Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Габрыэля ПУЗЫНЯ

СЫН КАРЧМАРА

Праўдзівая аповесць

«А хтосьці Рубэнсам другім стаць хоча прагна
І вуглем на сцяне штось крэмзае нязграбна».

А. Фялінскі. З перакладу паэмы Дэліля «Земляўласнік».

Ад перакладчыка

У літаратурнай спадчыне вядомай пісьменніцы нашага краю ХІХ ст. Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні (1815–1869) ёсць вельмі прыгожае апавяданне «Сын карчмара», прысвечанае мастаку Аляксандру Арлоўскаму (1777–1832), які быў сапраўднай легендай шляхетных дамоў былых земляў Рэчы Паспалітай. Ён быў таленавітым мастаком і жаўнерам паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі, і яго імя грымела ў Варшаве і Пецярбургу, але біяграфічныя рэаліі звязвалі яго таксама і з беларускім Краем. Габрыэля Пузыня шмат чула пра мастака ад сваёй маці — графіні Аляксандры з Тызенгаўзаў. Арлоўскі, як гэта было прынята ў тыя часы, даваў прыватныя ўрокі малявання, і маці Габрыэлі была адной з яго вучаніцаў. Успаміны маці леглі ў аснову апавядання Габрыэлі Пузыні, у якім вельмі жыва малюецца асоба будучага мастака ў яго дзіцячыя і юнацкія гады, што ў цэлым стварае запамінальны і яркі вобраз геніяльнага майстра.

 

ГОД 1786

Што гэта за рух у Седліцах — прыгожым мястэчку пад Варшавай?! У летні дзень, святочны і рынкавы, на заходзе сонца процьма шляхты і сялянаў сабралася ў цэнтральнай карчме, трыманай Арлоўскімі, напаўняючы гаманой і табачным дымам прасторнае памяшканне. Сажнёвы гаспадар і рухавая гаспадыня ў спічастым чапцы клапатліва завіхаюцца каля гасцей, якіх усё прыбывае, бо набліжаецца навальніца.

Раптам мільганула бліскавіца, а за ёй грымнуў пярун.

— «А Слова сталася!..» — крычыць спалоханая гаспадыня, пабожна жагнаючыся, — а куды ж гэта падзеўся наш Алесь? — Сваволіць, мабыць, недзе, — раўнадушна адказаў гаспадар, — лепей бы дапамагаў бацькам. — І сам далей налівае пеннае піўко з велічэзнага збана ў куфлі.

— Алесю! Алесечку! — кры­чыць занепакоеная маці, — маё дзіцятка, дзе ж ты падзелася?..

Пад гэтыя словы ўбягае ў карчму дзесяцігадовы хлапчук з устрывожанай мінай, твар і рукі ў яго чорныя.

— Сьвента Матка Чэнстахоўска! Ён счарнеў! — І маці, і сын з аднолькавым жахам гля­дзелі адно на аднаго.

— Супакойся, жонка, — азваўся гаспадар, — вось жа хлопец проста выпэцкаўся, нічога больш: дарваўся дзесьці да вугля і мазаў сцены. Будзеш яшчэ над ім прычытаць!..

Гучны смех падвыпіўшых гасцей раздаўся пры гэтых словах з-за сталоў і збаноў.

Тым часам маці, шчаслівая, што сын знайшоўся ў парадку і здаровым, цалкам занялася ім.

— Мілая мая лялечка! Не ведаю, што і казаць! — усклікала, нібыта гняўліва, гледзячы на выпэцканы вуглём тварык і вопратку ў плямах. — Гэта што ж цябе бацькі, можа, на камінара гадуюць?.. Ані знаку, што сёння чыстую кашульку апрануў. — Так прыгаворваючы, яна даставала міску з шуфляды, здымала кацялок з агню, — бо на камінку гатавалася ўжо вячэра для гасцей, — ручнік з калка і мыла твар і рукі Алесіка, грозячы яму карай голасам, у якім, аднак, не было нічога грознага. У працэсе мыцця паказваўся поўны выразнасці тварык, моцны румянец пакрываў акруглыя шчочкі і бачна было, што падобныя маніпуляцыі адбываліся штодзённа, бо ён працягваў да маці абедзве рукі з тым даверлівым выразам, які ўласцівы пястунчыку і адзінаму сыночку; вочы яго былі звернутыя да гасцей, ён прыглядаўся да іх як да арыгінальных постацяў, што па-рознаму ўвасаблялі тып польскага селяніна.

— Ну вось цяпер у мяне хлапец, аж міла! — казала маці, выціраючы ўжо апошні раз вымытыя вусначкі, і пазірала на прысутных, поўная мацярынскага гонару.

— Ну! Хлопча, давай да ражноў, будзь у доме хоць на што-небудзь прыдатны! — усклікнуў бацька.

— Што-што? — перапыніла яго жонка з такім дакорам, што голас яе сарваўся аж да піску. — Можа, я яму на тое ручкі абмыла, каб ён іх зноў у сажу ўпэцкаў, а твар каля агню абсмаліў? Як быццам дома для мужчыны не знойдзецца іншай работы!.. — І павяла сына да стала, даючы яму паперу і шпагат для накрывання і абвязвання слоікаў з павідлам.

Раптам нешта ўдалечыні загрукатала.

— Барані, Божа, зноў пярун! — усклікнула гаспадыня, але неўзабаве за вокнамі нешта пра­мільгнула, і

вялікая карэта, запрэжаная прыгожымі коньмі, спынілася каля карчмы.

— Усе святыя! Гэта ж наша пані! — І абое гаспадары выбеглі разам на ганак, каб прывітаць пані гетманавую Агінскую, якая акурат у гэты момант высаджвалася разам са шматлікім колам асобаў, што яе суправаджалі.

— Бура нас прымусіла шукаць у вас прытулку, — ветліва звярнулася яна да гаспадароў, што кланяліся ёй, — просім нас прыняць.

Гаспадар выказаў заклапочанасць.

— Яснавяльможная пані!.. Вялікі гонар, … але свята, таргі, … поўна людзей, … не будзе выгодна…

— Ці ж мы з сялянамі не знойдзем пра што паразмаўляць? — весела азвалася іншая паважная дама, якую ўжо ведалі як маці сялянаў, бо гэта была княгіня генералавая Чартарыйская, крэўная і прыяцелька княгіні гетманавай.

Улагоджаная гаспадыня збі­ра­лася ўжо адчыніць дзверы памяшкання, адкуль даляталі тлумная гаворка, смех і песні, змяшаныя з цыгарэтным дымам.

Але пані гетманавая, не хочучы перашкаджаць той забаве, зважаючы, што і бура, здавалася, аціхае, уселася на ганку пад шырокім навесам, і па яе прыкладзе так зрабілі і ўсе астатнія.

Гаспадыня, астыўшы ад дванога ўзрушэння, пачала аглядацца, шукаючы сына. — А дзе ж гэта падзеўся наш свавольнік? — Бо ўжо ні Алесіка, ні паперы каля слоікаў не было.

Алесь, пачуўшы, што прыбыла пані гетманавая, выбег следам за бацькамі на ганак і, змяшаўшыся з прыезджымі, выпаў з поля зроку маці. Ён у поўнай свабодзе прыглядаўся да пекных конікаў і ад хвалявання ці проста дзеля забавы скуб сабе паперу, што была ў ягоных руках. Адзін з тых шматкоў упаў на зямлю, яго падняў хтосьці з таварыства і са здзіўленнем убачыў, што шматок падобны да коніка.

— Дзіўнае падабенства, — заўважыла княгіня, узяўшы ў рукі тую паперчыну.

— Нічога дзіўнага, але насамрэч так ёсць, — адказаў крыху абураны Алесь.

— Як гэта насамрэч так ёсць? — запыталася княгіня, — ты што —спецыяльна хацеў выскубсці коніка?

— А як жа.

— Ну дык зрабі мне зараз пеўніка.

Узрадаваны Алесь тут жа давай выскубаць чубатага пеўніка з адкрытаю дзюбкаю, што не пакінула ўжо ніякіх сумненняў у здольнасцях хлопчыка. Усе абступілі яго з цікавасцю; маці, якая збіралася гэтым разам сапраўды пакараць сынульку за непаслухмянасць і змарнаванне паперы, не пасмела запярэчыць шанаванай ёю княгіні пані, а вельмі здзіўленая, што падобныя дзівацтвы могуць займаць такіх вялікіх паноў, вярнулася з гэтым досведам у памяшканне.

Княгіня, поўная задавальнення, пыталася ў хлопчыка, хто яго вучыў.

— Вучыў, чаму?..

— Так выскубваць, маё дзіця.

— Хіба ж гэтаму вучаць?.. Мне наогул забараняюць.

— Слухай, мой хлопчыку, — звярнулася да яго зноў княгіня, — скажы бацьку, што я прашу, каб ён сюды выйшаў. — І, звяртаючыся да прысутных, дадала з усмешкай, — маю падарунак для Нарблена.

Гаспадар прыбег, спяшаючыся, а за ім жонка з выразам найжывейшай цікавасці на твары.

— Пане гаспадару! — звярнулася да яго княгіня, — маеце добрага сына, да чаго ён у вас здатны?

— Мосця княгіня, ні да чога.

— Ён яшчэ зусім дзіця, — падхапіла маці.

— Да чагосьці, аднак, рыхтуеце яго, што ён робіць?

— Есць, п’е, спіць і сваволіць.

— Ну ў такім разе, паколькі не маеце з яго ніякае карысці, я маю намер вас прасіць, каб аддалі яго ў маю апеку, а я ручаюся, што і яму добра будзе, і вам таксама, — дадала з усмешкай.

Радасць заяснела на твары бацькі, а маці пабляднела. Пакланіўся гаспадар у ногі княгіні.

— Ой, княгіня бярэ вялікага гультая.

— Калі гэта адзінае толькі, што маеш яму закінуць, то я яго выпраўлю, а ты, маці, што скажаш?

— Мосця княгіня, ён жа ў мяне адзіны!..

Гаспадар, баючыся, каб жонка не папсавала інтарэсу, усклікнуў зноў:

— Баба з возу, коням лягчэй, папярэджваю толькі княгіню паню, каб гэтаму хлапцу вугля ў рукі не даваць. Ніводнай сцяны чыстай у доме з тым шалапаем мець не можна, тры разы бялілі пакой з вясны!

Алесь уздыхнуў.

— Там такія прыгожыя былі коні, дзе пабялілі, — усклікнуў ён са слязьмі на вачах, але ўжо з усмешкай дадаў: — Сёння яшчэ прыгажэйшых зрабіў.

— Правядзі мяне туды, — сказала княгіня. — Яна ўстала, за ёй усе астатнія, а хлопчык радасна павёў гасцей у пакой гаспадароў, ускочыў на ложак, паказваючы пальчыкам на сцяну, размаляваную вуглём.

— Божа, злітуйся! — усклікнуў гаспадар, — новая сцяна!

— Езус-Марыя! — усклікнула разам з ім гаспадыня, — зусім сапсаваў прасцірадла!

Княгіня і яе спадарожнікі, не зважаючы на тыя воклічы, разглядалі накрэмзаных на сцяне коней з праўдзівым інтарэсам, бо жывасць, смеласць штрыхоў і ўласцівая творам, выкананым вуглём, незавершанасць выглядалі ў цэлым маляўніча.

— Брава, хлопча! — прамовіла княгіня, пагладзіўшы Алеся па падбародку, — калі хочаш, маё дзіця, а бацькі дазволяць, адвязу цябе да такога пана, дзе зранку да вечара нічога іншага рабіць не будзеш, а толькі чыркаць вуглём.

— О! Хачу, прашу! — радасна ўсклікнуў хлопчык.

— Ідзі і падзякуй княгіні, — сказаў бацька.

— Бацькам падзякуй і развітайся з імі адразу, бо, — дадала княгіня, — сюды я, можа, не хутка вярнуся, а мне вельмі гарыць прадэманстраваць такога хлопчыка. Бура мінула, бывайце здаровы!

Маці хацела спакаваць для сына хоць нейкую валізку, але княгіня запэўніла, што Алесік ні ў чым не будзе мець нястачы, і, бачачы, што яна плача, чула абняла гаспадыню, а гаспадару, які абдымаў яе ногі, сунула ў рукі невялікі кашалёк з грашыма.

Алесь, хоць быў засмучаны развітанем з бацькамі, радаваўся, што паедзе пекнымі конікамі, ускочыў жвава на козлы, і карэта рушыла.

Доўга яшчэ бацька і маці стаялі на ганку, пасылаючы ўслед сыну не дасягальныя ўжо яго зроку крыжыкі бацькоўскага благаслаўленння — найлепшы талісман у падарожжы жыцця. Нарэшце, калі асеў пыл і стала бачная да канца пустая вуліца, гаспадар першы выцер слязу тыльным бокам рукі.

— Фі, плакаць, — сказаў ён жонцы, — як быццам ёсць па кім, аднак жа не ведаю, чаму на мяне такая туга навалілася.

І, насвістваючы мазурку, хоць у тоне голасу не было весялосці, вярнуўся ў карчму, дзе візіт пані гетманавай і ад’езд Алеся з княгіняй былі галоўным прадметам гутаркі.

ГОД 1794

Жахлівы гэта быў акт жахлівай драмы тагачаснай вайны: яшчэ рэшткамі пагарэлішча тлела Прага, збіралі параненых з поля бітвы, і мноства іх, згасаючы, памірала ў шпіталях.

— Вось яшчэ адзін! — крыкнуў жаўнер, уваходзячы ў шпітальную палату і несучы разам з калегамі раненага таварыша, — але гэты, як двое будзе. — І на вызвалены смерцю ложак паклалі хворага.

Новапрыбылы маладзён і насамрэч выглядаў проста веліканам, а не сфармаваныя да канца члены абяцалі яшчэ большы рост у будучыні, вочы яго блішчэлі надзвычайным агнём гарачкі і ваеннага запалу.

Кепскі быў той час у справе догляду параненых; іх колькасць, бездапаможнасць, аслабленасць, задуха памяшканняў, адсутнасць гігіены больш, можа, чым раны, прыспешвалі смерць гэтых няшчасных ахвяраў.

Малады жаўнер, пакінуты ў той святыні смерці і нэндзы, неспакойна варочаўся на цвёрдым ложку. У той момант інфірмарый — законнік, які з міласэрнасці апекаваўся хворымі, ішоў з фаеркай акурваць палаты. Хворы працягнуў да яго руку, просячы вугаль.

Той здзівіўся, але перш чым здолеў спытаць, навошта, маладзён ужо выхапіў здабычу і, не зважаючы на тое, што яму пячэ далонь, з жывасцю пачаў чыркаць распаленым вуглём па сцяне, а з-пад яго рукі з’яўляліся па чарзе, як заклятыя, коні, жаўнеры, падзеі, рух і жыццё ваеннае. Словам, цэлая бітва.

— Ён вар’ят, — усклікнуў інфірмарый, гледзячы на распалены твар жаўнера.

— Ён мастак! — усклікнуў афіцэр, што зайшоў акурат у гэты момант.

— Вучань Нарблена! — з гонарам прамовіў маладзён.

— Ты геній, — сказаў афіцэр, — не дам табе памерці ў гэтых сутарэннях. — І загадаў, каб яго неадкладна перанеслі да яго на кватэру.

Талент выбавіў яго ад смерці, а можа, да яго ацалення спрычыніўся і той крыжык благаслаўлення маці, і тая міжвольная слязіна бацькі, якімі яны жагналі некалі свайго Алесіка на развітанне.

А быў гэта той самы хлопчык з седлецкай карчмы, толькі ўжо не Алесь, але Аляксандр, жаўнер і мастак.

ГОДАМ ПАЗНЕЙ

— Жывей, дзеці! — усклікае Нарблен пасярод сваёй майстэрні, звяртаючыся да сабранай вакол яго моладзі.

— Няхай жыве наш любімы настаўнік! — выкрыквае адзін з вучняў, постаць якога выдае жаўнера; і, успамінаючы даўнюю службу, ён узнімаецца раптам з месца, размахвае пэндзлем, нібы шабляй, прыкрываючыся палітрай, як шчытом; але ў сваім руху перакульвае трыножнік прафесара, разам з ім падае столік, што стаяў паблізу, з усімі пляшкамі і слоікамі на ім, якія валяцца з рознымі тонамі гукаў. Паток разведзенай тушы і алею плыве па палях вяленевай паперы.

— Шкоднік! — гнеўна ўсклікае майстра, — мая туш! Мая папера! — Мае алоўкі! — усклікаюць разам вучні, кідаючыся ратаваць сваю маёмасць. — Мая жонка! — крычыць Нарблен, — будзе ж нам ад яе за патоўчаныя бутэлькі!

Віноўнік моўчкі падбірае растоўчаныя кавалкі крэйды, алоўкаў, фарбаў, сярод якіх яго таварышы па вучобе распазна­юць свае, нібы прыяцелі і крэўныя на полі бітвы знаходзяць сваіх палеглых таварышаў, нягледзячы на парубаныя члены. Разлітыя алей, туш, фарбы і вада коцяцца ўзбураным патокам па спадзістай падлозе.

— Сумняваюся, што Аляксандр Вялікі горшы ўчыніў разліў за нашага вялікага Аляксандра, — усклікнуў Нарблен, і ўся школа па прыкладзе настаўніка выбухнула гучным працяглым смехам, а найгучней смяяўся сам вінаваты.

— Згода! Ці ж не праўда? Не гневаецеся ж на мяне?.. — гаварыў ён, працягваючы рукі да таварышаў; а паколькі яго любілі, то аднагалосна выгукнулі: — Згода!

— Вось мая ўласная туш, бяры яе, Антоні! Юзэфе, адкуплю табе твой вялень! — Зірнуў на заплямлены аркуш паперы, ударыў сябе рукою ў лоб і ўзрадавана дадаў: — А гэты забяру сабе.

Ён усеўся за столік, не зважаючы, што ногі яго трапілі ў лужыну фарбы, узяў пэндзаль і пачаў маляваць на фоне разлітай тушы.

— А ён і праўда малюе! — усклікнуў Юзаф, — мне цікава, што ён з той плямы выкруціць?

— Ну дык зачарні рэшту сваёй паперы рэштай маёй тушы, — параіў Антоні, — і будзеш мець гатовыя ўзоры для карцінаў. — Кожны з вучняў дадаваў сваю думку, але здавалася, што Аляксандр нічога не чуе. Абапёршыся локцем аб столік, галаву схіліўшы набок, ён быў заняты адзіна сваёй работай, а яго вочы з-пад густых броваў блішчэлі нязвыклым агнём. Здавалася, што ён быў зачараваны далёкім успамінам, які скіроўваў усе яго думкі ў мінулае. Вочы ўсіх былі звернутыя да маладога мастака, таварышы перасталі жартаваць, моўчкі чакаючы, калі ён закончыць. У гэты момант раптам Аляксандр кідае пэндзаль, адступае назад ад століка, падносіць да вачэй складзеную трубкай далонь і доўга разглядае свой твор. Задаволеная ўсмешка з’явілася на яго вуснах. — Нягледзячы на гэта, Аляксандр схапіў свой малюнак і хацеў яго разарваць, але яму не далі гэтага зрабіць таварышы, стрымаўшы яго за рукі, і сам Нарблен, не менш уважлівы за вучняў, узяў Аляксандра за галаву.

— Што ты робіш! — хорам крычалі вучні.

— Здрада! — усклікнуў Аляксандр.

Halte là, — далучыўся да спрэчкі Нарблен.

Праз хвіліну рукі ўсіх у адзіным парыве адарваліся ад віноўніка і накінуліся на малюнак. На ім была намалявана бура, агністыя бліскавіцы прашывалі чорныя хмары, ад моцнага ветру гнуліся дрэвы. На першым плане была карчма, перад ёю стаяла карэта, група фігураў у рознакаляровых строях ажыўляла сцэну, і быў адзіны подпіс: Год 1786.

— Нікудышна, нічога не варта! Але добра! — азваўся Нарблен, відавочна, узрадаваны.

— Дасканала, выдатна, цудоўна! — усклікалі вучні, таварышы Аляксандра, таксама падносячы далоні да вачэй і адступаючы крок назад, для лепшага effektu.

— Папера мая, — сказаў Юзаф, — а таму і малюнак належыць мне.

— Але мая туш, — умяшаўся Антоні, — а без яе не было б і малюнка.

Майстра прымірыў нязгодных, забраўшы малюнак сабе. Гучнае «Ах!», якое азначала адначасова здзіўленне і жаль, адбілася ад скляпенняў залы.

Нарблен пайшоў да выхаду.

— Ёсць тут, — сказаў ён, паказваючы на подпіс, — ёсць тут штосьці, што само ўказвае, каму гэты малюнак уласна належыць, — і, не зважаючы на просьбы вучняў і самога Аляксандра, спешна выйшаў, пажадаўшы ім на час сваёй адсутнасці спакою, працы і згоды.

Выйшаў, было чуваць, як ён два разы павярнуў ключ у замку. Усе вучні разам апынуліся замкнёнымі, але паколькі гэтак ужо неаднойчы здаралася, вучні выбіраюць з рэкамендаваных настаўленняў майстра адну толькі згоду. А далей: брацця, да забавы! — гукнуў Александр таварышам, і ўсе стлуміліся вакол яго, каб прыдумаць новы план, якую б штуку яшчэ выкінуць; што яны прыдумалі, даведаемся разам з бедным Нарбленам, калі ён вернецца з горада.

Тымчасам пачцівы майстра, сардэчна прыняты ў знаёмай ужо нам княгіні генералавай, паказваў ёй новы твор свайго любімага вучня.

— Здольны хлапец, — мовіла княгіня, з радаснай усмешкай разглядаючы малюнак, што прадстаўляў вядомы ўжо ёй і нам выпадак у седлецкай карчме, з якога малады мастак пачаў шлях у прафесію.

— Удзячнае і чулае сэрца ёсць удзелам вялікіх талентаў, — дадала, кідаючы красамоўныя позіркі на прысутнага мастака. — Ці не праўда, што мой падапечны вялікі мастак?

— І вялікі свавольнік таксама, мосця княгіня.

— Сапраўды? А што ж ён робіць?

— Тысячы шкодаў!

— Напрыклад?

— Ну, не далей як учора вяртаюся я дадому і не пазнаю ўласнага пакою. Пыл, мітусня, тут і там горы друзу, а над усім гэтым пануе голас Аляксандра, які раздае каманды. Здагадайся, мосця княгіня, адкуль?.. Вось жа з верхавіны печы. Знайшоў забаву, печ маю разбіваў!

— А навошта? Ці дыміла?

— Не! Бо была квадратная! Паразбіваў усе вуглы, і цяпер, хачу не хачу, а маю печ авальную.

Княгіня смяялася ад душы.

Майстра падняўся: — Развітваюся з княгіняй, чакаюць мяне дома з абедам.

— Каб жа хаця б дом знайшоўся на месцы, — усклікнула княгіня яму наўздагон.

Стары затрымаўся на паўдарозе.

— Не баюся, — сказаў, — нічога. Сякеру я схаваў, а на сёння, аднак, здаецца, ужо досыць было адной шкоды.

Упэўнены ў гэтым, вяртаецца майстра дадому, узбягае на другі паверх, спыняецца каля дзвярэй, выцягвае з кішэні ключ, усоўвае яго ў замок, два разы паварочвае і, стомлены, з хвіліну чакае, каб перевесці дух, нарэшце ўваходзіць. Смех і гучныя спевы адбіваліся ад скляпенняў. Вучні, як шалёныя, насіліся па пакоі, уся падлога якога была намыленая, аб чым бядняга стары не ведаў.

— Го-ля-ля! Што гэта такое? Стойце! — усклікнуў Нарблен, стоячы на парозе, і хацеў ужо прайсці далей, але ў гэты момант яго нага паслізнулася, ён захістаўся, паляцеў аж на другі канец залы і ўпаў з размаху ва ўвесь рост.

— Здрада! Фу, нягоднікі! — крычаў настаўнік, з цяжкасцю ўзнімаючыся на ногі.

Вучні падбеглі да яго, на вуснах былі яшчэ ўсмешкі, але ў вачах збянтэжанасць.

— І што гэта значыць? — сурова гаварыў настаўнік, аднак жа ў яго голасе было болей пытання, чым пагрозы.

— Гэта нічога, гэта проста глупства, дзіцячая забава, перапрашаем пана прафесара, — азваўся найсмялейшы з іх, Аляксандр, як завадатар усёй справы.

— Ой, то не дзіцячая забава! — І стары пацёр сабе паясніцу, — але што гэта такое?

— Штучны лёд, коўзанка, нічога больш.

Здавалася, што шаноўны майстра насамрэч бачыць у гэтым нявінную забаву, а не злосны жарт.

— Глядзіце мне, — казаў, — каб вымылі падлогу, перш чым яе пабачыць мая жонка.

І, пасмейваючыся, сеў з вучнямі за стол.

Але выхадкі Аляксандра на гэтым не скончыліся, што ж дзіўнага з такім паблажлівым настаўнікам. Аднак новая выхадка, якую неўзабаве ён учыніў, была больш артыстычнай. Нарблен не цярпеў мухаў, а хто ж любіць тыя надакучлівыя стварэнні, асабліва чалавек заняты, які цэніць кожную хвіліну, жывучы з уласнай працы. А таму Нарблен, як толькі збіралася зашмат мухаў у ягонай майстэрні, выходзіў у горад, даручаючы Аляксандру расправу над гэтым непрыяцельскім войскам, а каб вынік быў найлепшым, замыкаў вучня на ключ, сам-насам з мухамі і з лапушкай на іх, будучы ўпэўненым у згубе адных і ў спакойных паводзінах другога.

Аднойчы, падобным чынам увязнёны, Аляксандр, узброіўшыся скураной на кійку лапушкай, перабіў усіх да адной непрыяцелек, а паколькі Нарблен усё не вяртаўся, ён прыдумаў (бо без выкрунтасу не рабіў ні кроку) намаляваць адну-другую муху на сцяне. Калі ж тыя выдатна ў яго атрымаліся, пачаў далей маляваць іх больш і больш, а калі ўжо месца на сцяне не засталося, адважыўся і на карціне настаўніка ўляпіць мажную муху!

Вяртаецца Нарблен з горада і бачыць, што Аляксандр спіць у крэсле, а сцены пакрытыя мухамі! Лёгка ўявіць, што з ім сталася, як ён кідаўся, лупіў лапушкай па сцяне, як крычаў, як бурчаў і сто разоў мог бы абудзіць Аляксандра, калі б той насамрэч спаў. У канцы бедны стары, стаміўшыся марна размахваць рукамі і ваяваць з намаляванымі мухамі, падае ў крэсла і хоча пераключыць думку, падняць сапсаваны настрой сузіраннем сваёй карціны, але і там муха! Усхопліваецца, пачынае зноў кідацца ды абурацца і, гледзячы на ўласную працу, ужо далікатна збіраецца выгнаць вучня, аднак у той самы момант урэшце спасцігае ягоны фортэль. І хоць быў злы, што даў сябе так ашукаць, як мастак, з любові да Мастацтва, разумеючы, што мае справу з неардынарным талентам, ён прабачыў гарэзніку.

З той хвіліны свавольны вучань стаў для свайго настаўніка дапамогай і гонарам. Нарблен быў стары, меў шмат працы, яму быў патрэбны памочнік, і ён знайшоў яго ў маладым мастаку. І вось Нарблен рабіў агульны абрыс, пакідаючы за сабой апошнія штрыхі, а ўсю карціну даручаў для выканання Аляксандру. Але толькі імя Нарблен аздабляла гэтыя творы. І славай карыстаўся таксама адзін Нарблен; нядоўга, аднак, тое трывала, бо настаўнік, жадаючы аддзячыць вучню і маючы намер пакінуць Варшаву, у дамах, дзе даваў урокі малявання, прадставіў Александра як свайго пераемніка.

Прадстаўлены такім славутым майстрам, малады мастак у хуткім часе знайшоў апекуноў, сяброў, зычліўцаў, а яго талент — прыхільнікаў. З таго часу яго ўжо не называлі Аляксандрам, а прозвішча Арлоўскі стала слынным у сталіцы.

Геній не вучыцца і вучыць не ўмее. І Арлоўскі, як настаўнік, уласным прыкладам вучыў лепей, чым выкладаючы тэорыю, якой сам не валодаў. Некалькі малюнкаў, якія кожны дзень пасля кожнай лекцыі ён пасля сябе пакідаў, былі найлепшай навукай і ўзорам для пачынаючых. Малюнак для яго быў спосабам выказвання, моўным сродкам. Калі ён распавядаў пра нейкае здарэнне, сведкам якога быў, альбо апісваў месца, якое наведаў, асобаў, якіх спаткаў, аловак прыходзіў на дапамогу языку: ён маляваў пейзажы, інтэр’еры дамоў, карэты, людзей, а калі яму даводзілася мець зносіны з незнаёмымі, а потым распавя­даць пра іх сябрам, замест таго каб прыгадваць, як каго завуць, ён некалькімі штрыхамі так трапна маляваў іхнія рысы, рухі і постаці, што тых пазнавалі з першага погляду і называлі прозвішчы.

Нядоўга цешылася Варшава знакамітым земляком. Пецярбург з радасцю вітаў у сваіх мурах Арлоўскага, які перабраўся туды. У той час трон Расійскай дзяржавы займаў цар Аляксандр І. Польскі мастак меў гонар прадставіць яму свае работы. Цар ацаніў талент як знаўца і ўзнагародзіў працу як уладар. «Зрабі мне яшчэ адзін абраз, — прасіў Арлоўскага, — і будзеш маім прыдворным мастаком». — Гэта была выдатная будучыня, але геній мае свае дзівацтвы. Арлоўскі не зрабіў замоўленага яму абраза і месца пры двары не атрымаў.

Потым неўзабаве ён быў запрошаны ў Лондан для гравіроўкі на медзі пад вельмі выгоднымі для сябе варункамі, але нявольніцкая праца не пасавала яго незалежнай творчай натуры. Адмовіўся ад прызначанага для яго месца.

Зноў па нейкім часе заняў пасаду прыдворнага мастака ў царскага брата в. кн. Канстанціна. Той, як ваяка, адразу замовіў яму карціну, на якой была б намаляваная бітва.

Арлоўскі тут жа з вялікім імпэтам узяўся за выкананне замоўленага палатна. Успаміны мінулых бітваў распальвалі яго жывое ўяўленне: паслухмяная рука занатоўвала створаныя ў агністай галаве вобразы. Ляжалі параненыя жаўнеры, клубы дыму зліваліся з аблокамі акрываўленага далягляду, пеніліся коні. Мастак у творчым запале высвістваў марш жаўнераў, нібы заахвочваючы войска да бою. Ён радаваўся сваёй карціне, адчуваў тое ўнутранае задавальненне, той голас душы, сумлення, які ў сапраўдных мастакоў не мае нічога агульнага з пыхаю і самахвальствам.

Дакладная завершанасць не была рысаю твораў Арлоўскага: ягоная думка амаль заўсёды заставалася ў эскізе, у падмалёўцы, але сапраўдныя знаўцы цэласнай прыгажосці мастацтва мала зважалі на падобную драбязу.

Асеўшы цалкам у Пецярбургу, ён там ажаніўся, купіў дом, і яго будынак стаўся як бы музеем — найцікавейшым, найшаноўнейшым і найбагацейшым. Сцены пакояў аздабляла зброя, адзенне з усходніх краінаў складала ягоны гардэроб. Часта ў паважным турку, які курыў трубку, седзячы на каберцы, альбо ў велічным чаркесе з лукам і стрэламі тыя, хто прыходзіў адведаць Арлоўскага, з цяжкасцю пазнавалі гаспадара.

Ягоны цікавы ва ўсіх адносінах дом адведвалі найзнакамітыя жыхары сталіцы і чужаземцы, што ж казаць пра землякоў! Тыя, хто ведаў ягоныя дзівацтвы, не асмельваліся рабіць яму замовы, аднак узлёты натхнення, што выляталі з-пад яго пяра і алоўка, тут жа з імпэтам расхопліваліся аматарамі мастацтва і ўсяго не­звычайнага.

Геній, як тое пешчанае дзіця, часта выконвае звыш таго, што ад яго чакаюць ці што ён абавязаны зрабіць. Але ярма не любіць і просьбамі пагарджае. Арлоўскі не раз у хвілінным натхненні рабіў цуды, і таму ягоныя творы пазначаны надзвычайным агнём і жыццём. Адзін з багацеяў сталіцы перарабляў свой палац, ён хацеў павялічыць залу, прызначаную для баляў, і прасіў у Арлоўскага, як мастака, парады і дапамогі. Адзінагалоснай была думка, што трэба прыбраць адну з папярочных сценаў, якая парушала агульныя прапорцыі.

— Разбурыць, разбурыць! — хорам крычалі прысутныя сябры. Гаспадар цешыўся, што ў яго будзе найбольшая і найпрыгажэйшая зала ва ўсім горадзе.

Арлоўскі схапіў пэндзаль, абмакнуў яго ў прыгатаваную для размалёўкі пакояў фарбу, дастаў вугаль з каміна і, папераменна водзячы імі па сцяне, што мелася быць зруйнаванаю, тварыў карціны, поўныя жыцця, агню, натхнення. Затаіўшы дыханне, прысутныя не адрывалі вачэй ад Арлоўскага, твар якога і ўся постаць свяціліся незвычайным бляскам.

Нарэшце ён апусціў рукі ўніз і здаваўся здзіўленым самім сабою.

— Як шкада! — усклікнуў адзін з прысутных, а гаспадар дому на­блізіўся да Арлоўскага:

— Адклікаю маё рашэнне, — сказаў, працягваючы рукі да мастака: — Не будзе ўжо мой салон найшырэйшым, але затое кожны мне пазайздросціць.

І так, насамрэч, сцяна, што мелася быць зруйнаванаю, захавалася.

Каханы, любімы, шанаваны Арлоўскі праводзіў шчаслівае жыццё ў Пецярбургу. Часта вечарамі, пры ажыўляльнай дапамозе келіха, маляваў для сяброў на выгляд малазначныя эскізы, часам таксама як бы з неахвотаю мазаў пальцы ў тушы альбо ў атраманце, капаў імі на паперу і, углядаючыся ў плямы, вымалёўваў з іх рознага кшталту выявы, старанна заканчваючы малюнак пёркам. Падобным чынам намаляваную галаву арла мне самой здарылася пабачыць.

Жыццё размеранае, жыццё сібарыта, прыспешыла, як распавядаюць, смерць геніяльнага Арлоўскага; надышла яна, здаецца, у 1835 годзе.

З апавядання маёй маці,
вучаніцы Арлоўскага.
Дабраўляны, 1840 г.

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.

Гл. таксама:
НАДЗЕЯ УСАВА :: КАЛЕКЦЫІ АЛЯКСАНДРА АРЛОЎСКАГА: ПАДВОЙНАЕ ЗДАБЫЦЦЁ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY