Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…»

Слова пра Эдварда Паўловіча — мастака-мемуарыста

Эдвард-Баніфацы Паўловіч, аўтапартрэт, 1853 г.
Палатно, алей.
Нацыянальны музей Літвы.

Адкажыце мне (і тым самым — падкажыце): як гэта можна сталаму чалавеку (а ў пазамінулым стагоддзі 60-гадовы век чалавека раўняўся ці не 75-гадоваму дзядулю ХХІ ст.) пісаць успаміны пра жыццё сваё пражытае і ані разу не згадаць… месца ўласнага нараджэння?! У чым прычына?

Да прыкладу: нашая слынная паэтка Ларыса Геніюш (моладзь сучасная любіць слова «культавая») сваю знакаміта трагічную кнігу ўспамінаў «Споведзь» распачынае біблійным: «Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы»…

А ў чалавека выходзіць некалькі кніг успамінаў, прытым адна з іх вытрымлівае ці не тры перавыданні (!), г.зн., яе аўтару тэкст можна «дапрацоўваць і дапаўняць»: «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (Львоў, 1882; 1883; 1901). Аднак пачынаецца яна не запеўнай гасаннай пра маленства, а пра грамадска-палітычны стан сучаснасці: «Быў час, калі сярод грамадскай працы на Літве сваю думку можна было выказаць гучна [голасна] і публічна».

Чалавек гэты — не шараговы дзеяч культуры, бо на спадчыну яго могуць па праву прэтэндаваць й ганарыцца сама бедна чатыры народы: Летува (дзе ён нарадзіўся ў былым мястэчку Тургеляй Троцкага павету; гэта цяпер Vilniuski павет); Украіна (дзе пахаваны на старадаўніх Лычакоўскіх могілках у Львове); Польшча (на мове яе народа напісаў усе свае літаратурныя творы), ну і наша айчына Літва-Беларусь, дзе, згодна адзначаным успамінам, прайшлі ягоныя найлепшыя залатыя гады. Прынамсі, загалоўкі выданняў сведчаць пра памяць, прыкутую да абшараў беларускіх палеткаў і ягоных жыхароў: «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (згаданыя вышэй перавыданні); «Успаміны: Наваградак — турма — выгнанне» (1887); «З падарожжа па Літве» (1890); «З успамінаў: Год 1846»; (1898); «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзясяткаў год назад» (абодва 1904 г.), «Двое памятных дзён у Менску, 1863 г.» (1906) ды інш.

Эдвард Паўловіч. «Парафіяльны касцёл у Ішкалдзі», 1848 г.
Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта.

Імя мемуарыста — Эдвард-Баніфацы, сын літоўскага каморніка Франца Паўловіча і Кунегунды з Пагарэльскіх. Па ахопу і плёну выдадзенага Эдвард Паўловіч — самы пладавіты мемуарыст пазамінулага стагоддзя. Праўда, з той пералічанай ягонай аграмаднай й каштоўнай мемуарыстыкі на тысячы старонак мы сёння не ведаем анічагусенькі, паколькі яна напісаная на «лаціне ХІХ стагоддзя»: польскай мове, і дасюль не перакладзеная. Унікальнасць усяго, што выйшла з-пад ягонага пяра і тым самым пакінута нам, нашчадкам, яшчэ належыць ацаніць. І ўнікальнасць не проста мастацкага стылю, захапляльнага сюжэту (памятаем, што самы «круты» сюжэт прыдумвае само чалавечае жыццё), але і фенаменальнасць ягонай памяці, якая, да прыкладу, падаравала нашаму пісьменству цэлага паэта: Францішка Савіча.

Там блізко Піньска на шыроком полю,
Дзе між лугамі плыве Струмень быстры,
Там сідзя Літвін расказваў сваю долю…

Амаль сотняй беларускіх паэтычных радкоў (з выразным палескім каларытам) узбагаціў Эдвард Паўловіч айчыннае прыгожае пісьменства.

Як верш Паўлюка Багрыма (урывак) з’яднаны з імем першапублікатара Ігнася Яцкоўскага (таксама мемуарыста), як паэма «Слова пра паход Ігаравы» прыгадваецца ў тандэме з прозвішчам графа Мусіна-Пушкіна, што адшукаў яе, гэтак імя нашага паэта сярэдзіны ХІХ стагоддзя Францішка Савіча [каля 1815-га — каля 1845-га] ва ўсіх энцыклапедычных крыніцах згадваецца разам з прозвішчам першапублікатара Э. Паўловіча.

Унікальнасць адзначанага — яскравы прыклад таго, што «матэрыяльная каштоўнасць аднаго чалавека» (ягоная памяць) ператвараецца ў каштоўнасць духоўную, узбагачаючы цэлы народ. Да прыкладу, калі мне шчасціць у архіве адшукаць «кракаўскі» спіс класічнага твора «Тарас на Парнасе» з невядомымі строфамі ў «кананічным» тэксце паэмы або беларускі верш Вайніслава-Казіміра Сулімы-Савіча-Заблоцкага «Гэй, Баяне Украінскі, гутарку табе я сказаў бы, беларусін…» — гэта, насамрэч, толькі пытанне часу, калі тая ці іншая мастацкая пярліна вырвецца з рукапісных кайданоў маўчання, з-пад напластаванага архіўнага пылу. Тое ж, што зацытаваў у сваіх каштоўных успамінах Эдвард Паўловіч, засталося арыгінальным й непаўторным. Як арыгінальнымі й непаўторнымі засталіся мастацкія карціны й абразы, створаныя ягоным пэндзлем. Польскія мастацтвазнаўцы, пералічваючы палотны Э. Паўловіча, адзначаюць пераважна «касцёльную тэматыку» (абраз святога Дамініка паводле Тыцыяна ў наваградскай фары, партрэт Станіслава Косткі паводле Ribery ў капліцы тамтэйшай гімназіі, абраз святой Тэлімэны і інш.). Аднак з-пад пэндзля і алоўка мемуарыста-мастака выйшлі і арыгінальныя палотны ды краявіды. Адзін з іх — выява гатычнага касцёла другой паловы XVІ у Ішкалдзі — упрыгожыла юбілейны 100-ы нумар «Нашай веры».

Магіла Эдварда Паўловіча на Лычакоўскіх могілках у Львове. Фота Ігара Мончука.

Спадзяемся, калі неўзабаве, у 2025 годзе (на адшуканай нядаўна магіле ў Львове чамусьці аднатаваны год «1815»), мы прычакаем удвая важкі юбілей самога мастака, мемуарыста, педагога, актора, рэжысёра, дэкаратара, спецыяліста-кансерватара, музейшчыка, архівіста Эдуарда Паўловіча, выбар на афармленне тома выдання ягонай творчай спадчыны будзе больш багатым і не паўторыць вокладку нашага часопіса.

Філасофію, уласнае думанне і прычыны, якія штодня штурхалі творцу да актыўнага дзеяння, мастак-мемуарыст аднатаваў у адной з рэфлексій, якіх гэтак багата на старонках ягоных шматлікіх кніг:

«Нехта можа скажа, што згодна духу часу, які паравым цягніком гоніць па дарозе ўтылітарызму, сентыменталізмам патыхае ці роздум над былым або перапісванне рэчаў, якіх сам час спісаў-актываваў [ad acta склаў у архіў], бо ўсё тое, што прамінула, перастала існаваць, яно непатрэбнае, а таму і казаць пра яго няварта. На гэта адкажу: адвечным парадкам рэчаў кожны дзень зацірае сляды дня пражытага; на руінах гадоў новыя гады ўзводзяць новае, і новы матэрыял будзе збірацца на будучых руінах… Што са смерці паўстае жыццё і наадварот. Але менавіта таму, што ўсё змяняецца, як змяняецца аблічча каханай істоты, складзенай у труну <...> — пакуль яшчэ час, а найболей злая воля не зменіць тыя мілыя для нас рысы й абліччы — ухапіць, аднавіць іх, перш чым века труны не замкне назаўжды іх, належыць захаваць хоць цень яго для вечнай памяці, а нярэдка дзеля перасцярогі й навукі…»

Язэп Янушкевіч


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY