|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Людміла СІНЬКОВА
«...МІЖ ПРЫРОДАЙ І БОГАМ»:
Чыквін Ян. Пры стале агнявым. — БЛА «Белавежа», |
Аднойчы амаль кожны з нас задумваецца пра сваю сувязь з вялізным светам: гледзячы ў бясконцае неба, думаючы пра абліччы жыцця і смерці, прыгадваючы нейкія асабліва значныя змены ў сваім лёсе, якія напачатку зусім не здаваліся такімі. Па-за справамі мы пачынаем думаць пра сябе як часцінку Сусвету — звычайна з цягам часу, калі сталеем і пачынаем пражываць ужо другую палавіну свайго веку. Няўхільна, хоць, можа, для кагосьці і вельмі спакваля, наша існаванне — экзістэнцыя — патрабуе свайго ўсведамлення. Канешне, найбольш чуйныя тут паэты, якія праз сваё пранікнёнае слова здатныя раскрыць нам тыя таямніцы, што захоўвае для ўсіх культура з ведамі пра нас саміх, пра наш род чалавечы.
Ян Чыквін шырока вядомы ў Беларусі і Польшчы як адзін з вельмі шчырых і надзвычай адукаваных творцаў. Гэта прафесар, які пачынаў свой філалагічны шлях у Варшаўскім універсітэце, знаўца рускай класічнай паэзіі, перакладчык, шматгадовы лідар літаратурнага аб’яднання беларусаў Польшчы «Белавежа»; чалавек, які замацаваў публічную і легітымную прысутнасць беларускай культуры з польскага памежжа ў шырокім свеце і разам з тым выявіў-сцвердзіў сябе выдатным майстрам анталагічнай лірыкі [1, с. 83 — 109]. Анталагічнай, канешне, і ў тым простым сэнсе, што яго паэзія ўвойдзе ва ўсе навейшыя беларускія анталогіі (як ужо цяпер уваходзіць у акадэмічныя выдані [2], [3], [4], [5], [6]. Але найперш Ян Чыквін даў узоры вершаў з экзістэнцыйнай нотай (са следам экзістэнцыйнай мадальнасці), а таксама з цэласным экзістэнцыйным светаадчуваннем.
Што маецца на ўвазе пад найменнямі «анталагічная» ды «экзістэнцыйная лірыка»? Тут варта пачаць з філасофіі. Калі анталогія — гэта той фундаментальны раздзел філасофіі, што вывучае быццё, то экзістэнцыялізм — гэта, па сутнасці, аналагічны філасофскі кірунак, які замацаваўся ў культурным полі ХХ ст., і яго прыхільнікі асэнсоўваюць быццё чалавека як асобы, праблемы самаснага чалавечага існавання (exsistentia — існаванне).
Натуральна, экзістэнцыйная лірыка адгаліноўваецца ад філасофіі, але, падкрэслім, не тоесная ёй. Яна змяшчаецца «пад шапкай» усёабдымнага паняцця філасофскай літаратуры (з мастацкімі перыфразамі, напрыклад, такіх вучэнняў, як касмізм, канцэптуалізм, метафізіка, герменеўтыка, экзегетыка, экзістэнцыялізм), але не губляецца сярод іх. Прычына такой адасобленасці экзістэнцыйнай лірыкі — той лад паэтычнага маўлення, у якім рэфлексія паводле асабістага жыцця чалавека знітавана з яскравым, пачуццёва афарбаваным малюнкам, а не з сілагізмам паводле філасофіі (што таксама практыкуецца ў паэзіі і цэніцца многімі яе аматарамі) [Гл.: 7].
Кнігу Яна Чыквіна «Пры стале агнявым» варта назваць цалкам анталагічнай. Яе лірычны герой — чалавек, які прайшоў вялікі жыццёвы шлях і з удзячнасцю прыгадвае многія шчымлівыя, светлыя, балючыя, таямнічыя яго эпізоды. Ён мае Бога ў сваёй душы і разам з тым абагаўляе Прыроду, Жыццё. У адным з вершаў так і піша пра галоўнае з вялікай літары: «Пад небам айчыны вялікай // між Прыродай і Богам // стаю амаль цалкам бязлікі // на канцы чалавечай дарогі... // І Жыццё здаецца адзіным удыхам // і выдыхам нейкай адзінай трывогі» [«Пад небам айчыны вялікай…», 8, с. 39]. Заўважым, які маштаб тут узяты — анталагічны; і якая эмоцыя пануе — трывожная, экзістэнцыйная.
