігрымам, але і звычайным асобам пад назваю геральдычных ці ліўрэйных. Значная частка такіх адзнакаў адлівалася з волава ў Германіі і мела назву Pilgerzeichen (адзнака пілігрыма) ці Gitterguss (ад ням. «літая крата» — рашэцісты адлітак ці ліццё, зробленае па контуры малюнка). Гэта былі літыя выявы святых, ракавінак, іконаграфічных кампазіцый, арнаментаў і інш. Вялікі збор такіх адзнакаў з волава знаходзіцца ў Гданьскім археалагічным музеі, а частку гэтай калекцыі можна было ўбачыць у Вільні ў 2016 г. на выставе «Адзнакі пілігрымаў. Археалагічныя сведкі адданасці Марыі ў сярэднявечным Гданьску». Кветкі на шатах Будслаўскай Багародзіцы па малюнку маюць два ўзоры: у Багародзіцы гэта, падобна, стылізаваны «званочак персікалісты» ці «орлік», а ў Езуса — «шыпшына» ці «ружа». Але дзеля разнастайнасці аздаблення кожны ўзор адліты яшчэ і ў адлюстраваным выглядзе, таму атрымалася чатыры варыянты кветак. Адзначу яшчэ, што кветкі (17 адзінак) на срэбраным мафорыі Багародзіцы вызалачаныя, а на залатым тле гіматыя Хрыста яны пакінуты срэбранымі (10 адзінак). Што цікава, кожная кветка з адвароту мае свой нумар рымскімі лічбамі, якія прарэзаны шціхелем. Адпаведны нумар кожнай кветкі пазначаны і на шатах, таму кветкі ніяк не магчыма пераблытаць. Падобнае ўпрыгожванне літымі кветкамі ёсць на срэбраных шатах абраза XV стагоддзя Божай Маці Збавіцеля з Базылікі Божага Цела (Кракаў), дзе «сукенка» зроблена кракаўскімі ювелірамі паміж 1653–1662 гадамі.
Гл. таксама:
|
|
|