Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Марына ПАШУК

ЧАЛАВЕК ЁН ПРЫШЛЫ, НЕТУТЭЙШЫ

Сучасны свет як ніколі сутыкаецца сёння з моцнымі хвалямі эміграцыі. У пошуках лепшага жыцця, бяспекі, уцякаючы ад пераследу ці вайны, голаду ці нястачы, многія або самі, або пад ціскам абставінаў пакідаюць свае землі, свае дамы і выпраўляюцца часам у вельмі рызыкоўныя падарожжы. Для адных яны заканчваюцца паспяхова, для другіх трагічна. Адных прымаюць, а другім не ўдаецца спазнаць прыхільнасць з боку мясцовых жыхароў.

Ва ўсім гэтым нас, людзей веры, цікавіць пытанне: як павінен ставіцца да працэсу міграцыі, да мігрантаў веруючы чалавек?

Крыніцаю пэўных аб’ектыўных адказаў на такія пытанні можа стаць Біблія. Паспрабуем прасачыць тэму мігрантаў на яе старонках.

Самым папулярным прыкладам біблійнай «эмігранткі» з’яўляецца Рут маабітка. Разам са сваёй свекрывёю яна пакідае родную зямлю, Мааб, і выпраўляецца ў Юдэю. Наэмі, яе свякроўка, таксама да пэўнага часу была «эмігранткай» у Маабе, які пасля пакінула і вярнулася на свае родныя землі. У гэтай гісторыі ёсць вельмі важная дэталь. Перш чым пайсці за Наэмі, Рут становіцца празеліткай, прамаўляе сваю знакамітую дэкларацыю: «Твой народ будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам» (Рут 1, 16). Праз гэта яна здабыла прыхільнасць спачатку Наэмі, а затым, паслухмяна выконваючы наказы Наэмі, таксама і жыхароў Бэтлеема.

Эмігрантам быў таксама Абрагам, які выправіўся разам са сваім бацькам Тэрахам з Ура халдэйскага ў Харан, а затым у зямлю абяцання – Канаан. Паводзіць ён сябе вельмі асцярожна на зямлі, якая, хоць і была яна абяцаная яму, але на ёй ужо жылі іншыя людзі. Таму Абрагам звяртаецца да мясцовых жыхароў, хетаў, з пакорлівай просьбай выдзеліць яму месца для пахавання сваёй жонкі Сары: 4«Я сярод вас прышлы пасяленец1 (גֵּר־וְתוֹשָׁ֥ב). Дайце сярод вас мне ва ўласнасць пахавальню, каб я пахаваў сваю памерлую» (Быц 23, 4).

Будучы прышлым, чужынцам, Абрагам цешыўся, аднак, вялікай павагай сярод сыноў Хета. Таму чуе ад іх такі адказ: 6«Паслухай нас, васпане2! Ты сярод нас Божы князь3. Пахавай сваю памерлую ў найлепшай з нашых пахавальняў. Ніхто з нас не адмовіць табе ў сваёй пахавальні, каб ты мог пахаваць сваю памерлую» (Быц 23, 6).

Чужынцам быў таксама Майсей для свайго цесця Етры, пра што сам і кажа. Таму і сына свайго, народжанага ад Сіпоры, ён называе Гершом, што азначае «прышлы», «прыхадзень», «нетутэйшы», «перасяленец»: «Яна нарадзіла сына, а ён назваў яго Гершомам (גֵּרְשֹׁם 4), бо казаў: „Я стаў прыхаднем5 (גֵּר) на чужой зямлі”» (Зых 2, 22).

Ну і самы вядомы эмігранцкі рух, апісаны ў Бібліі, – гэта перасяленне сыноў Якуба ў Егіпет. Спазнаўшы цяжар перасялення, габрэі некаторы час шчасліва жылі на чужыне, але з цягам часу ўсё змянілася: яны сталі ў Егіпце нявольнікамі, якіх моцна прыгняталі і змушалі цяжка працаваць. Таму пасля ўцёкаў з Егіпта і атрымання свабоды ў сваім Законе яны замацавалі вельмі важны наказ: «Чужынца (גֵּר) не крыўдзі і не ўціскай яго, бо вы самі былі чужынцамі (גֵּרים) ў зямлі егіпецкай» (Зых 22, 20). «Не прыгнятай чужынца (הַגֵּ֔ר), бо вы ведаеце жыццё чужынца (גֵּר), таму што і самі былі чужынцамі (גֵּרים) ў егіпецкай зямлі» (Зых 23, 9).

Адзін з самых важных наказаў Торы на карысць мігрантаў гучыць так: «А калі паселіцца (גּור)6 побач з табою ў тваёй зямлі чужынец (גֵּר), не прыгнятай яго. Як тутэйшы і адзін з вас будзе для вас чужынец (גֵּר), які паселіцца (גּור) з вамі. Любі яго, як самога сябе, бо вы самі былі чужынцамі (גֵּרים) ў зямлі егіпецкай. Я — ПАН, ваш Бог!» (Лев 19, 33–34).

Бачым, што мігрантамі маглі быць не толькі ізраэльцяне, габрэі, але і людзі іншага паходжання, і неабавязкова іншаземцы. Адметна, што множны лік для іх азначэння выкарыстоўваецца толькі адносна сыноў Ізраэля, у іншых выпадках выкарыстоўваецца толькі адзіночны лік назоўніка גֵּר (ger), а значыць разглядаюцца ў гэтым сэнсе не праявы варожай экспансіі, але паасобныя выпадкі перасялення.

Хто ж такі גֵּר (ger)? Гэта і ёсць у пэўным сэнсе эмігрант, чалавек нетутэйшы, які адзін або з сям’ёй пакідае сваё былое месца жыхарства (племя, вёску, горад, краіну) з-за вайны, голаду, пошасці або здзейсненага злачынства, праліцця нявіннай крыві і шукае прытулку і новага жылля ў іншым месцы, дзе яго права на зямлю, сужэнства, рэлігію, суд, службу ў войску, удзел у мясцовых практыках культу на дадзенай тэрыторыі абмежаваны, паколькі ён не адсюль, не тутэйшы, не мясцовы: ён прыхадзень, з іншага племені, іншага паходжання, чалавек прышлы, прыезджы, чужынец, вандроўнік, той, хто ў дарозе, хто шукае жылля. Адным словам — ён госць; той, хто патрабуе апекі; каго аберагаюць гаспадары, якія яго прымаюць. Прыгожа пра гэта кажа псальміст:

«Выслухай, Пане, малітву маю,
і пачуй мой крык;
не будзь абыякавы да маіх слёз,
бо я госць (גֵּר)7 у Цябе, вандроўнік,
як усе мае продкі»
                              (Пс 39(38), 13).

«Я часовы жыхар (גֵּר) на зямлі,
не хавай ад мяне сваіх запаведзяў»
                              (Пс 119(118), 19).

Паколькі גֵּר (ger) — гэта чалавек прышлы, то ён павінен лічыцца са статусам госця, часовага жыхара: павінен да ўсяго прыглядацца, вучыцца быць і жыць з мясцовымі жыхарамі, не парушаючы іх парадку і звычаяў, каб пасля разлічваць на далейшую гасціннасць і падтрымку. З часам такія асобы далучаліся да рэлігійнага жыцця габрэяў, маглі ўдзельнічаць у кульце, у абрадзе ачышчэння (Ліч 19, 2-10), маглі адзначаць шабат (Зых 20, 10; Дрг 5, 14), удзельнічаць у святах (Дрг 16, 11. 14), маглі пасціцца ў Дзень паяднання (Лев 16, 29), складаць ахвяры (Лев 17, 8; 22, 18), рабіць абразанне і святкаваць Пасху (Зых 12, 48–49):

«А калі паселіцца (גּור) ў цябе чужынец (גֵּר) і захоча адзначаць Пасху ў гонар ПАНА, то абрэж кожнага мужчыну сярод яго. Тады ён можа прыйсці, каб адзначыць яе. Ён будзе як тутэйшы ў гэтай зямлі. Аднак ніводзін неабрэзаны не можа спажываць яе. Адзін закон будзе для тутэйшага і чужынца (גֵּר), які паселіцца (גּור) сярод вас» (Зых 12, 48–49)8.

Прынцып справядлівасці, сфармуляваны ў біблійных тэкстах рознага перыяду, патрабаваў адпаведных адносінаў да такіх людзей, якія былі нароўні з удовамі і сіротамі: іх нельга было выкарыстоўваць, прыгнятаць і ўціскаць: «Не прыгнятай чужынца (גֵּר), бо вы ведаеце жыццё чужынца (גֵּר), таму што і самі былі чужынцамі (גֵּרים) ў егіпецкай зямлі» (Зых 23, 9). «Не прыгнятай найміта, беднага і ўбогага з братоў тваіх або з чужынцаў (גֵּר) тваіх, якія ў зямлі тваёй, у брамах тваіх» (Дрг 24, 14). «Удавы і сіраты, чажынца (גֵּר) і беднага не прыгнятайце і не задумвайце зла ў сэрцы сваім адзін супраць другога» (Зах 7, 10); «…калі не будзеце ўціскаць чужынцаў (גֵּר), сіротаў і ўдоваў; калі не будзеце праліваць бязвіннай крыві ў гэтым месцы і хадзіць за чужымі багамі сабе на згубу, тады Я дазволю вам жыць на гэтым месцы – на зямлі, якую даў бацькам вашым адвеку і навекі» (Ер 7, 6–7).

У адносінах да людзей бедных, збяднелых, якія апынуліся ў патрэбе, ці быў гэта тутэйшы, ці чужынец, кніга Закону наказвала: «А калі збяднее твой брат і не будзе даваць сабе рады сярод цябе, падтрымай яго, як чужынца (גֵּר) і перасяленца, каб ён мог жыць з табою. Не бяры ад яго адсоткаў і барышу, але бойся твайго Бога, каб брат твой мог жыць з табою. Срэбра9 свайго не давай яму дзеля адсоткаў і ежы сваёй не давай дзеля барышу» (Лев 25, 35–36).

Усе гэтыя біблійныя заклікі да добрых адносінаў з людзьмі прышлымі маюць адну супольную рысу: заахвочванне наследаваць Бога ў Яго любові: «...Пан, Бог ваш, — гэта Бог багоў і Валадар валадароў, Бог вялікі, магутны і грозны, які не зважае на асобы і не бярэ хабару, які здзяйсняе правасуддзе адносна сіраты і ўдавы, любіць чужынца (גֵּר) і дае яму спажытак і адзенне. Таму і вы любіце чужынца (גֵּר), бо і самі былі чужынцамі (גֵּרים) ў егіпецкай зямлі» (Дрг 10, 17–19).

Сярод сыноў Ізраэля прыхадзень, чалавек прышлы, чужынец мог нават купляць сабе збяднелага тутэйшага, але права выкупу магло даць апошняму зноў свабоду (Лев 25, 47–49).

На зямлі Ізраэля ўсіх абавязваў адзін закон: «Калі ж сярод вас паселіцца чужынец (גֵּר) ці будзе сярод вас праз вашыя пакаленні, і захоча ўчыніць агнёвую ахвяру, пах, прыемны для Пана, як робіце вы, то няхай так зробіць.

Супольнасць будзе мець адно ўстанаўленне для вас і для чужынца (גֵּר), які пасяліўся, устанаўленне вечнае для вашых пакаленняў. Як вы, так і чужынец (גֵּר) будзе перад абліччам Пана.

Адзін закон і адзін суд будзе для вас і для чужынца (גֵּר), які пасяліўся сярод вас» (Ліч 15, 15–16).

Правы чужынца нельга было парушаць, бо гэта супярэчыла наказу гасціннасці: «Не парушай права чужынца (גֵּר), сіраты і не бяры ў заклад адзенне ўдавы. Памятай, што ты быў нявольнікам у Егіпце, а Пан, Бог твой, вызваліў цябе адтуль. Таму я загадваю табе выконваць гэта» (Дрг 24, 17–18).

«Пракляты той, хто перакручвае права чужынца (גֵּר), сіраты і ўдавы» (Дрг 27, 19). Таму справядлівы Ёў у адказ на абвінавачванні кажа, што ён нават выканаў патрабаванні Торы адносна чужынцаў10: «Чужынец (גֵּר) не начаваў на вуліцы; свае дзверы я адчыняў падарожнаму» (Ёў 31, 32).

Аднак сярод габрэяў чалавек прышлы карыстаўся не толькі пэўнымі правамі, але меў таксама абавязкі: абавязак чыстасці адносна ежы (Лев 17, 10–16), паслухмянасці Ягвэ (Лев 20, 2), падпарадкавання забароне казіродства (Лев 18, 26) і г.д.

Біблія выразна праводзіла мяжу паміж сваім і чужым. З часам паняцце «свой», «бліжні» габрэі пачалі інтэрпрэтаваць вельмі радыкальна: «сваім» быў толькі чалавек габрэйскага паходжання, а «чужым» адпаведна быў іншаземец, чужак. Таму ў Старым Запавеце акрамя паняцця גֵּר (ger) ёсць яшчэ паняцці для азначэння чужых, якія ніяк не маглі стаць сваімі з-за сваіх паводзінаў і паходжання. Гэта паняцці נֵכָר (nechar) 11 — чужы, іншы, чужак (гл. Быц 17, 12) і זָר (zar) — замежны, іншы, чужы, неізраэльскі, нелевіт (гл. Ліч 1, 51). Багі (гл. Быц 35, 2.4; Дрг 31, 16; 32, 12 і г.д.) або людзі, якіх так называлі, успрымаліся як ворагі, як тыя, хто нясе небяспеку і разлад. Адпаведна і адносіны да іх былі насцярожанымі. У дачыненні да некаторых мы таксама часам кажам: «Ты як не свой!» Тое ж маюць на ўвазе Рахэля і Лея, калі кажуць, што іх бацька адносіцца да іх, як да чужых, што яны для яго нібы не свае, бо чаму тады ён так з імі абыходзіцца12: «Ці ж не чужыя (נָכְרִיּוֹת) мы для яго, калі ён прадаў нас і праеў таксама нашае срэбра?» (Быц 31, 15).

Адрозненне такіх людзей ад тых, каго называюць גֵּר (ger), у тым, што гэтыя «іншыя», «чужыя», «не свае» не хацелі падпарадкавацца мясцовым звычаям і неслі ўсё сваё, ствараючы гэтым пагрозу для Ізраэля. Яны былі чужымі ў рэлігійным, культавым і этнічным сэнсе. Гэта былі варожа настроеныя чужаземцы, чужыя. Таму Тора забараняла такім удзельнічаць у кульце: «З рукі чужога (נֵכָר) не прыносьце на спажытак вашаму Богу з усяго гэтага, бо яны маюць пашкоджанне, з хібаю яны, таму не прынясуць вам прыхільнасці» (Лев 22, 25).

На падставе прыведзеных тэкстаў можна зрабіць выснову, што між тых, хто сяліўся сярод тутэйшых, былі як бы дзве групы: тыя, хто меў статус госця, хто прыходзіў з добрымі намерамі, а таму мог разлічваць на падтрымку і апеку, і тыя, хто ўсё ж заставаўся чужаком, іншаземцам, які не жадаў прымаць мясцовыя звычаі і падпарадкоўвацца агульным правілам. Таму стаўленне да іх было адпаведна варожым, бо такія чужаземцы - נָכְרִים (nachrim) і זָרִים (zarim) — стваралі небяспеку для Ізраэля і маглі стаць прычынай падзелаў і разладу. Напэўна таму пазнейшая біблійная сапенцыяльная традыцыя адносна такіх чужых папярэджвала: «Пасялі ў доме чужога (ἀλλότριον), і ён узбурыць цябе і адвядзе цябе ад тваіх» (Сір 11, 34).

Не толькі ў гісторыі Ізраэля чужыя, варожыя народы ды іх прадстаўнікі неслі шмат крыўды і знішчэння. Таму ў будаванні Божага Валадарства на зямлі неабходны рух насустрач адзін аднаму, каб быць не сілаю разбурэння, а сілаю будавання супольнасці ва ўсёй яе разнастайнасці. Але гэта ідэалістычная карціна, таму ўсім нам патрэбны сёння развага і ўзаемная пашана.

З запаведзі любові да бліжняга (гл. Лев 19, 18) біблійны Ізраэль выключаў נָכְרִים (nachrim) і זָרִים (zarim) — варожыя, чужыя народы і кожнага негабрэя, бо ўспрымаў іх як пагрозу. Але ў навучанні Езуса запаведзь любові выглядае інакш: на пытанне кніжніка «хто мой бліжні?» у прыпавесці пра самараніна (Лк 10, 29–34) Езус дае адназначны адказ: кожны чалавек, нават вораг: «Вы чулі, што сказана: „Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце (Ἀγαπᾶτε) ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 43–44).

Менавіта ἀγάπη (любоў) становіцца сутнасцю вучэння Хрыста, крыніцаю дабрачыннасці, міласэрнасці і спачування. Яна вядзе да гераічных цнотаў, а гэта ўжо шляхі святасці, да якой заклікае нас Бог: «Будзьце святымі, бо Я святы, Пан, ваш Бог!» (Лев 19, 2).

Прыгожа, калі людзі ідуць насустрач адзін аднаму, умеюць саступаць, імкнуцца зразумець адзін аднаго і шанаваць. Тады сапраўды разнароднасць становіцца вялікім багаццем кожнай супольнасці: і сямейнай, і народу, і парафіі. Хужэй, калі няма руху насустрач.

На заклік Бога быць святымі кожны дае свой адказ: як імігрант, так і тутэйшы. Адпаведна і кожны з іх атрымае сваю ўзнагароду за выкананне Хрыстовай запаведзі любові. І ў гэтым выявіцца вера кожнага, а па сутнасці мы ўсе прышлыя на гэтай зямлі, госці — גֵּר (ger), якія вельмі хочуць разлічваць на падтрымку і апеку Гаспадара гэтага свету — Бога; на тое, што Ён прыме ўсіх нас і не дасць нікога ў крыўду. Важна толькі не стаць нам для Яго тымі чужакамі, «не сваімі», чужымі, якія прыходзяць з Яго ласкі ў гэты свет і дыктуюць яго Гаспадару свае правілы.


  1. Рытарычная фігура гендыядыс: גֵּר־וְתוֹשָׁ֥ב (ger-jetušaw) — жыхар-чужынец, жыхар-прыхадзень.
  2. Дасл. «мой пане»; форма ветлівага звароту накшталт «шаноўны пане».
  3. Або: выбранец Божы, узвышаны Богам.
  4. Габр. גֵּרשֹׁם (geršom) - імя яго «прышлы», імя яго «прыхадзень», «нетутэйшы».
  5. Габр. גֵּר (ger) - прышлы, чужынец, нетутэйшы, чужаземец; прыблуда (зневаж.).
  6. Для азначэння з’явы эміграцыі ў Бібліі выкарыстоўваецца дзеяслоў גּור (gvr), які мае значэнне не «быць перасяленцам», «быць вандроўнікам», «затрымацца», «загасціць», «застацца» і жыць як чужынец. Пра Абрагама ды Ісаака сказана, што яны менавіта такія перасяленцы: «Урэшце Якуб прыйшоў да Ісаака, свайго бацькі, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Геброн, куды перасяліліся (גּור) Абрагам ды Ісаак» (Быц 35, 27).
  7. Таму чалавек і называе сябе госцем на зямлі, пілігрымам у гэтым свеце, вандроўнікам.
  8. Гл. Ліч 9, 14.
  9. Г.зн. грошай.
  10. Напэўна, з гэтым наказам Торы не ўсе спраўляліся паспяхова, калі пра яго так часта згадваецца на старонках Бібліі.
  11. Грэцкае ἀλλότριος.
  12. Гл. таксама Ліч 1, 51, дзе выкарыстана паняцце זָר (zar) у такім жа сэнсе: «Калі ж скінія будзе вырушваць, левіты разбяруць яе, а падчас стаяння скініі, левіты збяруць яе. А калі наблізіцца хто іншы (זָר), ён будзе забіты».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY