Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Тамара ГАБРУСЬ

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»

Вёска Ішкалдзь, касцёл Найсвяцейшай Тройцы.

У свой час, калі я працавала над кнігай «Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі», маёй мэтай было раскрыць самабытныя рысы айчыннай архітэктуры позняга Сярэднявечча і даць ім дакладнае вызначэнне. Я ўпэўнена, што большасць з нас бачылі насамрэч і на фотаздымках велічныя саборы заходне- і цэнтральнаеўрапейскай готыкі, якія звычайна прадстаўлены без снегавога покрыва, а перад маімі вачыма стаялі апранутыя ў снегавы вэлюм гатычныя касцёлы Вільні (у гонар св. Ганны і св. Мікалая), Коўна (фара Вітаўта) і іншыя. Мне нават захацелася вызначыць адметны стыль будаўнічага мастацтва Вялікага Княства Літоўскага таго часу словамі «зімовая готыка». Відавочна, што спецыфіка беларуска-літоўскай готыкі была абумоўлена як сацыяльна-гістарычнымі, так і прыродна-кліматычнымі ўмовамі, у тым ліку характарам будаўнічых матэрыялаў.

Метадам мыслення і навуковай дактрынай Сярэднявечча была схаластыка, асноўным прынцыпам якой быў догмат аб вяршэнстве веры над розумам, абгрунтаваны святым Аўгустынам. Гэтая філасофская канцэпцыя спарадзіла магутны пласт матэрыяльнай і духоўнай сярэдневяковай культуры Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ХІІ – ХVІ стст., які атрымаў у мастацтвазнаўстве назву «готыка». Яго стрыжань склала манументальнае каталіцкае храмабудаўніцтва. Царква была апякункай дойлідаў, каменячосаў, скульптараў, вытворцаў вітражоў і іншых майстроў, якія пакінулі нашчадкам грандыёзныя, непаўторныя па велічы і прыгажосці творы архітэктуры. Сутнасцю творчай свабоды гатычных дойлідаў было вынаходніцтва ўзаемазвязанай канструкцыйнай сістэмы: стральчатай аркі, нервюрнага скляпення, контрфорсаў і аркбутанаў.

Готыка зарадзілася ў храмабудаўніцтве Францыі ў першай палове ХІІ ст., у другой палове таго ж стагоддзя самастойны кірунак гатычнага стылю пачаў складвацца у Германіі. З цягам часу гатычнае мастацтва ахапіла і запаланіла ўсю Заходнюю, Цэнтральную, Паўночную і Паўднёвую Еўропу, дзе ў розных варыянтах існавала амаль да канца ХVІ ст. Шлях пашырэння гатычнай архітэктуры ў Еўропе абумоўлены складанай сістэмай узаемаадносін паміж краінамі, канфесіямі, заказчыкамі і нават паміж самімі архітэктурнымі ўзорамі і будаўнічымі тэхналогіямі. У развіцці самабытных формаў так званай цаглянай готыкі немалую ролю адыгралі краіны Цэнтральнай Еўропы: Аўстрыя, Трансільванія, Чэхія, Прусія, Польшча і інш. Да агульнаеўрапейскага працэсу стварэння гатычнага мастацтва прычыніўся і беларускі народ, пра што сведчыць наша архітэктурная спадчына эпохі Сярэднявечча.

 

Амаль трохсотгадовае развіццё готыкі ў розных краінах стварыла вялікую разнастайнасць нацыянальных архітэктурна-мастацкіх варыянтаў сабораў. У якасці будаўнічага матэрыялу заходнееўрапейскія гатычныя дойліды выкарыстоўвалі пераважна трывалы прыродны камень. Чым далей на поўнач і ўсход Еўропы, тым шырэй у будаўніцтве ўжывалася цэгла, што надавала гатычнай архітэктуры рэгіянальную адметнасць, прыводзіла да стварэння новых архітэктанічных сістэм, якія значна адрозніваліся ад больш ранніх узораў. Пры ўсёй распаўсюджанасці шматнававай базылікі, яна не была адзіным архетыпам еўрапейскага гатычнага сабора, атрымалі таксама пашырэнне залава-ступеньчатыя протабазылікі з крыху больш высокаю цэнтральнаю наваю, без верхняга бакавога асвятлення. Структура класічнай базылікі была скарочана да мінімальных памераў: у ёй засталіся ўсяго 4 апорных слупы. Невялікая розніца ў вышыні наваў зрабіла непатрэбнай такую гатычную канструкцыю як аркбутан, які складана было выконваць з цэглы. Распор скляпенняў быў цалкам перанесены на сцены і контрфорсы, якія для большай устойлівасці набылі ступеньчаты абрыс. Іншы раз архітэктоніка храма складалася з дзевяці роўнавысокіх травеяў, якія перакрываліся нервюрнымі скляпенямі розных тыпаў.

Белая Русь упершыню згадваецца ў «Апісанні земляў», створаным каталіцкім манахам-місіянерам у ХІІІ ст., як самастойнае геаграфічнае паняцце. Аўтарам выказвалася жаданне прывесці гэтыя землі і іх насельніцтва «да праўдзівага Бога» і будаваць тут касцёлы. Ужо ў пачатку ХІІІ ст. паўночнанямецкімі ганзейскімі купцамі былі заснаваны і ўзведзены касцёлы ў Полацку і Смаленску, верагодна, мураваныя, якія выкарыстоўваліся таксама для захавання тавараў. Першыя касцёлы на нашых землях уяўлялі тып збудавання з адным апорным слупом у цэнтры блізкага да квадрата плана, пашыраны ў Скандынавіі і іншых краінах Паўночнай Еўропы, як у свецкім, так і сакральным будаўніцтве.

Пасля заключэння вялікім князем літоўскім Ягайлам у 1385 г. палітычнай Крэўскай уніі з Каронай Польскай і хрышчэння ў 1387 г. язычніцкага насельніцтва Літвы і сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні па каталіцкім абрадзе будаўніцтва тут касцёлаў актывізавалася. Гэтая акцыя адбывалася ў адпаведнасці з заяваю Ягайлы ад 22 лютага 1387 г.: «Хочучы таксама памножыць каталіцкую веру ў нашых літоўскіх і рускіх краях, са згоды і з дазволу нашых наймілейшых братоў, князёў і ўсёй шляхты літоўскай зямлі, мы вырашылі, распарадзіліся і нават прысягнулі, заручыліся і дакрананнем да святых таямніц пакляліся ўсіх радавітых літоўцаў абоіх полаў, любога становішча, прызвання або годнасці, якія жывуць у нашых літоўскіх і рускіх дзяржавах, да каталіцкай веры і паслушэнства Святому Рымскаму Касцёлу схіліць, далучыць, заклікаць, а то нават і прымусіць, незалежна ад іх веравызнання». Вялікі князь літоўскі Вітаўт у дзяржаўнай палітыцы таксама прытрымліваўся арыентацыі на Каталіцкі Касцёл. На тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІV ст. па фундацыі караля Уладзіслава ІІ Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта былі заснаваны 6 касцёлаў: у Крэве (1387), Абольцах (1387), Гайне (1387), Быстрыцы (1390), Навагрудку (1393), Ашмянах (1398). З іх мураваным быў, верагодна, толькі фарны касцёл у Навагрудку, пабудаваны яшчэ да 1385 г. у гонар Усіх Святых, ад якога ацалелі толькі першапачатковыя гатычныя фрагменты: тры капліцы розных памераў і формаў з нервюрнымі скляпеннямі і каляровымі вітражамі.

На працягу ХV – ХVІ стст. мураваныя касцёлы ў формах цаглянай готыкі былі ўзведзены не толькі ў Вільні і Коўне, але і ў невялікіх перыферыйных маёнтках мясцовай магнатэрыі і шляхты каталіцкага веравызнання: Уселюбе, Ішкалдзі, Іўі, Гнезне, Геранёнах, Сапежышках, Клецку, Нясвіжы. Па сваёй архітэктоніцы гэта аднанававыя ці трохнававыя залавыя храмы з бязвежавым ці аднавежавым галоўным фасадам, з адной выцягнутай апсідай прэсбітэрыя і тонкімі сценамі, умацаванымі контрфорсамі, унутры перакрытыя нервюрнымі гатычнымі скляпеннямі, а звонку накрытыя высокімі кроквеннымі дахамі, якія прыйшлі ў наш край разам з готыкай.

З вядомых на сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі помнікаў мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва найбольш раннім узорам готыкі з’яўляецца ў сваёй аўтэнтычнай аснове касцёл св. Яна Хрысціцеля ў вёсцы Уселюб, размешчаны за 13 кіламетраў на поўнач ад першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Наваградка. Касцёл быў пабудаваны, верагодна, па фундацыі канюшага вялікага князя Вітаўта Яна Няміры ў гонар свайго нябеснага патрона. Іншыя звесткі прыводзяцца ў інвентары касцёла за 1849 г. (Нацыянальная бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта, аддзел рукапісаў, ф.4, с. 2586), дзе пазначана, што ён заснаваны ў першай палове ХV ст. князем Андрэем Уселюбскім (Неміровічам, сынам Яна). У 1576 г. па загадзе Мікалая Радзівіла Чорнага касцёл быў прыстасаваны пад кальвінскі збор, а ў 1642 г. зноў вернуты католікам па ініцыятыве біскупа Віленскага Станіслава Давойны. Знешні выгляд уселюбскага касцёла, на жаль, значна зменены шматлікімі перабудовамі ў ХVІ–ХХ стст. Гэта тычыцца агульнай архітэктонікі, формы вокнаў, характару пакрыцця. У 1980-я гг. помнік быў грунтоўна даследаваны беларускімі рэстаўратарамі, выяўлены пісьмовыя гістарычныя крыніцы па розных этапах яго будаўніцтва, праведзены стратыграфічныя даследаванні.

Першапачаткова будынак складаўся з асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёма (12,8 х 9,8 м) і больш нізкай пяціграннай апсіды даволі значных памераў (23,5м). У цэнтры малітоўнай залы раскопкамі выяўлены падмурак апорнага слупа, які падтрымліваў яшчэ недасканалае крыжова-зорчатае скляпенне. Асноўны аб’ём быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам, які быў аддзеленым ад вальмавага даха над апсідай мураваным франтонам. Высокі мураваны шчыт на галоўным фасадзе ўпрыгожвалі тры высокія стральчатыя арачныя нішы. Тонкія сцены раннегатычнага збудавання ва ўсіх канструкцыйных вузлах умацоўвалі ступеньчатыя контрфорсы, якія мелі вынас да 2 м і шырыню каля 1,5 м. Сёння пад шматлікімі напластаваннямі цяжка ўбачыць гатычную даўніну ўселюбскага касцёла, але пра яго старажытнасць сведчыць будаўнічая тэхніка. Сцены змураваныя з гладкай цэглы ў тэхніцы лусковай муроўкі з гатычнай перавязкай. Поласці ўнутры сценаў запоўнены дробным бутам і рошчынай. Месцамі бессістэмна выкарыстана перапаленая цэгла і цагліны з сеткавым арнаментам на гранях, што адлюстроўвае пошукі новых дэкаратыўных сродкаў. У канцы ХVІ ст., калі святыняй валодалі кальвіністы, быў зменены характар перакрыцця ўнутранай прасторы, гатычныя скляпенні заменены драўлянай столлю, разабраны апорны слуп і счасаны контрфорсы і нервюры гатычных скляпенняў. У 1788 г. будынак храма пацярпеў ад пажару, быў перабудаваны ў 1790–1800 гг., яшчэ раз помнік быў перабудаваны у 1841–1849 гг. Каля 1897 г. да галоўнага фасада касцёла была прыбудавана магутная трох’ярусная вежа-вестверк у стылі несапраўднай готыкі. На фотаздымках 1930-х гг. бачны вынікі дзейнасці рэстаўратараў Заходняй Беларусі віленскай школы. У 1988–1991 гг. касцёл быў адноўлены і рэкансэкраваны пад тытулам святога Казіміра.

Наступным крокам у развіцці беларускага мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі (Баранавіцкі р-н), пабудаваны да 1471 г. (дата асвячэння) па фундацыі «дзедзіча Уселюба» Мікалая Неміровіча, спадчынніка Яна Няміры. На шчасце, Троіцкі касцёл амаль цалкам захаваў сваю аўтэнтычную структуру амаль такую ж, як у папярэдніка. У другой палове ХVІ ст. па загадзе М. Радзівіла Чорнага касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў прыстасаваны пад кальвінскі збор, у 1641 г. вернуты католікам, але падчас руска-польскай вайны сярэдзіны ХVІІ ст. ён быў моцна пашкоджаны. У 1866 г. касцёл зачынілі, а з 1868-га па 1919 г. яго выкарыстоўвалі як праваслаўную царкву і адпаведна рэканструявалі. У 1918 г. касцёл зноў быў вернуты католікам, у 1969 г. закрыты; у 1980-я гг. ён быў рэстаўраваны і дзейнічае па прызначэнні.

Архітэктанічная кампазіцыя ішкалдскага касцёла — гэта значна больш дасканалая інтэрпрытацыя цэнтральнаеўрапейскіх гатычных формаў. Архітэктоніка абодвух помнікаў мае шмат агульнага, але ёсць і істотныя адрозненні, што сведчаць пра пэўную стылёвую эвалюцыю. Ішкалдскі касцёл складаецца з прамавугольнага ў плане залавага аб’ёма і роўнавысокай з ім выцягнутай пяціграннай апсіды прэсбітэрыя з сакрыстыяй з паўночнага боку. Агульныя параметры будынка 26,4 × 13,5 м. У месцы далучэння вялікай двухпавярховай сакрыстыі да асноўнага аб’ёма далучаны вежападобны аб’ём у чвэрць круга з вітымі ўсходамі, што вядуць у патайную скарбніцу і ў паддашак. Адначасова гэтая вежачка ўмацоўвае вугал будынка, накшталт контрфорса.

Асноўны аб’ём накрыты высокім клінападобным дахам, які па вышыні роўны сценам збудавання. Дах апсіды аддзелены ад асноўнага мураваным франтонам. Апсіда прэсбітэрыя крыху больш вузкая за асноўны аб’ём, таму пры захаванні агульнага вугла нахілу даха вільчык над ёй больш нізкі, што стварае дынаміку кампазіцыі ад алтара да ўваходу. Масіўны мураваны шчыт даха на галоўным фасадзе падтрымліваюць контрфорсы. Яго магутныя схілы маюць ступеньчата-пластычны абрыс, які працягвае тэму дыяганальна пастаўленых вуглавых контрфорсаў. Важкасць шчыта змяншаюць і надаюць яму прасторавую ўстойлівасць плоскія паўцыркульныя арачныя нішы, якія выконваюць адначасова разгрузачную і дэкаратыўную функцыю.

Унутры прастора асноўнага аб’ёма падзелена чатырма крыжападобнымі слупамі з узаемна перпендыкулярнай сістэмай падпружных арак на тры навы, з якіх бакавыя ўдвая больш вузкія за цэнтральную, але роўныя з ёю па вышыні. Крок апораў аднолькавы, раўнамерны. Усе травеі перакрытыя крыжовымі з нервюрамі скляпеннямі аднолькавай вышыні, што надае інтэр’еру залавы характар. Роўная з імі па вышыні квадратная ў плане віма прэсбітэрыя злучана з кафаліконам стральчатай аркай і перакрыта зорчатым нервюрным скляпеннем. Па шырыні алтарная апсіда большая за цэнтральную наву.

Сцены храма ў канструкцыйных вузлах умацаваны контрфорсамі, якія дакладна адпавядаюць сістэме падпружных арак. Контрфорсы на вуглах асноўнага аб’ёма і апсіды пастаўлены дыяганальна і маюць ступеньчата-пластычны абрыс, што адпавядае характару размеркавання на іх нагрузкі. Контрфорсы на бакавых фасадах былі, відавочна, счасаны ў больш позні час. Лагічнае і прафесійнае канструкцыйнае вырашэнне дазволіла зрабіць сцены ішкалдскага касцёла па-гатычнаму тонкімі, а інтэр’ер адкрытым і светлым. Строгая і лаканічная кампазіцыя гатычнага храма вызначаецца надзвычайнай маналітнасцю і цэласнасцю.

У гарманічным архітэктурна-мастацкім абліччы помніка асабліва прыцягвае дэкаратыўнае афармленне галоўнага фасада. У ім далейшае творчае развіццё атрымаў матыў плоскіх арачных нішаў, якім нададзена ярусна-ступеньчатая кампазіцыя і двухбаковая люстэркавая сіметрыя. Вось сіметрыі акцэнтуе стральчаты ўваходны праём, над якім у тры ярусы размешчаны паўцыркульныя арачныя нішы і круглая ніша на самым версе фасада. Бакавыя нішы размешчаны сіметрычна, але не на адным ўзроўні з цэнтральнымі, а крыху ніжэй, што падкрэслівае ступеньчатую вертыкальную дынаміку агульнай кампазіцыі, надае ёй вытанчанасць. Нішы ўпрыгожваюць таксама паверхні ступеньчатых контрфорсаў. Першапачаткова выбеленыя плоскасці нішаў стваралі кантраснае колеравае спалучэнне з адкрытай муроўкай сценаў, што стала ўлюбёным дэкаратыўным прыёмам беларускай готыкі. Будынак касцёла ўзведзены з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне ў тэхніцы балтыйскай муроўкі. У ніжняй частцы ў муроўку сценаў уведзена перапаленая цэгла, якая, у адрозненне ад уселюбскага касцёла, ужо арганізавана ў арнаментальны сеткавы узор як элемент дэкаратыўнага афармлення. Каларыстычнае вырашэнне храма ўзбагачалася пакрыццём даха зялёнай паліванай дахоўкай.

Да другой паловы ХІХ ст. сцены звонку не былі атынкаваныя, але ўнутры, як вынікае з інвентара 1782 г., скляпенні і апорныя слупы былі распісаныя фрэскамі з выявамі святых, геаметрычнымі і расліннымі арнаментамі. Ужо ў той час фрэскі знаходзіліся ў дрэнным стане. Дакладная дата стварэння роспісаў невядомая. Лічаць, што яны выкананы не пазней за 1537 г. На іх стварэнне, верагодна, паўплываў багаты фрэскавы роспіс Дабравешчанскага сабора праваслаўнага манастыра ў Супраслі. Яшчэ адну адметнасць можна бачыць у паўцыркульнай, а не стральчатай форме арачных нішаў і аконных праёмаў. Адрозна ад заходніх гатычных узораў, даволі вялікія вокны размешчаны толькі на паўднёвым фасадзе асноўнага аб’ёму і апсіды, а з паўночнага боку іх няма. Гэты прыём дазваляў добра асвятліць інтэр’ер касцёла і адначасова абараніць яго ад неспрыяльных кліматычных умоваў, залішняй аэрацыі і стратаў цяпла.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі не мае ўзнёслай вертыкальнай кампазіцыі, ажурных канструкцый, багатага скульптурнага аздаблення, уласцівых гатычнай архітэктуры Заходняй Еўропы. Зрокава ён масіўны і важкаваты, але яго своеасаблівая скульптурная пластыка, дзе зусім няма прамых ліній, зграбныя прапорцыі сценаў і контрфорсаў, імклівая дынаміка шчыта даха не пакідаюць сумневу ў яго гатычным характары, трактаваным на мясцовай глебе вельмі самабытна і творча. У гэтым помніку найбольш яскрава выяўлены асноўныя архітэктурна-мастацкія дасягненні беларускай касцёльнай готыкі.

Касцёл у Ішкалдзі мне ўпершыню давялося ўбачыць зімой, у снежні 1969 г., у занядбаным стане, калі яго зачынілі. У той час у БССР распачаўся грамадскі рух па ахове помнікаў гісторыі і культуры краіны, і мы, актывісты руху і аматары даўніны і прыгажосці, спрыялі далейшаму вывучэнню, выратаванню і аднаўленню гэтага выдатнага помніка айчыннага дойлідства…

 

…Карыстаючыся нагодаю, хачу сказаць, што я супрацоўнічаю з часопісам «Наша вера» з трэцяга нумара 1997 г. па пытаннях сакральнага дойлідства Беларусі з мэтай раскрыцця яго высокага мастацкага ўзроўню, складанай сацыяльнай гісторыі і нацыянальнай самабытнасці. У выніку мною апублікаваны ў часопісе каля 30-ці артыкулаў. Можна сказаць, што я пераважна адна вяла рубрыку «Архітэктура» і адначасова сама чэрпала з часопіса разнастайныя веды і светапоглядныя разважанні, якія ўзбагачаюць і даюць надзею. Удзячная ўсім калегам, аўтарам і выдаўцам, якіх шчыра віншую з юбілейным 100-м нумарам выдання.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY