|
Вялікдзень на Літве 1831
Сёння каму стол свянцоны гатуеш?
Каму, літоўская гаспадыня?
Ўсе на вайну пайшлі, бачыш і чуеш:
Плачуць літвінкі ў кожнай хаціне.
Стол на дзядзінцы ставяць ля ганку,
Ўвесь падапханы зеллем зялёным,
Водар ялінкі — па-над баранкам,
Побач з харугвачкай белай з чырвоным.
Толькі дзе ж ксёндз — пасвянціць стол той важны?
Нават Імшы няма сёння ў касцёле —
Ксёндз блаславіў на вайну ўсіх адважных,
З крыжам наперадзе сам іх ачоліў.
Што там за песні, што там за стрэлы?
Ці гукі бітвы, ці Аллелюя?
Люд ідзе з лесу — з ім арол белы,
Як быццам штандар, з ветрам ваюе.
Няхай тых песняў, тых стрэлаў хвалі
Дзень Змёртвыхўстання вястуюць жвава —
Літва і Польшча з мёртвых усталі,
Ідуць паўстанцы — паўстанцам слава!
«Вітаем, госці, вас соллю, хлебам,
Айцоў звычаем, матуль мальбамі!
Сын дзесьці ў лесе, пад голым небам,
Вы будзьце ў доме маім сынамі!»
Ксёндз, блаславі! Крыж вазьмі ў далоні!
Асвяці, Пане, тут, каля ганку,
Ўсіх, хто трывае ў краю абароне,
Крывёй і Мукай Твайго Баранка.
За свет, за вольнасць, як Сын Твой мілы,
Памёр народ наш у дзядоў абліччы —
Ён, як Сын Божы, устане з магілы
І сваіх катаў на суд пакліча*.
1832
|
Габрэйскія мелодыі
І.
Плачце, народы! Плачце з Ізраэля долі,
Наша вера ў пагардзе, Айчына ў няволі!
Мы выгнанцы, няшчасныя падарожныя,
Там, дзе жыў наш Пан Бог, — пануюць бязбожныя.
Хто нам дапаможа, тулячоў хто прымае?
Калі ж зноў нам сіёнская арфа зайграе?
Загучыць нам калі песня-гімн перамогі,
Прывядзе да хвалы, верне край нам, убогім?
О мы, племя ног бледных і смутнага сэрца!
Нас гняце пераслед і зласлівы блюзнерца,
Птушка мае гняздо, звер лясны — свае норы,
Людзі — дом свой, а мы нават трунаў не маем у горы!
ІІ.
Над Ярданам гайсае чужак на вярблюдзе,
На Сіёне бязбожнік чыніць крывасуддзе,
На Сінаі дымяцца алтары Ваала —
А Ты, Божа, маўчыш, няўжо зла яшчэ мала!
Не наракай, Ізраэлю, Бог сам адмераў
Кару табе за тое, што ты не паверыў,
Цябе Ён збудзіў, каб ты здабыў перамогу,
Надзею паслаў, ты ж звёў яе на трывогу.
Бог кліча: устань, хадзі вольны, даверся цуду!
Ты што ў адказ? — Не магу, баюся, не буду…
Вораг твой чыніць бяду, кажа: я табе бог.
Цешся! Бог чуе! Твой вораг — і вораг Яго!
А Бог пыхлівых і здрадных на згубу выдасць,
Збаўцу пашле Ізраэлю з роду Давіда,
А народ верны зрыне захопніка трону,
Ўзыдзе спяваць хвалу Пану на верх Сіёну.
1832
|
Да Адама Міцкевіча
Ты мне зайздросціш: на мяне прызмрокам
Сеў светлячок святаянскі;**
Ты, на якога агністым патокам
Натхнёна сплывае дух Панскі!
Ты, прамяніць ад каго ў арэоле
Бляскам хвала, Праўда, сіла,
Каб сэрцам братнім у смутку й нядолі
Зорка надзеі свяціла!
О, дык жа ведай, што пры тваім боку —
Крыніцы маіх натхненняў —
Малы святляк той, ледзьве бачны ў змроку,
Ёсць славы маёй вымярэннем.
І майму сэрцу досыць той надзеі,
Што, як і ён, ва ўспаміне,
Водбліск прыязні тваёй і ідэі
На мне свой адбітак пакіне.
1830 г., Рым
|
Праўда
Што ёсць Праўда? — Ад Пілата
Свет запытвае заўзята,
І суд свету Праўду тую,
Зноў, як і тады, ўкрыжуе.
Той, хто хоча ў людскім свеце
Праўду ўсё ж знайсці, прывеціць,
Хай не там яе шукае,
Дзе яе свет забівае.
Адзін толькі Праўду ведаў,
Жыў у ёй, захоўваў строга,
Але ж чым ёсць? — не паведаў,
Толькі паказаў дарогу.
Сам Ён — вобразам адвеку
Праўды: Бога — ў чалавеку;
І да Праўды ёсць дарога:
Ў чалавеку йсці да Бога.
Ў той дарозе Ён і сёння
Нам кіроўцам, мэтай, шляхам,
Яго Слова — нам паходняй,
Яго Крыж — дарожным знакам.
1854
|
З польскай мовы пераклала
Ірына Багдановіч.
Паводле: Warta. Tygodnik poświęcony
nauce, rozrywce i wychowaniu.
— Poznań. 1882 dnia 9 kwietnia.
Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: ПАЭТ-РАМАНТЫК І СЯБРА АДАМА МІЦКЕВІЧА ::
* «…Мне выпала пераканацца ў ветлівасці, адвазе і прастаце тамтэйшых земляробаў (у ваколіцы Аўгустова); не сустрэў ніводнай сям’і, што нам не распавядала б пра сыноў, братоў сваіх, якія пайшлі на вайну, і кожны маліўся за выгнанне ворагаў…
— Мой Яська, як развіднела, пайшоў са стрэльбай у пушчу. Няхай Бог яго сцеражэ, — гаварыла нам адна пачцівая кабета, плачучы…
…Абмінаем Цісоўскія лясы, сонца зайшло, і відаць недалёка пушчу. Ціша, вечар пагодны… Пачулі, як блізка ў касцёліку званы клічуць на пацеры. Мазур гучна адгаварыў «Анёл Панскі…», а потым павярнуў галаву і кажа: — Гэта мудры сакрыстыянін там, хоць няма ксяндза, рэгулярна б’е ў званы на пацеры.
— А дзе ж ксёндз? — запыталіся мы.
— Ох, ксёндз ужо даўно з двустволкай і з крыжам пайшоў на ворага. Пачцівы гэта ксёндз, а якія ён навукі правіў!..».
«Першыя дні красавіка 1831 г. у Літве» (урывак з сучасных успамінаў). Пісаў у Дрэздэне ў красавіку 1832 г. І.Д. (крыптанім). Познань 1880 г. Адбітак з «Кур’ера Познаньскага», с. 44–46.
** У ваколіцах Рыма і, несумненна, у іншых месцах Італіі, ёсць мноства паветраных светлякоў, якія пачынаюць лётаць на змярканні.
|
|