Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Надзея УСАВА

КАЛЕКЦЫІ АЛЯКСАНДРА АРЛОЎСКАГА:
ПАДВОЙНАЕ ЗДАБЫЦЦЁ

Аўтапартрэт. 1820 г.

У апісанні музейнага прадмета ёсць раздзел, які спецыялісты называюць «правенанс», гэта значыць гісторыя бытавання твора. Правенанс часта аказваецца вельмі цікавым, бо асабісты лёс кожнага твора бывае і трагічны і займальны, амаль гэтак жа, як і біяграфія чалавека.

У Мастацкім музеі ёсць невялікая (9 твораў), але вельмі каштоўная калекцыя жывапісу і графікі мастака-рамантыка пачатку ХIX стагоддзя Аляксандра Арлоўскага (1777–1832). Паляк, вучань француза баталіста Я. Норбліна, у варшаўскай майстэрні якога ён працаваў каля 10-ці гадоў, ён правёў паўжыцця ў Расіі. Творчасць яго разнастайная, асоба самабытная, жыццё — займальнае. Нават знешнасць яго была асаблівай: «ён быў жудасна высокага росту, засмуглы, меў моц галіяфскую», валодаў некалькімі мовамі, у тым ліку і ўсходнімі, — прыцягваў да сябе ўвагу грамадства, абрастаючы легендамі. Як праўдзівы рамантык, які працаваў хутка і імправізацыйна, лёгка раздаваў свае малюнкі, часта дарыў іх, адплачваў імі кошты, што было дзіўна ў той час адсутнасці багемы. «Дзённікам займальнай рамантычнай эпохі» назваў яго малюнкі гісторык рускага мастацтва барон Мікалай Врангель, а яго самога — «характарнай фігурай трывожнага і мірнага жыцця Аляксандраўскага часу, дзіўнай сумессю здольнасцяў і недахопаў». «Першы паэт вайны і міру, паэт гераічнага эпасу. Кур’ёзны арыгінал, аб якім пляткуюць усё, але жыццё якога мала вядомае. Легендарная асоба, герой неверагодных прыгодаў, пацешны дзівак, дзікі самадур і вытанчаны калекцыянер рэдкасцяў. Першы мастак побыту, насмешнік-партрэтыст, жывапісец жывёлаў, пейзажыст, можа быць, скульптар. Мастак, салдат, вандроўны акцёр, улюбёнец вялікага князя Канстанціна. Атлет, падмануты муж, „гультай, лянотны“ аўтар тысяч малюнкаў». Арлоўскі, не скончыўшы ніякай Акадэміі і не ўмеючы маляваць аголеныя фігуры, у 1809 годзе атрымаў званне акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў за карціну «Бівуак казакоў».

Гісторыя з’яўлення твораў Арлоўскага ў Мінску цікавая. Арлоўскі яшчэ пры жыцці быў жаданым экспанентам любога збору, «марай калекцыянера». Ён пакінуў вялізную графічную спадчыну, аднак у каталогу Дзяржаўнага Рускага музея лічацца толькі 137 яго твораў, мноства графічных эстампаў рассеяныя па музеях Расіі.

Усе музеі ў савецкі час, у якіх экспазіцыя будавалася «па школах і стылях», імкнуліся займець творы Арлоўскага як «чыстага паслядоўнага рамантыка» і як мастака-ўлюбёнца публікі. І сапраўды, у свой час графіка Арлоўскага была вельмі папулярная — яна карысталася ўсенароднай шчырай любоўю. Нездарма рускі паэт Вяземскі назваў яго «народным алоўкам», бо лічыцца, што менавіта ён стварыў звыклае цяпер уяўленне аб Расіі, аб шматлікіх яе народах і народнасцях, рускіх тройках і рускіх тыпах, якія ён, паляк, даследаваў і выявіў з непадробнай цікавасцю, амаль этнаграфічнай. Гэта яго арыгінальнае бачанне штодзённага жыцця падхапілі і тыражавалі на свой лад шматлікія пераймальнікі — прафесіяналы і дылетанты.

Аўтапартрэт. 1807 г.
Нацыянальны мастацкі музей РБ.

Творы Арлоўскага, і гравюры, і літаграфіі з яго твораў, захоўваліся і ў сталічных арыстакратычных зборах, і ў правінцыйных сядзібах, іх перамалёўвалі ў альбомы і вышывалі бісерам. Тыражы яго эстампаў, надрукаваных з каменя, — літаграфій, былі велізарныя і неміласэрна падрабляліся, і яму нават прыйшлося звярнуцца да імператара са скаргай на грубыя копіі, у выніку чаго яму былі дараваны адмысловыя прывілеі, якія сталі адным з першых прыкладаў абароны аўтарскіх правоў у Расійскай імперыі.