Пры гэтым кругагляд героя запоўнены не толькі шматлікімі дэталямі з блізкага рэчыўнага свету, але і больш аддаленымі артэфактамі культуры, ведамі пра мастацтва: слоўнае, музычнае, выяўленчае. У кнігу ўключаны таксама вершы, у якіх адлюстраваны вопыт сацыяльны, звязаны з грамадзянскай чыннасцю Яна Чыквіна. Ён прыйшоў у паэзію з героем-рамантыкам, блізкім да Адама Міцкевіча — з любоўю да роднай беларускай зямлі і адданасцю той Красе, якую ў адным з вершаў (з папярэдняй кнігі «Здарылася быць», 2015 [9]) увасобіла Варшава; яна па-асабліваму ўражвае ў маладосці:
Ёкнула ў сэрцы на Замкавым пляцу. Варшава
Яна раздавала ўсім свае краявіды
Яна любіла пад навесам цішыні касцельнай,
Варшава любіла ад першай сустрэчы.
Бывай, дарагая! І ёкнула ў сэрцы... [«Варшава», 9, с. 65]. |
Так, у вышніх планах для юнака аказаўся беларускі шлях. Рамантызм усіх вучыць не хібіць у ідэалах, але ці кожны паэт робіць рамантычны выбар не адно ў вершах, а ў рэальным жыцці — з юнацтва і да канца? Герой Яна Чыквіна выбраў лусту мамінага хлеба і беларускія Стажары над галавой, ведаючы, што гэты шлях «бегчы будзе ў сотнях // жаляў і заўсёды праз таросы. // І лягчэй не будзе аніколі! // Спадзявайся на сябе, юнача... і маліся!» [8, с. 63, 65]. Маленькая паэма «Стажары», з якой узяты гэтыя радкі, акрэслівае беларускі анклаў у Польчшы (Беласточчыну) як дадзенае звыш і благаслаўленне, і выпрабаванне. Беларусы ж, як вядома, і не выходзячы са сваёй хаты, воляю палітычнай гісторыі апыналіся жыхарамі то адной краіны, то другой; атрымлівалі дакументы-пашпарты то «крэсовыя», то беларускія савецкія, то ізноў польскія...
Паверх усіх задумна тата |
А яго сын яшчэ больш ясна бачыць сваіх землякоў у вершы «Дарагія мае, бяспраўныя, замучаныя…» такімі: яны «змушаныя <...> быць прыкладам евангельскай змірэннасці» [9, с. 48], бо сілаю памежаваным людзям цяжэй ісці насустрач адзін аднаму, да ўзаемнай любові.
Ян Чыквін зрабіўся тым творцам, хто сцвердзіў самадастатковасць беларускай паэзіі ў Польшчы як той эстэтычнай плыні, якая мае спецыфічны кшталт: яна дыстанцыяваная не толькі ад польскай ментальнасці, але і ад вярыгаў саветызацыі, што гэтак моцна абцяжарвала многіх паэтаў Беларусі. Герою ўтульна ў Бельску, дзе «Маці Божая раніцай нябёснай, // светла ўсхваляванай, нечым устрывожанай, // Выйшла з царквы Святое Пакровы // І безыменнай сцежкай па-над ровам, // Калдобістай і яшчэ бязлюднай, роснай, // Ішла ў касцёл Міласэрнасці Божай <...>» [«У Бельску», 8, с. 11].
Місіяй Яна Чыквіна зрабіўся мастацкі працяг заходнебеларускай і эмігранцкай літаратуры, пра якую пранікнёна пісаў Чыквін-літаратуразнаўца [10]. У яго паэзіі знаходзім рэмінісцэнцыі-перазовы з музай Наталлі Арсенневай — напрыклад, праз «восеньскія» анімалістычныя вершы: «Восень на мае узлезла рукі // і паўзе як па сваіх ужо галінах» [«Восень рыжую кашулю…», 8, с. 23]); з выявай павуцінкі як сеткі, у якую кастрычнік ловіць цяпло і спрыт сваёй маладосці:
Кастрычнік шукае мая —
Шукае кастрычнік траўня,
Кастрынік траўня шукае — [«Кастрычнік шукае мая…», 8, с. 29]. |
Або вось гэтыя радкі: «Хаджу пад сінім небам // Па зялёным лузе дня // У прасторы залатога лета // Без пачатку і без дна…» [«Хаджу пад сінім небам...», 8, с. 19].
Прыгадаем тут яшчэ імя Янкі Юхнаўца, таксама эстэта і філосафа, у чыіх вершах так шмат рэгіянальнай моватворчасці з-за жадання выказаць невымоўнае. Гэты пафас блізкі і Яну Чыквіну, толькі выказваецца ён у больш гарманічных формах і з больш выразнымі рэлігійна-элегічнымі інтанацыямі: «Сее восень асеннюю сейву. // І злятае з нябёс вышыня. // Бы нежывыя, паадзінокія дрэвы // З ветрам імкнуць у неспакметную даль. // Дождж ідзе, як гурт пілігрымаў, // З малітвай на вуснах за супакой — // Ізноў расставанне, і болей ўспамінаў, // І спавіваецца сэрца халоднай тугой. // О павідокі светлай краіны, // Вы не раз ратавалі мяне! І вобраз Ваш льецца цёплым праменнем // У душу маю, як ціхі лек-напамін — // Магчыма, адтуль, дзе свет для вачэй закрыты, // Адкуль, мабыць, сам Вышні глядзіць на нас // Праз шыбу імглы, якой ахутаны мы» [«Сее восень асенюю сейву…», 8, с. 37].
Ёсць і яшчэ адна традыцыя, вельмі важная для кожнай сталай культуры: гэта сімвалізм, майстэрства паэта разумець сваё быццё адзіным у двух светах — матэрыяльным і ідэальным: «Я ведаю мала, ледзь-ледзь — // І ўсё як бы з першай старонкі жыцця. // А ёсць жа напэўна нейкі працяг... // Яго, аднак, не даецца займець. // Прабач за ўсё, як можаш, мне: // Якім я ёсць — я не такі: // На паверхні — як вір ракі, // А папраўдзе — камень на дне... // Дык што там, мілая, ў цябе, ўгары? // Якая сцішанасць душы рассвятляе вонкі? // О, каб можна мне ўсплыць з тае вады // І перабрацца на нязнаную старонку» [«Я ведаю мала, ледзь-ледзь…», 8, с. 13]).
Звернем увагу на той верш высокага гучання, які адкрывае новую кнігу Яна Чыквіна. У ім заўважны ключавы радок з біблійнай інтанацыяй: «Мы — у жыцця пры стале агнявым» [8, с. 5]. Гэта верш-прыпавесць, верш-знак, які можна чытаць як кантрапункт не аднаго, а двух тэкстаў. Нібыта дзве тэмы-мелодыі пераплецены ў яго чатырох строфах (кожная — з трох радкоў). І кожны сярэдні радок тут адрозніваецца, як у музыцы, інтанацыйна, таму гучыць нібы асобным субматывам-пасланнем. Яно — запытальна-трывожнае, самнамбулічнае:
<...> Пясочак сыплецца з жмені <...>
<...> Плывём ці нясе нас цячэнне? <...>
<...> Вечнасць так свеціць ці толькі імгненне? <...>
<...> Нашым мокра-чорным ценям <...>
Трохкроп’ямі тут абкружаны пэўныя радкі гэтага паслання, бо ў цэлым вершы, што вабіць сваім строгім і высокім гучаннем, яны ўлучаны кожны ў сваю страфу (тэрцыну; тэрцынамі, згадайма, напісана грандыёзная «Боская камедыя» Дантэ, якога з удзячнасцю завуць вялікім). Цяпер працытуем тэкст-аснову верша Яна Чыквіна — амаль спакойныя, канстатуючыя радкі са зрокава яснымі вобразамі:
Лодка і вёслы. Цвітуць берагі.
Навокал струменны і творчы дух.
Яснасць балючая б’е з глыбіні.
Лёс даў вось шчасце моўчкі глядзець, |
Так, мы толькі часовыя госці ў гэтым шчодрым свеце, ведаем пра тое з часоў пракаветных, нават яшчэ дабіблейскіх, але не стамляемся шматкроць у паэтычных вобразах усведамляць сваё наканаванне — з удзячнасцю паэту за тое, што так ясна прамовіў невымоўнае.
Лірыка Яна Чыквіна (які піша пасля сімвалістаў Блока, Купалы, Жылкі, Багдановіча) вельмі прыцягальная менавіта элегічна-спавядальным ладам і вытанчанасцю страфічных формаў. У новай кнізе чытач знойдзе выдатныя ўзоры анталагічнай лірыкі сімвалісцкага кшталу: раптам вылучаныя з будзённай плыні шматзначныя малюнкі, яскравыя па рэчыўных дэталях, але яўна іншасказальныя: вершы «Напасля», «Дрэва, якое не мусіць хадзіць…», «Вакзал», «А музыкант іграе на гармоні…», «Якая асіметрыя паўсюль…», «Нібыта летні вецер, нібы вечар...». Працытуем яшчэ адну страфу з адчуваннем двухсвецця: «Я быў з травы і плюскату вады // і з першых безыменных подыхаў вясны, // і з мройных напеваў, і сноў маладых. // За мною беглі мае сляды» [«Я быў з травы і плюскату вады…», 8, с. 45]. У гэтым жа шэрагу — паэтычныя прыпавесці і алегорыі: «Чаму я жыццю ня рады?», «Сон», «Я прыйшоў у гэты свет невядома якою дарогай…», «А мы ўжо й не крычым…», «Дзеці любяць жыццё да слёз…», «А ў лесе, далёка за лесам…», «Нарэшце ліст пішу сабе…», «Нашае жыццё», «Дыхнула холадам надвор’е...»
Па прыродзе сваёй словы бясконца красамоўныя. Зменіш пункт гледжання — зменіцца «асвятленне» радка і сказанае набудзе новыя адценні. Гэты патэнцыял у маўленні вобразамі многія мастакі выкарыстоўваюць інтуітыўна. Не сакрэт, што не ў кожнага атрымліваецца тое, на што спадзяваўся. Але калі мы гаворым пра высокую культуру творчасці філолага Яна Чыквіна, то маем на ўвазе менавіта гэтую якасць яго лірыкі: чым з большай увагай яе чытаеш, тым больш яна табе адкрывае. Ты су-размоца, су-думаннік паэта. Чытаючы вершы на самыя звыклыя тэмы (каханне, краявід, маленства, бяссонне, нацюрморт), выразней бачыш аўтарскую адметнасць.
Вясну прадаюць жанчыны — [«Вясну прадаюць жанчыны...», 8, с. 40–41]. |
Паэт з любоўю прыгадвае лепшыя старонкі Жыцця, у якім ён змалку быў «загледжаны ў нябесныя залевы», і ў якім вычуваў «зямную», пракаветную беларускую містыку: «Мая мама і тата мой, // Злучыўшы целы свае з целам зямлі, // Глядзяць, як зноў па сцежцы зямной // Ідуць яны, як ішлі маладымі калісь...» [«Вечар люляе сваю цішыню», 8, с. 14; «Сярод магіл, адзетых у бетон», 8, с. 18]. Заўважым, што фіксуюцца менавіта працэсы; чарадзействы, якія доўжацца перманентна, нібы без пачатку і канца:
Як вясна зацвіце
Хто ж гэта ён,
Айцец хоча ўсё ведаць: [«Як вясна зацвіце…», 8, с. 18]. |
А каханне бачыцца паэтам толькі як свята жыцця: ад вытокаў (Назбіраўшы груш, стаялі // ў цішыні палёў рухомых, // як бы ў вечным гуле-хвалі... // Не хацелася ісці дадому [«Дзічка», 8, с. 54]) да апагею, дзе эрас ёсць без граху, як частка прыроды («Як дзеці раздзетыя, кусалі губы // І клалі цалункі на святыя месцы, // І шукалі прагна свае згубы, // Аж стамлёныя гаслі рытмы пешчаў. // О, якое гэта чарадзейства! // Якая пругкасць неназвалін, // Калі ад ног праз сэрца да міндалін // Плылі бязвольным рухам анапеста. // А збоку глядзела люстэрка крыніцы <...>» [«Як дзеці раздзетыя, кусалі губы...», 8, с. 54].
Таксама светлым дарам нябёсаў згадваецца радасць ад уваходжання ў абсягі інтэлектуальнага дзейства: «Тым, хто ранкам п’е гарбату // За чытаннем беглым кнігі // Час бяжыць па цыферблаце // Як дзіця шчаслівае. // За вакном юначы вецер <...>» [«Тым, хто ранкам п’е гарбату», 8, с. 22].
У той жа час тэма для вершаў Яна Чыквіна часцей бывае толькі нагодай, каб з новага пункту гледжання зірнуць на ўсё тыя ж, пастаянныя анталагічныя ды экзістэнцыйныя пытанні. Пачынаеш, напрыклад, чытаць лёгка-іранічны тэкст з радка «не пішуцца оды Жыццю», і раптам у апошніх строфах сустракаеш цалкам экзістэнцыйную сентэнцыю: «<...> як лёгка ўсім існаваць // перад няўхільным сыходам // жыцця яшчэ пару хвілін — // і да таго, што табою было, // не дакінеш і не адымеш нічога» [«Не пішуцца оды Жыццю…», 8, с. 56].
Ян Чыквін стварае і такія вершы-мініяцюры, якія прасякнуты адцягнена-філасофскім пафасам. Напрыклад, у мініяцюры «Плач» экзістэнцыйнае светаадчуванне выказваецца праз сур’ёзна абдуманыя, абстрактныя вобразы з адсылкамі да біблейскіх сюжэтаў:
Крываногая дарога
І ўзбочная драбіна,
Так Эдэм прысніўся, |
Відавочна, што асаблівую цэльнасць кнізе «Пры стале агнявым» надае менавіта глыбокая вера паэта ў Бога, што выявілася і ў яе мастацкім афармленні. Тут ёсць выява карціны Аляксандра Іванова «Славаслоўе пастухоў», а таксама вельмі экспрэсіўны малюнак Тамары Тарасевіч «Амерыканскі пейзаж». У выходных дадзеных кнігі сказана, што праект вокладкі зрабіў Янка Дубіцкі. Яго жывапіс з той жа драматычнай стылістыкай аздабляе і папярэднюю кнігу вершаў — «Здарылася быць». Засталося толькі дадаць, што Янка Дубіцкі — гэта псеўданім самога Яна Чыквіна, народжанага ў Дубічах Царкоўных. Міжволі думаеш, што такі знакавы тапонім не мог не паспрыяць з’яўленню ў паэзіі Яна Чыквіна вершаў-малітваў, гарачых зваротаў да Бога з уласным малітоўным словам. Працытуем адну такую сардэчную малітву (з алюзіяй Яна Чыквіна — знаўцы рускай паэзіі, да верша Сямёна Кірсанава «Боль болей»):
Стаю адкрыты перад светам і святымі [«Надслоўе», 8, с. 43–44]. |
Ды ўсё ж боль не ўсёпаглынальны. Напярэймы яму выходзіць містэрыя, на сцэне якой сакральны прывід прамаўляе да лірычнага героя: «<...> не бойся, не трэба плакаць — // ідзі на прамень, які я трымаю ў руках. // Калі разгубішся ў чужых краях, // сярод натоўпу ля вежы вавілонскай, // і здасца, што ты зусім бездапаможны, // і дзень не ўзышоў вышэй за хмары, і што заснула музыка ў прасторах — // не падай духам, не ўсё так марна — на агеньчык ідзі, ён свеціцца ў маіх руках»... У адказ на гэтыя словы прывіду гучаць заключныя, радасныя і ўдзячныя, раптам кантрасна-зямныя словы героя — з гэтага свету:
— Насця, я бачу тваё святло... І я тут, [«Калі цябе будуць пужаць…», 8, с. 57]. |
Завяршаючы гаворку пра новую кнігу паэта «Пры стале агнявым», адзначым важнасць і важкасць, сэнсавую ды эмацыйную напоўненасць паэтычнага слова, прамоўленага тут Янам Чыквіным. Вядома, што «вечныя пытанні» нашага быцця не маюць фінальных адказаў: яны заўсёды і для кожнага прыходзяць у сваю пару, вярэдзячы сумневамі ў людскіх вартасцях, у шчаснасці наканаваных табе сцежак-дарог. Але, як пераконвае нас паэт, Жыццё паміж Прыродай і Богам — гэта светлы, неацэнны і радасны дар, а яго драматызм — гэта спаконвечны след цёмнага, павіннага адцяняць Святло. Анталагічная лірыка з экзістэнцыйным светаадчуваннем па плячы выбраным паэтам: яна патрабуе надзвычай інтэнсіўнага інтэлектуальнага пошуку ў культурным полі, якое для сучаснага адукаванага чалавека не мае межаў. Чытачу ж у дар даецца ўжо згарманізаванае слова — з такіх, якія мы інстынктыўна ловім душою сярод будзённай жыццёвай плыні, за што і дзячым заўсёды паэтам і паэзіі, Яну Чыквіну і яго Музе.
ЛІТАРАТУРА
Людміла Сінькова —
доктар філалагічных навук,
прафесар кафедры гісторыі
беларускай літаратуры БДУ.
|
|