Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Міхась СКОБЛА

«ЗА ШКЛОМ АПОСТАЛЬСКАЕ ПОШТЫ»

Юрка Голуб. Гродна, 2015 г.

Ажно не верыцца — сёлета Юрку Голубу споўнілася б 75 гадоў. Век, што і казаць, паважны. А паэзія яго, які зборнік ні вазьмі, выглядае молада і бадзёра, як у далёкія 1960-я, калі ён пачаў актыўна друкавацца. Ён прыйшоў у паэзію не самаўпэўненым выпускніком універсітэцкага філфака, дзе штогод узрасталі ў цяплічных умовах дзясяткі вершапісцаў, не юным эпігонам, які старанна падрабляўся пад кагосьці з класікаў, не ўмелым рамеснікам, які папісваў рыфмаванкі для першых газетных палосаў. Юрка Голуб прыйшоў у беларускую паэзію, як прыходзіць у спёку асвяжальны лівень, — з яркімі маланкамі метафараў, з вясёлкамі яскравых вобразаў, з насычанай нерушным азонам — не надыхацца — мовай. І назвы голубаўскіх зборнікаў нібы падкрэсліваюць нябеснае паходжанне паэта: «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Сын небасхілу» (1989), «Поруч з дажджом» (2001)...

Што да вышыні, то яна была наканавана паэту ад нараджэння — вёска Горна, прозвішча Голуб. Раўнінная Зэльвеншчына тысячы гадоў захоўвала ад выветрывання ды размывання ледавіковую спадчыну — некалькі стромістых пагоркаў, — каб у трэці пасляваенны год клапатліва падставіць плячо падлётку. З узвышэння, як вядома, лягчэй узлятаць. Ды і галубінае прозвішча, думаецца, у яго невыпадковае. Нягучнае, але беларуска-біблейскае. I калі нейкі там гусак Рым уратаваў, дык голуб, прынёсшы пальмавую галінку да закінутага сярод бяскрайняга мора-акіяна Ноевага каўчэга, уратаваў усё чалавецтва.

Шмат гадоў адпрацаваўшы з мікрафонам у руках (спачатку на Гродзенскай студыі тэлебачання, потым у рэдакцыі абласной афіцыйнай газеты) і нават кіруючы рэгіянальным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў, Юрка Голуб па-за службай не імкнуўся да публічнасці і таго, што прынята называць актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Нездарма ў вершы, прысвечаным старэйшай каляжанцы Дануце Бічэль, ён іранічна прызнаўся: «З прымусам ты не ладзіш, // на мне хоць кол чашы». Не прыпомню, каб паэт увязваўся ў нейкія палемікі, скажам, на пісьменніцкіх сходах, як тое рабіў раней, валодаючы бясспрэчным прамоўніцкім дарам, яшчэ адзін гродзенец Аляксей Карпюк. Голуб і ўласныя вершы са сцэны чытаў не дужа ахвотна, без тэатральных эфектаў і нарыхтовак. Чытача і слухача ён браў за жывое іншым — «не злым ціхім словам» і непадробнай шчырасцю.

Помню, як дзесяцікласнікам Дзярэчынскай сярэдняй школы я трапіў у зэльвенскі Дом культуры — на пісьменніцкую сустрэчу якраз з Карпюком і Голубам. Аляксей Нічыпаравіч, чытаючы свае празаічныя абразкі, спрактыкавана «падключаў» публіку, па-народнаму ўдала жартаваў, умела падколваў прысутнае раённае начальства. У пэўны момант ён зрабіў выгляд, што «ідзе ў народ», але спусціцца ў залу яму не даў караткаваты провад мікрафона. «Ну от, заўсягды так — залыгаюць цябе вяроўкай і не рыпайся», — пад ажыўленне і смех слухачоў вярнуўся Карпюк у адгароджаную вазонамі зону каля прэзідыума.

Юрка Голуб — студэнт БДУ. 1967 г. (?)

Юрка Голуб з мікрафонам не гуляўся і з землякамі не жартаваў. Ён проста прачытаў некалькі вершаў, у якіх шумелі зэльвенскія лясы, паланялі ўсіх сваёй красой зэльвенскія дзяўчаты, гудзеў на ўсю ваколіцу зэльвенскі Ганненскі кірмаш. У родную Зэльвеншчыну паэт быў проста закаханы. Здавалася б, звычайная зямля, хай сабе, як кажуць практычныя людзі, самадастатковая. У народнай трактоўцы гэта гучыць так: вады — хоць заліся, камянёў — хоць забіся, дроў — хоць спаліся.

Тая сустрэча адбылася амаль сорак гадоў назад, але да гэтай пары памятаецца, як кінематаграфічна паўстаў тады ў маіх вачах створаны Голубам абразок старажытнага, заснаванага яшчэ ў 1720 годзе, кірмашу: «Вакол пішчала і раўло, // і світа сытая сіпела, // калі карэце на крыло // ступаў размашыста Сапега».

Пасля сустрэчы мой школьны настаўнік і шматгадовы кіраўнік раённага літаб’яднання Пятро Мікалаевіч Марціноўскі падвёў мяне для знаёмства з гродзенскімі мэтрамі, і мне было прапанавана даслаць што-небудзь для літаратурнай старонкі ў «Гродзенскай праўдзе».

О, тыя колішнія амаль абавязковыя для кожнай газеты літстаронкі! Як яны абуджалі, асабліва ў рэгіёнах, творчую моладзь! Дапамагалі самасцвердзіцца, прыадчынялі дзверы ў неабсяжны беларускі свет, скіроўвалі сваіх выхаванцаў паступаць на ўніверсітэцкія філфакі, дзе іскрынкі талентаў нярэдка запальваліся яркімі агменямі.

Памятаю, як школьнікам штомесяц чакаў літстаронку «Зоры над Зальвянкай» у нашай раёнцы. Разгорнеш, а там — о цуд! — надрукавана тваё прозвішча, ды яшчэ з нясціплым партрэтам (будзе чым пафарсіць перад аднакласніцамі). Але з не меншай цікавасцю я шукаў на тых літстаронках вершы Юркі Голуба, якія неяк неўсвядомлена палюбіў і без намаганняў запамінаў (тады яшчэ не ведаў, што назаўсёды). Тыя вершы і сёння лёгка, як кампутарныя файлы, адкрываюцца ў маёй паточанай шашалем гадоў памяці: «У падручнік гісторыі // раптам трапіла зёлка. // А на той тэрыторыі // і тужліва, і золка». Або: «У памяці, як бліц, // успыхне не для згубы / калчан згрубелы дуба // для схову бліскавіц»

Узяўшы ў сваім жыцці, мабыць, сотні інтэрв’ю, Юрка Голуб сам інтэрв’ю практычна не даваў. А шкада, бо жанр дыялогу паказвае творцу зблізку, высвечвае лад яго думання, манеру яго простай мовы. Неяк, напаткаўшы ў бібліяграфічным слоўніку згадку пра газетнае інтэрв’ю Янкі Купалы, я спецыяльна пайшоў у Нацыянальную бібліятэку і заказаў патрэбнае выданне. Хацелася адчуць гаворку песняра. На жаль, мяне чакала расчараванне — аказваецца, у 1920-я гады інтэрв’ю рабіліся без пытанняў і адказаў, журналіст проста пераказваў пачутае сваімі словамі.

Згадкай пра Купалу я, помніцца, аднойчы і падахвоціў-угаварыў Юрыя Уладзіміравіча на невялікую гутарку для радыёпраграмы «Дом літаратара» — пасля выхаду ў свет зборніка трыялетаў «Зажураны камень» (2002). Не адшукаўшы ў Голубавым архіве ніякіх іншых апублікаваных гутарак (дзе паэт не пытаўся б, а адказваў), я лічу патрэбным падаць тут запіс нашага даўняга сумоўя ў менскай студыі.

— М.С.: «Вы столькі гадоў рыхтавалі ў „Гродзенскай праўдзе“ літаратурную старонку. А перад вамі літкансультантам там быў Васіль Быкаў. Пачатковец прыходзіў у газету да Быкава, нёс свае творы Юрку Голубу. Была нейкая літаратурная школа, была традыцыя. А што цяпер, гэта ўсё перапынілася? На каго сёння вы пакінулі гродзенскіх паэтаў?»

— Ю.Г.: «Думаю, што яны нядрэнна пачуваюцца і без маёй апекі. Але нялішне будзе сказаць, што пры мне, апрача штомесячнай літстаронкі, выходзіла пры газеце і кніжная серыя «Галасы». Усяго выйшлі чатыры выпускі — паэзія, проза, крытыка. Так што быў шырокі прастор для таго, каб літаратарам-землякам выходзіць да свайго чытача, які заўсёды з нецярпеннем чакаў іхніх твораў. Я спадзяюся, што ўсё ж знойдзецца нейкі пераемнік. Але пакуль яго няма. Новаму рэдактару ён, відаць, і не патрэбен, паколькі літстаронка ў абласной газеце, здаецца, не выходзіць».

— М.С.: «Вы ўзначальваеце абласную арганізацыю Саюза беларускіх пісьменнікаў, у піку якому ўладамі створаны другі саюз, аддзяленне яго існуе і ў Гродне. Туды перайшло нямала вашых калегаў з СБП. Як вам суіснуецца з імі, і якія вашы адносіны да гэтых “перабежчыкаў”»?»

— Ю.Г.: «Даволі далікатнае пытанне... Мае адносіны да таго ці іншага пісьменніка залежаць ад таго, што гэты пісьменнік напісаў. Толькі паводле твораў я раблю нейкія высновы. Так што ад сяброў новастворанага саюзу я чакаю выдатных твораў. А канчатковыя акцэнты ў літаратуры расстаўляе час».

— М.С.: «Вы адзіны ў Беларусі паэт, які напісаў цэлы зборнік трыялетаў. Саджанец трыялета перасадзіў на беларускую глебу Максім Багдановіч. Чым прывабіла вас гэтае французскае вынаходніцтва?»

— Ю.Г.: «Сваёй вытанчанасцю, дакладнасцю. Васьмю радкамі трыялета можна дастаць душэўныя глыбіні, крануць нейкія патаемныя мембраны душы чалавечай. Нездарма да гэтай формы звярнуўся Багдановіч — паэт эстэтычна дасканалы. І добра, што ў яго шмат паслядоўнікаў. Сярод іх прыемна быць і мне».

— М.С.: «Літаратуразнавец Аляксандр Фядута назваў вас “Арфеем правінцыі”. А ці існуюць сталіцы і правінцыі ў літаратуры?»

— Ю.Г.: «Якая розніца для чытача, што за адрас стаіць пад творам — Мінск, Гродна ці назва невядомай вёсачкі? У Солах на Смаргоншчыне жыў і пісаў выдатныя вершы Мар’ян Дукса, у Белаазёрску на Брэстчыне — Ніна Мацяш. Насамрэч, чытаеш іх творы, і не хочацца ведаць, дзе яны напісаныя — на сталічным праспекце ці ў правінцыйным завулку. Галоўнае — якасць твора».

— М.С.: «У вашай „Баладзе Берштаўскай капэлы“ мне запомніліся радкі: „Маўчанне стаіць акапэльна — // смяртэльна“». Ці зазнавалі вы творчыя крызісы, калі зусім не пісалася?»

— Ю.Г.: «Быў у мяне перыяд, калі я за некалькі гадоў не напісаў ніводнага верша, ніводнага радка. Вядома ж, на душы быў страшэнны дыскамфорт. І я ніяк не мог даўмецца, чаму не пішацца? І тады ў рускага паэта Яўгена Вінакурава я прачытаў пра аналагічную сітуацыю. Ён прызнаўся, што перастаў „мысліць вобразамі“. Тое самае было і ў мяне. Але, дзякаваць Богу, крызіс мінуўся».

 

…Зборнік «Зажураны камень», які звёў нас у радыёстудыі, танклявасцю сваёй нагадваў сваіх папярэднікаў. Так, усе дзесяць прыжыццёвых зборнікаў Юркі Голуба маленькія, у мяккіх вокладках. Але паэзія — як золата: калі яго зашмат, яно таннее. У Голуба — не зашмат. Яго кніжкі лёгка змяшчаюцца ў кішэні, іх зручна насіць за пазухай. Можна сказаць, яны менавіта запазушныя, як некалі ў Льва Талстога быў захаляўны (патаемны) дзённік. Настрой вельмі асабістых, шчыра-шчымлівых Голубавых вершаў, іхняя інтанацыя могуць неяк самі па сабе ўспомніцца і праз дзесяць, і праз дваццаць гадоў пасля прачытання: «I лета згрэбена на сена. // I сцежка ўночы не відна. // Губамі грэю да відна // Твае радзімкі, як насенне».

Паэт і гаварыў нягучна, і пісаў нібы напаўголасу. Але і напаўголас ягоны (хай сабе нават і шэпт) — непадробны, яму ўласцівыя і свой тэмбр, і сваё дыханне. «Які трывожны міг — // I войны... і радзіны... // І як блізняты — мы // Пад сэрцам у Радзімы».

Ці не гэтым адчуваннем сябе пад сэрцам у Радзімы тады яшчэ малады паэт прыйшоўся да душы Ларысе Геніюш? Яна заапекавалася таленавітым земляком, пісала яму сардэчныя лісты, а аднойчы прыслала з Зэльвы ў Мінск цёплыя рукавіцы — каб грэў «лапяняты».

Адносіны двух зэльвенскіх творцаў яскрава выявіліся ў іхняй перапісцы, якая шчасліва захавалася, а яшчэ — у Голубавым студэнцкім дзённіку, з якога зразумела, як фармаваўся малады паэт, у якім горне гартаваў свой характар. Для мяне відавочна, што пры горне тым стаяла і «раздзьмухвала агонь» Ларыса Геніюш. Прачытаўшы часопісную падборку твораў Юркі Голуба і яго літаратурных аднагодкаў (там было і вершаванае прысвячэнне Ларысе Антонаўне), яна 15 снежня 1966 года даслала дзевятнаццацігадоваму паэту ліст, ад якога ў таго магла закружыцца галава:

У Зэльве ля помніка Ларысе Геніюш.
Міхась Чарняўскі, Пятро Русаў, Юрка Голуб,
Міхась Шавыркін, Сяргей Чыгрын. 2010 г.

«Дарагі Галубок, харошы! Сёння прыйшло „Полымя“, і я ледзь бачу пісаць... Ты гэта што прыдумаў, зубраня дарагое? Заплюшчваю вочы і здаецца мне, што гэта гаворыць зямля мая, і адыходзіць з сэрца ўпарты боль, і ноша цярпенняў старых становіцца — неіснуючай. Дзякуй табе, зубраня, крылатае і надзейнае! Перадай ад мяне словы шчырага прызнання і вялікай радасці сябрам тваім па пяру. Вершы вашыя з сэрцаў вашых, а сэрцы, як бачна, жывуць і крынічаць з роднай зямлі. Вітаю і бласлаўляю на магутную сілу ваш першы, вялікі голас зубрыны! Жадаю вам патрасаць ім пушчы і сэрцы і пяяць Беларусі па праву неадродных сыноў Зямлі гэтай! Жадаю вам шляхоў лягчэйшых і яснейшых і сілаў, якія перамагаюць зло! Трымайцеся, дарагія! Застаюся з вялікай надзеяй на вас, з каханнем і вераю ў вас. Ваша: паэтка, змагар, вязень і друг».

Пасля такіх словаў галубінае буркаванне мела ўсе шанцы перайсці ў магутны зубрыны рык. Але ломка голасу, як вядома, пагражае яго поўнай стратай. Голуб застаўся пры сваім, дадзеным прыродай, голасе, хоць часам папрактыкавацца ў зубрыных арыях карцела. А паколькі Белавежская пушча далекавата, ішоў у гродзенскі рэстаран «Зубр»...

Бываючы па справах у «каралеўскім горадзе з правінцыйным лёсам» (так называлася адна з кніг па гісторыі Гродна), я абавязкова стараўся сустрэцца са сваім земляком ці ў яго прасторнай кватэры на праспекце Будаўнікоў, ці ў доме нашага агульнага сябра Валянціна Дубатоўкі, ці ў нейкім іншым месцы, дзе ладзіліся разнастайныя культурніцкія імпрэзы. Неяк сядзім у паэтавым утульным кабінеціку, размаўляем. На стале — стосік свежавыдадзеных кніжак «Багра» (2006). (На адвітанне я меўся атрымаць асобнік з надпісам.) Ужо ўзяўшы ў рукі той асобнік, паэт прызадумаўся і стаў расказваць, як, будучы студэнтам філфака БДУ, дастаяўся ў чарзе па аўтограф да маскоўскага госця Міхаіла Луконіна, з якім сябраваў настаўнік і апякун маладога Юркі Голуба Анатоль Вялюгін (Адмірал — так з павагай называла яго моладзь). Калі савецкі класік загаварыў да Юркі, у таго ад хвалявання задрыжаў голас. Тады ўсе на памяць ведалі луконінскія радкі пра пусты рукаў: «В этом зареве ветровом // выбор был небольшой. // Но лучше прийти с пустым рукавом, // чем с пустой душой». Луконін падпісваў кнігу «Товарищ поэзия», а цыгарэта апякала пальцы, і попел асыпáўся на старонку…

Выслухаўшы Голубаву гісторыю, я ў адказ расказаў сваю — як на той жа сцэне той жа актавай залы таго ж філфака дваццаць гадоў пазней адстаяў калейку па інскрыпт да Івана Шамякіна. Народны пісьменнік, пабліскваючы зоркай «Героя сацпрацы» на грудзях, ашчасліўліваў сваіх шанавальнікаў (пераважна студэнтак) надзіва аднолькава — проста пісаў «Іван Шамякін» і ставіў дату. Пабачыўшы такі амаль механічны працэс цераз плячо аднакурсніцы, я пакінуў тую калейку, а набытую кнігу (здаецца, гэта быў раман «Петраград – Брэст») камусьці падараваў. Чаму я так зрабіў? Бо аўтарскі інскрыпт на кнізе лічыў і лічу своеасаблівым літаратурным жанрам, які часам бывае і класіку непадуладны.

…Юрый Уладзіміравіч ажно кніжку адклаў: «Дай падумаць». Падумаў хвілін колькі і пакінуў на тытуле (з праўкамі) сапраўды арыгінальны інскрыпт: «Пра „Дыярыюш дзярэчынскі“ // не ходзяць чуткі недарэчныя. / А аўтар „Багры“ каля дома // чуе свіст — усім вядома. // Дарагі сябрук Міхась, // адчапі ад «Багры гразь»! / Ю. Голуб (па-літоўску Баландзіс)».

Ніякай «гразі» я ў «Багры», вядома ж, не знайшоў. Знайшоў новыя запамінальныя радкі, якія хацелася цытаваць як узоры сапраўднай паэзіі. «І хрусне поўня, як сургуч // за шклом апостальскае пошты» — такое хоць «на камні, жалезе і золаце» высякай…

Сустрэча землякоў — Юрка Голуб і Міхась Скобла.

Працуючы на тэлебачанні і ў «Гродзенскай праўдзе», Юрка Голуб стараўся адгукнуцца на экране і ў газеце на кожную кніжку паэтаў-землякоў, дапільноўваў у Гродне ці не ўсе мастацкія выставы, аб’ехаў уздоўж і ўпоперак усю Гродзеншчыну ў пошуках цікавых суразмоўцаў. Героямі яго тэленарысаў і артыкулаў сталі гродзенскі старажыл Апанас Цыхун (заснавальнік Музея Я. Карскага і збіральнік моўных скарбаў), краснаселец Міхась Вераціла (паэт і апантаны краязнавец), майстар народных музычных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч з Адэльска і жывапісец Станіслаў Кузьмар з Ваўкавыска, гутнікі з Бярозаўкі і леснікі з Белавежы… Усіх і не пералічыш. І тыя сустрэчы-сумоўі не сыходзілі, як вада ў пясок — заставаліся тэксты на паперы, абліччы на стужках.

Падзяліўся я аднойчы з Юрыем Уладзіміравічам сваім клопатам: здымаем фільм пра Ларысу Геніюш, а фотаздымкаў бракуе, можа, пашукаеце якія архіўна-рэдкія? Ён пакорпаўся ў шуфлядах і неспадзявана перадаў мне не толькі фота, але і беражна захаваны скрутачак кінастужкі — дваццаць секундаў жыцця паэткі, кадры, знятыя на яе зэльвенскім падворку. Ці трэба казаць, як тыя ўнікальныя кадры ажывілі ўвесь фільм!

У нейкіх дробязях стараўся і я паспрыяць свайму старэйшаму сябру. Не заўсёды, відаць, своечасова спраўляўся, сведчанне таму — лісты з далікатнымі ўшчуваннямі і жартоўнымі падзякамі (набярэцца іх не больш за дзясятак, усё ж наш час безнадзейна не эпісталярны). Вось некалькі ўрыўкаў з тых лістоў:

«Mone ami Michel! Гаручыя і салёныя, як мая доля, слёзы праціналі мае кухонны і пісьмовы сталы падчас дарэмнага чакання тэлефона ад Вашай Міласці. А таму вось даводзіцца карыстацца ласкай нашага паштовага сэрвіза. Не ведаю, як дзякаваць Збаўцу, але наша рэгістрацыйная эпапея [перарэгістрацыя абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. — М.С.] з поспехам працягваецца і, мабыць, мае намер зашыцца пад вокладку Гінеса»; «Прывітанне, ясны саколе! Шлю табе зорнага грузіна [пераклады з Н. Бараташвілі. — М.С.]. З усёй яго спадчыны — 37 вершаў і паэма — мне засталося перакласці пяць твораў. Хацеў прапанаваць у „Звязду“ і „Дзеяслоў“ канкрэтныя творы, але вочы разбегліся пры выбары. Пэўна, васпан зробіць гэта на свежае вока лепш… Ганарарная бутэлька за васпанавы высілкі настойваецца на траве-зубровіцы, вырванай пад Вердамічамі на рагу Белавежы…».

Так і не паспыталі мы тады той настойкі-зуброўкі. Не паспелі. Жыццё чалавечае кароткае — як забегчы да суседа агню пазычыць...

Юрка Голуб вельмі любіў адну народную песню. Аднойчы мы яе няўмелым дуэтам нават ціхенька паспявалі на беразе зэльвенскага возера. «Паехаў, паехаў — нідзе не відаці, // на бітым гасцінцы два слядочкі знаці».

…Калі дажджлівым кастрычніцкім днём 2020 года паэт пасля адпявання ў старажытнай Каложы навечна выправіўся на сваю радзіму, на сваю Зэльвеншчыну, на свой хутар пры «бітым гасцінцы», мне тая песня дні тры ў галаве круцілася. І цяпер круціцца, калі пішу гэтыя радкі. Развітальна-шчымлівая, жалoсная, як кажуць у нас на Зэльвеншчыне. Тую песню я напяваю, калі прыходжу ў адведкі на горненскія могілкі...

Даўно пагаслі «Зоры над Зальвянкай», даўно зачынілася ў Зэльве адзіная на ўвесь раён кнігарня, дзе беларуская кніга была ў пашане. Шмат што ў пачужэлым мястэчку непазнавальна змянілася. Але зэльвенская зямля па-ранейшаму адгукаецца ў маёй душы вершамі Юркі Голуба. Шчодра апераныя метафарамі, знаёмыя са школьных гадоў, яны прыходзяць да мяне не з кніжных старонак, іх мне прыносіць галубіная пошта памяці. З таго паштамту, дзе, па словах паэта, лісты штампуюцца сургучнай пячаткай поўні «за шклом апостальскае пошты».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY