|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Юбілейны нумар часопіса — выдатная нагода для роздуму аб пройдзеным усімі намі шляху, аб нашым месцы ў Божым свеце і аб месцы Бога ў нашым жыцці, аб тым, якім павінен быць хрысціянскі часопіс увогуле і каталіцкі ў прыватнасці. Адказ на апошняе пытанне пакіну больш дасведчаным, але здаецца, дзякуючы «Нашай веры» я маю ўяўленне пра тое, якім павінен быць духоўны часопіс. І не проста духоўны, а беларускі духоўны часопіс. Але чым ёсць беларуская духоўнасць? У духоўную сферу нашага жыцця ўключаюць маральнасць, рэлігію, мастацтва, навуку, культуру… Усё гэта ёсць у часопісе. Такая шматаспектнасць дапамагае ствараць сапраўды аб’ёмную мадэль духоўнага свету беларусаў, прычым не толькі каталіцкага веравызнання. А яшчэ — гісторыя. Гісторыя хрысціянства, гісторыя каталіцтва і гісторыя нашай зямлі. Зразумела, што для хрысціянскага часопіса на першым месцы — рэлігійны аспект, ім падсвечваюцца ўсе іншыя сферы, якім надае ўвагу «Наша вера». Беларускасць — вось што прываблівае прадстаўнікоў розных канфесій да часопіса, магчымасць разам расці і развівацца, праз каталіцтва спасцігаць гісторыю краіны і свету, вучыцца глыбіні разумення рэлігіі і веры, вучыцца па-сапраўднаму цаніць і абараняць вечныя каштоўнасці, вучыцца разумець творы жывапісу і музыкі, крыніцай натхнення якіх стала гісторыя Збаўлення. У нейкі момант я адчула, што для мяне абсалютна раўнацэнныя замежныя помнікі і свае, беларускія. Абсалютна. І гэтае разуменне супадае з адлюстраваннем нашай матэрыльнай спадчыны на старонках часопіса. Але «Наша вера» — больш чым часопіс і больш чым асяродак, гэта ўвасабленне інтэлектуальнай і духоўнай прасторы, прычым прасторы адкрытай, у якой няспынна фарміруецца канцэпцыя беларускай духоўнасці. І вельмі важна, што гэта адбываецца ў розных кірунках і гарманічных спалучэннях. Насамрэч, усё ўзаемазвязана — чалавек не можа абыходзіцца без духоўнай культуры для таго, каб ствараць культуру матэрыяльную, хоць мноства людзей думае, што могуць абысціся, не ўяўляючы, як гэта збядняе іх свет! А ў выніку — і наш з вамі… Апошнім часам даводзіцца нярэдка чуць меркаванне, што чалавек павінен мець апору ўнутры сябе. Але чалавек мае права шукаць апору і звонку, як у трансцэндэтным, так і ў соцыуме. Сапраўдны вернік ніколі не бывае самотны, аднак калі ён здолее знайсці аднадумцаў і паплечнікаў на сваім жыццёвым шляху, то гэта вялікая ўдача. …Нядаўна я думала пра патрыятызм у літаратуры і пра тое, што гэтая тэма была ў нас такой актуальнай у 90-я гады, а цяпер патрыятычныя вершы амаль не пішуць, а калі і пішуць вершы пра Беларусь, то гэта зусім іншыя тэксты, з якіх амаль знікла паняцце Радзімы. Думала пра гэта ў сувязі з італьянскай літаратурай XIX стагоддзя, прынамсі яго пачатку, і тады гэта было свядомае імкненне, бо патрыятызм — ён ад слова patria, то бок, Радзіма. Цяпер рэдка хто імкнецца разважаць у літаратуры глабальна, на ўзроўні ўсёй краіны. Гэта не заклік, а канстатацыя факту. Аднак рабіць гэта вельмі важна, бо сапраўдны патрыятызм і ёсць найперш духоўнасць і павага да іншых, уласная годнасць. Патрыятычна рабіць духоўны ўнёсак у развіццё чалавека, акцэнтаваць увагу на яго лепшых, а не горшых якасцях, узбагачаць свой народ здабыткамі сусветнай культуры, і адкрываць невядомыя старонкі ўласнай гісторыі і культуры, распавядаць пра знакамітых і пра зусім невядомых людзей, для якіх вера была важнай часткай іх жыцця. Бо як адарвацца ад канкрэтыкі? Усе агульнафіласофскія катэгорыі ў рэшце рэшт увасабляюцца ў канкрэтным жыцці і канкрэтнай смерці. Тое, пра што мы пішам, залежыць ад таго, якое месца дадзеная з’ява займае ў нашай свядомасці ў дадзены момант. Калі я не пішу пра камень на дарозе, гэта значыць, што камень у дадзены момант займае ў маёй свядомасці настолькі нязначнае месца, што не варта надаваць яму ўвагі. Але любая з’ява можа выйсці за межы ўласнай нязначнасці і набыць экзістэнцыйны сэнс. З другога боку, існуюць і зло, і боль, і пакуты, не пісаць пра іх немагчыма, але магчыма імкнуцца дапамагчы іх пражыць і знайсці суцяшэнне. Шмат людзей успрымаюць і свет і сваё жыццё павярхоўна, але ж не ўсім быць філосафамі... Мне здаецца, што раней, прынамсі, у часы маладосці маіх дзядоў, павярхоўнасці было менш, нават калі мала хто атрымліваў адукацыю, вышэйшую за пачатковую. Тады існаваў глыбінны сэнс у тым, як адбывалася жыццё, сэнс, звязаны з хрысціянскім гадавым цыклам, напэўна. Цяпер у некаторым сэнсе гэта вярнулася, прынамсі вонкава. У беларускай інтэлектуальнай літаратуры апошніх гадоў мне сустракаліся такія азначэнні беларускай прасторы, як «нідзе»1 і «культурныя руіны»2. Але асабіста ў мяне, напэўна ў адрозненне ад многіх іншых, няма «руінаў», няма адчування пустэчы, якую трэба запоўніць чымсьці новым. І гаворка ідзе нават не пра «слаўнае мінулае». Так, у маім дзяцінстве былі разваліны Мірскага замка, але ўспрымаліся яны не руінамі (ні культурнымі, ні матэрыяльнымі), а ўвасабленнем пакутлівай нескаронасці нашай зямлі і магчымасцю яе адраджэння. Не было і «нідзе». У мяне, на шчасце, заўсёды было канкрэтнае «дзесьці». У мяне заўсёды была і ёсць аўтэнтычная Беларусь. І цяпер ёсць. І гэта нас яднае з галоўным рэдактарам часопіса спадарыняй Крыстынай Лялько і, думаецца, з усёй рэдакцыяй, бо мы ствараем духоўную прастору не на пустым месцы, нам трэба яе толькі захоўваць і развіваць. Магчыма, мне пашанцавала, як, напэўна, пашанцавала і ў тым, што мяне пахрысцілі ў раннім маленстве, не зважаючы на тое, што гэта, мякка кажучы, не надта ўхвалялася. Але побач існуюць у тым ліку і руіны, і пытанне, што з імі рабіць. Як дапамагчы чалавеку стаць лепшым, а праз чалавека дапамагчы стаць лепшай нашай краіне? А гэта магчыма толькі праз духоўнае, праз сцвярджэнне дабра і сумленнасці. Хрысціянскія ўвогуле і каталіцкія кляштары ў прыватнасці заўсёды былі і засталіся захавальнікамі культуры, кніжнасці і, адпаведна, літаратуры. Можна сказаць, што на старонках часопіса адбываецца рэканструкцыя беларускай інтэлектуальнай прасторы мінулага, адсюль і цікавасць да гісторыі як да падмурку цяперашняга часу і будучыні. Так атрымалася, што каталіцтва для мяне адкрывалася найперш праз Італію: менавіта ў Італіі я хадзіла на заняткі па гісторыі рэлігіі. І першую каталіцкую Імшу наведала ў маленькай італьянскай вёсцы Мантатонэ, дзе прымалі беларускіх дзяцей. Вельмі ўразіў знак супакою падчас Імшы, і таму для мяне асабіста важным момантам стала сувязь з Італіяй, краінай, дзе знаходзіцца сэрца каталіцкага свету — Ватыкан. Для чалавека, які вывучае італьянскую мову, літаратуру і культуру, імкненне падзяліцца сваімі ведамі з іншымі натуральнае, і вялікае шчасце, калі ён знаходзіць для гэтага ўдзячны асяродак. Таму з вялікай радасцю для «Нашай веры» перакладаюцца «Кветачкі» святога Францішка, дзе вуснамі святога прамаўляюцца наступныя словы: «Вышэй за тыя міласці і дары Святога Духа, якія Хрыстус даруе сябрам сваім, ёсць мажлівасць перамагчы сябе самога і з ахвотаю дзеля любові да Хрыста вытрымліваць пакуты, несправядлівасці, нязручнасці і выпрабаванні, паколькі ўсімі іншымі дарамі Бога мы хваліцца не можам, бо ёсць яны не нашыя, а Божыя, ці, як сказаў Апостал: „Што ў табе не ад Бога? А калі ты ўсё атрымаў ад Яго, то навошта хвалішся, быццам гэта твая заслуга?“»3. Перакладаюцца «Пахавальні» Уга Фоскала, вершы Антоніі Поццы, пішуцца артыкулы пра агульнае і адрознае ў італьянскай і беларускай літаратурах. Гэта наша ўдзячная магчымасць асэнсоўваць свой свет і свой вопыт з іншага ракурсу. Ты шукаеш ключ, каб адчыніць дзверы і паказаць іншым тое, што ведаеш сам, вучышся, каб навучыць другіх. Вучышся жыць і бачыць не толькі тое, што на паверхні. Нешта застаецца «за кадрам», але ці настолькі яно неабходна? Для таго, што «за кадрам», ёсць шмат іншых выданняў… Не толькі мастацтва — жорсткая рэч4, але і само жыццё бывае жорсткае. Нідзе нічога не гарантавана, нават перамога добра над злом, прынамсі, у кароткачасовай перспектыве. І не заўсёды бывае ўзнагарода за прыкладзеныя намаганні, менавіта таму іх трэба рабіць, не чакаючы ўзнагароды. Так, свет недасканалы, і мы недасканалыя, але культурна-асветніцкая місія часопіса скіравана менавіта на тое, каб мы імкнуліся да дасканаласці. Дык якім павінен быць беларускі духоўны часопіс? Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова адкрыць і пачытаць «Нашу веру», убачыць высокі навуковы і мастацкі ўзровень тэкстаў, выдатнае афармленне. Працу, зробленую з любоўю да Бога, але і да чалавека — таксама, бо ўсе, хто стварае «Нашу веру», ствараюць не проста часопіс, але духоўную прастору жыцця нашага грамадства, то бок, нас з вамі.
|
|
|