|
|
№
2(100)/2022
Данута БІЧЭЛЬ
СОТАМУ НУМАРУ ЧАСОПІСА «НАША ВЕРА» У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
СЦВЯРДЖЭННЕ НЕСАПРАЎДНАСЦІ СУЖЭНСТВА МАГІЛЁЎСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ КАНСІСТОРЫЯЙ... Спадчына
Францыск СКАРЫНАПРА(Д)ВЕРШЫ Пераклад Алеся Бразгунова Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІАЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Асобы
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
«КОЖНЫ ДЗЕНЬ ЗАЦІРАЕ СЛЯДЫ ДНЯ ПРАЖЫТАГА…» СЛОВА ПРА ЭДВАРДА ПАЎЛОВІЧА — МАСТАКА-МЕМУАРЫСТА Пераклады
Вершы
Рэфлексіі
Постаці
Вершы
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады
|
Часам літаратурная сустрэча здараецца так, як неспадзяваная знаходка падчас прагулкі па пляжы, калі сярод незлічонай галькі раптам знаходзіш кавалачак бурштыну. Шмат гадоў таму, калі я корпаўся ў кнігах у адной з кнігарняў Браўншваўга, я два разы за адзін дзень натрапіў на імя Вернер Крафт. Спачатку ў адным з экзэмпляраў штотыднёвіка «Die Aktion». У тым выданні ад 2 мая 1914 года я знайшоў артыкул Крафта пра тэкст Рудольфа Борхардта. Хутка пасля гэтага я трымаў у руках кнігу пад назвай «Лісты Гершома Шолема Вернеру Крафту». Прозвішча Шолем я ведаў. Але Крафт? Гэта прозвішча мне нічога не казала. У тэксце на супервокладцы кнігі было напісана, што ён нарадзіўся ў Браўншвайгу ў 1896 годзе. Такім чынам, Вернер Крафт напісаў сваю рэцэнзію на твор Рудольфа Борхардта ў няпоўныя васямнаццаць гадоў. У маёй другой знаходцы былі апублікаваныя толькі лісты Шолема. Гэтыя лісты поўныя задумлівай інтэлектуальнасці, іх характарызуе асабістая адказнасць у разглядзе юдаізму. Тут ужо можна бачыць развіццё маладога Шолема ў будучага рэлігійнага філосафа і містыка. Часавы кантэкст (першы ліст напісаны 15 ліпеня 1917 года ў Алляйнштайне, апошні — 20 лютага 1917 года 1931 года ў Ерузалеме) асвятляе падзеі і палітыку тых гадоў і ўключае ў сябе асобаў крытычнай інтэлігенцыі, якая дзейнічала ў той час, а таксама паэтаў-гісторыкаў і філосафаў нямецкай гісторыі духу.
Я пытаюся ў сябе, хто гэты Вернер Крафт, які натхняе Шолема на такія пераканаўчыя лісты? Я раблюся даследчыкам: у патрэбным мне спісе кніг, якія можна заказаць, амаль што няма назваў. Паступова я знаходжу ў букіністычных крамах эсэ, вершы, афарызмы, манаграфіі Вернера Крафта і раман «Блытаніна». Я заглыбляюся ў яго паэзію, у яго філасофію. Я разумею, што карані вялізнай літаратурнай творчасці Крафта і яго працаў з крытыкаю яго часу маюць глыбокія крыніцы. Да іх належыць нямецкі духоўны свет, які праяўляе сваю сілу ў яго сачыненнях і манаграфіях пра Гёльдэрліна, Гофмансталя, Гейнэ, Кафку, Зойме ці Карла Краўса. Да іх належаць асабістыя сустрэчы Крафта і яго сяброўства з Вальтэрам Беньямінам, Марцінам Буберам і Тэадорам Лесінгам. Нарэшце да гэтых крыніц адносіцца метапазіцыя грамадзяніна свету, які піша па-нямецку ў габрэйскай моўнай прасторы. Непаўторны характар маюць яго афарызмы. У адлюстраванні мікракосмасу выяўляецца яго здольнасць шляхам самастойнага мыслення адкрываць новыя, дагэтуль нябачныя сувязі і такім чынам са здзіўленнем пранікаць праз малюнак свету. Часта яго моўныя мініяцюры выяўляюць скрыты абсурд у звычайных здарэннях. Усякая прычына здаецца яму вартаю пытання. Ён знаходзіць свае тэмы ў вершах Бахман2, Бёля, Левке Сёрэнсэна ці Бетховена. Альбо бярэ сказ Арно Шмідта, менавіта «ў інтэлектуальным плане чалавек жа і без таго знаходзіцца ў пажыццёвым адзіночным заключэнні», развівае яго далей, ідзе за ягоным вынікам. Крафт зноў і зноў пытаецца пра Бога, скардзіцца на становішча ў свеце, але не губляе надзею. У яго яснай прозе праяўляецца тонкае адчуванне моўнай эстэтыкі. Ёрг Дрэўс3 так кажа пра яго: «Нямецкая мова для яго не з’яўляецца нечым такім навамодным як сістэма знакаў, але з’яўляецца духоўным целам, унутраныя законы якога паказваюцца ў вялікай нямецкай літаратуры». Аднаго разу я пішу знаёмаму мне па яго творах пісьменніку ў Ерузалем. Мяне цікавіць Вернер Крафт як асоба. Завязваецца перапіска, мы тэлефануем, я купляю кнігі, адпраўляю іх у Ерузалем, абмен думкамі становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Мой даўно запланаваны прыезд да яго ў госці зноў і зноў адкладваецца ў выніку знешніх прычын. 12 снежня 1989 года Вернер Крафт піша мне: «…У лістападзе мне раптоўна прыйшлося класціся ў бальніцу і правесці там шэсць дзён. Запаленне лёгкіх. Я зноў здаровы. Але магло б здарыцца і інакш. У 93 годы ўсё магчыма. Я кажу гэта ў якасці намёку. Зразумела, я быў бы вельмі рады Вашаму візіту...». У студзені 1990 года гэта нарэшце адбылося.
Раён Ерузалема Рэхавія знаходзіцца на гары над кляштарам Святога Крыжа. Адсюль адкрываецца від на «Храм кнігі», дзе пад бачным здалёку купалам захоўваюцца Кумранскія скруткі. Пад кіпарысамі схіляецца дом, які знікае на адхоне, што збягае ўніз. Васямнаццаць прыступак вядуць уніз да дзвярэй. Паўсюль буйна расце барвінак, які пакідае толькі вузкі праход. Тут жыве Вернер Крафт. Пакуль я спускаюся па лесвіцы, у мяне перад вачыма праходзіць яго жыцце. У год яго нараджэння Марыя Кюры адкрыла радый, Фантанэ заканчвае раман «Штэхлін», Ліліенталь робіць лётныя выпрабаванні. Крафт публікуе свае першыя тэксты яшчэ ў час літаратурнага экспрэсіянізму. Вось ужо семдзесят гадоў піша ён і сачыняе, узбагачае нямецкамоўную літаратуру. У 1933 годзе яго прагналі з працы бібліятэкара ў Гановеры, таму што ён быў габрэем. Ён эміграваў праз Стакгольм, Лондан і Парыж у Ерузалем. Каталог яго твораў, у якім налічваецца звыш сарака назваў кніг, а таксама безліч сачыненняў, чытаецца як літаратурны Гоцкі альманах. Што прынесці такому чалавеку літаратуры, як ён, у падарунак? Кніжны майстар Георг Кандлер робіць для мяне кніжку-раскладушку з санетам Шэкспіра «Like as the waves…»4. Насупраць англійскага арыгінала стаяць вольныя вершаваныя пераклады трынаццаці аўтараў, кожны з якіх зрабіў свой індывідуальны варыянт. Тэксты набраныя ўручную свінцовымі літарамі і надрукаваныя, кожны верш сваім шрыфтам. Да гэтых трынаццаці перакладчыкаў таксама належаць Карл Краўс і Стэфан Георге. Іх імёны ўплываюць на нашу размову, быццам іскры, яна разгараецца. Крафт напісаў пра Краўса, выдаўца часопіса «Паходня», вялікую манаграфію і як ніхто іншы ведае яго літаратурную творчасць. «Пачынаючы з 1914 года я быў вельмі ўражаны ад Карлам Краўсам. Ён быў адной з самых самастойных грамадскіх асобаў, што жылі у той час ў Германіі ці, можа, нават у Еўропе, ён з самага першага дня сказаў “не” вайне. У яго былі высокія маральныя патрабаванні. Ён усведамляў сябе суддзёю свайго часу», — успамінаў пісьменнік. Але ён можа расказаць і пра яго як чалавека: Краўс лічыў сябе лепшым перакладчыкам санетаў Шэкспіра, ён з нянавісцю назіраў за Стэфанам Георге, бо той таксама перакладаў санеты Шэкспіра, але кепска, як лічыў Краўс. А яшчэ Краўс ненаўмысна стаў сватам: з намі за сталом сядзіць Эрна Крафт, яна нарадзілася ў 1897 годзе ў Алляйнштайне, ва Усходняй Прусіі. «Мы пажаніліся ў 1922 годзе і пазнаёміліся з-за аднолькавай цікавасці да Карла Краўса падчас сумеснай вучобы ў Фрайбургу», — кажа яна. У яго кабінеце высяцца горы кніг, яны не змяшчаюцца на паліцах, займаюць ложак. Тут таксама стаіць і старое крэсла, на якім сядзела Эльзэ Ласкер-Шулер. Уцякаючы ад Гітлера, паэтка ў 1937 годзе прыязджае ў Ерузалем. Вернер Крафт становіцца яе анёлам-ахоўнікам. Яна выплакваецца ў яго, атрымлівае суцяшэнне. Аднойчы яна просіць яго дазволіць ёй застацца на ноч, баіцца адзіноты яе здымнага пакоя, кажа, што можа спаць на любым крэсле.
Пазней Вернер Крафт выдае паэтычную спадчыну Эльзэ Ласкер-Шулер і такім чынам ратуе ад забыцця яе вершы, яе прозу і драму «Я і я» з часу эміграцыі. «Яна была цалкам паэтычна-фантастычнай істотай і адначасова не без нечаканых знакаў здаровага розуму. Яе жыццё — ва ўсёй яго неспасцігальнасці — было напоўненае больш глыбокім сэнсам, і яна да апошняга ўздыху ў поўнай меры праяўляла сваю паэтычную сутнасць», — кажа Крафт. Захоплены ўспамінамі пра пісьменніцу, ён хоча назваць імя яе апошняга вялікага кахання, ён пачынае, вагаецца і нарэшце кажа: «Я не назаву гэтага імя». Але такая блізкасць узбуджае фантазію пісьменнікаў, і такім чынам у п’есе Моці Лернэра «Эльзэ», у якой паказваецца жыццё пісьменніцы, з’яўляецца фіктыўны моўны крытык Вернер. Я апавядаю, што нанава была выдадзена анталогія Курта Хілера «Кондар», той збор вершаў, у якім Макс Брод, Рэне Шыкеле, Франц Верфель, Георг Гейм і іншыя апублікавалі свае радыкальныя і прароцкія строфы. Захоплены гэтай навіною, Крафт кажа: «Можа, кондар яшчэ даляціць да Блізкага Усходу!». Як сведка часу ён апавядае аўтэнтычныя рэчы: на сходзе, які ў 1915 годзе ў Берліне арганізаваў Курт Хілер, ён пазнаёміўся з Вальтэрам Беньямінам. Крафт успамінае: «Беньямін выступаў з прамоваю, яго словы здаліся мне рэвалюцыйнымі». Яны становяцца сябрамі. Калі Вальтэр Беньямін едзе вучыцца ў Берн, Вернер Крафт ахоўвае яго манускрыпты і ратуе яго працы ў смутны час вайны і рэвалюцыі. Але ў дваццатыя гады сяброўства абрываецца. «Мяне гэта зачапіла, — шкадуе Вернер Крафт, — ён нават спрабаваў вымусіць мяне адмовіцца ад Карла Краўса, аўтара твора «Апошнія дні чалавецтва». Пасля 1933 года яны зноў сустрэліся ў Парыжы, іх сяброўства ажыло нанова. Таму, што яны зноў знайшлі шлях адзін да аднаго, і гэтаму спрыяў не толькі іх агульны лёс у эміграцыі. Вернер Крафт — між тым бібліятэкар і мовазнаўца са ступенню доктара навук — адкрывае Вальтэру Беньяміну забытыя літаратурныя крыніцы, у тым ліку моўнага крытыка Карла Густава Ёхмана. Пазнейшыя працы Беньяміна, прысвечаныя Ёхману, былі немагчымыя без «акушэрскай дапамогі» Крафта, і гэта таксама датычыцца шматлікіх момантаў у працах Беньяміна пра Кафку. Крафт апісвае свайго сябра відавочна ўсхвалявана, успамінае кватэру Беньяміна, быццам гэта было ўчора: «Ён з гонарам паказаў мне вялікі плакат, на якім быў паказаны матрос з татуіроўкай. Ці я бачу яго, як ён заходзіць у краму з рэчамі для чараўніцтва, каб купіць цацку. Яго вабіла ўсё далёкае, першабытнае». Крафт апавядае пра іх штодзённыя сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі, пра іх размовы, лісты і дыскусіі, прыгадвае хістанні і сумненні Беньяміна ў пытанні, ці павінен ён пакінуць Парыж, каб схавацца ад нацыстаў. «Але ён быў прывязаны да свайго пісьменніцкага жыцця, і па сутнасці яго праца “Парыж як сталіца XIX стагоддзя”, ад якой захаваліся толькі ўрыўкі, была яго галоўнай працай, якую ён увогуле мог напісаць толькі ў Парыжы». Я пытаюся пра адносіны Брэхта да Беньяміна, тым больш што Крафт некаторы час быў у Парыжы трэцім у саюзе. «Брэхт быў вельмі ўражаны Беньямінам, але па сутнасці ён яго ніколі не зразумеў, гэта быў іншы свет, які заставаўся для яго (Брэхта) закрытым». Сяброўства абарвалася другі раз. Вернер Крафт сумна кажа: «Праз жудасны лёс Беньяміна ўся гэта напружанасць у адносінах для мяне цалкам знікла. Я працягваю мае размовы з ім, быццам ён яшчэ жыве». Другога сябра ён страціў праз палітычнае забойства: гэта быў Тэадор Лесінг. У іх размовах Крафт абараняе свайго літаратурнага ідала, Рудольфа Борхардта, ад крытыкі Лесінга, а той чытае Брэхту свае вершы, поўныя нянавісці да нямецкіх інтэлектуалаў, якія прысвяцілі сябе вайне. У першую чаргу яго гнеў скіраваны на Томаса Мана. Крафт працаваў санітарам у ваенным шпіталі ў вар’яцкім доме ў Ілтэне. Акружанаму чалавечымі развалінамі і жорсткім ужываннем сілы з боку медыкаў, яму была неабходная ўся яго энергія, каб вытрываць гэтае пекла; тым больш што яго любімы брат — нямецкі ваеннапалонны ў Палесціне. «У Ільтэне мяне наведаў Тэадор Лесінг, і ён мяне суцешыў. Лісты Вальтэра Беньяміна таксама даходзілі да мяне. Ён раіў мне прачытаць “Стойкага прынца” Кальдэрона». Крафт хоча зрабіць нешта вельмі важнае для нямецкай літаратуры. З Ільтэна ён піша на 18 гадоў старэйшаму за яго Марціну Буберу, які ў той час выдае часопіс «Габрэй», і скардзіцца на тое, што ў часопісе Бубера хоць і друкуецца паэт Франц Верфель, але ж там няма Карла Краўса і Рудольфа Борхардта. Напрыканцы трыццатых гадоў яны зноў сустракаюцца ў эміграцыі ў Ерузалеме. Пазней Вернер Крафт публікуе кнігу з размовамі, якія ён вёў з Марцінам Буберам з 1941-га па 1965 год. Крафт прыгадвае: «Кніга размоваў Экермана з Гётэ ўнікальная па той прычыне, што Экерман быў да самазнішчэння захопленым захавальнікам вялікага слова. Гётэ не ўступае ў размовы; Бубер рабіў гэта, гэта было для яго само сабою зразумелым. Я быў удзельнікам гэтых размоваў, я не магу выдаліць сябе з іх». Пасля Першай сусветнай вайны Вернер Крафт працягвае сваю вучобу — французская мова, нямецкая мова і філасофія — ва ўніверсітэтах Фрайбурга і Гамбурга, і ў 1925 годзе абараняе доктарскую дысертацыю пра папесу Іаану. Пасля жыцця ў Лейпцыгу, Гале і Італіі ён у 1927 годзе прыязджае ў Гановер і працуе там бібліятэкарам у бібліятэцы Федэральнай зямлі. Тут узнікаюць яго планы вялікіх манаграфій пра Краўса, Кафку, Гейнэ, Георге, Борхардта і Ёхмана. Ён трапляе на вершы Вільгельма Лемана. «Мяне ўсхвалявала цнатлівая прыгажосць мовы», — кажа Крафт. Завязваецца сяброўства, якое — не зломленае жахлівым часам — працягваецца да самай смерці Лемана. З 1934 года Крафт жыве ў Ерузалеме, працуе, каб мець сродкі для існавання. З боку ад пекла, якое трасе Германію, ён пранікае ў нямецкую гісторыю духу. Тое, што ён адкрывае ў літаратурных скарбах і нанава тлумачыць, дае германістыцы новыя імпульсы. Вернер Крафт заўсёды быў таксама і паэтам, і некаторыя назвы зборнікаў яго вершаў, такія як «Слова з пустэчы», «Фігура надзеі», «Асіленая сучаснасць», сімвалізуюць Адысею яго жыцця. Яго раннія вершы маюць баладную будову, яго вершаваныя радкі сёння герметычна закрываюцца, абмяжоўваюцца знешняй рэдукцыяй. Вернер Крафт амаль сляпы; аднак ён бярэ лупу і ад рукі запісвае для мяне некалькі сваіх паэтычных мініяцюраў. Літаратурнае пасланне Крафта дасягае Германіі толькі пасля Другой сусветнай вайны. Яго кнігі выдаюцца ў Франкфурце, Зальцбургу, Мюнхене, Гейдэльбергу, Вене і Кёльне, і высокі ўзровень яго літаратуры вельмі хутка бачаць і адзначаюць: у 1966 годзе ён атрымаў Літаратурную прэмію Баварскай акадэміі прыгожых мастацтваў, у 1971 годзе — Прэмію імя Зігмунда Фрэйда Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі ў Дармштадце, у 1975 годзе — ступень ганаровага доктара ўніверсітэта Фрайбурга, нарэшце ў 1990 годзе федэральная зямля Ніжняя Саксонія дае яму Мастацкую стыпендыю ў галіне літаратуры. Дзевяностачатырохгадовы пісьменнік яшчэ працуе па некалькі гадзінаў на дзень. «Слову я служу ў памяшканні, цэнтр якога вызначаюць пісьмовы стол і апарат для чытання. І я магу паглыбіцца ў літаратуру, мне не перашкаджае шум у наваколлі». Калі стары пісьменнік праводзіць мяне да дзвярэй, ён скардзіцца на тое, што з-за эміграцыі ён страціў нямецкі тэатр. «У мяне не было іншага выбару для паэтычнага выяўлення, акрамя вершаў і паэтычнай прозы». Я пытаюся, як пісьменнік адольвае гэтую парадаксальную сітуацыю: знаходзіцца ад сваіх чытачоў на адлегласці часткі свету, пісаць па-нямецку ў габрэйскай моўнай прасторы? Я чую пра яшчэ адзін цяжар у дадатак да нялёгкага лёсу эмігранта: у адрозненне ад мастака і музыканта, пісьменнік прывязаны да слова. З 1983 года нарэшце ўтвараецца пастаянная сувязь з Германіяй праз архіў Крафта ў Рэйнбаху. Гісторык мастацтва Фолькер Камэн і выдавец Георг Хойш прадстаўляюць творчасць Вернера Крафта і ахоўваюць каштоўны збор яго манускрыптаў, дзённікаў, першых выданняў і лістоў. Пытанне пра вяртанне ў Германію ніколі не стаяла перад Крафтам: калі пасля Другой сусветнай вайны Вальтэр фон Моло запрасіў Томаса Мана вярнуцца, разгарэлася грамадская дыскусія «за» і «супраць» гэтага пытання. «Я не ўдзельнічаў ні ў адной дыскусіі падобнага роду. Для мяне гэта было абсалютна натуральнае рашэнне, калі я думаў пра тое, што мае двое дзяцей выраслі тут і натуральна вялі ізраільска-габрэйскае жыццё». Успаміны маладосці Крафта закончваюцца гэтымі сказамі: «Наталіць пустыню смерці вадою жыцця — гэта мэта, да якой павінны імкнуцца ўсе маральныя намаганні духу. Я наказваю нам спадзявацца». Гэты запавет пісьменнік дае мне ў дарогу, а таксама перасцерагае мяне і напамінае мне пра васямнаццаць прыступак перад яго домам.
Па вяртанні ў Браўншвайг я высылаю «Кондара» ў Ерузалем. 6 красавіка 1990 года Вернер Крафт адказвае мне на гэта: «...Асабліва ўдзячны я Вам за “Кондара”. Яго чытанне, на жаль, супала з чытаннем другой кнігі, якая цалкам завалодала мною, але я навярстаю ўпушчанае... Другая кніга называецца “Таемнае сэрца гадзінніка”, апошнія запісы Эліаса Канэцці. Калі Вы яе не ведаеце, ва ўсіх “за” і “супраць”: ад тавара, на які няма попыту, да нечага ўзвышанага — яе варта прачытаць...». Гэты ліст — аэраграма, на адвароце змешчаны напісаны ад рукі верш.
14 траўня 1991 года памёр Вернер Крафт. Яго магіла знаходзіцца на могілках кібуца Цора.
Заўвагі У 1996 годзе з нагоды 100-годдзя Вернера Крафта Нямецкі літаратурны архіў у Нацыянальным музеі імя Шылера ў Марбаху зрабіў кабінетную выставу, прысвечаную творчасці і жыццю пісьменніка. Потым экспанаванне гэтай выставы ўзяла на сябе бібліятэка герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі і паказала яе там у доме Лесінга. У Гановеры ёсць вуліца, названая іменем Вернера Крафта, і лекцыйная зала бібліятэкі Лейбніца носіць яго імя. На музейным востраве Хомбройх (у горадзе Нойс) можна — па папярэднім запісе — у Ружовым доме з архівам Вернера Крафта наведаць пастаянную экспазіцыю, прысвечаную асобе і творчасці пісьменніка. У гарадской бібліятэцы Браўншвайга захоўваюцца шматлікія кнігі Вернера Крафта.
Пераклад з нямецкай мовы
|
|
|