Зразумелым было жаданне новай Карціннай галерэі ў Мінску атрымаць творы Арлоўскага. Дырэктарам у даваенны час быў прызначаны Мікалай Міхалап, якому было даручана за 9 месяцаў адкрыць Карцінную галерэю ў Мінску, сабраўшы для яе творы. Мікалай Пракопавіч Міхалап, па адукацыі графік і кераміст, асабіста займаўся набыццем твораў графікі, спяшаўся, разумеючы, што пасля адкрыцця галерэі «здабыць» нешта каштоўнае будзе ўжо складаней. Летам 1939 года ён звярнуўся ў Рускі музей у Ленінградзе з просьбай перадаць у фонд галерэі некаторыя творы з дуплетнага фонду. Такая практыка была паўсюднай, бо тыражная графіка захоўвалася ў некалькіх адбітках. І ўжо ў 1939 годзе творы Арлоўскага ўпершыню ўвайшлі ў менскі збор. Можна меркаваць аб перададзеных з Ленінграда творах па захаваных дакументах — і акце перадачы з Дзяржаўнага Рускага музея ад 27 жніўня 1939 года і «Вопісе страчанага ў гады ваенных дзеянняў» 1947 года.

Па распараджэнні дырэктара Рускага музея захавальнік графікі П. К. Карнілаў перадаў кіраўніку працоўнай брыгады Мамлееву з дуплетнага фонду Рускага музея 85 графічных адбіткаў і малюнкаў. У спісе пазначаны годныя імёны — былі 5 афортаў Шышкіна, гравюры В. В. Матэ, В. А. Баброва, І. Уткіна, Бягрова, шмат малюнкаў рускіх імператараў і імператрыцаў, пісьменнікаў, дзеячаў рускай культуры. Але сярод твораў многіх рускіх і савецкіх майстроў, адабраных выпадкова і паспешна, ужо колькасна вылучаецца цэласнасцю і разнастайнасцю калекцыя малюнкаў і літаграфій Аляксандра Арлоўскага, да якога Мікалай Міхалап, відавочна, адчуваў асаблівую сімпатыю, інакш ён не прасіў бы спецыяльна перадаць такую колькасць эстампаў у мінскую галерэю.

У галерэі, мяркуючы па «Апісанні 1944 года», ужо былі 2 карціны невялікага памеру (30×40) — жывапісныя «Башкіры», «Башкірац на кані», сангіна і пастэль «Рабаўнікі», «Галава татарына ў чалме» (пастэлі тады лічыліся жывапісам). Дадаткова да іх былі атрыманы 10 першакласных літаграфій — жанравых, ваенных сцэнак, анімалістычных замалёвак. Праўда, карціны, якія паказваюць гісторыю Літвы і Польшчы, літоўскія тыпы і польскія вершнікі, у галерэю не трапілі, удалося атрымаць некаторыя лісты са шматлікай даволі экзатычнай башкірскай і персідскай серыі Арлоўскага. І тым не менш у даваеннай невялікай калекцыі Арлоўскі быў прадстаўлены разнастайна: акрамя «Аўтапартрэта» 1807 года, былі «Драгуны, якія страляюць з прысошак», «Джонба, салдат ірэгулярнага войска», «Гандаль садавінай», «Гандаль морквай», «Хлебнік з латком хлеба», «Персіянін верхам», «Карова на пашы», «Курдская конніца», «Ямская біржа».

Партрэт гетмана. Каля 1800 г.
Нацыянальны гістарычны музей РБ.

Да адкрыцця галерэі ў лістападзе 1939 года 14 жывапісных і графічных твораў Арлоўскага годна маглі прадставіць у экспазіцыі феномен рускага рамантызму, аднак лёс твораў Арлоўскага падзяліў агульны лёс усёй сабранай за два з паловай гады 3000-й калекцыі: усе творы былі вывезены фашыстамі ў Нямеччыну (для стварэння Музея фюрара ў Лінцы — музея мастацтва з заваяваных тэрыторый).

«Пакідаючы горад у чорныя дні вайны, — пісаў Міхалап у 1943 годзе, — нам сустрэліся на ўскрайку горада мастакі Гаўрыленкі і Зайцаў. Памятаю, як суцяшалі яны тады нас, музейных працаўнікоў, якія з адчаем азіраліся на палаючыя ўскраіны горада. Там засталося наша стварэнне — цудоўная карцінная галерэя, якая толькі набрала моц, з цудоўнай калекцыяй старажытнабеларускага, рускага, замежнага і прыкладнога мастацтва…».

Алена Васільеўна Аладава, якая стала пераемніцай Мікалая Міхалапа на пасадзе дырэктара ў 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска яшчэ падчас вайны, паставіла сваёй задачай папоўніць страчанае. Тады не было надзеі, што нешта ўдасца вярнуць. Яна, відаць, добра памятала збор Арлоўскага і пастаралася пасля вайны яго аднавіць хаця б збольшага. Дзіўна, але гэта ёй удалося!

У 1946 годзе быў набыты ў маскоўскага калекцыянера А. А. Кастальскага першы алейны твор Арлоўскага «Башкір на кані», мабыць, адзін са шматлікіх яго варыянтаў, які нагадвае даваеннага «Башкірца на кані». Цяпер гэта карціна — гонар калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, а ў букіністычнай краме Масквы сярод развалу гравюраў быў знойдзены літаграфічны ліст «Невядомы з кальянам», магчыма, аўтапартрэт Аляксандра Арлоўскага. У 1949 годзе ў прыватнай асобы быў набыты вялікі акварэльны аркуш з тонка распрацаванымі дэталямі Арлоўскага «Вуліца з паштарамі» (59,5×68,3 см).

Але з 1953 года з Паўлоўска, куды звозіліся знойдзеныя ў Германіі вывезеныя з СССР мастацкія скарбы, сталі паступаць некаторыя даваенныя творы з музеяў сталіц нацыянальных рэспублік. Нечакана вярнуліся і творы Арлоўскага: толькі тры з 15-ці, у тым ліку і адзін з яго знакамітых аўтапартрэтаў 1807 года, напісаны вуглём, італьянскім алоўкам і сангінай. Арлоўскі стварыў дзясяткі аўтапартрэтаў у розных касцюмах з арсенала рамантызму — у касцюме чаркеса, разбойніка, селяніна, вайскоўца, які паліць цыбук, люльку, пазяхаючага і г.д. Гэты партрэт — адзін з самых абаяльных, у якім Арлоўскі паказвае сябе з доляй самаіроніі — разбітным маладым чалавекам, павесам, пестуном лёсу. Нягледзячы на ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, ён трапіў на службу да вялікага князя брата імператара Мікалая Канстанціна Паўлавіча і стаў яго ўлюбёнцам. Вялікі князь пасяліў яго ў Мармуровым палацы ў Пецярбургу, дзе Арлоўскі вёў жыццё на шырокую нагу, два разы на тыдзень прымаючы гасцей па 30 чалавек на абед. Усе дзівацтвы мастака вялікі князь дараваў яму за талент малявальшчыка, за ўменне перадаць рамантыку баталій, паэзію «ночы і сечы», як пісаў пра яго Пушкін. За карціну «Бівуак казакоў» Арлоўскі быў прызнаны акадэмікам батальнага жывапісу Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Адначасова мастак мог і трапна схапіць характар чалавека ці сцэнку з жыцця, як, напрыклад, у творы «Рабаўнік, які замахваецца нажом на самотнага падарожніка» — гэта два творы аднолькавых памераў, адзін з якіх выкананы пастэллю, а другі сангінай; яны таксама вярнуліся ў родныя пенаты. Для Арлоўскага нават рабаўнікі і бадзягі былі рамантычнымі героямі і носьбітамі волі, якіх ён часам маляваў з усмешкай, іроніяй.

Рабаўнік, які замахваецца нажом на самотнага падарожніка. 1808 г.

Трапіў пад яго абаянне і сам Пушкін, якога займалі фрывольныя сцэнкі Арлоўскага, як і карціны малых галандцаў — увесь гэты «фламандской жизни пёстрый сор» паказваў будзённае жыцце чалавека з асаблівай дасціпнай назіральнасцю.

Але гэтых твораў было замала для ўзнаўлення калекцыі, і ў 1956 годзе, напярэдадні адкрыцця новага будынка музея па вуліцы Леніна, 20, Алена Васільеўна Аладава па прыкладзе Міхалапа паўтарыла просьбу — зноў звярнулася ў Дзяржаўны Рускі музей у Ленінградзе. Спрацавалі асабістыя сувязі: намеснікам дырэктара ў тыя гады быў яе аднакурснік. Адтуль зноў з дуплетнага фонду паступілі тры графічныя эстампы Арлоўскага — «Шахскі галам» 1819 года, «Партрэт старога шляхціца» (61х42,6) і досыць вялікі літаграфічны «Аўтапартрэт» 1820 года (59,5х68,3) у авале. Які кантраст з «Аўтапартрэтам» 1807 года! Праз 13 гадоў 43-гадовы Арлоўскі прадстаўляе сябе як самавітага паважанага мастака з мастацкімі атрыбутамі — з пэндзлем у руцэ, што да гэтага здаралася ў яго творчасці вельмі рэдка. Гэта адзін з найбольш вядомых «афіцыйных» аўтапартрэтаў майстра.

Вельмі эфектны «Шахскі галам»1 — вершнік, які скача і страляе на скаку — ілюстрацыя да кнігі «Атлас да падарожжа па Персіі Гаспара Друвіля», якая выйшла ў перакладзе з французскага ў 1826 годзе. 29 ілюстрацый да кнігі па малюнках А. Арлоўскага (частку з іх ён жа і гравіраваў) зрабілі некалькі лепшых рускіх літографаў — Сцяпан Галакціёнаў, Карл Бягроў, Андрэй Шаўкоўнікаў і інш. Арлоўскі не быў баталістам, які з дакументальнай дакладнасцю маляваў бітвы — яго цікавіў, хутчэй, сам настрой змагання, рух, эмоцыі.

Партрэт старога шляхціца.
Нацыянальны мастацкі музей РБ.

Амаль невядомы публіцы (хоць і апублікаваны ў выдадзеным у 1984 годзе музейным каталогу «Руская дарэвалюцыйная і савецкая гравюра і літаграфія») «Партрэт старога шляхціца» ў нацыянальным касцюме, які літаграфаваны з яго вядомай пастэлі (61,5x51) і з’яўляецца яе графічным варыянтам, мог бы служыць добрай ілюстрацыяй да паэмы «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, якая выйшла ў1834 годзе. Увогуле Арлоўскі, які апошнія дзесяцігоддзі жыў у Расіі і добра ўпісаўся ў рускі кантэкст, ніколі не забываў сваіх каранёў, быў інтэграваны і ў культуру сваёй радзімы: вобразы старой сыходзячай сармацкай Рэчы Паспалітай з мужнымі гетманамі і вершнікамі ён маляваў з асаблівай настальгіяй. І для польскіх мастакоў Арлоўскі быў кумірам: да яго у Пецярбург спецыяльна ехалі маладыя мастакі, каб пазнаёміцца і атрымаць парады, магчымасць вучыцца і капіраваць яго творы.

Зорка Арлоўскага закацілася са смерцю яго заступніка князя Канстанціна ў 1830 годзе. Мастак з сям’ёй і дзецьмі пакінуў Мармуровы палац, яму было адмоўлена заняць пасаду прафесара батальнага жывапісу (ён ніколі не ўдзельнічаў у выставах Акадэміі і не кантактаваў з калегамі), і ён мусіў працаваць над выпадковымі замовамі. Здароўе яго значна пагоршылася. Мастак вырашыў распрадаць сваю калекцыю карцін і мілітарыкі, папрасіць пенсіён і дазволу выехаць за мяжу на лячэнне на паўгода, аднак адказу імператара Мікалая I ён не дачакаўся: Арлоўскі памёр у 1832 годзе. Ужо ў 1835 годзе творы Арлоўскага трапілі ў імператарскі Эрмітаж, дзе лічыліся «вельмі дарагімі і рэдкімі». Нягледзячы на велізарную колькасць яго твораў, яны былі хутка распрададзеныя пасля яго смерці. Павел Траццякоў ужо з цяжкасцю мог набыць карціны Арлоўскага ў калекцыянера ў Варшаве…

Алене Васільеўне Аладавай не ўдалося цалкам папоўніць даваенную колькасць твораў гэтага ўнікальнага малявальшчыка. Цяпер збор Арлоўскага ў нашым музеі ў параўнанні з даваенным зменшыўся з 15-ці да 9-ці адзінак захавання, і ўсё ж гэта калекцыя вельмі каштоўная: яна дае ўяўленне аб яго батальным жывапісе і графіцы, трох аўтапартрэтах рознага часу, жанравай акварэлі і літаграфіі. Сапраўднымі шэдэўрамі з’яўляюцца амаль усе творы з гэтага збору, сярод якіх вылучаецца вельмі характэрны і рэалістычны «Партрэт старога шляхціца».

 

...Падлічыла, што гэта мой дзясяты артыкул аб мастаках-католіках, надрукаваны ў «Нашай веры», з якой я супрацоўнічаю ўжо 23 гады. Жадаю плёну рэдакцыі ў яе працы на карысць адкрыцця невядомых старонак духоўнай культуры нашай краіны.

Гл. таксама:
ГАБРЫЭЛЯ ПУЗЫНЯ :: СЫН КАРЧМАРА ::


  1. Галам — адборны корпус, асабістая гвардыя іранскага шаха — «цара цароў», якая мела прывілей атакаваць ворага першымі. Гэта былі добра ўзброеныя вершнікі, якія забяспечвалі шаха даверанымі ганцамі ў мірны час і целаахоўнікамі ў паходзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY