|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПАЭТ-РАМАНТЫК І СЯБРА АДАМА МІЦКЕВІЧАТворчасць Антонія Эдварда Адынца ў святле 200-годдзя рамантызму
У юбілейным, 100-м нумары часопіса «Наша вера», вельмі дарэчы будзе ўшанаваць таксама і знакавы сёлетні юбілей: 200-годдзе рамантызму ў літаратуры і культуры нашага краю. Фармальны адлік яго выпадае на 1822 год, калі ў Вільні быў выдадзены першы томік вершаў Адама Міцкевіча «Poezye», куды ўвайшлі балады і рамансы аўтара, а таксама яго тэарэтычны трактат «Аб рамантычнай паэзіі». Менавіта з выхадам гэтага зборніка рамантызм сцвердзіў сябе як вызначальны мастацкі напрамак у літаратуры польска-беларускага культурнага памежжа, а творы, якія ўвайшлі ў кнігу, сталі выяўленнем жанрава-стылёвай узорнасці новага напрамку. Рамантызм, як вядома, заявіў сябе не проста як напрамак у еўрапейскіх літаратурах канца XVIII — першай трэці ХІХ ст., ён утварыў цэлую культурную эпоху, што прыйшла на змену Асветніцтву і класіцызму, змяніўшы саму парадыгму светаўспрыняцця і іерархію каштоўнасцяў. Найважнейшую ролю ў гэтай парадыгме адыгрываюць пачуцці чалавека, яго ўнутраны стан, або ўспрыняцце рэчаіснасці сэрцам, «унутраным» духоўным «зрокам», які дазваляе бачыць «нябачныя рэчы» — цуды. Для асветніцкай эпохі і класіцыстаў з іх «культам розуму» гэта ўсё лічылася другасным або «хімерным», забабонным, а найважнейшым пунктам адліку і крыніцай натхнення для іх была матэрыяльная рэчаіснасць, прырода і ўсе знешнія фактары, даступныя фізічнаму, цялеснаму ўспрыманню. Сваёй баладай «Рамантычнасць» Міцкевіч палемізаваў з такімі поглядамі, называючы іх «мёртвымі праўдамі», і прапаноўваў кантраст — «праўды жывыя», пазнанне якіх магчымае не розумам, а сэрцам. Балада заканчваецца менавіта такім заклікам: «Май сэрца, глядзі ў сэрца!» Выбарам такога прыярытэту рамантычнае светаадчуванне злучалася з хрысціянскім бачаннем чалавека, чулае сэрца якога, адкрытае на Бога, здольнае распазнаваць нябачную таямніцу Божай прысутнасці ў свеце. З актуалізацыяй «культу сэрца» і «свету духаў» рамантыкі пачынаюць шукаць крыніцы натхнення ў фальклоры, народных традыцыях, вераваннях, у мясцовай, рэгіянальнай гісторыі, якая класіцыстам таксама здавалася чымсьці маргінальным, не вартым увагі, як і прыватныя пачуцці і станы чалавека — сяброўства, каханне, рэлігійнасць. Спосабам мастацкага пранікнення ў тайны быцця для рамантыкаў становіцца містычны сімвалізм, пачынальнікам якога лічыцца Уільям Блэйк. У баладзе Міцкевіча «Рамантычнасць» ёсць яўная адсылка да яго знакавага містычнага вобразу: «Свет цэлы ў пылінцы знаходзіш…». Англійскія рамантыкі, заснавальнікі «азёрнай школы» Вордсворт і Кольрыдж, ствараюць узоры літаратурнай рамантычнай балады, заснаванай на народных легендах, паданнях пра таямнічыя мясціны і людзей, у жыцці якіх пастаянна прысутнічае штосьці загадкавае, звышрэальнае, не спасцігальнае розумам. Вяршыняй жа рамантычнага пошуку ідэалу, узняцця над рэчаіснасцю стала творчасць Байрана, які паўплываў на ўсю еўрапейскую рамантычную традыцыю. Такім чынам, для рамантыкаў рэальныя звыклыя рэчы ўпісваюцца ў звышрэальную прастору, дзе ўсё дыхае незвычайным і таямнічым, надаючы духоўнае, Боскае вымярэнне гісторыі быцця асобнага чалавека і народа. Ключавым становіцца таксама ідэал свабоды, на якую мае права кожны чалавек і кожны народ, а змаганне за права на свабоду становіцца адной з дамінантных тэмаў у творчасці рамантыкаў. У святле такіх эстэтычных прынцыпаў не дзіўным выглядае тое, што ўлюбёнай крыніцай вобразаў і матываў для рамантыкаў становіцца Біблія — кнігі Старога і Новага Запаветаў.
Яшчэ будучы студэнтамі Віленскага ўніверсітэта — моцнага асяродку асветніцкіх ідэй, Адам Міцкевіч і яго сябры-літаратары з кола філаматаў і філарэтаў адчулі магутны ўплыў еўрапейскага рамантызму і сталі выдатным пакаленнем рамантыкаў у гісторыі літаратуры нашага народа і нашага краю. Балады і рамансы Міцкевіча, выдадзеныя ў 1822 г., ачолілі і натхнілі айчынны рамантызм, які ў 1820–1840-я гг. становіцца вядучым напрамкам, не знікаючы з літаратурнага жыцця і ў наступныя дзесяцігоддзі, мадэрнізуючыся з улікам новых эстэтычных выклікаў часу. Бадай самым прадуктыўным жанрам рамантызму заставалася балада, ліра-эпічная форма якой стварала асабліва прыдатныя ўмовы для спалучэння рэальнага і звышрэальнага. Асабліва любілі рамантыкі-філаматы баладныя сюжэты, звязаныя з возерам Свіцязь, услаўленым у шырока вядомых баладах Міцкевіча «Свіцязь» і «Свіцязянка», Яна Чачота «Свіцязь», Тамаша Зана «Свіцязь-возера». Прывабнымі для творцаў баладаў былі і іншыя тэрытарыяльна-ландшафтныя сімвалы Беларусі, якія знаходзім, напрыклад, у баладах Чачота «Мышанка», «Наваградскі замак», «Калдычэўскі шчупак». На жаль, далёка не ўсе творы польскамоўных пісьменнікаў нашага краю, прадстаўнікоў рамантызму, перакладзены на беларускую мову і даступныя сённяшняму чытачу. Сярод такіх малавядомых аўтараў застаецца і знакаміты ў сваім часе пісьменнік, сябра Адама Міцкевіча, удзельнік таварыства філарэтаў Антоні Эдвард Адынец (1804–1885). Як і ўсе сябры філамацка-філарэцкага кола, ён быў рамантыкам у творчасці, захаваўшы вернасць рамантычнаму светаадчуванню на працягу ўсяго доўгага жыцця, перажыўшы шматлікія ўзрушэнні, пераслед, эміграцыю, выкліканыя яго ўдзелам у вызвольным руху — паўстанні 1830 года. Паэтычнай творчасці Адынца ўласціва таксама глыбокая духоўная напоўненасць, прасякнутасць рэлігійным светаадчуваннем, біблійнымі матывамі і вобразамі. Сутнасць яго чалавечай і грамадзянскай пазіцыі вызначала любоў да Бога і да Краю, любоў да сяброў і да той справы, адраджэнню якой, пачынаючы ад згуртавання філаматаў, яны горача і аддана служылі, вызнаючы тыя самыя ідэалы, што былі агучаныя Адамам Міцкевічам у яго вядомым філамацкім вершы-маніфесце «Песня [Адама]», напісаным у 1819 г.:
У моладзевым асяроддзі была любімая таксама і напісаная ўслед за гэтым творам Міцкевічава «Песня філарэтаў», дзе паэт працягваў фармуляваць у новых вобразах ідэі сяброўскай салідарнасці, мужнасці і вернасці духу продкаў. Праз некалькі гадоў традыцыю Міцкевіча працягне Антоні Эдвард Адынец, адгукнуўшыся ўслед за сябрам сваёй «Песняй філарэтаў» у 1823 г. Як вядома, у гэтым жа годзе моладзевыя згуртаванні былі выкрытыя царскімі ўладамі, пачаліся арышты і пакаранне ўдзельнікаў. Нібы прадбачыўшы гэта, Адынец пісаў:
Сяброўства з Адамам Міцкевічам Адынец захавае на ўсё жыццё, перажыўшы сябра на 30 гадоў. Яны сустрэнуцца зноў у Рыме ў 1830 г., на пачатку сваёй эміграцыі. Пасля таго, як таварыствы філаматаў і філарэтаў перасталі існаваць, а многія сябры, у тым ліку Міцкевіч, былі зняволеныя і трапілі ў высылку, Адынец працягваў жыць на радзіме «пад наглядам», аднак удзел у паўстанні 1830 г. змусіў яго да эміграцыі; Міцкевіч жа апынуўся ў Заходняй Еўропе на год раней — у 1829 г., адбыўшы папярэдне турэмнае зняволенне і пяцігадовую расійскую ссылку. Чуласць іх сяброўства адлюстраваная ў вершы «Да Адама Міцкевіча», які Адынец напісаў менавіта з нагоды іх сустрэчы ў Рыме. Адынец годна і сціпла вызначае сваё месца каля славутага сябра, будучага аўтара дрэздэнскіх «Дзядоў» і «Пана Тадэвуша». У біблійным духу ён акрэслівае ролю і значэнне Міцкевіча як Богам натхнёнага паэта-прарока, на якога «сплывае дух Панскі». Самога сябе ён бачыць толькі водбліскам, адбіткам таго святла, якое пакідае на ім гэтае сяброўства: «І майму сэрцу досыць той надзеі…» — шчыра прызнаецца ён, параўноўваючы сябе з маленькім светлячком, што ў прысмерку прысеў на адзенні. Высокая рамантычная ўзнёсласць духу напаўняе і іншыя вершы Антонія Эдварда Адынца, у якіх акцэнтуюцца ідэалы барацьбы за свабоду, любові да роднага краю, сумленнасць і годнасць у нясенні сваіх абавязкаў, ідэалы служэння Богу і Айчыне. Часта яго вершы гучаць як сведчанне хрысціянскай веры, напрыклад, калі ён разважае над евангельскім паняццем Праўды (верш «Праўда») або над тым, якую малітву чуе і прымае Пан Бог («Пацеры») 3. Дарэчы, верш «Пацеры», напісаны яшчэ ў філарэцкі перыяд, у прыжыццёвым выданні 1874 г. аднесены аўтарам да цыклу «Легенды» і мае падзагаловак «З павятовай аповесці», што дае падставы залічыць яго да баладнага жанру «свіцязянскага» тэматычнага цыклу, хоць канкрэтная назва возера тут і не згадваецца, яно выступае як зборны рамантычны ландшафтны сімвал. Асабліва кранаюць зліццём патрыятычных і рэлігійных акордаў у сваім гучанні вершы Адынца, напісаныя пад уражаннем удзелу ў паўстанні 1830 г. і яго паразы. Гэта вершы «Вялікдзень на Літве 1831» і «Габрэйскія мелодыі». Напісаныя неўзабаве пасля паўстання, яны заставаліся ў рукапісах і былі апублікаваныя толькі праз пяцьдзясят гадоў яшчэ пры жыцці аўтара, які зашыфраваў сваё прозвішча зразумелым для дасведчаных псеўданімам Літвін і прыяцель Міцкевіча. Публікацыя адбылася ў познаньскім штотыднёвіку «Warta» (№ 406 за 9 красавіка 1882 г.). Паводле гэтага выдання зроблены таксама і нашы пераклады 4. Спадзяюся, што ўпершыню перакладзеныя на беларускую мову вышэйзгаданыя вершы Антонія Эдварда Адынца не толькі пашыраць нашы ўяўленні пра яго багатую і цікавую літаратурную спадчыну, але стануць сімвалічным падарункам да 200-годдзя рамантызму і прыгожым юбілейным паэтычным букетам для 100-га нумару часопіса «Наша вера».
Гл. таксама:
|
|
|