Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Андрэй ШПУНТ

«…КАБ КОСТКІ СВАЕ СКЛАСЦІ НА ЛЮБАЙ БЕЛАРУСІ»

Смерць Аляксандра І, які «ўсю другую палову жыцця шукаў ісціны, адрозніваючыся верацярпімасцю», падвяла рысу пад перыядам адносна спакойнага суіснавання Касцёла і расійскіх уладаў. Пры Мікалаі І духоўнае жыццё ў імперыі вызначала распрацаваная графам Уваравым тэорыя афіцыйнай народнасці, што складалася з трыяды: праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць. Касцёл і Уніяцкая Царква ніяк не ўпісваліся ў гэтую простую і зразумелую кожнаму гарадавому схему. Тактыка ціску на Касцёл была ўжо паспяхова апрабаваная на Уніяцкай Царкве, калі першай галоўнай мэтай станавілася вышэйшае святарства, а ўжо праз гэта можна было імкнуцца да аслаблення «ўсяго цела». Пасля смерці арцыбіскупа мітрапаліта Цецішоўскага, па сведчанні кс. Адрыяна Буды SJ, «урад зусім не выказваў жадання да хуткага прызначэння на пустуючую мітраполію. На самай справе ўлады абдумвалі новую арганізацыю лацінскіх дыяцэзій у імперыі. Перад тым жа, як гэта будзе зроблена, біскупствы маглі заставацца вакантнымі, а дыяцэзіямі больш-менш кіраваць адміністратары. У Віленскай дыяцэзіі такі стан рэчаў цягнуўся ўжо дваццаць гадоў, у Магілёве <...> дзесяць». Яшчэ пры непрацяглым кіраванні Магілёўскай архідыяцэзіяй арцыбіскупам мітрапалітам Цецішоўскім, паколькі быў ужо даволі слабы і хворы, ад яго імя дапамагалі ў якасці адміністратараў спачатку біскуп-намінат Яахім Юзаф Грабоўскі1, а потым пралат Магілёўскай капітулы Ян Хрысціцель Фэлікс Шчыт, які пратрымаўся на пасадзе да 01.01.1833 г. і, пры сваёй «нязручнасці» для ўраду, прасунуўся яшчэ далей. (Гэтай «нязручнасці» не перашкаджала нават тое, што падчас паўстання 1831 г. ён заклікаў святарства Магілёўскай архідыяцэзіі да вернасці трону — зрэшты, зроблена гэта было згодна з заклікам Санкт-Пецярбургскай духоўнай кансісторыі — і неўзабаве атрымаў ад Мікалая І пярсцёнак з дыяментам і ордэн св. Ганны ІІ ст.).

 

Паходжанне

Пратапластам старажытнага роду Ястрэмбчыкаў Шчытоў, паводле Тэадора Жыхлінскага, быў рыцар Нагура, уладальнік Нямірава на Падоле (адкуль і прыдомак). У 1413 г. на Гарадзельскім сойме, што даў моцны імпульс да пашырэння Касцёла на нашых землях, 47 польскіх шляхціцаў даравалі свае гербы 47-мі літоўскім, прымаючы іх у сваё гербавае брацтва. Сярод гэтых шчасліўцаў быў і Нагура, атрымаўшы знак ястраба з падковай у кіпцюрах, які, па прыкладзе кароннага рыцарства, змясціў у сваім шчыце, за што і быў празваны землякамі-ліцвінамі «Шчытам». Да гэтага прыдомку дадаўся і прыдомак «Няміра», бо паводле легенды, на якую спасылаюцца і Нясецкі з Каяловічам, Нагура Ястрэмбчык падчас войнаў, што вёў Вітаўт з Маскоўшчынай, адрозніваўся нястрымным жаданнем да барацьбы, не жадаючы «ніякага міру даць непрыяцелю».

Нагура, нібы ствол моцнага дрэва, паклаў пачатак шматлікаму роду з галінамі і адгалінаваннямі, аздобленымі «кронай» на генеалагічным пергаменце тымі імёнамі, што служылі Богу і Айчыне.

Гісторыя роду кідае водбліск на нашчадкаў, таму не можам не згадаць прынамсі Мікалая Неміровіча Шчыта, войскага віцебскага, мужнага абаронцу Полацка ў 1563 г. ад маскоўскіх войскаў, самаахвярнага рыцара, што ўспазоры цяжкасцяў Рэчы Паспалітай з аплатай войску грашовага забеспячэння не спыніўся перад тым, каб прадаць сямейнае гняздо Няміраў з наваколлем, а маёнтак Дзікаў у Сандамірскім ваяводстве аддаць пад заклад. Трапіў у палон, адкуль здолеў збегчы праз 15 гадоў, не жадаючы набыць свабоду коштам пераходу ў праваслаўе, аб чым яго ўгаворваў сам Іван Грозны.

Юстыніян, падкаморы полацкі, на сваёй пасадзе атрымаў ганаровы прыдомак — «Справядлівы Шчыт». Ён значна падвысіў дабрабыт і значэнне дому. У 1669 г., будучы на элекцыі караля Міхала Карыбута Вішнявецкага і ўбачыўшы, што новаабранаму манарху падаюць шаблю вельмі простую, зняў з паса сваю багатую карабэлю і ахвяраваў каралю…

Яны былі не толькі воінамі, але і фундатарамі. Так, старэйшы сын Юстыніяна — Крыштаф Бэнэдыкт, войскі смаленскі, чашнік ВКЛ і г.д., ахвяраваў празароцкім айцам францішканам маёнтак Шча на суму 1000 злотых польскіх.

Можна шмат пералічваць дзяржаўных мужоў, воінаў, фундатараў, людзей духоўнага стану, адным словам, за спінаю Яна Фэлікса стаяла багатая сямейная традыцыя, згадаем толькі, што былі таксама родныя браты — Міхал (1786–1825), падкаморы дрысенскі, які прыкладна за год да смерці ўступіў у Таварыства Езуса, і Юзаф (1787–1861), дэпутат вывадовы дрысенскі.

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Ян Хрысціцель Фэлікс Шчыт (Неміровіч-Шчыт) з герба «Ястрабец» нарадзіўся 21.02.1789 г. у родавым маёнтку Таболкі Дрысенскага павету на Віцебшчыне на рацэ Сволна, што з 1663 г. належаў Неміровічам-Шчытам, у сям’і Фэлікса (1764–1793), каралеўскага шамбеляна, маршалка Дрысенскага павету, і Зоф’і з Корсакаў (памерла ў 1793 г.).

Прыкладна да 1818 г. — хатняя адукацыя.

Вучоба ў Academia Pontificia dei Nobili Ecclesiastici, потым — ва ўніверсітэце La Sapienza ў Рыме (1818–1822).

Святарскае пасвячэнне (23.09.1820).

Доктар святой тэалогіі і філасофіі (ліпень 1820).


Герб «Ястрабец».

Пробашч у Таболках (1822–1825).

Пробашч у Магілёве (1825–1829).

Калегіяльны асэсар Магілёўскай кансісторыі (1825–1827).

Канонік Кіеўскай капітулы (1825).

Асэсар рымска-каталіцкага Духоўнага калегіума ў СПб (1827–1829).

Пралат-кусташ капітулы Магілёўскай архідыяцэзіі (1828).

Візітатар касцёлаў у Наваросіі (1828).

Генеральны візітатар магілёўскай архікатэдры, капітулы, кансісторыі і семінарыі (1829).

Адміністартар Магілёўскай архідыяцэзіі (люты 1829 – 01.01.1833).

Узнагароджаны пярсцёнкам з дыямэнтамі і ордэнам св. Ганны ІІ ст. (1831).

Пробашч у Адэсе, візітатар касцёлаў у Маскве і Наваросіі (1833).

Член Магілёўскага турэмнага камітэту (1835).

На выгнанні ў Саратаве. Пробашч мясцовага касцёла (1833–1857).

Памёр 07.06.1865 г. у Таболках. Пахаваны ў дамініканскім кляштары ў Валынцах (Забялах).

Пакліканне

Бацькі памерлі рана, таму Ян Фэлікс разам з братамі трапіў пад апеку цёткі Юзэфы са Шчытоў Свірскай (у 1840-я гг. — у ордэне візітак у Вільні). Атрымаў хатняе гуманітарнае навучанне, аб узроўні якога сведчыць як мінімум тое, што прыстойна ведаў мовы — рускую, французскую, нямецкую, італьянскую, грэцкую і лаціну. Вядома, у тыя часы валоданне моваю было звычайным, але адсутнасць электронных перакладчыкаў давала дадатковыя стартавыя магчымасці, і ўжо з маладосці, як супрацоўнік Шляхецкай вывадовай дэпутацыі, Ян Фэлікс удзельнічаў у грамадскім жыцці Дрысеншчыны, аднак жадаў працягваць адукацыю і пасля напалеонаўскіх войнаў выправіўся ў падарожжа па Еўропе. Вынік пераўзышоў усё, бо што можа быць вышэй паклікання да службы Пану Богу? У Рыме ў студзені 1818 г. уступіў у Academia Pontificia dei Nobili Ecclesiastici, дзе пазнаёміўся з кс. Барталамеа Альбертам Капелары, будучым папам Грыгорыем XVI. Паводле кс. Тамаша Дабшэвіча, на рашэнне стаць святаром меў уплыў французскі кансерватар і філосаф, кавалер Вялікага Крыжа Ордэна св. Маўрыкія і Лазара, а таксама ў 1803–1817 гг. сардынскі амбасадар у Расіі Жазэф дэ Мэстр. Яшчэ будучы навучэнцам Акадэміі, Ян Фэлікс атрымаў святарскае пасвячэнне — гэта было 23 верасня 1820 года.

 

Адміністратар Магілеўскай архідыяцэзіі

У 1822 г. ксёндз доктар тэалогіі і філасофіі Ян Фэлікс Шчыт вярнуўся ў Літву і стаў пробашчам у родных Таболках.

Не будзем цяпер спыняцца на ступенях яго касцёльнай кар’еры, тым болей, што яны будуць адлюстраваныя ў біяграфічнай даведцы, а пачнем з таго часу, калі ў лютым 1829 г. ксёндз пралат Ян Фэлікс Шчыт быў намінаваны адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі. Тады цяжкахворы арцыбіскуп і мітрапаліт Цецішоўскі беспаспяхова падтрымліваў (пасля смерці 28.01.1829 г. біскупа-наміната, які павінен быў стаць дапаможным біскупам, Яахіма Юзафа Грабоўскага) кандыдатуру Шчыта на біскупа-суфрагана, а ў 1830 г. — як другога кандыдата на біскупа каад’ютара мітрапаліта. Паводле словаў кс. Яна Васілеўскага, ксёндз пралат Шчыт быў «чалавекам выдатных здольнасцяў і вялікіх тэалагічных ведаў», а таксама энергічным адміністратарам. Але выдатныя здольнасці і глыбокія тэалагічныя веды кс. Шчыта менш за ўсё цікавілі расійскія ўлады. Насцярожвала тое, што калісьці ён выступаў супраць мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча, які ў сваіх захадах, як гэта ні парадаксальна, больш арыентаваўся на Санкт-Пецярбург, чым на Апостальскую Сталіцу. Новы адміністратар адразу ж даў ясна зразумець, што насустрач уладам не пойдзе, бо аўтарытэт Апостальскай Сталіцы (і гэта цалкам натуральна) ставіў вышэй аўтарытэту свецкіх уладаў, і не толькі перад уладамі. Як пісаў кс. Ян Васілеўскі, «яго жалезную руку адразу ж адчулі на сабе дрэнныя ксяндзы, і перш за ўсё ўрад, перад якім увогуле не схіляўся». За кароткі час служэння на гэтай пасадзе ён «ліквідаваў шмат злоўжыванняў, і спрычыніўся да ўладжвання не адной добрай справы». Калі ў 1830 г. расійскія ўлады з паезуіцкіх будынкаў у Полацку выдалілі піяраў, аддаючы касцёл праваслаўнаму манастыру, а калегіум ператварыўшы ў кадэцкі корпус, цела св. Андрэя Баболі, што спачывала там, намаганнямі адміністратара Шчыта было перанесена ў мясцовы дамініканскі касцёл.

Партрэт папы Грыгорыя XVI.
Франчэско Падэсці. ХІХ ст.

Пасля смерці мітрапаліта Цецішоўскага папа Грыгорый XVI даў зразумець расійскім уладам, што жадаў бы бачыць пераемнікам адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Яна Фэлікса Шчыта. Што адбылося далей? Нехта тады ці сёння сказаў бы, што Шчыт не быў дыпламатам, бо не ўмеў ці не хацеў ісці ў нагу са свецкай уладай? А мабыць ён быў проста сумленным чалавекам? Усё адбылося падчас паўстання 1830–1831 гг., а хутчэй вайны, бо баявыя дзеянні вяліся паміж рэгулярнымі войскамі Каралеўства Польскага і Расійскай імперыі. Народ таксама не заставаўся збоку, а да паўстанцаў актыўна далучылася таксама частка каталіцкага і ўніяцкага святарства і законнікаў. Арцыбіскуп Варшаўскі Зыгмунт Шчэнсны Фэлінскі ў сваіх мемуарах пісаў, што «імператар Мікалай ахвотна дагадзіў бы Папу, аднак меў патрэбу пераканацца, ці рымскі кандыдат не перакрэсліць яго антыкаталіцкіх намераў. Не давяраючы ў такой важнай справе справаздачам сваіх чыноўнікаў, вырашыў даследаваць гэта асабіста і з гэтай мэтай выклікаў яго ў сталіцу. На працяглай асабістай аўдыенцыі атачыў маладога пралата ўсёй прывабнасцю манаршай ласкавасці, праходзячы з ім пад руку па сваім кабінеце <...>. Калі, аднак, пралат Шчыт цвёрда адмовіў забараніць ксяндзам лацінскага абраду ўдзяляць уніятам Святыя Сакрамэнты, аддаваць касцёлы праваслаўным, ліквідаваць кляштары і навіцыяты, імператар даручыў міністру ўнутраных спраў, каб выслаў кс. Шчыта на візітацыю каталіцкіх касцёлаў на усходзе Расіі, з загадам, каб у Саратаве чакаў далейшых распараджэнняў». (Паводле версіі кс. Адрыяна Буды SJ, Шчыт быў абвінавачаны ў тайных зносінах з Рымам.) Па трапным акрэсленні кс. Яна Васілеўскага, Шчыт «вельмі ветліва», паступова быў адхілены ўрадам і ў выніку з 01.01.1833 г. перастаў быць адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі.

 

На выгнанні ў 1833–1857 гадах

Далейшых загадаў ён ужо не дачакаўся. Марнеў на выгнанні, у той час «калі яго выбітныя здольнасці і дабрадзейнасці давалі яму права на атрыманне вышэйшых пасадаў». Марнеў, але не быў зломлены. Заставаўся пастырам у любых умовах. У Саратаве пакінуў па сабе памяць, актыўна спрычыніўшыся да перабудовы і аздаблення мясцовага касцёла, не шкадуючы на гэта ўласных сродкаў. Пісьменніца Ева Фэлінская (маці арцыбіскупа Зыгмунта Шчэнснага Фэлінскага), асуджаная па справе Шымона Канарскага і таксама быўшая на выгнанні ў Саратаве ў 1841–1844 гг., згадвае ў сваіх успамінах ксяндза пралата Шчыта вельмі прыязнымі словамі: «Становішча і годнасць кс. Шчыта рабілі яго ў маіх вачах вельмі шаноўным, каб ад яго жадаць паслугі <...>. Размова гэтага пралата абуджае павагу і дыхае пэўнай урачыстасцю. <...> Шкада мне толькі кс. Шчыта, які <...> штодзень ідучы да касцёла, павінен цягнуцца па гразі, <...> добры кс. Шчыт» і г.д.

Знак ордэна св. Ганны ІІ ст.

Рашэннем Мікалая І за заслугі на ніве дапамогі вязням і як уладальнік ордэна св. Ганны, а таксама як пралат кусташ Магілёўскі, пробашч Адэскі і візітатар касцёлаў у Наваросіі, ксёндз пралат Шчыт з 1853 г. атрымліваў значную гадавую пенсію ў 1538 рублёў срэбрам 60 капеек. Згоду на вяртанне атрымаў у 1857 г. пасля лістоў да Аляксандра ІІ, просячы, каб у бацькоўскім маёнтку «ў спакоі дачакацца канца дзён сваіх». У чэрвені таго ж года прыбыў да Таболак, па словах арцыбіскупа Фэлінскага, «драхлым ужо старцам <...> каб косткі свае скласці на любай Беларусі». З таго часу атрымліваў ужо толькі 395 рублёў (за пралатуру і ордэн). Там, у Таболках, пад паліцэйскім наглядам і скончыў свой зямны шлях...

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Александр І, император всероссийский//Энциклопедический словарь Брокгауза и Эфрона. Биографии. Т. 1. — Москва, 1991. — С. 156–169.
  2. Boudou A. Stolica Święta a Rosja. Stosunki dyplomatycznie między nimi w XIX stulieciu. T. I. – Kraków, 1928.
  3. Felińska E. Wspomnienia z podróży do Syberii, pobytu w Bierezowie i Saratowie. T. II. — Wilno, 1852.
  4. Felińska E. Wspomnienia z podróży do Syberii,pobytu w Bierezowie i Saratowie. T. III. — Wilno, 1853.
  5. Feliński Z. Pamiętniki. Cz. I. 1822–1831. — Kraków, 1897. — S. 80–81.
  6. Niebelski E. Szczytt (Szczyt, Niemirowicz Szczytt) Jan Chrzciciel Feliks//PSB. T. XLVII/ zeszyt 195. –Warszawa – Kraków, 2011. — S. 558–560.
  7. Slownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XII. — Warszawa, 1892. — S. 134–135.
  8. Wasilewski J. Arcybiskupie i administratorowie archidiecezji mohylowskiej. –Pińsk, 1930.
  9. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik IV. — Poznań, 1882. — S. 360–373.


  1. Біскуп-намінат Юзаф Грабоўскі (1756–1829) быў адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі крыху больш за два месяцы (27.11.1828 – 28.01.1829), але не ў працягласці кіравання справа. Паколькі, як пісаў кс. Ян Васілеўскі, «больш звяртаў увагі на справы Касцёла, чым на тэндэнцыі з-над Нявы», то не карыстаўся даверам ураду, таму нічога дзіўнага, што незадоўга да сваёй смерці (19.11.1825) Аляксандр І, прызначаючы 9 жніўня ксяндза пралата Грабоўскага суфраганам Магілеўскім, не згадаў аб тым, што яшчэ 07.08.1798 г. Пій VI накіраваў булу, аб чым у Расійскай імперыі было афіцыйна паведамлена толькі 24.10.1828 г. (!); згодна з ёю ксёндз пралат Грабоўскі прызначаўся тытулярным біскупам Амар’енскім, але так і памёр 28.01.1829 г. біскупам-намінатам, не дачакаўшыся наступнага месяца, каб атрымаць біскупскае пасвячэнне.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY