|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ...
У гэтым артыкуле мы пастараемся прааналізаваць адну справу, разгледжаную біскупскім судом Магілёўскай архідыяцэзіі адносна сцвярджэння несапраўднасці сужэнства, якая цяпер знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску1. На прыкладзе гэтай справы паспрабуем прасачыць, як выглядаў ход судовага працэсу, з якімі перашкодамі сутыкалася яго правядзенне, якая прычына несапраўднасці была выбрана і якія доказы былі прыведзены ў якасці пацверджання несапраўднасці сужэнства. Гістарычны і кананічны кантэкст У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, а ў 1773 г. на тых тэрыторыях, якія па яго выніках былі далучаны да Расійскай імперыі, імператрыцай Кацярынай ІІ было створана Беларускае каталіцкае біскупства з рэзідэнцыяй біскупа ў Магілёве. Гэтаму біскупу павінны былі падпарадкоўвацца іншыя каталіцкія біскупы і вернікі лацінскага абраду на ўсёй тэрыторыі імперыі. Апостальскі пасад 15 красавіка 1783 года зацвердзіў гэтую ініцыятыву і архідыяцэзію пад назвай Магілёўскай. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай імператар Павел І устанаўлівае Магілёўскую архідыяцэзію мітраполіяй, а сядзібу біскупа вызначае ў Санкт-Пецярбургу. Магілёўскаму Мітрапаліту былі падпарадкаваны іншыя пяць рымска-каталіцкіх дыяцэзій на тэрыторыі Расійскай імперыі, г.зн. усе католікі лацінскага абраду на тэрыторыі імперыі. У 1775 годзе пры Магілёўскім біскупу ўказам імператрыцы Кацярыны ІІ была ўтворана кансісторыя — орган, які дапамагаў біскупу здзяйсняць уладу і выконваць абавязкі. Расійскімі ўладамі інстытут кансісторый быў створаны ў 1744 г. для кіравання Праваслаўнай Царквой на землях імперыі. У падпарадкаванні кансісторыі знаходзіўся біскупскі суд. Больш правільна будзе сказаць, што сама кансісторыя выконвала судовыя функцыі. Судовай юрысдыкцыі падлягалі як духоўныя асобы, практычна па ўсіх відах правапарушэнняў, акрамя цяжкіх крымінальных злачынстваў, так і свецкія — па пытаннях законнасці нараджэнняў і сужэнстваў, а таксама злачынстваў у сферы грамадскай маралі. Рашэнні кансісторыі зацвярджаліся дзяржаўнымі ўладамі2. Кансісторыі былі аналагамі курыі пры дыяцэзіяльных біскупах, органах, прадугледжаных кананічным правам з той розніцай, што курыя ўтварала з біскупам адно цэлае, дзейнічала ад яго імя і спыняла сваю дзейнасць у выпадку смерці біскупа, які выбіраў яе супрацоўнікаў. У Расійскай імперыі кансісторыі былі органамі, падпарадкаванымі біскупам, але мелі больш свецкі характар і тэарэтычна часам маглі дзейнічаць самастойна ад біскупа3.
Несапраўднасць сужэнства (агульная інфармацыя) У кампетэнцыю суда рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі ўваходзіла сцвярджэнне несапраўднасці сужэнства. У такіх выпадках члены кансісторыі дзейнічалі ад імя кіруючага біскупа і рэалізоўвалі яго судовую ўладу. Згодна з дактрынай Каталіцкага Касцёла, сужэнства, заключанае і дапоўненае інтымным актам, не можа быць скасаванае4. Касцёл разглядае сужэнства як дамову паміж мужчынам і жанчынай, адной з умоваў якой з’яўляецца неразрыўнасць сужэнскай повязі. Калі гэтая дамова была заключана з парушэннямі, можна сцвярджаць, што сужэнства ўвогуле не пачало існаваць. У такім выпадку зацікаўленыя асобы могуць звярнуцца да касцёльнай улады з просьбай аб прызнанні сужэнства несапраўдным. Падобныя працэсы існуюць таксама ў грамадзянскім праве. Напрыклад, пры фіктыўным заключэнні згоды на сужэнства арганізуецца працэс аб яго несапраўднасці, а не аб разводзе. Можна назваць асноўныя прычыны несапраўднасці сужэнства: парушэнні формы заключэння сужэнства; наяўнасць перашкоды пры заключэнні сужэнства; нежаданне заключыць сужэнства ў каталіцкім яго разуменні; заключэнне сужэнства асобамі, да гэтага няздольнымі.
Ход судовага працэсу Для прастаты раскрыцця разгляданай судовай справы мы будзем называць яе справай 1272/1918, бо пад такім нумарам і ў такім годзе яна была перададзена ў другую судовую інстанцыю. Асобы, якія фігуруюць у дадзенай справе ў якасці бакоў працэсу, прадстаўлены пад сваімі ўласнымі імёнамі, а іх прозвішчы скарочаны да першай літары для таго, каб пазбегнуць ідэнтыфікацыі з магчымымі іх нашчадкамі, што ў выпадку такіх далікатных справаў з’яўляецца непажаданым. Часам бакі працэсу будуць названыя ісціцай і адказчыкам. 30 сакавіка 1901 года ў Магілёўскі архідыяцэзіяльны суд звярнулася сялянка Апалонія М. з просьбай прызнаць несапраўдным сужэнства, якое яна заключыла 16 ліпеня 1900 года ў касцёле ў вёсцы Каркажышкі5 Кемелішскай воласці з Вікенціем Г. Ісціца сцвярджала, што да сужэнства яна была прымушаная сваімі бацькамі. Суд Магілёўскай архідыяцэзіі вызначыў абаронцам сужэнскай повязі6 кс. Францыска Стракчаса, які нёс служэнне на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі. Абаронца вызначыў спіс сведкаў у гэтай справе і пытанні, згодна з якімі яны павінны былі праслухацца. Праслухоўванне сведкаў звычайна з’яўляецца асноўнай часткай збору доказаў, які ў гэтай справе быў даручаны суду Віленскай дыяцэзіі, паколькі на тэрыторыі гэтай дыяцэзіі пражывалі ісціца і ўсе сведкі. Адказчык у гэтай справе — спадар Вікенцій Г., у 1906 годзе даў суду тлумачэнне, што прымусу ісціцы да сужэнства не было, і што яна пасля замужжа дабравольна пражывала з ім у Санкт-Пецярбургу і беспадстаўна і раптоўна яго пакінула, вярнуўшыся да бацькоў. Прызнання несапраўдным свайго сужэнства адказчык не пажадаў. Вялікая адлегласць паміж сядзібай Магілёўскага суда ў Санкт-Пецярбургу, Віленскага суда і месцам жыхарства пазоўніцы і сведкаў зацягнулі збор доказаў у гэтай справе на некалькі гадоў. Суд заслухаў ісціцу і восем сведкаў. Збор доказаў быў завершаны ў 1906 годзе. Суд не змог заслухаць маці ісціцы, паколькі яна на той час моцна хварэла, і не змог праслухаць кс. Адольфа Пятроўскага — пробашча парафіі, у якой адбыўся шлюб і які яго благаслаўляў, паколькі ён на той час ужо памёр. 5 лютага 1907 года абаронца сужэнскай повязі прадставіў суду свае Заўвагі і палічыў, што не была даказана несапраўднасць сужэнства. Пасля завяршэння названых вышэй этапаў працэсу справа была перададзена ў архіў Магілёўскай кансісторыі, паколькі на той час быў страчаны кантакт з ісціцай і яна не ўнесла сродкі за правядзенне працэсу. Правядзенне судзейскага працэсу было ізноў адноўлена, паколькі 5 снежня 1915 года аб гэтым папрасіў адказчык Вікенцій Г. Доказны матэрыял быў дапоўнены паказаннямі адказчыка і Заўвагамі іншага абаронцы сужэнскай повязі. Адказчык у 1915 годзе заплаціў ганарар абаронцу ў памеры 25-ці рублёў7. Урэшце 1 красавіка 1916 года суд Магілёўскай архідыяцэзіі вынес рашэнне, прызнаючы разгляданае сужэнства несапраўдным. Паколькі кананічная працэдура прадугледжвала магчымую апеляцыю, справа была перададзена абаронцу сужэнскай повязі. Ускосна можна палічыць, што ён скарыстаўся такім правам, бо 26 сакавіка 1918 года справа была перададзеная ў суд Ціраспальскай дыяцэзіі для разгляду ў другой інстанцыі. Перад вынясеннем рашэння суд не змог скарыстацца магчымасцю заахвоціць бакі працэсу прымірыцца і ўзнавіць сужэнскае жыццё, як гэта прынята ў кананічнай працэдуры і душпастырскім падыходзе. Такая магчымасць тэарэтычна існавала, хоць і было даказана, што ісціца была да сужэнства прымушаная, яна магла б пасля столькіх гадоў ужо свабодна захацець выйсці за адказчыка. Суд не меў магчымасці схіляць ісціцу да прымірэння, бо на этапе ўзнаўлення працэсу тая сядзела ў турме за саўдзел у забойстве свайго дзядзькі, а баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны пагаршалі камунікацыю.
Фактычныя матывы судзейскага рашэння Выносячы рашэнне аб несапраўднасці сужэнства, суд кіраваўся паказаннямі бакоў працэсу і сведкаў. Даючы паказанні пра абставіны заключэння сужэнства, ісціца засведчыла, што казала сваім бацькам аб нежаданні выходзіць замуж за Вікенція Г. Жаніха яна не ведала раней, пазнаёмілася з ім за некалькі тыдняў да жаніцьбы, калі той прыйшоў сватацца. Вікенцій Г. быў больш заможным, чым яе бацькі, пражываў у Санкт-Пецярбургу, таму быў, на думку бацькоў, для іх дачкі «добрай партыяй». Апалоніі выбраны яе бацькамі жаніх не падабаўся, пра што яна гаварыла адкрыта і рэзка, матывуючы гэта тым, «что лучше смотреть на собаку, чем на него»8. Можна зрабіць выснову, што адразу пасля першага знаёмства бакоў і згоды бацькоў нявесты на шлюб бакі разам з бацькам Апалоніі паехалі ў мясцовы касцёл для выканання перадшлюбных фармальнасцяў. Мясцовы пробашч запісаў іх дадзеныя, задаваў ім пытанні адносна меркаванага шлюбу і прызначыў дату шлюбу. Вікенцій сцвярджаў, што за Апалонію адказваў яе бацька. Калі жаніх потым заходзіў у дом Апалоніі, тая хавалася ад яго. Напярэдадні шлюбу, як сцвярджаў Вікенцій, ён атрымаў ад Апалоніі запіску, што яна не хоча выходзіць за яго замуж. Бацькі стараліся прымусіць дачку згадзіцца на сужэнства, збіваючы яе «палкою от метлы или другим каким-либо хозяйственным предметом»9. Сведкам гэтага быў мужчына, які жыў у доме бацькоў Апалоніі. Бедная нявеста прасіла яго пайсці ў суседні фальварак да яе «кавалера», каб узяць грошы, якія б маглі кампенсаваць выдаткі Вікенція Г., патрачаныя на арганізацыю вяселля, і такім чынам пазбегнуць жаніцьбы. Просьбу гэтую той не выканаў, бо баяўся страціць магчымасць жыць у доме бацькоў Апалоніі. Узгаданы «кавалер» раней спрабаваў сватацца да Апалоніі. У касцёл на споведзь напярэдадні шлюбу Апалонія ісці не хацела: маці знайшла яе на могілках, куды дачка ўцякла, плакала там і паўтарала: «Пусть могила меня накроет»10. Аб сваім нежаданні выходзіць замуж ісціца заявіла ў той самы дзень у прысутнасці арганіста і мясцовага пробашча ў сакрыстыі касцёла. У той самы дзень ісціца прыступіла да споведзі ў прыезджага святара і прасіла аб дапамозе ў яе праблеме. Паколькі Апалонія настойвала на сваім, сужэнства было адкладзена. Незадаволеныя паводзінамі дачкі, бацькі яе білі, што бачылі іншыя людзі. Сведкі працэсу бачылі сінякі на яе целе і чулі ад бацькоў пагрозы забіць Апалонію ў выпадку, калі тая не саступіць. Бацька ісціцы прызнаў факт прымусу. Праз два тыдні адбылася другая спроба заключэння касцёльнага сужэнства паміж Апалоніяй і Вікенціем. На шлюбе Апалонія моцна плакала і пасля заканчэння абраду выбегла з касцёла, яе схапілі родныя і знаёмыя і ўгаварылі паехаць на вяселле. На момант шлюбу Апалоніі было 18 гадоў, а Вікенцію 35 гадоў. Праз тыдзень пасля жаніцьбы Апалонію ўгаварылі паехаць з Вікенціем на пастаяннае месца жыхарства ў Санкт-Пецярбург. Адпраўляючы дачку, маці зашыла ў вопратку Апалоніі залаты імперыял11, каб тая мела грошы на дарогу да бацькоў, магчыма, прагназуючы, што жыццё маладых можа не скласціся. У горадзе Апалонія пражыла крыху больш за два месяцы і вярнулася да бацькоў. Паміж маладымі не было інтымных адносінаў, бо Апалонія іх пазбягала: Вікенцій сцвярджаў, што пры адной такой спробе інтымнай блізасці яна яго моцна ўдарыла, і ён быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Высновы У разгляданай судовай справе маем выпадак тыповага даказанага прымусу да жаніцьбы. Вялікая адлегласць паміж сядзібай суда і месцам пражывання ісціцы і сведкаў, з улікам тагачасных сродкаў камунікацыі і транспартных зносінаў, зацягнулі збор доказаў у гэтым працэсе. Першапачаткова адказчык заяўляў, што яго сужэнства сапраўднае, але паколькі ісціца перастала выходзіць на сувязь з судом, справа была аддадзена ў архіў. Калі ж адказчык зацікавіўся справай, яе правядзенне было ўзноўленае праз восем гадоў і даведзенае да канца, г.зн., што быў вынесены канчатковы прысуд. Бакі працэсу і сведкі пацвердзілі, што бацькі прымусілі Апалонію выйсці замуж. Аб сваім нежаданні сужэнства з адказчыкам яна заяўляла публічна. Каб пераадолець супраціў дачкі, бацькі выкарыстоўвалі супраць яе фізічнае насілле. Жаніха ісціца не ведала, пазнаёмілася з ім, калі ён зрабіў прапанову аб жаніцьбе. Першая спроба шлюбу ў касцёле была няўдалай з-за яўнага супраціву нявесты. Каб спыніць далейшае збіццё бацькамі, пазоўніца пры другой спробе шлюбу ў касцёле актыўна не пратэставала супраць шлюбу. Вынікам прымусу да сужэнства была антыпатыя, якая ўзнікла ў прымушанай асобы пасля шлюбу. Гэтую антыпатыю ісціца праяўляла ўхіленнем ад палавога жыцця з адказчыкам. Праз некалькі месяцаў супольнага пражывання з адказчыкам ісціца вярнулася жыць да сваіх бацькоў…
Прыведзены прыклад судовай справы з’яўляецца адным з многіх прыкладаў аб сцвярджэнні несапраўднасці сужэнства, разгледжаных Магілёўскай кансісторыяй. Для даследчыкаў юрыдычнай дзейнасці гэтай установы надалей застаецца шырокае поле для адкрыццяў, можна нават сказаць, што гэтае пытанне амаль некранутае. Даследаванні, якія праводзіліся да гэта часу, датычылі судовых правоў з пункту гледжання гісторыі і архівістыкі, а не юрыспрудэнцыі і тэалогіі.
|
|
|