|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
Таямніца чалавечага лёсу найбольш раскрываецца «перад абліччам смерці»1. У пэўным сэнсе смерць цела натуральная, але дзякуючы веры мы ведаем, што гэта — «плата за грэх»2. Для тых, хто памірае ў ласцы Хрыста, яна з’яўляецца ўдзелам у Смерці Пана, што дае магчымасць удзельнічаць таксама ў Яго Уваскрэсенні3. Кожны чалавек адказны перад Богам за сваё жыццё, якое атрымаў ад Яго. Бог — найвышэйшы Пан жыцця. Мы абавязаны прыняць жыццё з удзячнасцю і бараніць яго дзеля хвалы Бога і дзеля збаўлення нашых душаў. Мы з’яўляемся часовымі ўладальнікамі, а не гаспадарамі жыцця, якое Бог нам даверыў. Мы не распараджаемся ім4. Прааналізуем, як вера ў Бога, вучэнне Касцёла, а таксама хрысціянскія філасофска-тэалагічныя плыні тлумачаць з’яву самагубных паводзінаў. Паняцце самазабойства Самазабойства з’яўляецца праявай асаблівай агрэсіі, бо яна скіраваная супраць яе віноўніка5. У сусветнай літаратуры — старажытнай і сучаснай — засведчана, што самазабойствы існавалі адвечна, больш альбо менш часта, ва ўсе эпохі і цывілізацыі6. На гэтую тэму напісана і выдадзена шмат навуковых, навукова-папулярных матэрыялаў, праведзена вялікая колькаць даследаванняў, якія пацвярджаюць, што самазабойства з’яўляецца сацыяльнай з’явай і вельмі актуальнай праблемай7. У сённяшнім свеце самазабойствы амаль такія ж частыя, як смерць у аўтамабільных катастрофах, хоць апошняя выклікае больш моцную цікавасць прэсы і чытачоў. Такім чынам, пад самазабойствам трэба разумець усе выпадкі смерці, якія непасрэдна ці ўскосна з’явіліся вынікам свядомага дзеяння ахвяры8. Такое азначэнне было прапанаванае Э. Дзюркгеймам — стваральнікам французскай сацыялагічнай школы. Гэты аўтар у сваёй грунтоўнай працы «Le suicide» («Cамагубства»), выдадзенай у 1897 годзе, выступіў супраць медыцынскага тлумачэння праблемы самазабойстваў і першы звярнуў увагу на сацыялагічныя фактары ў этыялогіі ненатуральнай смерці9. Самазабойства лічыцца родам дабравольнай смерці, своеасаблівым выбарам і таму можа разглядацца ў катэгорыях працэсу прыняцця рашэння, якое ў сваю чаргу асацыіруецца са свядомасцю дзеяння. Аднак узнікаюць сумненні, ці заўсёды самазабойства з’яўляецца актам, якому папярэднічае поўная свядомасць прынятага рашэння і дабравольны выбар. Шматлікія даследаванні гэтай праблемы прыводзяць да высновы, што самазабойства — гэта рашэнне пазбегнуць рашэнняў і выбару як працэсаў, якія спадарожнічаюць чалавеку на працягу ўсяго жыцця10. Самазабойства звычайна ўспрымаецца як бязлітасны акт перарывання ходу жыцця. Існуюць дзве прычыны, якія гавораць на карысць такога разумення:
У апошнія гады праблемам вызначэння і класіфікацыі спробаў самазабойства найбольш увагі прысвяціў Э. Штэнгель, які, няўпэўнены адносна вынікаў спробаў самазабойства, падкрэсліваў іманентныя (унутраныя) рысы свядомасці віноўніка. Ён лічыў, што ў свядомасці самазабойцы існуе пэўная супярэчлівасць мэтаў: адначасовае жаданне жыць і ў той жа час памерці, імкненне спыніцца паміж быццём і нябытам. Вышэйзгаданы аўтар акрэсліў самазабойства як «наўмысны акт шкоды, зробленай сабе, які перад здзяйсненнем выключае ў свядомасці віноўніка ўпэўненасць у тым, што ён застанецца жывым»13. Іншы аўтар, Э. Шнайдман, разглядае паводзіны індывідуума на працягу ўсяго жыцця14. Ён лічыць, што жыццё — гэта паміранне, і асоба сваімі паводзінамі паскарае альбо запавольвае яго тэмп. Такім чынам, ступень садзейнічання завяршэнню жыцця з’яўляецца велічынёй якасна зменлівай. У выпадку чыста знешняй траўмы гэтая пераменная, відавочна, прымае нулявое значэнне. Аднак у выпадку, калі індывідуум згаджаецца, напрыклад, на вельмі небяспечную для свайго жыцця працу, не выконвае ніякіх правілаў бяспекі, ігнаруе медыцынскія рэкамендацыі, імкнецца да сітуацый, рызыкоўных для жыцця, яго будучы ўклад у верагоднасць перарвання жыцця з’яўляецца бясспрэчным15. Людзі заканчваюць жыццё самагубствам па розных прычынах. Чалавек, кожны па-асобку, кіруецца індывідуальнымі матывамі, калі пазбаўляе сябе жыцця. Паводле міжнародных статыстычных дадзеных можна вызначыць наступныя матывы самазабойстваў: сямейныя, любоўныя праблемы, хваробы, цяжкасці на працы, у навуцы, п’янства і г. д. Аднак часцей за ўсё гэта цэлы ланцуг прычынаў16.
Рэлігійны падыход У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца: «Самазабойства супярэчыць натуральнаму імкненню чалавечай істоты да захоўвання і прадаўжэння свайго жыцця. Самазабойства глыбока супярэчыць належнай любові да сябе. Яно таксама з’яўляецца знявагай любові бліжняга, таму што беспадстаўна абрывае сувязі салідарнасці з сямейнай, нацыянальнай і агульначалавечай супольнасцямі, у адносінах да якіх мы маем абавязкі. Самазабойства супярэчыць любові жывога Бога. Самазабойства, здзейсненае з намерам «даць прыклад», асабліва маладым людзям, набывае дадатковы цяжар, бо становіцца спакусай для іншых людзей. Дабравольны ўдзел у самазабойстве супярэчыць маральнаму праву. Цяжкія парушэнні псіхікі, страх альбо невыносная трывога перад выпрабаваннем, цярпеннем ці катаваннем могуць зменшыць адказнасць самазабойцы»17. Вялікія рэлігійныя сістэмы не цалкам згодныя ў ацэнцы самазабойства. Усходнія рэлігіі — індуізм і будызм — не выказваюцца сурова супраць самазабойства. Паводле будызму, у некаторых выпадках самазабойства пажаданае і нават абавязковае. Смерць павінна стаць вяртаннем да душы свету. Такім чынам, ацэнка самазабойства звязана з матывам і мэтай гэтага ўчынку. Некаторыя вызнаўцы будызму сцвярджалі, што нават сам Буда скончыў сваё жыццё шляхам самазабойства, каб дасягнуць абсалютнага шчасця. Аднак самазабойства забаранялася рэлігіяй Майсея, што пазней было перанята хрысціянскай супольнасцю, а таксама магаметанствам. Першым габрэйскім пісьменнікам, які заняў рашуча адмоўную пазіцыю адносна самазабойства, быў Юзаф — правадыр войска, пераможанага рымлянамі. Калі салдаты перад абліччам паразы хацелі пазбавіць сябе жыцця, Юзаф выступіў з прамовай, падчас якой прывёў два аргументы супраць самазабойства:
Найбольш вядомы выпадак самазабойства ў габрэяў меў месца ў 73 годзе, калі ў асаджанай крэпасці Масада 960 чалавек скончылі жыццё самагубствам, не жадаючы аддаваць сябе ў рукі рымскіх войскаў. Гэта былі пераважна людзі, якія належалі да г. зв. «чацвёртай філасофіі», акрэсленай Флавіем: яны лічылі сябе сапраўднымі абаронцамі права і жыцця габрэйскага народа. Іх рэлігійныя погляды былі падобнымі да фарысейскіх, палітычныя ж погляды характарызаваліся тым, што яны не прызнавалі ніякага замежнага панавання над габрэямі. У Новым Запавеце няма словаў, якія асуджаюць самазабойства. Першыя хрысціяне разважалі пра смерць дастаткова часта, але гэтыя разважанні ў большай ступені датычыліся таго, як трэба паміраць, каб не ўчыніць граху і зла. Хаця былі і такія людзі ў Старым (Самсон, Саул, Авімелех) і Новым Запавеце, якія дзеля высокіх мэтаў альбо са страху перад грахом заканчвалі жыццё самагубствам. Рэакцыяй на такі склад думак сталі светлыя погляды св. Аўгустына, які ў сваім творы «De Civitate Dei» («Пра Валадарства Божае») асуджаў самазабойства, называў яго агідным і ганебным злом18. Непасрэднай прычынай таго, што св. Аўгустын заняў такую пазіцыю, было, відавочна, масавае самазабойства г. зв. «дазорных старызны» ці, як яны самі сабе называлі, «аганістаў», жаўнераў Хрыста. Гэта быў схізматычны рух, які паходзіў ад данатыстаў, ухваляючых самазабойства. У выніку ўзяцця Рыма Аларыхам пачаліся шматлікія акты гвалту над хрысціянскімі жанчынамі. Таму ў многіх хрысціянаў узнікала пытанне: ці не павінны яны скончыць жыццё самагубствам для таго, каб пазбегнуць гэтага граху і такім чынам забяспечыць сабе збаўленне? Аўгустын адпрэчыў і гэтую форму. Ён тлумачыў, што самазабойства — гэта забойства, якое забаронена Божым правам, пераказаным у Дэкалогу. Св. Тамаш з Аквіна, як і св. Аўгустын, сцвярджаў, што «нікому ні ў якім выпадку нельга (...) пазбаўляць жыцця сябе самога». Ён навучаў, што самазабойства з’яўляецца безумоўным злом, дзеяннем, скіраваным супраць любові да самога сябе, супраць грамадства і супраць Бога. Св. Тамаш прыводзіў тры аргументы, асуджаючы самазабойства:
Упершыню хрысціянства забараніла самазабойства, як лічаць некаторыя даследчыкі і аўтары, падчас Сіноду ў Арлесе ў 452 г. Другі Сінод у Арлеане выразна асудзіў самазабойства як найгоршае злачынства. Сінодам у Німсе (1248 г.) было забаронена нават пахаванне самазабойцаў у асвечанай зямлі. Як вынікае са шматлікіх публікацыяў, Каталіцкі Касцёл ужо ў IV стагоддзі заняў рашуча адмоўную пазіцыю адносна самазабойстваў. У Кананічным праве 1983 г. не гаворыцца пра тое, як трэба ставіцца да самазабойцаў, але гэтае пытанне выразна тлумачыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, пра што было сказана раней. На працягу стагоддзяў хрысціянская этыка была аднадушная ў маральнай ацэнцы самазабойства, але з цягам часу іншыя хрысціянскія этыкі пачалі гаварыць пра магчымасць самазабойства ў выключных сітуацыях. У ісламе самазабойства лічыцца яшчэ большым злачынствам, чым забойства. У чацвёртай суры Карана яно адназначна забараняецца. Вызнаўцы гэтай рэлігіі вераць, што працягласць чалавечага жыцця акрэслена Алахам. Рэлігійныя элементы прысутнічаюць і ў некаторых філасофскіх падыходах да праблемы самазабойства. Напрыклад, Піфагор фармуляваў свае погляды на падставе тэалагічных прадпасылак: светам і чалавекам кіруе найвышэйшы валадар, без волі якога чалавеку нельга пакідаць месца, вызначанае яму на зямлі19.
Атэістычны падыход Наколькі ў тэістычным разуменні самазабойства выклікала і выклікае хутчэй асуджэнне і пратэст, настолькі ў разуменні атэістычным існуе іншая пазіцыя ў адносінах да спробаў ненатуральнай смерці. Не будзем вяртацца да поглядаў старажытных філосафаў, даследчыкаў, мысляроў, але згадаем некаторых, больш позніх, аўтараў. Дэвід Юм стаў стандартным прыхільнікам новай арыентацыі, які ўвёў правілы апісання жыццёвых поспехаў і стратаў у катэгорыях этыкі. Гэта, можна сказаць, працяг філасофскіх роздумаў Арысціпа, Эпікура, Сэнэкі, якія лічылі, што ні ў якім выпадку нельга прымушаць чалавека жыць. Самазабойства становіцца актам, які характарызуе стан чалавека. Сапраўднай метадалогіяй складання балансу індывідуальнай штодзённасці становіцца пазней заходнееўрапейскі утылітарызм Бентама, а таксама сістэма «рахункаў», уведзеная Мілем. У заходнееўрапейскай філасофіі за маральнае ўхваленне самазабойства выступалі такія мысляры, як Шапенгаўэр, Ніцшэ. Сартр таксама лічыў, што добраахвотная смерць з’яўляецца праявай свабоды чалавека. Такім чынам, атэістычнае бачанне праблемы самазабойства дапускае ў жыцці чалавека такі ўчынак як магчымы, апраўданы і, дастаткова часта, як учынак, што сведчыць пра поўную свабоду чалавека.
|
|
|