|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
«FIDEI TESTIS»
27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» («Сведка веры»), прысуджаную Інстытутам Паўла VI у г. Брэшыя (Італія) падчас сімпозіума, прысвечанага 25-й гадавіне заснавання Інстытута. Папа адзначыў, што «ўзнагарода Fidei testis — гэта тытул, які больш за ўсе іншыя адпавядае хрысціяніну, а яшчэ больш пастыру, які мае кардынальскую годнасць і які даў вернае і мужнае сведчанне Хрысту і Яго Евангеллю ў цяжкія гады пераследу Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе». «У хуткім часе пасля Вашага святарскага пасвячэння, — нагадаў Папа, — Божы Провід паклікаў Вас прайсці па via crucis (крыжовым шляху — заўв. рэд.) пераследу, супольным з пакутамі хрысціянскага народа, даверанага Вам, асабіста несучы крыж зняволення, несправядлівага абвінавачвання і цяжар катаржнай працы ў лагерах у знясіленасці, голадзе і холадзе». Узгадваючы словы кардынала «магчыма было выжыць толькі дзякуючы веры», Ян Павел ІІ сказаў: «І Пан Бог адарыў Вас моцнай і мужнай верай дзеля таго, каб вытрываць у гэтым доўгім і цяжкім выпрабаванні, пасля якога Вы вярнуліся ў супольнасць Касцёла як яшчэ больш годны веры сведка Евангелля: Fidei testis». «Словам і прыкладам, — завяршыў Святы Айцец, — Вы аб’явілі ўсім, як веруючым, так і няверуючым, праўду Хрыста — Святла, якое асвячае кожнага чалавека».
Прамова Прэзідэнта Рады Ваша Святасць! З нагоды святкавання 25-годдзя сваёй дзейнасці Інстытут Паўла VI пастанавіў адзначыць таго, хто стаў сведкам веры ў цяжкія гады, спецыяльным ушанаваннем, названым «Fidei testis», якое было прысуджана кардыналу Казіміру Свёнтку. Тое, што цяпер гэтая ганаровая ўзнагарода будзе ўручана кардыналу Вашай Святасцю, выклікае глыбокае хваляванне і вялікую радасць. Гэта супадае з закрыццём ІХ Міжнароднага Сімпозіума, арганізаванага Інстытутам, які быў прысвечаны вывучэнню і больш глыбокаму асэнсаванню дэкларацыі ІІ Ватыканскага Сабору «Dignitatis humanae». Прысутнасць біскупа Брэшыі, кардыналаў, якія з’яўляюцца сябрамі Камітэтаў Інстытута Паўла VI, а таксама монсіньёра Паскуале Маккі ды іншых сяброў арганізацыйнага, навуковага і выканаўчага камітэтаў, з’яўляецца выразам удзячнасці Вашай Святасці за такую значную сустрэчу і выяўляе духоўную блізкасць з Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам. Сапраўды, Яго Эмінэнцыя кардынал Свёнтэк з’яўляецца сапраўдным сведкам веры, які перажыў вельмі драматычныя падзеі ў часы савецкага рэжыму. За веру ў Хрыста ён быў падвергнуты цяжкаму пераследу, у выніку якога два месяцы правёў у камеры для асуджаных на смерць, а таксама доўгія гады пакутаваў ад цяжкага зняволення і прымусовых працаў у лагерах Марыінска, Варкуты і Інты. Зразумела, што гэта — вельмі сціплая ўзнагарода за такое каштоўнае жывое сведчанне, але такім чынам мы жадаем выказаць таму, хто яе атрымлівае, глыбокае, жывое захапленне і шчырую ўдзячнасць, а таксама хочам нагадаць нам самім і ўсяму нашаму заходняму свету пра вялікую драму, узгаданую нядаўна Вашай Святасцю, калі Вы казалі аб «“незлічонай колькасці мучанікаў за веру”, якія сталі ахвярамі рэлігійнай нянавісці ў ХХ стагоддзі ў розных краінах Еўропы, і якія і сёння ў некаторых частках свету ўсё яшчэ церпяць цяжкія выпрабаванні за прыналежнасць да Хрыста і Яго Касцёла». Гэтая адзнака, якую з нашых сціплых і бедных рук уручае сам Намеснік Хрыста, становіцца сімвалам салідарнасці яшчэ больш узнёслай і ёмістай: салідарнасці Касцёла, і ў гэтым наш Інстытут бачыць заслужаную ўзнагароду таксама і за свой уклад, а менавіта – быць годным рэхам голасу Паўла VI, які ў розных абставінах таксама гучаў, цвёрда і рашуча, у абарону рэлігійнай свабоды і чалавечай годнасці. Так, прамаўляючы 21 чэрвеня 1976 г. да Святой Калегіі кардыналаў, гэты голас сказаў: «Калі мы цяпер уважліва паглядзім на становішча ў свеце, у прыватнасці на тое, што датычыць Каталіцкага Касцёла і хрысціянства, то, на жаль, абавязкова заўважым, што ёсць шмат абмежаванняў, недахопаў, а часта – адкрытай несправядлівасці, якія выклікаюць шкадаванне і непрыманне. Няма патрэбы ўзгадваць канкрэтныя падзеі, як нядаўнія, так і ўсё яшчэ актуальныя, якія мы маем на ўвазе: падзеі, поўныя пакутаў і гераізму. Закранаем жа мы гэта для таго, каб пазбегнуць уражання, што Святы Пасад забудзецца пра гэтыя падзеі ці згодзіцца іх прыняць з цягам дзесяцігоддзяў, а перш за ўсё для таго, каб запэўніць нашых сыноў і дачок, якія сталі і ўсё яшчэ становяцца ахвярамі гэтых падзеяў, што іх вернасць нам вядомая і што іх схаваныя пакуты заўсёды перад намі, а таксама што мы падзяляем з імі надзеі і малітвы».
Ваша Святасць,
З прамовы Прымаю гэту ўзнагароду не толькі як адзнаку маёй асобы, але, перадусім, як узнагароду для вернікаў нашай зямлі, якія зносілі камуністычны рэжым і захавалі веру ў тыя часы. І асабліва трэба пакланіцца бабулям, дзякуючы якім каталіцкая вера была перададзена будучым пакаленням. Гэта ім мы павінны дзякаваць за веру, якая не знікла назаўсёды з гэтай зямлі, падданай цяжкаму пераследу. І хоць не заплацілі яны крывёю за вернасць сваёй веры, усё ж такі іх жыццё насіла на сабе адзнакі пакутніцтва. Шмат яшчэ ёсць герояў, якія застаюцца ў ценю гісторыі і чалавечай памяці, але гэта тыя, пра якіх пісаў св. Ян: «Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці» (Ап 7,14). Кожная парафія, кожная вёска, нават больш — кожная сям’я — маюць сваіх сведкаў веры, якія дзеля яе пакутавалі, а некаторыя з іх аддалі за яе сваё жыццё. Святарскае пасвячэнне я атрымаў 8 красавіка 1939 г. і магу сказаць, што меў толькі некалькі месяцаў нармальнага жыцця, гэта значыць такога, аб якім пішацца ў падручніках пастаральнай тэалогіі. 1 верасня таго года пачалася Другая сусветная вайна. З гэтага моманту распачынаецца маё нязвыклае жыццё. Найперш — савецкая акупацыя, потым – нямецкая; смяротны вырак быў аднолькавы як ад першых, так і ад другіх акупантаў. Потым — дзесяць гадоў лагераў. Пасля выйсця на свабоду паўстала пытанне: куды ісці? Дзе знаходзіцца мой дом? Хто застаўся жывы з маіх блізкіх, дзе мая сям’я, сябры, хто выжыў? Урэшце я прыехаў у Пінск, дзе з вялікаю цяжкасцю атрымаў дазвол на выкананне святарскай паслугі. І пацягнуліся доўгія гады савецкай рэчаіснасці, супраціўленне справе злога заўсёды пад пагрозаю, што ў мяне могуць адабраць дазвол на святарскую працу альбо сашлюць назад, туды, адкуль я толькі што вярнуўся. Кожны дзень быў змаганнем за кожную душу верніка, а прапорцыі ў гэтай барацьбе былі такія, як паміж Давідам і Галіяфам, з тою розніцаю, што ў маім выпадку Давід не меў нават прашчы. Здавалася, што свабодны свет забыў нас, абдымаючыся з нашымі пераследнікамі ў пошуку спакою і бяспекі. Калі свет радаваўся паяднанню з камуністамі, тут нішчыліся касцёлы, паміралі святары, а вернікі пастаянна пераследаваліся за іх веру. Нават цяпер шмат ёсць тых, хто не хоча чуць пра злачынства камуністаў і думае, што камунізм быў толькі бязвіннай рамантычнай прыгодай, якая не прынесла ніякага зла. Але Пан Бог большы за нашую слабасць і ўяўленне. Як напісана ў кнізе Эклезіяста: «Ёсць час знішчаць і час будаваць». Бязмерна дзякую Пану Богу за гэтую ласку, за тое, што перажыў доўгія гады пераследу і цяпер магу быць сведкам і ўдзельнікам свабоды, адраджэння і развіцця Касцёла на Беларусі. Гэта сапраўды вялікая радасць — бачыць поўныя касцёлы вернікаў, бачыць Касцёл, які расце. (...)
Рэдакцыя часопіса «Наша вера» сардэчна віншуе ксяндза кардынала з гэтаю высокаю ўзнагародаю, а таксама з юбілеем 90-годдзя, які наш арцыпастыр адзначыў 21 кастрычніка.
Шчыра дзякуем Яго Эмінэнцыі за прыклад непахіснай і мужнай веры, за праўду Хрыста, якою асвячае нашыя сэрцы, і жадаем, каб добры Бог адарыў ксяндза кардынала ўсімі патрэбнымі ласкамі, а Маці Міласэрнасці заўсёды атуляла Яго сваёю нястомнаю апекаю.
|
|
|